Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
т: відавочна, гэта абат размаўляў з Гральдуке; відны былі толькі зялёны стол, папяльнічка, графін з вадою; пакаранне смерцю было адкладзена; у паветры луналі спрэчкі: здавалася, што ў судзейскай калегіі ўсё яшчэ не было поўнай згоды.
Вось паявіўся Гральдуке, узяў два кілішкі з Мэйзеравага спода, нейкую хвілю стаяў, вагаючыся, і паглядаў у бок Кроля; ён быў высокі, меў салідныя памеры і больш прыстойнасці, чым пра гэта можна было меркаваць па яго падпухлых вачах; Гральдуке быў прадстаўніком закона, назіраў за юрыдычнай правамоцнасцю галасавання, вёў пратакол. Гральдуке сам ледзьве не стаў манахам: два гады запар спяваў у грэгарыянскім хоры, які і цяпер любіў; потым ён вярнуўся ў свецкае жыццё, каб ажаніцца з вельмі пекнай дзяўчынаю, з якою ён даў жыццё пяці вельмі пекным дочкам; цяпер ён, будучы обер-прэзідэнтам, кіраваў зямлёю; дзякуючы яму, зямельныя надзелы аддаваліся фундацыям, пасля напружанай працы ад заблытаных кадастраў вызваляліся палеткі, лугі і лясы; ён апрацоўваў упартых старастаў і бургамістраў, скасаваў правы на рыбалоўства ў кволых сажалках, установы, дзе закладалася нерухомасць, выкупляў за срэбра, супакойваў банкі і страхавыя кампаніі.
Усе паволі вярталіся ў канферэнц-залу; абат махнуў вузкай даланёю Мэйзеру, які тут жа знік на паўхвіліны, потым паявіўся зноў і гучна абвясціў на ўсю галерэю: «Мне даручана паведаміць членам журы, што перапынак скончаны». Першы вярнуўся з кута назарэцянаў Кроль, на яго твары можна было прачытаць «за»; Швэбрынгер выйшаў, адзін, з кута нідэрландцаў і хутка прайшоў у залу; Губрых, апошні, са спалатнелым тварам, смяртэльна абражаны, прайшоў паўз трох пакрыўджаных, трасучы галавою; Мэйзер зачыніў за ім дзверы, зірнуў на свой спод, на дзевяць парожніх кілішкаў, пагардліва пазвякаў нешматлікімі манетамі «на
чай»; я падышоў да яго і кінуў на спод талер: ён упаў звонка і цвёрда; тры пакрыўджаныя спуджана паднялі галовы; Мэйзер скрывіў вусны ва ўсмешцы, на знак удзячнасці падняў руку да шапачкі і шапнуў: «Гэта ж трэба, ты — усяго толькі сын крыху глузданутага рэгента!»
Даўно ўжо з вуліцы не было чуваць бразгатання каламажак: «Травіята» пачалася; нерухома ў дзвюх шарэнгах стаялі служкі, паміж рымскіх легіянераў і матронаў, паміж рэшткаў калон былых святыняў; гоман, нібы гарачая хваля, уварваўся ў халодны вечар; людзі з прэсы пераадолелі супраціўленне першага служкі, вось ужо і другі бязрадна падняў рукі, а трэці пазіраў на Мэйзера, які, сыкаючы, усталёўваў цішу; маладзенькі журналіст, праціснуўшыся паўз Мэйзера, падбег да мяне, выцер нос рукавом і ціха сказаў мне: «Упэўненая перамога — за Вамі». Крыху ў глыбі памяшкання ўжо чакалі два шаноўныя рэдактары-нарысісты, у чорных капелюшах, з бародамі, выпетраныя пафасам натхнёных радкоў; яны трымалі на патрэбнай адлегласці менш шаноўную публіку — дзяўчыну ў акулярах, хударлявага сацыяліста; да тае хвілі, пакуль адчыніліся дзверы і абат, задыхаўшыся, шпарка, нібы маленькі хлапчук, падбег да мяне, абняў, і я пачуў голас, які крычаў: «Фэмель! Фэмель!»
Гоман быў ужо чуцён аж наверсе; праз дзесяць хвілін пасля таго, як перастала дрыжаць падаконне, работніцы з усмешкамі выходзілі з брамы, несучы сваю годную пачуццёвасць у вольны ад працы вечар; то быў адзін з тых восеньскіх вечароў, калі трава пад мурам асабліва пахкая; Грэцу не ўдалося сёння прадаць свайго дзіка, на рыле якога застыгла пацямнелая кроў; у зменнай раме была відна тэраса на процілеглым даху: белы стол, зялёная драўляная лаўка, альтанка са стомленай квеценню настурцый; ці Езэфавы дзеці і дзеці Рут калі-небудзь будуць прагульвацца там, па тэрасе, чытаць «Падступнасць і каханне»; ці бачыў ён там калі Роберта? He, ніколі: Роберт сядзеў у сваім пакоі, трэні-
раваўся ў садзе; тэрасы былі занадта малыя, каб магчы там займацца яго відамі спорту: лаптою і бегам на сто метраў.
