Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
не маню; дазволь плысці маёй лодачцы, не знішчай яе, нібы хлопчык-неслух; свет
злы, і ў ім так мала чыстых сэрцаў; і Роберт таксама бярэ ўдзел у маёй гульні, паслухмяна ходзіць на станцыі, на якія я яго пасылаю: з тысяча дзевяцьсот семнаццатага па тысяча дзевяцьсот сорак другі — ні на адзін крок далей; ён заўсёды выпрастаны, не гнецца, трымаецца як сапраўдны немец; я ведаю, што ён сумаваў па радзіме, што ні гульня ў більярд, ні завучванне формул на чужыне не рабілі яго шчаслівым, што не толькі Эдыт была прычынаю таго, што ён вярнуўся: ён — немец, чытае Гёльдэрліна, ніколі не каштаваў бычынага прычасця; Роберт належыць да блакітнай крыві, ён не авечка, а пастыр. Я толькі б хацела даведацца, што ён рабіў на вайне, але ён ніколі пра тое не апавядае; ён архітэктар, які дагэтуль не пабудаваў ніводнага дома, ніколі не меў слядоў раствору на калашынах; не, ён бездакорны, ветлівы кабінетны архітэктар, яго не вабяць святы з нагоды пабудовы новага дома. Але дзе наш другі сын, Ота? Загінуў пад Кіевам; ён — наш, крывёю і целам; адкуль прыйшоў ён і куды пайшоў? Ці ён напраўду быў падобны да твайго бацькі? Ці бачыў ты хоць раз Оту з дзяўчынаю? Я вельмі б хацела што-небудзь даведацца пра яго; бо ведаю толькі, што ён з ахвотаю піў піва, што не любіў гуркоў, і ведаю рухі яго рук, калі ён прычэсваўся і калі апранаў паліто; ён выдаў нас паліцыі, пайшоў у войска — не скончыўшы нават вучобы ў школе; ён дасылаў нам паштоўкі з тэкстамі, поўнымі забойчай іроніі: «У мяне ўсё як мае быць, спадзяюся, што і ў вас таксама, мне трэба 3». Ота... ён нават ніводнага адпачынку не правёў дома; дзе ён праводзіў іх? Які дэтэктыў здолеў бы нам расказаць пра гэта? Я ведаю нумары яго палкоў, нумары палявых поштаў, яго вайсковыя званні — обер-лейтэнант, маёр, падпалкоўнік Фэмель... і апошні ўдар быў нам зноўку нанесены лічбамі: «...загінуў 12.01.42 г.». Я на свае вочы бачыла, як ён збіваў прахожых, што не віталі яго штандараў; падымаў руку і біў; ён бы ўдарыў і мяне, каб я хуценька не перабегла на другі бок вуліцы, дзе былі крамкі, што гандлявалі драбязой; як ён патрапіў у наш дом? У мяне нават ніякага аблуднага суцяшэння, накшталт таго, што яго маглі падмяніць пры нара-
джэнні; ён нарадзіўся ў нашым доме, у спальні наверсе, праз два тыдні пасля Генрыхавай смерці, змрочным кастрычніцкім днём 1917 года; і быў падобны да твайго бацькі.
Ціха, стары; нічога не кажы, не расплюшчвай сваіх вачэй і не паказвай сваіх васьмідзесяці год. «Memento quia pulvis es et in pulverem reverteris»*. Яны гэта кажуць нам досыць выразна; усё прах — тое, што застаецца ад раствору, закладныя акты, дамы, сядзібы, помнік у ціхім прадмесці, дзе дзеці, гуляючы на вуліцы, будуць пытацца, хто гэта быў?
