Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
расказаць? — спыталася Марыяна.
— Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажліва, гэта проста паскудны сон; мажліва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, і ніколі не здолею.
— Але быць архітэктарам ты ўжо не хочаш?
— Не,— адказаў ён.
— I з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты?
— Мажліва,— адказаў ён.
— Я заўсёды ненавідзела людзей, якія не ведаюць, што такое грошы,— сказала Марыяна,— якія з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напісана «СМЕРЦЬ», якія ні за што ні пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлі прайсціся і заслужылі адпачынак пасля працоўнага дня.
— У мяне была прычына імчацца проста на шчыты.
Ен ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спыніўся: машына стала пад разлапістымі галінамі хвоі.
— Навошта ты тут спыніўся? — спытала яна.
— Хадзем, пройдземся трошкі,— адказаў ён.
— Пазнавата ўжо,— запярэчыла яна,— твой дзядуля хутчэй за ўсё прыедзе цягніком а палове пятай, а ўжо дваццаць на пятую.
Езэф вылез з машыны, прайшоў некалькі крокаў угару і, прыклаўшы руку да лба, зірнуў у бок Дэнклінгена.
— Напраўду,— сказаў ён,— бачу, як цягнік выходзіць з Додрынгена; тая самая пыхкаўка, што і ў гады майго маленства: і прыбывае таксама, як і тады. Хадзем, чвэрць гадзіны яны, напэўна, пачакаюць.
Ен вярнуўся да машыны, дапамог Марыяне вылезці, пацягнуў яе за сабою ўгору — пясчанаю дарогай ; на палянцы яны селі; Езэф паказаў у бок раўніны, яго палец рухаўся разам з цягніком, які тым часам імчаў цераз бурачныя палеткі паміж іржышчаў і лугоў у напрамку Кіслінгена.
— Ты нават не можаш сабе ўявіць,— сказаў ён,— як добра я ведаю гэтыя вёскі; як часта мы прыязджалі менавіта гэтым цягніком; пасля таго як памерла мама, мы амаль увесь час жылі ў Штэлінгене альбо ў Гёрлінгене, а ў Кіслінгене я хадзіў у школу; вечарамі мы беглі да цягніка, на якім з горада прыязджаў дзядуля — бачыш, вунь з таго цягніка, што якраз цяпер выязджае з Дэнклінгена; дзіўна, але мне заўсёды здавалася, што мы бедныя; пакуль была жывая мама і з намі жыла бабуля, нам давалі есці менш, чым знаёмым дзецям, і мне ніколі не дазвалялі насіць добрага адзення, а толькі перашытае са старога — і мы мусілі быць свед-
камі таго, як яна налева і направа дарыла добрыя рэчы чужым людзям: хлеб, масла і мёд з кляштара і з маёнткаў; мы ж мусілі есці штучны мёд.
— I ў цябе не было нянавісці да яе, тваёй бабулі?
— He, і я сам не ведаю, чаму я не стаў ненавідзець яе за гэтыя бессэнсоўныя дзівацтвы; можа, таму, што дзядуля забіраў нас у свой кабінет і крадком даваў усялякія ласункі; а яшчэ ён нас вадзіў у кавярню Кронэра і напіхваў нас усім; ён заўсёды казаў: «Тое, што робяць вашыя мама і бабуля,—гэта вялікая, вельмі вялікая рэч... але я не ведаю, ці вы ўжо досыць вялікія для гэткай вялікасці».
— Ен сапраўды казаў гэта?
