Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
ну? — спытаў карчмар
з-за прылаўка, выціраючы піўную пену на нікеляванай падстаўцы; пасля ён выцягнуў з вітрыны-халадзільніка дзве талеркі — тэфтэлі з гарчыцаю — і аднёс іх маладзенькай парачцы, што сядзела ў куце, размораная і распараная вулічнай спёкай.
— Прашу, калі ласка,— адказаў Роберт,— яшчэ адзін кухаль.
Ен адсунуў фіранку і ўбачыў, што бацька павярнуў направа, абмінуў могілкавую браму, перайшоў вуліцу, спыніўся каля садочка начальніка станцыі, пачаў разглядаць фіялетавыя астры, якія толькі што пачыналі цвісці; ён, відавочна, адцягваў час.
— He,— сказаў Роберт карчмару за прылаўкам.— Калі ласка, два піва і дзесяць цыгарэт «Вірджынія».
За сталом, занятым цяпер маладзенькай парачкай, тады сядзеў амерыканскі афіцэр, малады чалавек, які, дзякуючы сваім бялявым каротка пастрыжаным валасам, здаваўся яшчэ маладзейшы; яго блакітныя вочы прамяніліся верай, верай У будучыню, у якой усё будзе зразумелым; гэтая будучыня ляжала перад ім, нібы карта, падзеленая на квадраты; заставалася толькі высветліць маштаб гэтай карты: 1:1 ці 1 : 3 000 000? На століку, побач з тонкім алоўкам, які афіцэр раз-пораз пакручваў у пальцах, ляжала тапаграфічная карта абшчыны Кіслінген.
За трынаццаць год, што прамінулі з тае пары, стол ані не змяніўся; на правай яго назе, у якую малады чалавек увесь час хацеў уперціся запыленымі сандалетамі, усё яшчэ былі відаць ініцыялы, выразаныя ў нудоце нейкім навучэнцам шафёрскіх курсаў: Е. Д.; напэўна, хлопца звалі Езэф Додрынгер; і настольнікі былі такія самыя — з чырвонымі і белымі квадратамі; крэслы перажылі дзве сусветныя вайны — букавае дрэва без сукоў, ператворанае ў салідную мэблю; ужо семдзесят год на іх узвальваліся зады сялян, што чакалі цягнікоў; новая была толькі вітрына-халадзільнік
побач з прылаўкам, у якой чакалі згаладалых альбо знуджаных пасажыраў сухаватыя тэфтэлі, халодныя катлеты, крута звараныя яйкі пад маянэзам.
— Калі ласка, шаноўнаму пану два піва і дзесяць цыгарэт.
— Дзякую.
Нават карціны на сцяне тыя самыя; абацтва Святога Антонія, сфатаграфаванае з вышыні — здаецца, з пагорка Казакен — старым добрым фотаапаратам з чорнай хусткаю яшчэ на фотапласціну; галерэя, рэфекторый, магутная царква, гаспадарчыя будынкі; побач вісеў выцвілы алеадрук; закаханыя ў полі на мяжы; каласы, валошкі, жоўта-бураватая ад высахлай гліны дарога; вясковая красуня гарэзна казыча каласком у вуху свайго каханка, які паклаў галаву ёй на калені.
— Вы не разумееце мяне, пан гаўптман; мы б хацелі даведацца, чаму Вы гэта зрабілі, чуеце? Мы, натуральна, ведаем «загад аб выпаленай зямлі» — каб пакінуць ворагу адно руіны і трупы, ці праўда? Але я не веру, што Вы зрабілі гэта з прычыны таго, што быў такі загад; Вы, прабачце мне, занадта інтэлігентны, каб рабіць гэткае. Але навошта, навошта Вы тады ўзарвалі абацтва? Яно ж было помнікам, пэўнай культурна-гістарычнай каштоўнасцю; цяпер, калі ваенных дзеянняў на гэтым участку больш няма, а Вы ў нас у палоне і Вам наўрад ці ўдасца расказаць сваім пра нашыя сумненні, цяпер я магу прызнацца, што наш камандзір ахвотней бы зацягнуў на два-тры дні пачатак наступу, чым нават пальцам зачапіць гэтае абацтва. Навошта Вы ўзарвалі яго, хоць і з пункту гледжання тактыкі і па стратэгічных меркаваннях гэта не мела ніякага сэнсу? Вы не затрымалі нашага наступу, наадварот, Вы прыспешылі яго. Вы курыце?
