Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
у, паламаць і знішчыць чырвоную пячатку, тады б я не мусіў стаяць тут і чакаць сваю ўнучку — прыгожую, цёмнавалосую, дзевятнаццацігадовую дзяўчыну, якой цяпер якраз столькі, колькі было Еганне, калі я пяцьдзесят адзін год таму стаяў тут, наверсе, і глядзеў, як яна сядзіць там, на тэрасе; я мог адсюль нават прэчытаць назву кніжкі — «Падступнасць і каханне» — ці, можа, гэта Еганна чытае там цяпер «Падступнасць і каханне»? Ці гэта ў сапраўднасці не яна ўсё яшчэ палуднуе ў кавярні «Пад ільвом»? Ці гэта я не паклаў каля прыдзверніка абавязковай ранішняй цыгарэты, не ўхіліўся ад абавязковай размовы паміж-намі-мужчынамі-пане-лейтэнант, каб сядзець тут, уверсе, ад паловы на адзінаццатую да пятай — папросту быць тут? Ці я не праміну тых стосаў толькі што выдрукаваных епархіяльных брашурак? Што будуць яшчэ ў той суботні надвячорак друкаваць на белай паперы: будаўнічыя дакументы ці выбарчыя плакаты для тых, што пакаштавалі бычынага прычасця? Калоцяцца сцены, дрыжаць прыступкі,
* Словы з нацысцкай песні. (Заўв. перакладчыка.)
работніцы выносяць усё новыя стосы, укладваюць іх перад дзвярыма кабінетаў. Я ляжаў тут наверсе, практыкаваўся ва ўмельстве існавання, я адчуваў сябе так, нібы мяне ўсмоктвала сіла цёмнага аэрадынамічнага тунелю, каб праз хвілю выкінуць мяне — куды? Мяне нёс вір старажытнае горычы, мяне перанасычала старажытная дарэмнасць; я бачыў дзяцей, што народзяцца ад мяне, віны, якія я буду піць, лякарні і касцёлы, якія я буду ставіць — і ўвесь час я чуў, як грудкі зямлі падаюць на маю труну, мяне пераследавалі іх глухія барабанныя гукі; я чуў спеў накладчыц, фальцоўшчыц і ўпакоўшчыц — нізкія і высокія, салодкія і грубыя; яны апявалі простыя ўцехі суботняга вечара; спеў гэты даходзіў да мяне, як жалобныя песні над маёй магілаю; каханне ў танцавальнай зале, балеснае шчасце пад могілкавым мурам, у асеннім водары травы — слёзы старых мацярок, звястункі радасцей маладых маці, меланхолія сірочага прытулку, дзе самавітая маладая дзяўчына вырашыла захаваць цнатлівасць; але яе таксама спаткала гэтае, спаткала пад час танцаў; балеснае шчасце пад могілкавым мурам, у траве з асеннім водарам — галасы работніц, нібы водачарпальныя каўшы, без супыну апускаліся ў заўсёды тую самую ваду, яны спявалі мне надмагільны спеў, а грудкі зямлі грукаталі аб маю труну. 3-пад прыплюшчаных павекаў я глядзеў на сцены майго кабінета, паклееныя маімі эскізамі: усярэдзіне — велічны чырванаваты адбітак плана абацтва Святога Антонія ў маштабе 1 :200; на пярэднім плане — вёска Штэлінгер-Гротэ, пасвяцца каровы, бульбянішча, над якім узносіцца дым ад вогнішча; далей абацтва, агромністае, у стылі базылікі; без усяго-ўсякага я скапіраваў раманскія кафедральныя саборы, строгія, нізкія і цёмныя галерэі-скляпенні, клаўзура, рэфекторый, бібліятэка; у сярэдзіне галерэі — фігура святога Антонія, вялікі чатырохкутнік з сельскагаспадарчымі будынкамі; стадолы, хлявы, вазоўні, уласны млын з пякарняю, ладны дамок для аканома, які павінен быў таксама апекавацца пілігрымамі; пад высокімі дрэвамі стаялі простыя сталы і крэслы — там можна было з’есці ўзяты з
сабою на дарогу харч, запіваючы маладым віном альбо півам; на даляглядзе — абрысы другога паселішча, пад назваю Гёрлінгерс-Штуль; капліца, могілкі, чатыры сялянскія двары, каровы на пашы; з правага боку ланцуг таполяў аддзяляў вытраляваныя кавалкі зямлі, на якіх манахі вырошчвалі вінаград, дзе раслі капуста і бульба, гародніна і збожжа; на пасеках збіраўся цудоўны мёд.
