Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
аваным дзядзькавым гарнітуры, маючы ў кішэні пару залатых манет — і гуляў тут у гэтым гатэлі ў більярд: ты яшчэ тады не ведаў, што такое гатэль. Во гэткія вы, парцье! Пакінь яго ў спакоі. Ен не зробіць ніякага глупства, не прычыніць шкоды, самае горшае, што ён можа ўчыніць, дык гэта таксама памалу з’ехаць з глузду. Ен лепш за ўсіх гуляў у лапту, лепш за ўсіх бегаў на сто метраў за ўсю гісторыю нашага горада — быў цягавіты, а калі было трэба, і цвёрды як сталь; ён не мог трываць несправядлівасці; а таго, хто не трывае несправядлівасці, вельмі хутка зацягвае палітыка; яго палітыка зацягнула, калі яму было дзевятнаццаць; яму б адсеклі галаву ці кінулі за краты гадоў на дваццаць, каб ён не выслізнуў у іх з рук. Так, так, не глядзі гэтак на мяне: ён уцёк і тры ці чатыры гады быў за мяжой — не ведаю дакладна, як і што там было; ніколі не ведаў; мне вядома толькі, што ў гэтую справу ўблыталіся стары Шрэла і яго дачка, з якой пасля ён нажыў дзіця; ён вярнуўся дамоў, і ніхто нічога яму не зрабіў; потым ён служыў у войску, у сапёраў; у мяне яшчэ стаіць перад вачыма, як ён прыехаў у адпачынак у мундзіры з чорнымі нашыўкамі. He вылупвай на мяне вочы, як дурань... Ці ён быў камуністам? He ведаю — але нават калі і быў, дык што з таго? Кожны прыстойны чалавек калі-небудзь быў з камуністамі. Ну, ідзі ўжо снедаць, я разбяруся тут з гэтымі бабулямі.
Нядобрае альбо заганнае — штосьці лунала ў паветры, але Ехэн быў занадта дабрадушны; ніколі не прадчуваў самагубства і ніколі не верыў, калі занепакоеным гасцям здавалася, што за зачыненымі дзвярыма яны могуць адрозніць маўчанне смерці ад маўчання сну; ён удаваў з сябе падкупнага і хітрага чалавека, але ўсё-такі верыў у людзей.
— А, хай будзе як будзе,— сказаў парцье.— Я іду снедаць. Толькі нікога не прапускай да яго, яму гэта вельмі важна. Вось.
Ен паклаў Ехэну на прылавак чырвоную картку: «Я ёсць
толькі для маіх маці, бацькі, дачкі, сына і пана Шрэлы — больш ні для кога».
«Шрэла? — падумаў спалохана Ехэн.— Хіба ён яшчэ жывы'? Яны ж яго забілі тады... а можа, у яго быў сын?»
Гэты водар перабіваў пахі ўсіх гатункаў тытуню, што курылі ў вестыбюлі гатэля апошнія два тыдні; гэты водар ішоў наперадзе, як штандар: вось іду я, значны чалавек, пераможца, перад позіркам якога не вытрывае ніхто; метр восемдзесят дзевяць ростам, русыя валасы, год пад сорак пяць, гарнітур з матэрыялу, які носяць міністры; гэтак не апраналіся бізнесмены, прамыслоўцы, артысты; гэта была ўрадавая элегантнасць — Ехэн адчуваў гэта нюхам: той пан выглядаў на міністра, пасла — кагосьці, чый подпіс меў амаль заканадаўчую моц; гэты чалавек праходзіў, не затрымліваючыся, праз абабітыя скурай, сталёвыя, нікеляваныя дзверы прыёмных, рассоўваў плячыма, нібы агромністымі снегарыйнымі плугамі, усе перашкоды, выпраменьваў вытанчаную ветлівасць, якая, тым не менш, як было відаць, не жыла ў ім ад нараджэння; ён саступіў дарогу старой, якая забірала свайго брыдкага дварняка з рук Эрыха, другога гатэльнага служкі, і нават дапамог гэтай скелетападобнай істоце падысці да лесвіцы і ўзяцца за парэнчы. «...Няма за што дзякаваць, шаноўная пані».
— Нэтлінгер.
— Чым магу быць карысны, пан доктар?
— Я павінен сустрэцца з панам доктарам Фэмелем. Неадкладна. Зараз жа. Па службовай справе.
Ехэн патрос галавою, ветліва адмаўляючы госцю, круцячы ў руках чырвоную картку. Маці, бацька, сын, дачка, Шрэла... Нэтлінгер не згадваўся.
— Але ж я ведаю, што ён тут.