— Казаў,— рассмяяўся Езэф.— Калі мама памерла, a бабулю забралі, мы засталіся з дзядулем адны, і нам хапала ежы; апошнія гады вайны мы амаль заўсёды былі ў Штэлінгене; я чуў, як аднаго разу ўначы было падарвана абацтва; мы сядзелі ў кухні ў Штэлінгене, а суседзі-сяляне пракліналі нямецкага генерала, які даў загад падарваць; яны мармыталі самі сабе: «навошта-навошга-навошта? »Праз пару дзён да нас завітаў бацька; ён прыехаў у амерыканскай машыне, і яго суправаджаў амерыканскі афіцэр; яму дазволілі пабыць у нас тры гадзіны; ён прывёз з сабою шакалад, але мы баяліся гэтай ліпкай цёмна-карычневай рэчы, якой яшчэ ніколі ў жыцці не елі; мы пачалі есці яе толькі пасля таго, як фраў Клошграбэ, жонка кіраўніка маёнтка, адкусіла кавалачак; бацька прывёз фраў Клошграбэ каву, і яна сказала яму: «Не турбуйцеся, пане доктар; мы даглядаем Вашых дзяцей, як сваіх»,— і яшчэ яна сказала: «Хіба гэта не ганьба, што яны перад самым канцом падарвалі абацтва?»; а яе муж адказаў: «Напраўду, гэта ганьба, але, можа, на тое была Божая воля», а фраў Клошграбэ заўважыла: «Есць і такія, што выконваюць волю д’ябла»,— бацька засмяяўся, і амерыканскі афіцэр засмяяўся таксама; бацька быў з намі ласкавы, і, калі ён мусіў развітвацца з намі, я першы раз бачыў, як ён плача; я ніколі не думаў, што ён умее плакаць; ён заўсёды быў ціхманы і не выказваў ніякіх пачуццяў —
нават калі ён мусіў вяртацца з адпачынку і мы праводзілі яго на вакзал, ён ніколі не плакаў; усе плакалі: мама, бабуля, дзядуля і мы, а ён — не. Вунь,— сказаў ён, паказваючы на дым ад паравоза, што вісеў у паветры, нібы сцяг,— яны толькі што прыбылі ў Кіслінген.
— Зараз дзядуля пойдзе ў кляштар і даведаецца пра тое, што ты яму павінен быў бы сказаць сам.
Я сцёр напісаныя крэйдаю літары паміж нагою святога Іаана і нагою святога Пятра, маленькі «ікс» у падвале прытулку пілігрымаў; ён іх ніколі не знойдзе, не ўбачыць і нічога не даведаецца ад мяне.
— Тры дні,— сказаў ён,— фронт праходзіў паміж Дэнклінгенам і горадам, і мы з фраў Клошграбэ вечарамі маліліся за дзядулю; потым ён прыехаў увечары з горада, быў бледны і сумны — такі, якім я яго ніколі да тае пары не бачыў; ён хадзіў разам з намі паміж руінаў абацтва, мармычучы ўвесь час тое, што мармыталі сяляне, што бабуля ўвесь час мармытала ў бамбасховішчы: «Навошта-навошта, навошта?»
— Напэўна, ён быў шчаслівы ад таго, што ты дапамагаеш пры адбудове абацтва?
— Што ж,— сказаў Езэф,— але цяпер я мушу пазбавіць яго гэтага шчасця; не пытайся — чаму, але мушу.
Ен пацалаваў Марыяну, зачасаў ёй валасы за вуха і, растапырыўшы пальцы, пачаў вычэсваць з іх хваёвую ігліцу і пясчынкі.
— Бацька хутка вярнуўся з палону і забраў нас у горад, хоць дзядуля быў супраць гэтага і казаў, што для нас было б лепей, каб мы гадаваліся не сярод адных руін; але бацька сказаў: «Я не магу жыць на сяле і хачу, каб дзеці былі са мною, бо іх жа зусім не ведаю». Мы яго таксама не ведалі і спачатку пабойваліся, дый адчувалі, што і дзядуля яго таксама пабойваўся. У той час мы ўсе жылі ў бацькавым кабінеце, бо наш дом быў непрыдатны, каб у ім жыць; а на сцяне
ў кабінеце вісеў вялізны план горада; усё, што разбурана, было заштрыхавана чорным; робячы ўрокі за дзядулевым рысавальным сталом, мы часта прыслухоўваліся да размоў бацькі і дзядулі, іншых людзей — як яны збіраліся разам каля карты. Часта ўсе голасна спрачаліся, бо мой бацька заўсёды казаў: «Усё гэта — прэч... узарваць!» і пісаў «ікс» каля чарговай чорнай плямы, а іншыя ўсё гаварылі: «Напрамілы божа, мы ж не можам гэтага рабіць»; тады бацька казаў: «Зрабіце гэта раней, чым людзі вернуцца ў горад... Цяпер ніхто тут не жыве, і вам няма чаго лішне забіваць сабе