Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
ла і зубная шчотка былі пры Вас, так? Калі ласка, распішыцеся вось тут, засведчыце, што ўсе Вашыя асабістыя рэчы Вам вернуты.
Шрэла апрануў плашч, пазапіхваў у кішэні атрыманыя
толькі што рэчы, падпісаў спіс, на якім стаяла дата: «6 верасня 1958 г., 15 гадзін 30 мінут».
— Усё ў парадку,— сказаў наглядчык і зачыніў акенца.
Нэтлінгер ізноў засунуў цыгару ў рот, дакрануўся да Шрэлавага пляча.
— Хадзем,— сказаў ён,— вось сюдой, альбо ты зноў хочаш за краты? Можа, усё-такі завяжы гальштук.
Шрэла сунуў у рот цыгарэту, паправіў акуляры, падняў каўнерык кашулі і надзеў гальштук; ён здрыгануўся, калі Нэтлінгер раптам паднёс яму да носа запальнічку.
— Гэтак вось,— сказаў Нэтлінгер,— гэтак вось бывае з усімі вязнямі: хай ён будзе высокі ці маларослы, вінаваты ці невінаваты, бедны ці багаты, палітычны ці крымінальнік — усе найперш хочуць выкурыць цыгарэту.
Шрэла зрабіў глыбокую зацяжку; завязаўшы гальштук, а пасля — апусціўшы каўнерык, ён паглядаў праз верх акуляраў на Нэтлінгера.
— Ты ў гэтых пытаннях дужа дасведчаны, праўда?
— А ты што — не? — спытаў Нэтлінгер у адказ.— Хадзем; ад развітання з начальнікам, на жаль, я цябе вызваліць не магу.
Шрэла насунуў капялюш, выцягнуў з рота цыгарэту і пайшоў за Нэтлінгерам, які адчыніў дзверы на двор; начальнік турмы стаяў каля акенца, перад якім стаяла доўгая чарга: людзі стаялі па дазволы на нядзельныя спатканні; гэта быў высокі мужчына, не занадта модна, але салідна апрануты; калі ён набліжаўся да Нэтлінгера і Шрэлы, яго рухі былі падкрэслена цывільнымі.
— Спадзяюся,— сказаў ён Нэтлінгеру,— што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены — хутка і як мае быць.
— Дзякуй,— адказаў Нэтлінгер,— усё сапраўды было зроблена хутка.
— Гэта добра,— сказаў начальнік турмы і звярнуўся да Шрэлы.— Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развітанне скажу колькі слоў, хоць Вы ўсяго адзін дзень былі
ў мяне пад...— ён засмяяўся,— ...апекаю і памылкова трапілі не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце,— сказаў ён і паказаў рукою на ўнутраную браму турмы,— за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьці грандыёзнае, тое, што мы лічым за сваё найвышэйшае дабро,— воля. Справядлівым ці несправядлівым было падазрэнне, але Вы спазналі...— ён засмяяўся яшчэ раз,—...вы спазналі сярод маіх гасцінных муроў супрацьлегласць вольнасці. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе — адно што вязні, вязні нашага цела, аж да хвілі, калі душа вызваліцца ад путаў і ўзнясецца да свайго стваральніка; але быць вязнем сярод маіх гасцінных муроў — гэта не проста сімвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла...
Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнікавым твары ён заўважыў: поціск яго далоні не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэціну з правай рукі ў левую і крадком зірнуў на Нэтлінгера.
Муры вакол гэтага двара, неба па-над імі былі апошнімі рэчамі на гэтай зямлі, якія давялося бачыць Фэрдзі; магчыма, голас начальніка быў апошнім чалавечым голасам, які ён пачуў на гэтым дзядзінцы — досыць вузкім, каб дым з Нэтлінгеравай цыгары мог запоўніць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнік падумаў: «Божа мой, ты заўсёды добра разбіраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае».
Нэтлінгер не выцягваў цыгары з рота.
— Ты мог абысціся гэтым разам без развітальнае прамовы. Значыць, дзякуй і — да пабачэння.
Ён схапіў Шрэлу за плечы і падпіхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад імі адчынілася; Нэтлінгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спыніўся, аддаў вартаўніку свае паперы; той уважліва паглядзеў на іх, кіўнуў і адчыніў браму.
— Ну, вось яна тут, воля,— сказаў Нэтлінгер, смеючыся,— на тым баку вуліцы стаіць мая машына; скажы, куды цябе адвезці.
