Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
да Роберта, паклала яму рукі на плечы, спыталася:
— Які цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павінен усынавіць яго, а я ўжо адпісала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпі яшчэ чаю; у Галандыі ж п’юць добры чай; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасі іспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсміхацца, калі пойдзеш у войска; паводзь сябе ціха і памятай, што на свеце, дзе за адзін толькі жэст рукі можна заплаціць жыццём, гэткія пачуцці нічога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва — быццам там можна неяк сябе суцешыць. «Дрыжаць спарахнелыя косці»; ах, мой хлопчык, яны забілі таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына — яна не магла вытрываць гэткага ціску; і тут ужо не дапаможа ладнае слоўца «тыраны»; бацька не здолее больш вытрываць у сваім кабінеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павінен замірыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабіць гэта; ну, калі ласка, ідзі ўжо.
Спробы замірыцца з Отам; ён шмат разоў рабіў іх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелі на яго як на чужака; за шырокім бледным Отавым ілбом была ўлада, увасобленая 146
ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлівымі школьнымі таварышамі, над прахожымі, што не віталі іхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьці ўзрушваць, калі б яна выяўлялася толькі ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вуліцы, калі б Ота хацеў атрымаць тры маркі за выйграны баксёрскі паядынак альбо — як пераможца — схадзіць у кіно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы і па дарозе цалаваць яе ў пад’ездзе; але ў Оты не было нічога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць — таго, што ён часам знаходзіў у Нэтлінгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскі бой і не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабілася формулай, пазбаўленай карысці, вызваленай ад інстынктаў; у ёй амаль не было нянавісці, улада ажыццяўлялася механічна: удар за ўдарам.
Брат; вялікае слова, Гёльдэрлінава слова — гэткае агромністае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўніць яго, калі гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замірэння: «Загінуў пад Кіевам!» —у гэтых словах маглі прагучаць трагізм, веліч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэнні з Отавым узростам маглі б узрушваць, як словы надмагільнага надпісу: дваццаць пяць год, загінуў пад Кіевам; але нічога ў тых словах не прагучала для яго, і ён дарэмна спрабаваў памірыцца з Отам пасля яго смерці; «вы ўсё-ткі браты...» — казалі яму; сапраўды, яны былі братамі, згодна з запісам у кнізе актаў цывільнага стану і паводле сведчання акушэркі; мажліва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калі б яны напраўду былі чужыя адзін аднаму, ды яны не былі чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п’е каву, гарбату, піва; але Ота еў не такі хлеб, піў не тое самае малако і каву, што ён; яшчэ горш было са словамі, якія яны казалі адзін аднаму: калі Ота гаварыў «хлеб», гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова «раіп»*, пачутае першы раз, калі ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць— «хлеб»; сыны аднае маткі і аднаго бацькі, якія нарадзіліся і гадаваліся ў адным і тым
* Хлеб (франц.).
доме, у адным доме елі, пілі, плакалі, дыхалі адным паветрам, хадзілі адной дарогай у школу; і разам смяяліся, гулялі; ён называў Оту «браткам», адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баіцца матэматыкі, дапамагаў яму, цэлымі днямі зубрыў з ім, каб пазбавіць таго страху, і тут ён здолеў вызваліць братку ад страху — ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзіла на язык, не было праўдзівым, не гучала, калі ён думаў пра Оту; і ён упершыню зразумеў тады, штб сапраўды значылі словы Эдыт «пакаштаваць бычынага прычасця»: Ота б выдаў катам родную маці, каб яна ім спатрэбілася.
А калі Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замірыцца, калі ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: «Ну што?» Ен меў тут рацыю — сапраўды: штб Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былі нават чужыя адзін аднаму, дасканала ведалі адзін аднаго: ведалі, напрыклад, што адзін не любіць апельсінаў, a другі аддае перавагу піву перад малаком; яны ведалі, што хтосьці з іх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькія цыгаркі, а хтосьці пакідае закладкі ў календары Шота.
Роберт зусім не здзіўляўся, калі бачыў, як Бен Вакс і Нэтлінгер падымаліся ў Отаў пакой, калі ён сустракаў іх у калідоры, усвядоміўшы, што тыя абодва былі яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамі ўвесь час, а любой гадзіне дня і ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары — як, напрыклад, чыгуначнікі; тыя абодва вызначаліся паблажлівасцю: паляпвалі яго па плячы; Нэтлінгер казаў: «Ну, хіба гэта не я даў табе ўцячы?» Яны паслалі на смерць Фэрдзі, паслалі Гроля і бацьку Шрэлы туды, дзе людзі без следу знікаюць, але panep яны казалі: «Што было, тое было». Ніхто не хоча псаваць гульню. He трэба прыпамінаць ім таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыяліст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, іль-
готную ашчадную кніжку і дваіх дзяцей. «Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нічога не здарыцца...»
Ну дык што? Ці гаварыў ты з Отам? Без выніку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў і зноў; падыдзі бліжэй, ціха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на ім — праклён, чары — калі гэта табе больш даспадобы; і ёсць толькі адзін спосаб вызваліць яго: мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін; Госпад кажа: «Помста мая», а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?
