Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
брыў, падняўся і павольна рушыў назад; зноў пралез паміж словам «смерць» і скрыжаванымі косткамі, кіўнуў патрывожанаму вартаўніку, яшчэ раз азірнуўся на кавярню «Бэльвю», пайшоў па чыстым пустым аўтабане проста да гарызонту, дзе ў сонечным ззянні паблісквала бурачнае лісце; дзесьці гэтая вуліца павінна была скрыжавацца з лініяй шаснаццатага трамвая. Перасадка да вакзала, сорак пяць пфенігаў; яму захацелася ў гатэльны пакой; ён любіў выпадковасць гэтага жытла, ананімнасць гэтых убогіх пакояў, якія можна было мяняць паміж сабой; ільдзяныя кветкі ўспамінаў не раставалі ў гэтых пакоях; без грамадзянства, без радзімы; раніцой стандартны гатэльны сняданак з рук заспанага кельнера, у якога не зусім чыстыя манжэты, у якога перад кашулі не накрухмалены так, як гэта натхнёна рабіла маці; калі кельнеру за шэсцьдзесят, можна рызыкнуць спытацца ў яго: «Ці Вы не ведалі кельнера з прозвішчам Шрэла?»
Далей наперад, чыстым, пустым аўтабанам, да неба з блішчастага бурачнага лісця, маючы ўсяго багажу што рукі ў кішэнях; ён кінуў на дарогу некалькі дробных манет — як кажуць, для Гензэля і Грэтэль. Паштоўкі былі яго адзінай больш-менш трывалай сувяззю з жыццём, якое доўжылася пасля смерці Эдыт, бацькі, Фэрдзі. «У мяне ўсё як мае быць, дарагі Роберт; спадзяюся, што і ў цябе таксама; пераказвай прывітанне маёй незнаёмай мне пляменніцы, майму пляменніку і твайму бацьку»; дваццаць пяць словаў, зашмат словаў; закрэсліць той тэкст: «У мяне ўсё добра, спадзяюся — і ў цябе; прывітанне Рут, Ёзэфу, твайму бацьку»; трынаццаць словаў; удвая меншай іх колькасцю можна было выказаць тое самае; навошта да іх прыязджаць, паціскаць рукі, цэлы тыдзень не спрагаць «я вяжу, ты вяжаш... яна вязала», пераканацца, што Нэтлінгер такі, як і быў, што Груфэльштасэ такая, як і была, што няма толькі рук фраў Трышлер?
Неба з бурачнага лісця, нібы ў зялёна-срэбных пёрках; унізе, пагойдваючыся ў абодва бакі, прайшоў шаснаццаты. Сорак пяць пфенігаў; усё падаражэла. Відавочна, Нэтлінгер яшчэ не скончыў тлумачыць значэнне слова «дэмакратыя»; святло надвячорка; ягоны голас памякчэў; дачка прынесла з гасцёўні коўдру — югаслаўскую, дацкую ці фінскую? Ва ўсякім разе, цудоўныя колеры; яна накінула коўдру яму на плечы, укленчыла, каб засяроджана слухаць далей; маці тым часам — «...застаньцеся на дварэ, дзеці, такі гожы надвячорак, усё так файна!» — гатавала на кухні смачныя, вострыя бутэрброды і розныя салаты.
Вобраз Нэтлінгера ў ягоным уяўленні быў больш выразны, чым той Нэтлінгер, з якім ён сёння сустрэўся — калі ён запіхваў сабе ў рот кавалкі паляндвіцы, запіваючы яе цудоўным, самым цудоўным, найцудоўнейшым віном, задумаўшыся, чым гэта сама лепш укаранаваць свой абед — сырам, марожаным, пірожаным ці амлетам? «Адно, шаноўныя спадары,— сказаў былы радца пасольства на заканчэнне курсу ♦ Як зрабіцца гурманам»,— адно толькі вы павінны да таго,
чаму тут навучыліся, дадаць самі — трошкі, зусім трошкі арыгінальнасці».
У Англіі ён пісаў на дошцы: «Ен павінен быў быць забіты»; пятнаццаць год запар ён граў на ксілафоне нямецкай мовы: «Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt, ich hatte gelebt, ich werde leben»*. Ці буду я жыць? Ен ніколі не мог уцяміць, што ёсць людзі, якія нудзяцца ад граматыкі. «Яго забіваюць, яго забівалі, яго забілі, яго заб’юць — хто яго заб’е?» «Помста — мая»,— сказаў Госпад.
— Канцавы прыпынак, шаноўны пане. Галоўны вакзал.