Шрэла перайшоў з ім цераз вуліцу і завагаўся, калі шафёр адчыніў яму дзверцы.
— Ну,— сказаў Нэтлінгер,— сядай.
Шрэла зняў свой капялюш, залез у машыну; сеўшы, адкінуўся на спінку сядзення і паглядзеў на Нэтлінгера, які таксама залез у кабіну і падсунуўся бліжэй да яго.
— Куды ты хочаш ехаць?
— На вакзал,— адказаў Шрэла.
— У цябе там рэчы?
— He.
— Дык што, ты ўжо зноў хочаш пакінуць наш гасцінны горад? — спытаў Нэтлінгер. Нахіліўшыся да шафёра, ён сказаў яму: — На галоўны вакзал.
— He,— сказаў Шрэла,— я не хачу пакідаць гэтага гасціннага горада. Ты не знайшоў Роберта?
— He,— адказаў Нэтлінгер,— ён рэдка паказваецца на людзях. Цэлы дзень я спрабаваў убачыцца з ім, ды ён усё выслізваў неяк; а калі я ўжо амаль накрыў яго ў гатэлі «Прынц Генрых», ён здолеў уцячы праз бакавыя дзверы. Праз яго мне давялося мець вялікую прыкрасць.
— I раней таксама ты яго не сустракаў?
— He,— адказаў Нэтлінгер,— ніводнага разу; ён жыве зусім адасоблена.
Машына спынілася перад святлафорам. Шрэла зняў акуляры, выцер іх насоўкаю і падсунуўся бліжэй да акна.
— Відаць,— сказаў Нэтлінгер,— у цябе дзіўнаватае адчуванне: па гэткім доўгім часе і пры такіх акалічнасцях зноў апынуцца ў Германіі; ты яе ўжо не пазнаеш.
— Ды не, пазнаю ўжо,— адказаў Шрэла,— накшталт таго, як звычайна пазнаеш жанчыну, якую зусім малады кахаў, а цяпер праз дваццаць гадоў напаткаў: яна зрабілася тоўстая; затлусценне залозаў; відавочна, што яна выйшла за чалавека не толькі багатага, але і працавітага; віла за горадам, машына, пярсцёнкі на кожным пальцы; пры гэткіх акалічнасцях з даўняе любові застаецца адно што строіць кепікі.
— Натуральна, гэткія абразкі ўсё-такі досыць скажоныя,— сказаў Нэтлінгер.
— Гэта напраўду абразкі,— сказаў Шрэла,— і калі б іх было ў цябе тры тысячы, ты б, мажліва, спазнаў крыху праўды.
— Сумняваюся таксама наконт верагоднасці тваіх меркаванняў пра нашу краіну: ты прабыў толькі дваццаць чатыры гадзіны ў краіне, у тым ліку дваццаць трьі — у турме.
— Табе цяжка ўявіць, як шмат можна даведацца пра краіну, седзячы ў турме; у вашых астрогах найбольш сядзяць за ашуканства; на жаль, самаашуканства не разглядаюць тут як крымінальнае злачынства; магчыма, ты не ведаеш, што я з апошніх дваццаці двух год чатыры правёў у турме?
Машына павольна ехала ў вялікім патоку, які ўтварыўся перад святлафорам на скрыжаванні.
— He,— сказаў Нэтлінгер,— я гэтага не ведаў. Дзе ты сядзеў, у Галандыі?
— У Галандыі,— адказаў Шрэла,— і ў Англіі таксама. — За што гэта?
— За дзеянні ў стане афекту, у выніку любоўнай тугі, але не з ідэалістычных памкненняў, а праз тое, што я змагаўся супраць цалкам рэальных з’яў.
Ці нельга растлумачыць гэта больш падрабязна?
— He,— адказаў Шрэла,— ты б усё адно нічога не зразумеў і ўспрыняў бы гэта як камплімент. Я пагражаў аднаму галандскаму палітыку, які абвясціў, што трэба павынішчыць усіх немцаў; гэта быў дужа папулярны палітык; потым, калі немцы акупавалі Галандыю, яны вызвалілі мяне, мяркуючы, што я нейкім чынам пакутаваў за нямецкую справу; але пасля яны знайшлі маё імя ў спісе шуканых асоб, і мне давялося ўцякаць ад іх любові ў Англію; там я пагражаў пэўнаму англійскаму палітыку, які сказаў, што трэба павынішчыць ўсіх немцаў, уратаваўшы адно створаныя імі шэдэўры мастацтва; гэта быў надта папулярны палітык; але неўзабаве я атрымаў ад іх амністыю, бо яны меркавалі, што трэба шанаваць мае пачуцці — пачуцці, якіх у мяне зусім не
было, калі я пагражаў гэтаму палітыку; гэтак вось людзей спачатку памылкова кідаюць у астрог, а пасля гэтаксама памылкова адпускаюць на волю.