Я заўсёды трохі яго баяўся, чакаў ад яго чагосьці нязвыклага, не здзівіўся нават, калі той хлопец з апушчанымі плячыма наклаў на яго секвестр; каб я толькі ведаў, як звалі таго, другога, які кідаў у нашую паштовую скрынку маленькія цыдулкі з весткамі ад Роберта; я так і не даведаўся пра гэта; і Еганна нічога не здолела выцягнуць з Фрэшэра; гэтаму хлопцу належыць помнік, які вы захочаце паставіць мне; я не наважыўся тады паказаць на дзверы Нэтлінгеру і забараніць гэтаму Вакеры заходзіць у Отаў пакой; гэта яны прынеслі бычынае прычасце ў мой дом, ператварылі хлопца, якога я так любіў, у нейкага чужаніцу... майго маленькага хлопчыка, якога я браў з сабою на будоўлю, на рыштаванні. Таксі? Таксі? Ці гэта было таксі з 1936 года, на якім мы з Еганнай ехалі ў «Якар», у Верхні Порт? Ці, можа, таксі з 1942 года, на якім я вёз яе ў Дэнклінген, у псіхіятрычную лякарню? Альбо таксі з 1956 года, на якім мы з Езэфам паехалі ў Кіслінген; я хацеў паказаць яму будоўлю, дзе ён, мой унук, сын Роберта і Эдыт, павінен быў заняць маё месца; абацтва разбуранае, груда камення, пылу і друзу; Брэмокель, Грумпэтэр і Волерзайн, напэўна б, трыумфавалі, убачыўшы гэта; а я не трыумфаваў, убачыўшы ў 1945 годзе ўпершыню гэтыя груды руінаў; у задуменні я абышоў іх, пэўна, спакайнейшы, чым яны маглі ад мяне чакаць; ці яны чакалі ад мяне слёз, абурэння?
— Мы знойдзем вінаватага.
— Навошта? — спытаўся я.— Пакіньце яго ў спакоі.
Я аддаў бы дзвесце абацтваў, калі б за іх мне вярнулі Эдыт, Оту ці таго чужога хлопца, што кідаў цыдулкі ў нашу паштовую скрыню і мусіў так дорага заплаціць за гэта; і хоць гэты абмен не адбыўся, не быў прыняты, мяне цешыла, што я заплаціў хоць бы гэтым — грудаю камення, маім «учынкам маладосці». Я ахвяраваў гэта Оце і Эдыт, таму хлопцу і ста-
ляроваму вучню, хоць ведаў, што ім гэта будзе ні да чога: яны загінулі; ці, можа, гэтая груда руінаў належала да таго непрадбачанага, якога я гэтак моцна прагнуў? Манахаў здзіўляла мая ўсмешка, а мяне здзіўляла іхняе абурэнне.
— Таксі? Я ўжо іду, Леанора. He забудзьцеся, што я запрасіў Вас: а дзевятай, у кавярні Кронэра — вячэра з нагоды дня нараджэння. Шампанскага не б.удзе. Ненавіджу шампанскае. Забярыце там унізе ў прыдзверніка кветкі, цыгары, віншавальныя тэлеграмы і, калі ласка, маё дзіця, не забудзьце апляваць мой помнік.
To былі выбарчыя плакаты — тое, што друкавалася цяпер, у звышурочныя гадзіны, на белай паперы; іх стосы завальвалі калідоры, лесвічныя каморы — аж пад самы яго кабінет; на кожнай пачцы быў наклеены плакат-узор: усе гэтыя добра апранутыя ўзоры ўсміхаліся яму, нават на плакатах можна было разгледзець гарусныя ніткі ў іх гарнітурах; грамадзянская паважнасць і грамадзянская ўсмешлівасць патрабавалі даверу і аптымізму; там былі маладыя і пажылыя, але маладыя рабілі на яго яшчэ страшнейшае ўражанне, чым пажылыя; ён знакам, зробленым рукою, паслаў прыдзверніка, які хацеў запрасіць яго ў свой пакойчык — паглядзець раскошу кветак, разгарнуць тэлеграмы, ацаніць падарункі; ён сеў у таксі; дзверы машыны перад ім адчыніў шафёр.
— Калі ласка, у Дэнклінген, у псіхіятрычную лякарню,— ціха сказаў стары Фэмель.