галаву: змяціце ўсё гэта з паверхні зямлі...» А яны зноў: «Гэта ж рэшткі аконнага проймішча з шаснаццатага стагоддзя, а там вунь частка капліцы з дванаццатага»; бацька кідаў грыфель і казаў: «Добра, рабіце як хочаце, але, паверце, вы яшчэ пашкадуеце... рабіце як хочаце, толькі без мяне». А яны казалі: «Ну што Вы, шаноўны пане доктар, Вы ж у нас самы лепшы спецыяліст па выбухах, Вы не можаце адмовіцца дапамагчы нам»; на што бацька адказваў: «Але ж адмоўлюся, калі мне давядзецца азірацца на кожную курасадню часоў Рыма; для мяне сцены — гэта ўсяго толькі сцены, і паверце мне, што сярод іх бываюць толькі дрэнныя і добрыя; да д’ябла гэтую дрэнь! Падарвіце ўсё і ўбачыце, колькі будзе вольнага месца». Калі яны пайшлі, дзядуля, пасмейваючыся, сказаў: «Божа мой, ты ж павінен зразумець іх пачуцці», а бацька таксама засмяяўся: «Я разумею іх пачуцці, але не паважаю»; а пасля ён сказаў нам: «Хадзем, дзеці, купім шакаладу». I ён выправіўся з намі на чорны кірмаш, купіў сабе цыгарэт, а нам — шакаладу, і мы праціскаліся з ім у цёмныя, напалову разбураныя пад’езды дамоў, падымаліся па сходах, бо яму хацелася яшчэ купіць цыгарэт дзядулю; ён заўсёды купляў і ніколі нічога не прадаваў; калі мы атрымлівалі хлеб альбо масла з Штэлінгена ці з Гёрлінгена, ён прымушаў нас забіраць ягоную частку ў школу, і мы маглі самі вызначаць, каму ахвяраваць яе; і аднаго разу мы купілі на чорным кірмашы масла, якое перад гэтым падарылі; у скрутку была яшчэ цыдулка, напісаная фраў Клош-
грабэ: «На гэтым тыдні, на жаль, толькі адзін кілаграм». Але бацька адно смяяўся і казаў: «Ну, што ж, людзям таксама патрэбны грошы на цыгарэты». Неяк да нас ізноў прыйшоў бургамістр, і бацька паведаміў яму: «У руінах кляштара францысканцаў я знайшоў бруд з-пад пазногцяў, што паходзіць з чатырнаццатага стагоддзя; не смейцеся; гэта даведзена: чатырнаццатае стагоддзе, бо ён перамяшаны з валаскамі ваўнянага прадзіва, якое, як дакладна вядома, выраблялася ў нашым горадзе толькі ў чатырнаццатым стагоддзі; гэта надзвычай рэдкае адкрыццё ў галіне гісторыі культуры, пане бургамістр»; той адказаў: «Гэта ўжо занадта, пане Фэмель», а бацька запэўніў яго: «О, будзе яшчэ больш занадта, пане бургамістр». Рут засмяялася: яна якраз сядзела побач і пісала, робячы кляксы, хатняе заданне ў сшытак па арыфметыцы; яна гучна засмяялася, а ён падышоў к дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і сказаў: «Твая праўда; гэта ўсё смеху варта, маё дзіця»; мне зрабілася зайздросна, бо мяне бацька ў лоб яшчэ ніколі не цалаваў; мы любілі яго, Марыяна, але ўсё яшчэ крыху пабойваліся, калі, стоячы перад планам горада з крэйдай у руцэ, ён паўтараў: «усё — прэч... узарваць...» Бацька быў вельмі патрабавальны што да маёй вучобы; ён заўсёды казаў мне: «Есць толькі дзве мажлівасці: альбо не ведаць нічога, альбо ведаць усё; твая маці не ведала нічога; здаецца, што яна не скончыла нават пачатковай школы, а ўсё ж я не ажаніўся б з ніякай іншай жанчынаю; таму — вырашай». Мы любілі яго, Марыяна, і калі я цяпер думаю, што яму тады было толькі крыху больш за трыццаць, дык не магу ў гэта паверыць, бо ён заўжды здаваўся мне нашмат старэйшым, хоць з выгляду гэткі ён не быў; часам ён бываў нават вясёлы, цяпер такога з ім не здараецца; калі мы раніцай вылазілі са сваіх ложкаў, ён ужо стаяў каля акна, голячыся, і крычаў нам: «Вайне — канец, дзеці», хоць вайна скончылася ўжо чатыры ці пяць год перад тым.
— Нам трэба ўжо ісці,— сказала Марыяна,— нельга, каб яны так доўга чакалі нас.
— Хай сабе крыху пачакаюць,— адказаў ён.— Мне
яшчэ трэба даведацца, што яны зрабілі з табою, авечка. Я ж пра цябе амаль нічога не ведаю.
— Авечка...— сказала яна,— ск