Яна падышла да акна, выцягнула з кута паміж фіранкаю і акном дарожны кій свайго брата, які памёр сорак тры гады таму; ускінула кій да пляча, нібы стрэльбу, і нацэлілася, узяла на мушку Бена Вакса і Нэтлінгера; яны ехалі па вуліцы конна — адзін на сівым, другі на гнедым жарабцы; кій рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу — як быццам яе мерылі секундамерам; яны павярнулі за рог дома, праехалі паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалі да Мадэставай брамы, якая засланіла коннікаў ад яе; апусціўшы кій, маці сказала: «У мяне ёсць дзве з паловай хвіліны часу». Зрабіць глыбокі ўдых, нацэліцца, своечасова націснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нідзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставіла кій у кут.
— Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплівасці, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкі з порахам, да пораху патрэбны свінец: помста за апошняе слова, што вымавілі нявінныя вусны майго сына: «Гіндэнбург»; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлі; я павінна сцерці гэтае слова; хіба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны паміралі, маючы сем год, і выдыхалі апошняе слова «Гіндэнбург»’! Я парвала лісток з вершам і выкінула шматкі паперы на вуліцу, а ён быў дысцыплінаваны малы хлапчук ды прасіў мяне дастаць яму копію; але я адмовілася, не хочучы, каб
тая лухта вымаўлялася яго вуснамі; у гарачцы ён спрабаваў аднавіць у памяці радкі верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткі адно чула: «...Хай Госпад заўсёды будзе з табой»; я спрабавала спыніць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маіх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: «...Пакуль нямецкім лясам стаяць, пакуль нямецкім сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць — датуль яго імені ў сэрцах жыць»; тое, з якім націскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова «яго», амаль забіла мяне насмерць; я пазбірала ўсе цацкі ў хаце, забрала ў цябе твае — і, не зважаючы на твой лямант, склала іх усе на Генрыхавай коўдры; толькі ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне... Генрых, Генрьіх! Я крычала, малілася і шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краіну трызненняў, у якой для яго застаўся адзіны радок верша: «Гіндэнбург! Наперад! На бой!»; толькі той адзін-адзіны радок верша жыў у ім; і апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: «Гіндэнбург».
Я павінна адпомсціць за спанатраныя вусны майго сямігадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсціць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гіндэнбургавага помніка; за імі нясуць гладкія вянкі з залатымі, чорнымі і фіялетавымі стужкамі; я ўвесь час думаю: няўжо ён ніколі не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё імя зрабілася дэвізам у сынавых вуснах? Ці ты цяпер дасі мне карабін?
Я злаўлю цябе на слове: гэта неабавязкова павінна адбыцца сёння ці заўтра, але гэта павінна адбыцца неўзабаве; я назапашвала ў сабе цярплівасць... Ці памятаеш ты свайго брата Генрыха? Табе было ўжо амаль два гады, калі ён памёр. У нас тады быў сабака з мянушкаю Бром; ты наўрад ці прыгадаеш яго; ён быў такі стары і мудры, што боль, які вы абодва яму прычынялі, выклікаў у яго не злосць, а толькі смутак; вы хапаліся за ягоны хвост, і ён цягаў вас па пакоі; ці памятаеш ты пра гэта? Кветкі, якія ты павінен быў пакласці на Генрыхаву магілу, ты выкінуў у акно карэты; мы
пакінулі цябе каля ўвахода на могілкі, дазволілі табе залезці на вазніцава месца і патрымацца за лейцы: яны былі з чорнай патрэсканай скуры. Бачыш, Роберт, ты ўжо і прыгадваеш сабаку, лейцы, брата... і салдат, салдат, бясконцыя шыхты салдат — гэтага ты не памятаеш: яны ішлі ўверх па Модэстгасэ, перад гатэлем збочылі да вакзала, цягнулі за сабою гарматы; бацька трымаў цябе на руках і сказаў: «Вайне канец».
Трыльён за маленькую плітку шакаладу, пасля два трыльёны за цукерку, гармата за паўбохана хлеба, конь за адзін яблык; усё даражэй і даражэй; а потым у людзей не заставалася і пяці пфенігаў, каб купіць кавалачак самага таннага мыла; добра быць не магло, Роберт, яны і не хацелі, каб было добра; усё новыя і новыя людзі ішлі праз Мадэставу браму, стомлена паварочвалі да вакзала: усё як мае быць, як мае быць; яны неслі перад сабою імя вялікага буйвала — Гіндэнбурга; Гіндэнбург да апошняга ўздыху рупіўся пра парадак; ці ён сапраўды памёр, Роберт? He магу ў тое паверыць: «У бронзе, у камені — вобраз твой; мы верым табе, наш нязломны герой — Гіндэнбург! Наперад! На бой!» На паштовых марках ён, са сваімі буйвалавымі шчакамі, здаецца мне сімвалам яднання; пабачыш, ён яшчэ прычыніць нам клопату, пакажа нам, куды вядзе палітычная разумнасць і разумнасць грошай: конь за адзін яблык, трыльён за цукерку, а пасля няма нават пяці пфенігаў на кавалак мыла; і заўсёды ўсё як мае быць; я гэта ўсё бачыла і чула, як яны неслі гэтае імя перад сабою — ён быў дурны як бот, глухі як пень, але дбаў пра парадак; прыстойнасць, прыстойнасць; гонар і адданасць, жалеза і сталь, грошы і ўбогая сельская гаспадарка; асцярожна, хлопчык — там, дзе над раллёю падымаецца пара, дзе гамоняць лясы, будзь асцярожны: там прымаюць бычынае прычасце.
He думай, што я з’ехала з глуз