Тлум на вакзале не паменеў: хто тут быў прыехаўшы, хто ад’язджаў? Чаму яны ўсе не засталіся дома? Калі адыходзіць цягнік на Астэндэ? А можа, лепш — у Італію, Францыю, бо там таксама хто-небудзь прагне вучыць». «Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt». ... яго заб’юць, хто яго заб’е?-
— Пакой у гатэлі? Якой катэгорыі? Танны?
Прыязнасць маладой дамы, якая праводзіла сваім прыгожым пальчыкам па спісе, выразна аслабла; відавочна, у гэтай краіне лічылася за грэх пытацца пра кошт чаго-небудзь. Заўс'ёды браць тое, што каштуе сама дорага; самае дарагое — яно і самае таннае; памыляемся, ладны дзіцёнак, таннае — яно і таннейшае, напраўду; перасунь свой пальчык у самы ніз спісу. Пансіянат «Мадэрн». Сем марак. Без снедання. He, дзякуй; я ведаю, як прайсці да Модэстгасэ, сапраўды ведаю; нумар шаснаццаць — гэта каля самай брамы.
Звярнуўшы за рог вуліцы, ён амаль не ўпёрся носам у падвешанага дзіка і аж адхіснуўся ад цёмна-шэрай жывёліны; ледзь не праскочыў паўз Робертаў дом; тут успаміны яму не пагражалі: ён быў у гэтым доме ўсяго адзін раз; Модэстгасэ, дом нумар восем; ён спыніўся перад блішчастай
* Розныя граматычныя формы часу ад нямецкага дзеяслова ♦ leben » — «жыць».
масянжовай шыльдачкай, прачытаў: «Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлікаў; пасля абеду зачынена»; націснуўшы на гузік званка, ён пачаў дрыжаць усім целам: тое, чаго ён не бачыў на свае вочы, дзе не было знаёмага яму рэквізіту, прабірала яго мацней; за гэтымі дзвярыма памерла Эдыт, у гэтым доме нарадзіліся яе дзеці, тут жыў Роберт; ужо гучанне самога званка падказала яму, што зараз ніхто не адчыніць; прыдзверны званок зліўся з тэлефонным; служка з гатэля «Прынц Генрых» трымаў сваё слова; я дам яму добра на чай, калі, мы будзем там гуляць на більярдзе.
Усяго праз чатыры дамы — пансіянат «Мадэрн». Нарэшце дома; добра, што ў маленькім калідорчыку не чуваць было пахаў ад кухні. Свежая пасцельная бялізна пад стамлёную галаву. «Дзякуй, я ўжо неяк разбяруся сам».— «На трэцім паверсе трэція дзверы налева; на сходах будзьце асцярожныя, шаноўны пане, прэнты, што трымаюць ходнік, сям-там паадставалі; бываюць госці, якія знішчаюць усё, што ім патрапіцца; будзіць Вас трэба? I яшчэ адна драбніца; калі можна, заплаціце наперад; ці, можа, прыбудзе багаж? He? Значыць, восем марак, пяць пфенігаў, калі ласка, разам з абслугоўваннем; на жаль, я мушу прымаць гэтыя меры перасцярогі, шаноўны пане, вы не можаце сабе ўявіць, колькі на свеце ёсць нягоднікаў; а потым мусіш ставіцца з недаверам да прыстойных людзей, так ужо бывае: сёй-той прымудраецца нават абкручвацца прасцінаю, а некаторыя робяць з навалочак насоўкі; каб Вы ведалі, чаго мы тут толькі не бачым; квітанцыя Вам не трэба? Тым лепей, падаткі і так абдзіраюць нас дагала. Вы, напэўна, чакаеце некага... Вашу жонку, праўда? He турбуйцеся, я пакажу ёй, як прайсці да Вас наверх».
