Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
нецца, мы зноў пачнем ездзіць за горад, у Кіслінген: бабуля і дзед, дзеці, унукі, увесь наш род; твой сын будзе спрабаваць лавіць рукамі стронгу; мы будзем есці цудоўны манаскі хлеб, піць іхняе віно, слухаць вячэрняе набажэнства: «Rorate coeli decuper et nubes
plurant justum»*; урачыстую перадкалядную службу; у гарах выпадзе снег, замерзнуць ручаі — выберы сабе парў года, хлопча,— каляды будуць найбольш даспадобы Эдыт; яна пахне калядамі: дзяўчына яшчэ не зразумела, што Госпад прыйшоў да нас як брат; манаскі спеў узрадуе яе адвентысцкае сэрца; і таксама ўзрадуе яе цёмны касцёл, пабудаваны калісьці тваім бацькам; абацтва Святога Антонія ў даліне Кіса, паміж паселішчамі Штэлінгерс-Гротэ і ГёрлінгерШтуль.
Мне не было яшчэ і дваццаці двух гадоў, калі асвячалі абацтва; я яшчэ зусім нядаўна прачытала «Падступнасць і каханне»; у мяне ў горле ўсё яшчэ сядзеў і лёгка вырываўся з яго падлеткаў смех; у зялёнай аксамітавай сукенцы, купленай у краме Гэрміны Горушкі, я выглядала так, быццам бы толькі што вярнулася з танцаў; ужо не дзяўчына, але яшчэ і не жанчына — не замужняя жанчына, а дзяўчына, якую спакусілі; белы каўнерык, чорны капялюш; я была ўжо цяжарная і кожную хвілю гатовая заплакаць; кардынал шапнуў мне: «Вам трэба было застацца дома; спадзяюся, што Вы вытрымаеце ўсё гэта». Я вытрымала, я хацела быць пры ўсім; калі адчынілі каецёл і пачалася цырымонія асвячэння, мне зрабілася непамысна; ён зусім спалатнеў, мой малы Давід, а я падумала сабе: цяпер яго смех прапаў; яны заб’юць яго сваімі ўрачыстасцямі; ён на тое занадта малы і занадта малады; у яго замала мужчынскай паважнасці ў мускулах; я ведала, што маю пекны выгляд — у зялёнай сукні, чарнавокая, з белым, нібы снег, каўняром; я вырашыла ніколі не забывацца, што ўсё гэта — толькі гульня. Я смяялася яшчэ, калі згадвала, як настаўнік нямецкай мовы казаў'мне: «Буду пытаць Вас на пяцёрку», але я не здолела адказаць на пяцёрку; я думала ўвесь час толькі пра яго, называла яго Давідам, малым з прашчаю, журботнымі вачыма і глыбока схаваным смехам; я кахала яго і штодня чакала хвіліны, калі
* Акрыляйце, нябёсы, зверху, а воблакі хай праліваюць праўду (лац.).
ён з’явіцца ў вялікім акне кабінета; я глядзела яму ўслед, калі ён выходзіў з брамы друкарні, употайкі прыходзіла на спеўкі іхняга хору, уважліва ўглядалася, ці ягоныя грудзі таксама ўздымаюцца і апускаюцца ў гэтым сур’ёзным мужчынскім спорце, ды пазнавала па яго твары, што ён не належаў да іх; я прасіла Бруну непрыкметна для іншых прыводзіць мяне ў клуб афіцэраў-рэзервістаў, што збіраўся ў гатэлі «Прынц Генрых», каб згуляць у більярд; я прыглядалася да таго, як ён згінаў і разгінаў рукі, як белыя шары каціліся па зялёным і чырвоныя каціліся на зялёным, і там я адчула яго смех, схаваны глыбока ў ім унутры; не, ён ніколі не каштаваў бычынага прычасця, але было боязна, ці вытрымае ён апошняе, самае апошняе і самае цяжкое выпрабаванне — выпрабаванне вайсковай формай, у дзень нараджэння таго прыдурка, у студзені: маршыроўка перад помнікам каля моста, удзел ва ўрачыстым парадзе перад гатэлем, на балконе якога стаяў генерал; я пыталася ў сябе, як гэта будзе выглядаць, калі ён будзе шыбаваць там, унізе, напампаваны гісторыяй і балбатнёй пра «цяжар лёсу», у такт грукату барабанаў і літаўраў, пад гукі баявых ражкоў. Мне было боязна, вусцішна, што ён будзе выглядаць смешна; я не хацела, каб ён быў смешны; я не хацела, каб яны калі-небудзь смяяліся з яго, хацела, каб ён смяяўся з іх; і я ўбачыла, як ён маршыраваў; мой Божухна, каб ты бачыў яго тады! Ён, здавалася, кожным сваім крокам пераступаў праз кайзераву галаву.