Нэтлінгер? Я, мусіць, ужо чуў гэтае прозвішча? У яго твар, які павінен мне нагадваць пра штосьці, чаго б я не хацеў забыць. Я чуў гэтае прозвішча, шмат гадоў таму, і я сказаў
тады сам сабе: гэтага фацэта ты павінен запомніць, не забудзься пра яго; але цяпер я ўжо не магу згадаць, што я павінен быў запомніць наконт яго. Ва ўсякім разе, аднак: увага! Ты б самлеў, каб ведаў, чаго гэты пан паспеў ужо нарабіць; цябе да скону твайго б ванітавала, калі б ты мусіў глядзець фільм, які яму пакажуць у Судны Дзень — фільм яго жыцця; гэта адзін з тых, што загадвалі выцягваць залатыя зубы ў нябожчыкаў і абразаць дзецям валасы. Нядобрае ці заганнае? He, тут пахне забойствам.
I гэткія людзі ніколі не ведалі і не ведаюць, калі трэба даць на чай; а толькі па гэтым можна пазнаць сапраўдны клас: цяпер, напрыклад, быў, можа, адпаведны момант, каб пачаставаць цыгарай, але не даваць «на чай», і ўжо ў ніякім разе не так шмат «на чай»: зялёная дваццацімаркавая купюра, якую гэты пан, усміхаючыся, паклаў на прылавак. Якія ж яны дурні, гэтыя людзі! He ведаюць нават самых прымітыўных законаў абыходжання з людзьмі, найпрасцейшых правілаў абыходжання з парцье; нібыта ў гатэлі «Прынц Генрых» увогуле можна было прадаваць таямніцы; быццам бы госця, які плаціць за нумар сорак або шэсцьдзесят марак, магчыма было прадаць за зялёную «дваццатку», за «дваццатку» ад незнаёмага чалавека, адзінае пасведчанне асобы якога — гэта яго цыгары і матэрыял ягонага гарнітура. I вось такія робяцца міністрамі, дыпламатамі, хоць не маюць нават элементарнага ўяўлення пра найскладанейшае з усіх умельстваў — умельства падкупляць! Ехэн змрочна страсянуў галавою і не дакрануўся да зялёнай купюры. «Правая рука іх поўная дарункаў...»
Неверагодна, але каля зялёнае купюры адразу ж з’явілася блакітная; сума пабольшала да трыццаці марак, а проста ў твар Ехэну патыхнула моцным водарам ад хмары цыгар «Партагас-Эмінэнтэс ».
Пыхай сабе колькі хочаш, дзьмухай мне ў твар дыма..і сваіх цыгараў па чатыры маркі штука і пакладзі яшчэ фіяле32
тавую банкноту. Ехэна не падкупіш. He пад сілу гэта табе, нават за тры тысячы; няшмат людзей у сваім жыцці я любіў, а вось гэтага хлопца люблю. Няўдала выйшла ў цябе, сябра з паважным тварам, з рукою, што прызвычаеная падпісваць паперы; ты спазніўся на паўтары хвіліны. Ты ж павінен быў унюхаць, што ў дачыненні да мяне купюры — гэта найменш прыдатная рэч. У мяне ў кішэні нават ёсць натарыяльна завераны дакумент, згодна з якім я да канца свайго жыцця маю права на маю каморку там, пад самым дахам, і на маіх галубоў; я магу замаўляць сабе на снеданне і на полудзень усё, чаго душа пажадае, і, апроч таго, атрымліваю сто пяцьдзесят марак гатоўкаю — гэта ў тры разы больш, чым мне каштуе мой тытунь; у мяне ёсць сябры ў Капенгагене, у Парыжы, у Варшаве і ў Рыме — а каб ведаць табе, як сябруюць між сабою ўладальнікі паштовых галубоў; але ж ты нічога не ведаеш, ты думаеш, што за грошы можна мець усё; гэта — ісціны, якія вы самі сабе ўбіваеце ў галовы. Ну і вядома, гатэльны парцье гатовы зрабіць за грошы ўсё, што хочаш, за фіялетавую купюру прадасць табе сваю родную бабулю. Толькі адной рэчы, мой сябра, мне не дазволена тут рабіць, адно-адзінае выключэнне абмяжоўвае маю свабоду: калі я на службе тут, унізе, мне не дазваляецца курыць маю люльку; і я першы раз шкадую, што ёсць гэтае выключэнне: інакш я насустрач дыму ад тваіх «Партагас-Эмінэнтэс» пусціў бы добрую чорную хмару... Можаш — кажучы ясна і выразна — пару сотняў ды яшчэ дваццаць сем разоў пацалаваць мяне ў с...! Фэмеля