10
Ен баяўся дарма: успаміны не перайшлі ў пачуцці, засталіся формуламі, не расплыліся ў даброці альбо ў смутку, і ад іх не зашчымела сэрца; сэрца ў тым удзелу не брала: ён стаяў там, у вечаровым сутонні, паміж домам паломнікаў
і самім кляштарам, дзе цяпер ляжыць штабель фіялетавых, моцна-моцна абпаленых цаглін; побач — генерал Ота Кёстэрс, увесь слабы розум якога выліўся ў адну-адзіную формулу: «сектар абстрэлу»; гаўптман Фэмель, обер-лейтэнант Шрыт і два фэнрыхі, Кандэрс і Гохбрэт; з надзвычай сур’ёзнымі тварамі яны пераконвалі генерала з мянушкай Сектар Абстрэлу, што трэба быць паслядоўнымі нават у дачыненні да самых што ні ёсць архітэктурна-каштоўных будынкаў; іншыя афіцэры пратэставалі: забойцы, праліваючы слёзы, баранілі помнікі культуры, якія, маўляў, можна было ўратаваць; нехта гаварыў пагрозлівае слова «дзяржаўная здрада»; але ніхто не ўмеў аргументаваць гэтак рэзка, гэтак вынаходліва і лагічна, як Шрыт, які пранікнёна даводзіў поўнаму ваганняў генералу, што аб’ект падрываць неабходна: «Трэба хоць бы паказаць, што мы яшчэ верым у перамогу, пан генерал; гэтая балесная ахвяра пераканае насельніцтва і салдат, што мы яшчэ верым у перамогу...» — і тут прагучала славутая генералава фраза: «Я прыняў рашэнне: падрывайце, панове. Калі гаворка ідзе пра перамогу, мы не маем права шкадаваць нават нашых культурных святыняў; да справы, панове».
Рукі каля брылёў фуражак, лясканне абцасаў.
Ці яму сапраўды некалі было дваццаць дзевяць, ці быў ён гаўптманам і стаяў з генералам Сектар Абстрэлу на тым самым месцы, дзе цяпер стаіць абат і з усмешкаю вітае ягонага бацьку:
— Мы вельмі рады, пане тайны радца, што Вы зноў зрабілі нам гонар сваім візітам; я дужа ўсцешаны, што магу пазнаёміцца з Вашым сынам; Ёзэф нам ужо амаль як найлепшы прыяцель, праўда, Езэф? Лёс нашага абацтва цесна звязаны з лёсам сям’і Фэмеляў... а што да Езэфа — дазвольце мне тут сказаць пра зусім прыватнае — яго менавіта тут дагнала Амурава страла; паглядзіце, пане доктар, сёння маладыя людзі нават не чырванеюць, калі пры іх гавораць пра такія рэчы; фройляйн Рут і фройляйн Марыяна, на жаль, я не магу зрабіць, каб Вы ўзялі ўдзел у агляданні кляштара.
Дзяўчаты пачалі хіхікаць; хіба ж маці, Езэфіна, а нават і Эдыт таксама не хіхікалі тут, калі іх не дапускалі да мужчынскага хаўрусу? У сямейным фотаальбоме было б досыць памяняць толькі твары і фасоны адзення.
— Ага, клаўзуры ўжо заселеныя,— сказаў абат,— a вось — нашае ўлюбёнае дзіцё, бібліятэка... а вунь там, за паваротам ізалятар для хворых, на шчасце, у ім пакуль што нікога няма...
Ніколі не хадзіў ён тут з крэйдаю ў руцэ, ніколі не крэсліў на гэтых мурах таемныя спалучэнні літар «X», «Y», «Z» — код знішчэння, якія ўмелі расшыфраваць толькі Шрыт, Гохбрэт і Кандрэс; пах раствору, пах свежай фарбы, свежагабляванага дрэва.
— Напраўду, гэтыя фрэскі ўдалося захаваць дзякуючы ўважлівасці Вашага ўнука, а Вашага сына; ён уратаваў выяву «Таемнай вячэры» тут, у рэфекторыі; канешне, мы ведаем, што гэтая карціна не належыць да культурна-гістарычных помнікаў — даруйце мне гэтую заўвагу, пане тайны радца,— але творы нават гэтай школы жывапісу пачынаюць ужо цяпер рабіцца рэдкасцю, а мы заўсёды адчувалі свой абавязак падтрымліваць традыцыі; мушу прызнацца, што мяне і сёння захапляе тое, што ў гэтых творах так дакладна выпісаныя дэталі: зірніце вось сюды, з якой любоўю і рупнасцю намаляваныя тут ногі святога Іаана і святога Пятра, ногі чалавека пажылога і маладога чалавека; дакладнасць у дэталях.
He, тут ніхто ніколі не спяваў «Дрыжаць спарахнелыя косці»; тут не адзначалася свята сонцавароту; гэта ўсё — толькі сон. Вытанчана-элегантны, крыху болып за сорак, сын вытанчана-элегантнага бацькі, бацькі поўнага свежасці, надзвычай інтэлігентнага сына, які, усміхаючыся, ходзіць цяпер разам з ім па абацтве, хоць, здаецца, яму надта сумна ад усёй гэтай імпрэзы; кожны раз, калі бацька паварочваўся да Езэфа, ён бачыў адно прыязную, крыху стомленую ўсмешку на сынавым твары.
— Як Вам вядома, не былі пашк