Пасля мне часцяком даводзілася бачыць яго ў форме; гады лічыліся цяпер павышэннямі ў званні: праз два гады — обер-лейтэнант, яшчэ праз два — гаўптман; я брала ў рукі яго шаблю і ўсяляк імкнулася яе зганьбіць, апаганіць, саскрабала ёю бруд з жалезных завіткоў на парэнчах сходаў, іржу з жалезных лавак у садзе, капала ёю ямкі пад флянсы; толькі чысціць бульбу ёй было занадта нязручна.
Шаблі трэба кідаць на зямлю і таптаць нагамі, як і ўсе прывілеі; толькі дзеля таго яны існуюць — гэта хабарніцтва: Правая рука іх поўная дарункаў. Еш тое, што ядуць іншыя; чытай тое, што чытаюць усе, насі вопратку, якую носяць усе;
тады ты найшчыльней наблізішся да праўды; шляхоцкасць абавязвае, яна абавязвае цябе есці мякіну, калі яе ядуць астатнія, чытаць ура-патрыятычны памёт на старонках мясцовых газет, а не выданні для адукаваных людзей — Дэмеля* і іншых; не, Роберт, не прымай нічога ад іх — ні паштэтаў ад Грэца, ні масла ад абата, ні мёду, ні залатых манет, ні рагу з заечага мяса: навошта-навошта-навошта, калі ў іншых таго няма; простыя людзі могуць спакойна есці мёд і масла, ён не сапсуе ім ні страўніка, ні мазгоў, але ты, Роберт, гэтага рабіць не можаш — ты павінен есці гэты брыдкі хлеб: вочы твае напоўняцца ад праўды слязьмі, і ты павінен насіць вопратку з убогай тканіны — тады будзеш евабодны.
Я толькі адзін раз пакарысталася сваёй прывілеяй, адзінадзіны раз — ты павінен дараваць мне гэта; я не магла больш вытрываць і пайшла да Дрэшэра, каб дамагчыся табе амністыі; мы не маглі болей трываць: бацька, я і Эдыт; у цябе ўжо тады нарадзіўся сын; мы знаходзілі ў паштовай скрыні вестачкі ад цябе, зусім маленькія, як паперкі ад парашкоў супраць кашлю; першы раз мы атрымалі вестачку ад цябе праз чатыры месяцы пасля таго, як ты знік: «Не турбуйцеся наконт мяне, я старанна вучуся ў Амстэрдаме. Цалую маму. Роберт». Праз тыдзень мы прачыталі другую цыдулку: «Мне патрэбны грошы, загарніце ў газету і перадайце чалавеку, прозвішча якога Гроль — кельнеру ў «Якары», Верхні Порт. Цалую маму. Роберт».
Мы аднеслі грошы туды: кельнер Гроль моўчкі паставіў нам піва і ліманад, моўчкі ўзяў скрутак, моўчкі адмовіўся ад грошай «на чай»; здавалася, ён нас зусім не бачыць і не чуе нашых пытанняў.
Мы паўклейвалі твае маленькія вестачкі ў нататнік; новых доўга не было, потым яны пачалі надыходзіць часцей. «Грошы атрымаў усе: 2-га, 4-га і 6-га. Цалую маму. Роберт». А Ота раптам стаў зусім не Ота, а нехта іншы; ён прывёў у дом Нэтлінгера і настаўніка гімнастыкі; Ота... я зразумела, што
* Рыхард Дэмель (1863—1920) — нямецкі паэт-імпрэсіяніст.
гэта значыць, калі кажуць, што ад чалавека засталася адна абалонка; Ота быў цяпер толькі Отавай абалонкаю, якая хутка напоўнілася іншым змесцівам: ён не проста пакаштаваў бычынага прычасця, яно было яму прышчэплена; з яго выссалі былую кроў і ўлілі яму новую: Отаў пагляд зрабіўся паглядам забойцы, і я са страхам хавала ад яго твае цыдулкі.