Яшчэ маладою маці, я, квітнеючы і радуючыся, хадзіла па Блесэнфэльдскім парку і разумела ўжо тады, што адны буркатлівыя пенсіянеры, якія лаяліся на галаслівых дзяцей, лаюцца толькі на тых, хто калі-небудзь зробіцца таксама буркатлівым пенсіянерам і будзе сядзець на тым самым месцы ды лаяцца на галаслівых дзяцей, якія, у сваю чаргу, таксама калі-небудзь ператворацца ў буркатлівых пенсіянераў; я вадзіла за рукі двух хлопчыкаў: аднаму было чатыры, другому шэсць год; пасля першаму было шэсць, другому — восем, першаму — восем, другому — дзесяць год, а ў садзе віселі старанна намаляваныя шыльдачкі: «25», «50», «75», «100» — чорныя лічбы на пафарбаванай белым лакам блясе; яны заўсёды нагадвалі мне лічбы на трамвайных прыпынках; увечары твая галава ў мяне на каленях, філіжанка кавы ў цябе пад рукою; мы дарэмна чакалі шчасця; не знаходзілі яго ні ў купэ чыгуначных вагонаў, ні ў гатэлях; чужы чалавек хадзіў па нашым доме, насіў нашае прозвішча, піў нашае малако, еў наш хлеб, купляў за нашыя грошы ў дзіцячым садзе какаву, а потым — школьныя сшыткі. Занясі мяне назад на бераг ракі, дзе мае босыя ногі будуць кранацца следу паводкі на пяску, дзе гудуць параходы і пахне дымам; завядзі мяне ў кавярню, дзе на стол падаё жанчына з цудоўнымі рукамі; ціха, стары, не трэба плакаць; я жыла ва ўнутранай эміграцыі, а ў цябе ўвесь час былі сын, двое ўнукаў; мажліва, неўзабаве яны падораць табе праўнукаў; не ў маёй уладзе
* Памятай: ты — прах і ў прах ператворышся зноў (лац.).
маё вяртанне да цябе, штодзённае скручванне лодачкі з календарнага лістка і поўнае радасці веславанне на ёй да паўночы; 6 верасня 1958 года; гэта будучыня, будучыня Нямеччыны; я сама чытала пра гэта ў мясцовай газетцы:
«Абразок з нямецкай будучыні: дваццаціаднагадовы унтэр-афіцэр Моргнэр зрабіўся трыццацішасцігадовым селянінам Моргнэрам; вось ён стаіць на беразе Волгі; вечар, праца скончаная; ён паліць цыгару, якую добра заслужыў; на руцэ трымае адно з сваіх бялявых дзяцей. Задумліва ён паглядае на жонку, якая канчае даіць апошнюю карову; нямецкае малако на волжскім беразе...»
Ты не хочаш слухаць далей? Добра, але дай мне задаволіцца будучыняй; я не хачу ведаць,якая яна робіцца, ператвараючыся ў сучаснасць; хіба яны не стаяць на беразе Волгі? He плач,стары; заплаці за мяне выкуп, і я вярнуся з заклятага замку: мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін.
Калі будзеш вылазіць адсюль па драбінах, рабі гэта памалу; выцягні цыгару з рота: табе ўжо не трыццаць год, і можа закружыцца ў галаве; сёння ўвечары сямейная ўрачыстасць у Кронэравай кавярні? Мажліва, я прыйду; зычу табе шчасця ў дзень нараджэння; даруй, што я смяюся; Еганне было б ужо сорак восем, Генрыху — сорак сем; яны забралі сваю будучыню з сабою; не плач, стары; ты сам захацеў пачаць гэтую гульню. Падымаючыся па драбінах, рабі гэта памалу.
6
Жоўта-чорны аўтобус спыніўся перад ваколіцай вёскі, a пасля павярнуў з прасёлка ў напрамку Додрынгена; у воблаку пылу, што пакінуў за сабою аўтобус, Роберт убачыў бацьку; стары выйшаў на залітую сонцам прастору, нібы з густой імглы; ён быў усё яшчэ жвавы і гнуткі, нават паўдзённы сквар амаль ніяк не адбіўся на ім; ён павярнуў на галоўную вуліцу, прайшоў паўз карчму «Лебедзь»; знуджаныя хлопцывяскоўцы паглядалі на яго са сходаў карчмы — пятнаццаці-, шаснаццацігадовыя юнакі; напэўна, тыя самыя, што падпіль-
ноўвалі Гугу, калі той вяртаўся са школы; у глухіх завулках, у цёмных стайнях яны білі яго, называючы божай авечкай.
