Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
а? — спытаў ён.
— Відаць, не раней як у панядзелак; я так і не здолеў высветліць, куды ён з’ехаў на выхадныя; няма таксама ні яго бацькі, ні дачкі; можа, заспееш яго дома сёння ўвечары альбо заўтра а палове дзесятай у гатэлі «Прынц Генрых»; ён ад паловы дзесятай да адзінаццатай гуляе там у більярд. Спадзяюся, у турме з табой не абыходзіліся груба?
— He,— адказаў Шрэла,— усё было прыстойна.
— Калі табе спатрэбяцца грошы, скажы мне. 3 тымі, што ў цябе ёсць, не надта разгонішся.
— Мяркую, што да панядзелка хопіць, а пасля грошы ў мяне будуць.
Чым бліжэй яны пад’язджалі да вакзала, тым даўжэйшы і шырэйшы рабіўся ланцуг машын. Шрэла паспрабаваў быў адчыніць акно, але не разабраўся з ручкамі; Нэтлінгер перахіліўся цераз яго і апусціў шыбіну.
— Баюся,— сказаў ён,— што на вуліцы паветра не лепшае ад таго, што тут, у машыне.
— Дзякуй,— сказаў Шрэла.
Ен паглядзеў на Нэтлінгера, пералажыў цыгарэту з правай рукі ў левую.
— Слухай,— сказаў ён пасля,— той мячык, які тады забіў Роберт... ці знайшоўся ён? Памятаеш?
— Натуральна, памятаю,— адказаў Нэтлінгер,— я добра памятаю, бо потым столькі пра гэта гаварылася: яны так ніколі і не знайшлі мячыка; шукалі яго таго вечара аж да цемнаты, шукалі нават і назаўтра, хоць гэта была нядзеля; той мячык не даваў ім спакою; сёй-той пачаў пазней казаць, што гэта была ўсяго толькі Робертава штучка: ён, маўляў зусім не ўдарыў па мячыку, а толькі імітаваў гук удару, a мячык схаваў.
— Але ж яны ўсе бачылі мячык — як ён ляцеў. Хіба не?
— Вядома, ніхто той пагалосцы не паверыў; іншыя казалі, што мячык заляцеў у двор піваварні і трапіў на павозку; мажліва, ты памятаеш, што неўзабаве адтуль выехала павозка.
— Гэта было раней, задоўга перад тым, як Роберт ударыў,— сказаў Шрэла.
— Здаецца мне, што ты памыляешся...
— He, не,— настойваў на еваім Шрэла,— я ж стаяў там, чакаючы, і ўважліва глядзеў; павозка выехала, перш чым Роберт ударыў.
— Ну, хай сабе,— сказаў Нэтлінгер,— так ці іначай, a мячыка знайсці не змаглі. А вось і вакзал... ты і праўда не хочаш, каб я табе чым-небудзь дапамог?
— He, дзякуй, мне нічога не трэба.
— Ну, хоць папалуднаваць разам... магу цябе запрасіць? — Добра,— адказаў Шрэла,— пойдзем палуднаваць.
Шафёр, адчыніўшы, прытрымаў дзверку машыны; Шрэла вылез першы і, засунуўшы рукі ў кішэні, чакаў Нэтлінгера, які, узяўшы з сядзення сваю папку, зашпіліў плашч і сказаў шафёру:
— Калі ласка, прыедзьце па мяне каля паловы шостай да гатэля «Прынц Генрых».
Шафёр прыклаў руку да шапкі, потым залез назад у машыну, сеў за руль.
Шрэлавы акуляры, адвіслыя плечы, рот з дзіўнаватай усмешкаю, бялявыя валасы — без прабору, а толькі з лёгкім пробліскам сівізны, усё яшчэ зачасаныя назад; жэст рукі, якім ён абцёр пот і схаваў насоўку ў кішэнь,— здавалася, што ён зусім не памяняўся, толькі зрабіўся на некалькі год старэйшы.
— Навошта ты вярнуўся? — ціха спытаўся Нэтлінгер.
Шрэла паглядзеў на яго, прыжмурваючыся — як гэта ён заўсёды рабіў,— і, закусіўшы ніжнюю губу (у правай руцэ цыгарэта, у левай — капялюш), доўга глядзеў на Нэтлінгера і чакаў, усё яшчэ дарэмна чакаў таго, па чым сумаваў ужо больш як дваццаць гадоў,— нянавісці, звычайнай нянавісці, якой ён заўсёды прагнуў: каб можна было даць каму-небудзь па мордзе альбо кухталя пад зад і крыкнуць: «Свіння! Паскудная свіння!» Ен заўсёды зайздросціў людзям, здольным да гэткіх простых пачуццяў, але ён не мог зараз стукнуць у гэты круглы, са збянтэжанай усмешкаю твар, не мог даць кухталя пад гэты зад; на школьнай лесвіцы Нэтлінгер падставіў яму падножку, і ён грымнуўся вобзем, дужка акуляраў улезла яму ў мочку вуха; па дарозе дадому яго пераймалі, зацягвалі ў пад’езды дамоў і збівалі; білі пугаю з калючага дроту, Нэтлінгер біў яго і Роберта; вёў допыты; ён быў вінаваты, што загінуў Фэрдзі, але пашкадаваў Эдыт і даў уцячы Роберту.