Аддадзены дваццаць хвілін таму, узамен за распіску, праект з эскізамі дэталяў і калькуляцыяй; тонкім пяром я паўпісваў усе лічбы і пазіцыі; вачыма, поўнымі бляску, як быццам перада мною стаялі ўжо гатовыя будынкі, я глядзеў на праект — нібы заглядаў у акно: там стаялі, сагнуўшыся, манахі; пілігрымы пілі маладое вінаграднае віно, a тым часам работніцы спявалі ўнізе галасамі высокімі і нізкімі, прагна чакаючы вячэрняга адпачынку; пасылалі мне свае жалобныя спевы; я заплюшчыў вочы, адчуў халадок, які я меў адчуваць толькі праз пяцьдзесят гадоў — як чалавек са зробленай кар’ерай, вакол якога пульсуе жыццё.
Гэтыя чатыры з паловаю тыдні цягнуліся бясконца доўга; усё, што я рабіў, было адпрацавана мною загадзя ў кабінеце сноў; заставалася толькі ранішняя імша, заставаліся гадзіны ад паловы адзінаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку і два разы словы: «Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель». Калі я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабіўся нібы епектрам: мінуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маім старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якім я ўручыў толькі што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кішэнь: распіска была на месцы, рэальна; заўтра ўранні збярэцца журы і вызначыць, што становішча змянілася: з’явіўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварыліся партыі: двое — за Грумпэтэра, двое — за Брэмокеля і адзін, самы галоўны, самы малады і меншы за ўсіх ростам, абат — за Волерзайна; абат любіў рамантыку; пачнецца гарачая дыскусія, бо абодва прагныя да хабару члены журы будуць высоў-
ваць самыя важкія аргументы — з пункту гледжання мастацтва; прыняцце рашэння будзе адкладзена; «гэты маладзён, што ўзяўся немаведама адкуль, паблытаў нам усё»; занепакоеныя члены журы ўбачаць, што мой праект відавочна падабаецца абату; ён раз-пораз затрымліваўся каля маіх эскізаў, адпіваў з келіха віно; усё арганічна ўпісвалася ў краявід, а функцыянальнасць чатырохкутніка гаспадарчай забудовы так выразна вылучалася на фоне строгага чатырохкутніка галерэяў-скляпенняў і клаўзуры; студня, карчма для пілігрымаў — усё яму было даспадобы; абат усміхнуўся: там ён будзе Primus inter pares*; ён ужо ўвайшоў у гэты праект, нібы ў сваю ўласнасць, старшыняваў у рэфекторыі, сядзеў з хорам, наведваў хворых братоў-манахаў, завітваў да аканома, каб пакаштаваць віно, адчуць, як скрозь пальцы сыплюцца хлебныя зярняты — хлеб для яго манахаў і для бедных, зярняты, што выраслі на яго палетках; калі ласка, малады архітэктар прадугледзеў невялікае, з дахам, памяшканне для жабракоў, адразу каля брамы; на двары — лаўкі на лета, унутры — крэслы, стол, печка на зіму. «Шаноўныя панове, у мяне няма аніякіх сумненняў, я галасую, без усякага, за гэты — яе гэта яго прозвішча? — ... за фэмелеўскі праект. I прашу звярнуць увагу на кошт будаўніцтва: на трыста тысяч марак менш за самы танны з трох астатніх праектаў»; крошкі сургучу з адкрытых ран засыпалі стол, па якім грукалі кулакамі фахоўцы, распачынаючы спрэчкі: «Паверце нам, вялебны ойча, вельмі часта нехта заніжае суму ў каштарысе, а што Вы будзеце рабіць, калі гэты чалавек за чатыры тыдні перад інаўгурацыяй прыйдзе да Вас і скажа, што ў яго не хапіла імпэту? У гэткіх праектах перавышэнне кошту будаўніцтва на паўмільёна здараецца нярэдка; паверце дасведчаным людзям. Які банк паверыць нікому не вядомаму архітэктарупачаткоўцу, хто выкладзе за яго гарантыйную суму? Ці ёсць у яго хоць якая маёмасць?» На маладога абата набягае хваля гучнага смеху: «Маёмасць, згодна з уласным свед-
* Першы сярод роўных (лац.).