Стары Фэмель прамінуў управу бургамістра і помнік палеглым, дзе змораны самшыт, што вырас на кіслай глебе, узняў свае галіны ў гонар тых, што загінулі на трох войнах; стары спыніўся каля мура, якім былі агароджаныя могілкі; ён выцягнуў з кішэні насоўку, абцёр пот з ілба, зноў згарнуў і схаваў насоўку, абцягнуў на сабе пінжак і рушыў далей; Роберт бачыў, як пры кожным кроку правая калашына бацькавых штаноў апісвала гарэзную дугу; толькі на імгненне рабілася відочнай цёмна-блакітная падшыўка штаноў, і нага старога апускалася на зямлю, каб тут жа зрабіць новую гарэзную дугу; Роберт зірнуў на станцыйны гадзіннік: без дваццаці чацвёртая; цягнік прыбудзе толькі а чацвёртай гадзіне і дзесяць хвілін; паўгадзіны, значыць,— ніколі яшчэ, колькі ён сябе памятаў, яму не даводзілася гэтак доўга бываць самнасам з бацькам; ён спадзяваўся, што бацька прабудзе ў лякарні даўжэй і яму не трэба будзе весці гэтую размову, размову сына з бацькам. Пачакальня на станцыі Дэнклінген была не найлепшым месцам для гэтага спаткання, якога бацька чакаў, можа, дваццаць альбо трыццаць гадоў; размова з сынам, які ўжо цяпер сталы мужчына, якога не возьмеш ужо за руку, не павязеш да мора, не запросіш у кавярню з’есці кавалак пірага ці марожанае; пацалунак на дабранач, пацалунак на дабрыдзень, пытанне наконт хатніх заданняў ды колькі жыццёвых сентэнцый накшталт «сумленне — сіла чалавека» альбо «Бог не ашукае»; штотыднёвыя кішэнныя грошы сыну; усмешка, поўная гордасці за чарговы сынаў спартыўны дыплом і школьныя поспехі; нясмелыя размовы пра архітэктуру, паездкі ў абацтва; ні слова, калі ён знік, і ні слова, калі ён паявіўся зноў; прыгнечанасць пад час снеданняў, абедаў і вячэраў, калі за сталом сядзеў Ота: нават размовы пра надвор’е былі немагчымыя; мяеа, парэзанае срэбранымі нажамі; падліўка, што налівалася срэбранымі лыжкамі; маці, здранцвелая, нібы трус перад кобраю; бацька пазіраў у акно, крышыў хлеб, машынальна падносіў лыжку да рота, рукі
ў Эдыт дрыжалі, а тым часам Ота з пагардаю клаў сабе ў талерку самыя вялікія кавалкі мяса; ён адзін за сталом мог як належыць ацаніць смак кожнае стравы; бацькаў улюбёнец, заўсёды гатовы да вандровак і падарожжаў, да незвычайнага; жыццярадасны хлопчык з радаснай будучыняй; хлопчык, створаны дзеля таго, каб пад час кірмашоў абуджаць у бацьку пачуццё ўдалага і шчаслівага жыцця; час ад часу Ота казаў весела: «Вы ж можаце выперці мяне з дому»; ніхто яму не адказваў. Папалуднаваўшы, Роберт ішоў у бацькаў кабінет, сядзеў толькі там, рысаваў, маніпуляваў формуламі, пакуль Фэмель-старэйшы зморана нацягваў рабочы халат, корпаўся ў скрутках эскізаў, раз-пораз спыняўся перад планам абацтва Святога Антонія, пасля выходзіў — на шпацыр, на каву, наведаць даўніх калегаў, даўніх ворагаў; у тых дамах, дзе бацька ўжо сорак год быў жаданы госць, пачалася ледавіковая эпоха — у адных дамах праз Роберта, у другіх — праз Оту; а ён жа быў жыццярадасны па сваёй натуры, створаны для жыцця, поўнага ўцех, дзеля таго, каб піць каву і віно, рабіць падарожжы і разглядаць кожную зграбную дзяўчыну, убачаную ім на вуліцы альбо ў вагоне цягніка, як на мажлівую нявестку; часцяком ён гадзінамі шпацыраваў з Эдыт, якая штурхала перад сабою дзіцячы вазок; у яго было тады мала працы, і ён вельмі цешыўся, калі яму даручалі спраектаваць у пабудаваных ім лякарнях невялікія прыбудовы і наглядаць за тым, як ідуць работы; альбо калі яго прасілі прыехаць у абацтва Святога Антонія, каб адрамантаваць там якую-небудзь сцяну; яму здавалася, што Роберт злуе на яго, а Роберт меркаваў, што гэта бацька злы на яго. Але цяпер Роберт ужо сталы чалавек, сам бацька дарослых дзяцей, які мусіў перажыць цяжкі ўдар лёсу — смерць жонкі, які пабываў у эміграцыі, потым вярнуўся дамоў; ваяваў, перажыў і здраду, і катаванні; чалавек самастойны, з выразна акрэсленым месцам у жыцці: «Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлікаў; пасля паўдня зачынена»; нарэшце яны сталі паўнапраўнымі суразмоўцамі.
— Яшчэ адно піва шаноўнаму п