я табе не прадам. Няхай ён спакойна гуляе ад паловы дзесятай да адзінаццаці ў більярд там, наверсе, хоць я прапанаваў бы яму іншы занятак, а менавіта: сядзець на тваім месцы ў міністэрстве. Альбо рабіць тое, што ён рабіў у маладыя гады: кідаць бомбы, каб гэткаму, як ты, мяшку з г... нагнаць страху. Але калі ён ужо хоча ад паловы дзесятай да адзінаццаці гуляць у більярд, дык няхай гуляе, а я тут дзеля таго і стаю, і гэта мой клопат, каб яму ніхто не замінаў. А цяпер ты можаш забраць свае грошы назад і выцерці пасля іх прылавак, а калі ты яшчэ зараз пакладзеш якую
купюру, я не ведаю і не адказваю за тое, што тут будзе. Бестактоўнасцю я ўжо сыты па вушы і таксама безгустоўнасць цярпліва вытрываў тысячы разоў; запісваў у свой спіс парушальнікаў і парушальніц шлюбнага закону і педэрастаў, адпэнджваў ашалелых жонак і рагатых мужоў — і ты не думай, што я дзеля гэтага прыйшоў на свет белы. Я заўсёды быў добрым хлопцам, прыслугоўваў да імшы — як і ты, напэўна, спяваў у харавым гуртку песні айца Кольпінга і святога Алаізія; тады мне было дваццаць, і я ўжо шэсць год як працаваў у гэтай установе. I калі я не страціў дагэтуль веры ў чалавецтва, дык гэта толькі дзякуючы таму, што ёсць на свеце колькі такіх людзей, як малады Фэмель і яго маці. Схавай лепш свае грошы, выцягні з рота цыгару і пакланіся ветліва мне, старому чалавеку, які бачыў грахоў і заганаў куды як больш, чым ты можаш нават сабе ўявіць, дазволь і вунь таму служаку прытрымаць для цябе дзверы-круцёлку і — каціся адсюль.
— Ці я правільна пачуў? Ты хочаш размаўляць з метрдатэлем?
Тут ён пачырванеў, а потым пасінеў ад злосці. Д’ябал! Я, відаць, зноў падумаў уголас і, мажліва, нават голасна звярнуўся да цябе на «ты»? Гэта было б, вядома, вельмі прыкра, недаравальная памылка, бо такім, як Вы, людзям я ніколі «ты» не кажу.
Што я сабе дазваляю? Я стары чалавек, маю амаль семдзесят — і вось, падумаў сабе ўголас; у мяне крыху склероз, не ўсё ў парадку з галавою, і мяне бароніць пяцьдзесят першы параграф; я ж тут на ласкавым хлебе.
Абароназдольнасць? Зброя? Толькі гэтага мне яшчэ не хапала. Да метрдатэля, калі ласка, налева па калідоры, потым другія дзверы направа; кніжка скаргаў у саф’янавай вокладцы. А калі б ты аднаго разу замовіў тут сабе яечню, а я ў той момант быў на кухні — дык я палічыў бы за гонар асабіста плюнуць у патэльню тваёй высокай асобе. А пасля ты атрымаеш маё прызнанне ў любові ў натуральным выглядзе, змяшанае з распушчаным маслам. Калі ласка, шаноўны пане!
— Але ж я ўжо сказаў вам, пане. Вунь там налева, потым другія дзверы направа, кабінет метрдатэля. Кніга скаргаў у саф’янавай вокладцы. Вы жадаеце папярэдняга паведамлення? Ахвотна зраблю. Камутатар... Калі ласка, пана дырэктара, гэта парцье. Пан дырэктар, тут адзін пан... як гэта яго прозвішча? Нэтлінгер... прашу прабачыць, доктар Нэтлінгер хацеў бы тэрмінова з Вамі пагаварыць. Якая прычына? Скардзіцца на мяне. Добра, дзякуй. Пан дырэктар вас чакае. «...Так,ёсць, шаноўная пані, сёння ўвечары феерверк і шэсце, першая вуліца налева, потым другая направа, зноў трэцяя налева, і там Вы ўбачыце шыльдачку: «Да рымскіх дзіцячых магілак». Няма за што, заўсёды рады памагчы. Вялікі дзякуй». Адна марка; гэтай манетай нельга грэбаваць, калі яе дае рука гэткай пачцівай старой настаўніцы. Паглядзі, паглядзі, як я з усмешкаю прымаю зусім маленькія грошы і не бяру вялікае сумы. Рымскія дзіцячыя могілкі — гэта ясная рэч. Удовіным грошам пагарджаць няможна. А грашы «на чай» — гэта душа нашае прафесіі.
— Так-так, вось там, за рагом..