чаннем,— восем тысяч марак». Спрэчкі. Разыходзіліся ўсе раздражнёныя. Прыняцце рашэння было адкладзена на месяц. Хто гэта даў, замацаваўшы ў статуце, гэтаму абстрыжанаму дагала, ледзьве трыццацігадоваму сялянскаму сыну права рашаючага голасу — гэтак, што справа можа быць вырашана толькі не насуперак яго волі, а згодна з ёй.
Званілі тэлефоны, успацелыя лістаношы імчаліся з экспрэс-поштаю ад старшыні зямельнага ўрада да архібіскупа, ад архібіскупа да духоўнай семінарыі, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасці неаготыкі; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дыліжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталі на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Ніколі не чуў пра такога. Яго праект? 3 тэхнічнага пункту гледжання выдатны, калі браць пад увагу калькуляцыю — трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць,— наколькі можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлівы; толькі цераз мой труп. Труп? Архібіскуп усміхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сівых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты паміж Грумпэтэрам і Брэмокелем, паміж Брэмокелем і Волерзайнам: карыфеі, што былі ворагамі да смерці, на некалькі дзён зрабілі перамір’е, пыталіся адзін у аднаго ў шыфраваных лістах і тэлефанаграмах: «Ці кветкавая капуста псуецца?» — гэта павінна было значыць: «Ці можна адклікаць абатаў з пасады?» I прыходзілі адказы, што забівалі ва ўпор: «Кветкавая капуста не псуецца».
Я ж на чатыры тыдні знік; якою ціхамірнаю была мая магіла; зямля абсоўвалася на яе паволі, мякка насыпалася зверху і побач са мною; мяне аглушаў спеў работніц; лепш за ўсё было нічога не рабіць, але цяпер я пачну дзейнічаць, мушу дзейнічаць, калі яны раскапаюць маю магілу, здымуць накрыўку з труны і адкінуць мяне назад, у час, дзе кожны дзень мае найменне, а кожная гадзіна — нейкі абавязак;
гульня стане сур’ёзнаю; я не прыносіў ужо прыкладна a другой гадзіне талерку гарохавага супу з маёй маленькай кухні; я яго ўжо не падаграваў, а еў халодны; мяне не вабілі ні стравы, ні грошы, ні слава; я любіў гульню, меў патрэбу ў сваёй цыгары і тужыў па жанчыне, па жонцы. Ці стане ёю тая цёмнавалосая зграбная і гожая дзяўчына з тэрасы дома, што насупраць — Еганна Кільб? Заўтра яна будзе ведаць маё імя; ці я знудзіўся проста па якой-небудзь дзяўчыне, альбо — менавіта па ёй? Мне зрабілася невыносна кантактаваць увесь час з аднымі мужчынамі — усе яны здаваліся мне смешныя: вернікі і бязбожнікі, тыя, што расказвалі непрыстойныя показкі, і тыя, якія дазвалялі сабе слухаць іх, більярдысты, лейтэнанты-рэзервісты, спевакі, прыдзвернік і кельнеры; я меў іх задосыць, радаваўся хвілінам паміж пятай і шостай, тварам работніц, у адной грамадзе з якімі я выходзіў праз браму; я любіў пачуццёвасць, напісаную на іх тварах, што нязломна плацілі даніну плыннасці часу; я з найбольшай ахвотаю пайшоў бы з адною з іх на танцы, ляжаў бы з ёю ў асенняй водарнай траве — парваў бы распіску, спыніў бы сваю вялікую гульню — гэтыя дзяўчаты смяяліся, спявалі, ахвотна елі і пілі, плакалі і не былі падобныя да тых фальшывых козак, што правакавалі мяне, кватэранаймальніка, на любошчы, якія здаваліся ім смелымі. Гэта ўсё яшчэ належала мне — постаці і рэквізіт; яшчэ мяне слухаліся статысты — у гэты апошні дзень, калі мне не хацелася халоднага гарохавага супу, а я занадта быў лянівы, каб яго сабе пагрэць; я хацеў давесці да канца гульню, якую я выдумаў у нудоце местачковых надвячоркаў, калі я — спраўдзіўшы дастатковую колькасць муравальнага раствору, якасць цэглы, вертыкальнасць муроў і аддаўшы перавагу нудоце карчмы перад нудотай канцылярыі — пачаў на маленькіх картках рабіць накіды праекта абацтва.
Гульня мяне ўжо не адпусціла;