Колькі месяцаў вестак ад цябе не было; я поўзала на каленях у сенцах, па падлозе, выкладзенай пліткамі, аглядала кожную шчыліну, кожную цалю халоднай падлогі, зняла завіткі з парэнчаў, пасаскрабала з іх увесь бруд, баючыся, што папяровыя скрутачкі могуць куды-небудзь заваліцца, што іх можа здзьмухнуць скразняком; па начах я адкручвала паштовую скрыню і разбірала яе, а Ота вяртаўся, прыціскаў мяне дзвярыма да сцяны, наступаў мне на пальцы, смяяўся: доўгія месяцы я не магла нічога знайсці, прастойвала ночы за фіранкаю ў спальні, чакала світання, пільнавала за вуліцай і за дзвярыма ў дом, злятала ўніз па сходах, калі паяўляўся паштар з газетамі; нічога не было; я абшуквала папяровыя торбачкі з булачкамі, асцярожна пералівала малако ў рондаль, адляпляла этыкетку ад бутэлькі; нічога не было. Ад вечара мы хадзілі ў «Якар», праціскаліся паміж мундзіраў у самы далёкі куток, за столік, які абслугоўваўся Гролем, але Гроль маўчаў, рабіў выгляд, нібыта нас не ведае; толькі праз некалькі тыдняў, калі мы чарговы раз, чакаючы, сядзелі там, ён напісаў на беражку кардоннай падстаўкі пад піва: «Будзьце асцярожныя! Я нічога не ведаю!», а пасля перакуліў кухаль з півам, размазаў разлітае піва так, што на месцы надпісу засталася вялікая чарнільная пляма, прынёс нам новы кухаль, за які не хацеў браць грошай,— Гроль, кельнер з «Якара», малады чалавек з вузкім тварам.
Мы ж, натуральна, не ведалі, што хлопец, які кідаў нам у паштовую скрыню вестачкі ад цябе, даўно быў арыштаваны, што за намі сачылі, а Гроль заставаўся на волі толькі з аднае прычыны — яны спадзяваліся, што ён загаворыць з намі; хто можа разабрацца ў гэтай вышэйшай матэматыцы забойцаў? I Гроль, і хлопец з вестачкамі ад цябе — абодва
зніклі, Роберт; а ты ж не даеш мне карабіна, не вызваляеш мяне з гэтага заклятага замка.
Мы перасталі хадзіць у «Якар», пяць месяцаў нічога не чулі пра цябе; я першы раз скарысталася з прывілеі: пайшла к доктару Эмілю Дрэшэру, старшыні зямельнага ўрада; колісь я разам з яго сястрою хадзіла ў школу, а з ім — на ўрокі танцаў; мы рабілі разам паездкі за горад, ставілі ў каламажкі бочачкі з півам, на лясным ускрайку выцягвалі бутэрброды з вяндлінаю; таньчылі «лендлера» на свежапакошаных палянках; мой бацька дапамог Дрэшэраваму бацьку ўступіць у Навуковае згуртаванне, хоць у таго не было вышэйшай адукацыі — але ўсё гэта лухта, Роберт: не вер у гэткія рэчы, калі справа датычыць чагосьці сур’ёзнага; я называла колісь Дрэшэра «Эм» — гэта было скарачэнне ад «Эміль», скарачэнне, якое ў тыя часы лічылася асабліва шыкоўным; а во цяпер, праз трыццаць год, я папрасіла далажыць яму пра мяне; я надзела шэры касцюм з фіялетавым вэлюмам, чорныя, са шнуркамі, чаравікі; Дрэшэр сам сустрэў мяне ў пярэднім пакоі, пацалаваў мне руку і сказаў:
— Ах, Еганна, называй мяне, як і раней, «Эм»!
I я сказала яму:
— Эм, мне трэба ведаць, дзе мой хлопец. Вам жа вядома, дзе ён!
У гэтую хвілю, Роберт, мне здалося, што пачаўся ледавіковы перыяд. Я адразу пазнала па ім, што ён ведаў усё, і адчула, як ён пасуровеў, зрабіўся афіцыяльны, яго тоўстыя губы заўзятага аматара чырвонага віна ад перапуду сталі падобныя да танюсенькай нітачкі; ён азірнуўся, патрос галавою і шапнуў мне:
— Учынак твайго сына быў не толькі заганны, але і надзвычай неразважлівы з палітычнага боку.
А я адказала яму:
— Куды вядзе палітычная разважлівасць — відаць па табе.
Я хацела пайсці, але ён затрымаў мяне і сказаў:
— Божа мой, ці ж нам трэба ўсім павесіцца?
На што я адказала:
— Вам — трэба.
— Будзь усё ж разумнаю,— сказаў ён,— гэткімі справамі займаецца паліцай-прэзідэнт, а ты ж ведаеш, што твой сын прычыніў яму.
— Ведаю,— адказала я.— Нічог