5
Блакітнае неба, пафарбаваная сцяна, уздоўж якой таполі, нібы перакладзіны драбінаў, вялі ўгору і ўніз на дзядзінец, дзе прыдзвернік змятаў лісце ў равок з кампостам; сцяна была занадта высокая, прамежкі паміж перакладзінамі — занадта вялікія; тры, чатыры крокі трэба было яму зрабіць,
каб з адной трапіць на другую. Памалу! Чаму жоўты аўтобус павінен ехаць гэтак высока ўздоўж сцяны, паўзці каля яе, не раўнуючы як жук? Ен прывёз сёння. толькі аднаго чалавека — яго. Ці гэта быў ён? Хто? Каб гэта.ён караскаўся сюды, ледзьве дацягваючыся да чарговае прыступкі! Ды не: ён заўсёды хадзіў выпрастаўшыся, не згінаючыся, не прыніжаючы сябе — адно што ўкленчваючы ў касцёле ці на стартавай дарожцы ён мяняў сваю паставу. Ці гэта быў ён? Хто?
На дрэвах у садзе, у Блесэнфэльдскім парку — старанна намаляваныя шыльдачкі: 25, 50, 75, 100; ён укленчыў пры стартавых ямках, прамармытаў сам сабе: «На старт... увага... марш!» — і пабег; часам ён запавольваў свой бег, вяртаўся, глядзеў час на секундамеры, запісваў яго ў сшытак мармуровага колеру, што ляжаў на каменным століку ў садзе — і зноў укленчваў пры стартавых ямках, мармытаў сабе каманду, бег, адно зусім крыху павялічваючы тэмп на выпрабаванай дыстанцыі; часцяком праходзіла нямала часу, пакуль ён пачынаў выбягаць за 25 метраў і яшчэ больш — пакуль ён прабягаў пяцьдзесят; на заканчэнне ён бег усю дыстанцыю, 100 метраў, і запісваў дасягнуты час у сшытак — 11,2. Гэта нагадвала фугу — дакладна, хвалююча: а ўсё ж мела ў сабе адцінкі вялікай нуды, падобную да прорвы вечнасць у летнія адвячоркі, у садзе альбо ў Блесэнфэльдскім парку; старт — вяртанне; старт — малое паскарэнне — вяртанне; таксама яго тлумачэнні, калі ён сядаў каля яе, аналізаваў і вытлумачваў запісаныя ў сшытку лічбы, хваліў перавагі сваёй сістэмы — усё гэта было адначасна хвалюючае і нуднае; яго трэніроўкі папахвалі фанатызмам; гэтае дужае і зграбнае юначае цела пахла потам сур’ёзных высілкаў маладых людзей, што яшчэ не зведалі кахання; гэтаксама пахлі яе браты, Бруна і Фрыдрых, калі злазілі са сваіх спартыўных ровараў, з галовамі, поўнымі лічбамі кіламетраў, хвілін і секундаў, а пасля ў садзе давалі паслабу сваім фанатычным цягліцам ног з дапамогаю фанатычных выраўнальных практыкаванняў; гэткі пах ішоў ад бацькі, калі ён пад час рэпетыцый хору паважна напінаў грудзі, калі дыханне рабілася спортам, спеў не быў
прыемнай забаваю, а складнікам грамадзянскай павагі, аблямаванай саліднымі вусамі; яны сур’ёзна спявалі, сур’ёзна ездзілі на роварах, мелі вартыя сур’ёзнай увагі цягліцы на нагах, на грудной клетцы, каля губ; сутаргі прарысоўвалі брыдкія фіялетавыя маланкі на скуры ног і шчок; яны гадзінамі выстойвалі сярод халодных восеньскіх начэй, каб пастраляць па зайцах, якія хаваліся за галоўкамі капусты, а ўрэшце на досвітку выказвалі літасць да занямелых цягліцаў, наважваліся даць ім палёгку і беглі зігзагамі сярод дробнага, як шрот, дажджу: «навошта-навошта-навошта?» Дзе быў ён — той, хто насіў у сабе таямнічы смех, схаваную ў схаваным гадзіннікавым механізме спружыну, што памяншала невыносны ўціск, знімала напружанасць; ён, той адзіны, хто не пакаштаваў бычынага прычасця? Усмешка ў альтанцы, «Падступнасць і каханне»; яна нахілілася над балюстрадаю, бачыла, як ён выходзіў з брамы друкарні; ён лёгка пашыбаваў да Кронэравай кавярні, маючы ў сабе таемны смех, нібы спружыну; ці быў ён яе здабычай, ці яна была ягонай?
Памалу, памалу! Чаму заўсёды