Нэтлінгер засмяяўся:
— Калі ты ўжо збіраеш карціны, я магу дазволіць дадаць да тваёй калекцыі яшчэ адну. Як табе, напрыклад, падабаецца гэткая карціна: непрыміральная палітычная варожасць паміж двума школьнымі таварышамі; праследаванні, допыты, уцёкі, смяртэльная нянавісць — але праз дваццаць два гады той самы праследавальнік, гэты жахлівы тып, вызваляе з турмы ўцекача, які акурат вяртаецца дадому? Ці гэта не карціна, вартая таго, каб папоўніць тваю калекцыю?
— Гэта не карціна,— адказаў Шрэла,— а толькі гісторыя, у якой ёсць адна хіба: яна, апроч усяго, яшчэ і праўдзівая; але калі я перакладу гэтую гісторыю на вобразна-абстрактную мову і адпаведна яе табе растлумачу — дык яна не будзе надта пахвальнаю для цябе.
— Гэта напраўду дзіўна,— сказаў няголасна Нэтлінгер і выцягнуў цыгару з рота,— калі я тут прашу зразумець мяне; але павер мне, калі я ўбачыў тваё прозвішча ў спісе шуканых асоб, прачытаў рапарт і даведаўся, што яны сапраўды затрымалі цябе на мяжы,— я без усялякіх ваганняў пачаў рабіць усе захады, каб цябе вызваліць.
— Мне было б вельмі шкада,— сказаў Шрэла,— калі б ты падумаў, што я сумняваюся ў шчырасці тваіх матываў і пачуццяў. Нават тваё раскаянне не будзіць ува мне сумненняў, але ў кожнай карціне — а ты ж прасіў мяне ўзяць тую гісторыю як карціну ў маю калекцыю,— у кожнай карціне ёсць пэўная абстракцыя, а менавіта — роля, якую ты выконваў тады і надалей выконваеш сёння; ролі, даруй мне, усё тыя ж самыя; бо тады, каб абясшкодзіць мяне, трэба было пасадзіць мяне за краты, а сёння, каб зрабіць мяне бясшкодным, трэба выпусціць мяне з турмы; баюся, што Роберту, які мае куды болей абстрактнае мысленне, чым я, якраз з тае прычыны не карціць сустракацца з табою. Я спадзяюся, ты мяне разумееш: і тады таксама я ані не сумняваўся ў шчырасці
тваіх матываў і пачуццяў, ты мяне не можаш зразумець і нават не спрабуй рабіць гэтага, бо ты выконваў свае ролі несвядома,— іначай ты быў бы цынік альбо злачынец; але ж ты не зрабіўся ні тым, ні другім.
— Цяпер я напраўду не ведаю, камплімент гэта ці нешта зусім адваротнае.
— I аднаго, і другога патроху.
— Магчыма, табе невядома, што я зрабіў для тваёй сястры?
— Ты абараняў Эдыт?
— Ага. Вакера хацеў арыштаваць яе і кожны раз заносіў яе імя ў спісы, а я штораз выкрэсліваў.
— Вашыя дабрадзействы,— ціха прамовіў Шрэла,— яшчэ ці не страшнейшыя за вашыя злачынствы.
— А вы яшчэ больш бязлітасныя за самога Госпада Бога, які даруе грахі тым, хто пакаяўся.
— Мы — гэта не Госпад Бог і не прыпісваем сабе ні ягонай усяведнасці, ні ягонай літасцівасці.
Нэтлінгер адхінуўся, страсянуўшы галавою; Шрэла выцягнуў з кішэні цыгарэту, засунуў яе ў рот і зноў спалохаўся, калі Нэтлінгер нечакана пыхнуў запальнічкай у яго пад носам; чысты, светла-блакітны дым мала што не апаліў яму павекі. « А твая цяперашняя ветлівасць,— думаў ён,— горшая за тваю тагачасную няветлівасць. Твая апантанасць засталася такою, як і была: гэтаксама як ты тады шпурляў мне мячык у твар, цяпер ты назойліва даеш мне прыпаліць».
— Калі я змагу знайсці Робер