Шрэла перавёў позірк з Нэтлінгера на прывакзальны пляц, дзе было надзвычай тлумна; сонечны выхадны, таксі,
што чакаюць кліентаў, марожаншчыкі; гатэльныя служкі ў фіялетавых ліўрэях валачылі ўслед за гасцямі валізы; шэры велічны фасад Святога Севярына, гатэль «Прынц Генрых», кавярня Кронэра; ён спалохаўся, калі Нэтлінгер раптоўна сарваўся з месца, кінуўся ў натоўп, махаючы рукамі і крычучы: «Алё, фройляйн Рут!..»; праз хвілю ён вярнуўся, пахітваючы галавою.
— Ці бачыў ты дзяўчыну,— спытаўся ён,— тую, у зялёнай шапачцы і ружовым швэдары? Вельмі гожая, проста загледзішся — Робертава дачка. Я так яе і не дагнаў; яна магла падказаць нам, дзе яго знайсці. Шкада... Ты не бачыў яе?
— He,— ціха адказаў Шрэла,— дачка Эдыт...
— Вядома ж,— сказаў Нэтлінгер,— твая пляменніца. Ах, д’ябал... Ну, хадзем — з’ямо чаго-небудзь.
Ен перайшоў цераз вакзальную плошчу, перасек вуліцу; Шрэла ішоў следам за ім да гатэля «Прынц Генрых»; служка ў фіялетавай ліўрэі адчыніў перад імі дзверы, якія крутануліся, прапусціўшы іх, і неўзабаве сталі на месца, у абабітыя лямцам пазы.
— Столік ля акна? — спытаў Ехэн.— Калі ласка. He занадта сонечна? Значыць, на ўсходнім баку. Гуга, прасачы, каб панам быў столік каля акна з усходняга боку. Няма за што Грошы на чай мы заўсёды бярэм ахвотна. Марка — гэта сумленная круглая манетка, а грошы «на чай» — гэта душа прафесіі; а я ўсё-ткі перамог, мой даражэнькі: ты яго так і не змог убачыць... Што Вас цікавіць, ці пан доктар Фэмель па нядзелях таксама гуляе тут у більярд? Шрэла? Мілы Божа! Тут можна нават і не заглядаць у чырвоную картку.
— Божа мой! Дазвольце старому чалавеку ў гэтую ціхую часіну сказаць колькі слоў не па службе, пане Шрэла! Я ж добра ведаў Вашага бацьку, добра, бо ён адзін год нават працаваў у нас — гэта было ў той год, калі праводзілася агульнанямецкае фізкультурна-спартыўнае свята. Вы нават памятаеце? Ну, вядома; Вам было тады ўжо, мусіць, дзееяць ці
адзінаццаць; вось мая далонь, мне будзе дужа прыемна, калі Вы паціснеце яе; божа мой, даруйце мне за гэтыя мае пачуцці, што, так бы мовіць, не ўваходзяць у мае службовыя абавязкі; я досыць стары, каб дазволіць сабе рабіць гэта; Ваш бацька быў сур’ёзны чалавек — і поўны годнасці! Божа мой, ён не цярпеў нахабства, але з тымі, хто не быў нахабны, ён паводзіў сябе як божае ягнятка; я не адзін раз прыгадваў сабе Вашага бацьку... даруйце, калі я развярэдзіў Вашыя старыя раны, крый божа... я зусім забыўся; дзякуй богу, што гэтыя свінні больш не маюць слова; але будзьце асцярожныя, пане Шрэла; раз-пораз мне здаецца, што яны ўсё-такі перамаглі. Будзьце асцярожныя. Надта не верце гэтаму міру — і даруйце старому чалавеку за пару неслужбовых пачуццяў і заўваг. Гуга, самы лепшы столік з усходняга боку для гэтых паноў, самы лепшы. He, пане Шрэла, па нядзелях пан доктар Фэмель гуляць у більярд не прыходзіць; не, па нядзелях не прыходзіць; ён будзе рады; вы ж былі ў маладосці сябрамі і аднадумцамі, праўда? He думайце, што ва ўсіх людзей кароткая памяць. Калі пан Фэмель выпадкова зазірне сюды, я адпраўлю Вам чалавека, каб паведаміў, тэлеграму... пазваню, калі хочаце. Мы ж гатовыя зрабіць любую паслугу нашым кліентам.
Выраз Гугавага твару застаўся нязменны. Гасцей пазнаюць толькі, калі яны самі таго жадаюць; гэты во тып роў у більярднай зале? Захаванне тайнаў; пуга з калючага дроту? Недарэчнай фамільярнасці і непатрэбных высноў трэба пазбягаць; захаванне тайнаў — гэта штандар прафесіі. Меню? Калі ласка, панове. Ці даспадобы шаноўным панам гэты столік? Усходні бок, каля акна, не задужа сонечна... Акно выходзіць на ўсходні неф Святога Севярына; даўні раманскі стыль, адзінаццатае альбо дванаццатае стагоддзе; дойлід — герцаг Святы Генрых, празваны Шалёным. Вядома, шаноўны пане, гарачыя стравы ў нас цэлы дзень; усе стравы, што пазначаны ў меню, Вы зможаце замовіць ад дванаццатай
да дваццаць чацвёртай гадзіны. Што Вам параіць найлепш? Вы хочаце адзначыць сустрэчу... Трохі інтымная ўсмешка, што пасуе да пачутага інтымнага паведамлення; толькі не думаць: Шрэла, Нэтлінгер, Фэмель; ніякіх высноў; шнар на спіне?.. Але, кельнер зараз прыйдзе і возьме Ваш заказ.
— Ці вып’еш кілішак «марціні»? — спытаў Нэтлінгер. — Добра, калі ласка,— адказаў Шрэла.
Ен падаў служку сваё паліто, капялюш, паправіў рукою валасы і сеў да стала; у зале было няшмат гасцей; толькі ў далёкім куце чулася прыцішанае мармытанне; лёгкі смех дапаўняўся слабым пазвоньваннем кілішкаў; шампанскае.
Шрэла ўзяў з падноса, які перад ім трымаў кельнер, кілішак «марціні», вычакаў, пакуль Нэтлінгер возьме свой; падняў кілішак, кіўнуў Нэтлінгеру і выпіў; Нэтлінгер, здалося яму, неяк гвалтоўна састарэў; у Шрэлавай памяці ён быў па-ранейшаму поўным бляску бялявым хлопцам, грубаватая лінія рота якога выглядала нават неяк дабрадушна; ён лёгка скакаў на метр шэсцьдзесят сем увышыню, прабягаў сто метраў за 11,5; пераможны, грубаваты, дабрадушны, але, думаў Шрэла, відавочна, гэтыя людзі нават не навучыліся цешыцца са сваіх перамог; дрэннае выхаванне, дрэннае харчаванне і адсутнасць стылю; ён пэўна зашмат жарэ, ужо напалову аблысеў, у вільготных вачах старэчая сентыментальнасць. Па-фахоўску падцяўшы губы, Нэтлінгер схіліўся над меню, белы манжэт ссунуўся ўверх, на руцэ можна было ўбачыць залаты гадзіннік, на пальцы — заручальны пярсцёнак; Божа мой, думаў Шрэла, нават калі б ён нічога таго не рабіў, Роберт усё адно наўрад ці захацеў бы піць з ім піва альбо вазіць сваіх дзяцей на Нэтлінгераву прыгарадную вілу, каб пагуляць у бадмінтон і ўмацаваць сувязі паміж абедзвюма сем’ямі.
— Дазволь, я табе сёе-тое прапаную,— сказаў Нэтлінгер.
— Калі ласка,— адказаў Шрэла,— прапануй мне штонебудзь.
— Значыць,— пачаў Нэтлінгер,— на закуску можна было б узяць цудоўнага вэнджанага ласася, потым кураняты з
бульбай фры і салатай; мяркую, што дэсерт мы выберам пасля; ведаеш, тут я давяраюся свайму інстынкту, які мне падкажа, пакуль мы будзем есці закуску і другую страву, штб ўзяць — сыр, пірожнае, марожанае ці амлет, але наконт аднаго я загадзя ўпэўнены — піць буду каву.
Голас Нэтлінгера гучаў так, нібы ён браў удзел у курсах: «Як зрабіцца гурманам?»; ён яшчэ не хацеў перапыняць сваёй завучанай малітвы, веданнем якой ён вельмі ганарыўся, і мармытаў, звяртаючыся да Шрэлы:
— Entrecote a deux*, адвараная стронга, цялячыя медальёны.
Шрэла сачыў за Нэтлінгеравым