— Куру. Дзякуй Вам.
Цыгарэта была добрая — моцная і мела прыемны смак.
— Я спадзяюся, што Вы разумееце, пра што ідзе гаворка. Прашу Вас, скажыце хоць слова; бачу, што мы амаль аднагодкі: Вам —• дваццаць дзевяць, мне — дваццаць сем. Разумееце, мне хочацца зразумець Вас. Альбо Вы баіцёся вынікаў
Вашага прызнання — з нашага боку ці з боку Вашых адназемцаў?
Калі б Роберт паспрабаваў растлумачыць усё словамі, яны б перасталі быць праўдзівымі, а, зафіксаваныя ў пратаколе, гэтыя словы былі б зусім далёкія ад праўды; як ён мог растлумачыць, што чакаў гэтай хвілі пяць з паловай гадоў — хвілі, калі абацтва стане яго здабычаю, будзе ляжаць перад ім, як дарунак Божы? Ен хацеў з пылу і руінаў паставіць помнік тым, хто не быў помнікам гісторыі і культуры і каго ніхто не шкадаваў,— Эдыт, забітай бомбавым асколкам; Фэрдзі, якому за спробу замаху законам быў вынесены вырак смерці; хлопчыку, які ўкідаў у паштовую скрынку цыдулкі з весткамі ад яго; Шрэлаваму бацьку, які знік невядома дзе; самому Шрэле, які мусіў жыць так далёка ад Гёльдэрлінавай радзімы; Гролю, кельнеру з «Якара», і шмат каму іншаму, хто рушыў на фронт, спяваючы: «Дрыжаць спарахнелыя косці»; за іх ні ў кога не патрабавалі справаздачы, ні ў кога з тых, хто не навучыў’ іх нічаму лепшаму; дынаміт, колькі формул — гэта былі яго магчымасці ставіць помнікі; і падрыўная група была ў яго, вядомая сваёй дакладнасцю і кваліфікацыяй,— Шрыт, Гохбрэт, Кандэрс...
— Нам дакладна вядома, што Вы не маглі ўспрымаць сур’ёзна загадаў Вашага непасрэднага шэфа, генерала Оту Кёстэрса; нашыя вайсковыя псіхіятры аднадушна — а Вы не ведаеце, як цяжка бывае дамагчыся аднадушнасці сярод амерыканскіх вайсковых псіхіятраў... яны аднадушна прызналі яго вар’ятам, які не адказвае за свае ўчынкі; гэтак вось уся адказнасць за выбух пераходзіць на Вас, пан гаўптман, бо Вы, бясспрэчна,— не вар’ят, і — я мушу прызнацца Вам — Вы моцна скампраметаваныя паказаннямі Вашых таварышаў. Я зусім не хачу пытацца ў Вас пра Вашыя палітычныя погляды: я прывык ужо да ўрачыстых запэўніванняў наконт невінаватасці; шчыра кажучы, гэта мне нават паспела надакучыць. Я ўжо казаў неяк сваім калегам, што мы ў гэтай прыгожай краіне здолеем знайсці пяць, можа, шэсць, самае большае дзевяць вінаватых, і будзем павінны пытацца ў саміх
сябе, супраць каго мы ваявалі ў гэтай вайне: няўжо толькі супраць самых разумных, сімпатычных, інтэлігентных і нават высокаінтэлігентных людзей? Прашу Вас, адкажыце ўсё ж на гэтае маё пытанне! Чаму, навошта Вы зрабілі гэта?
На месцы, дзе тады сядзеў амерыканскі афіцэр, маладая дзяўчына, хіхікаючы, ела цяпер тэфтэлі, маленькімі глыткамі адпівала піва; на даляглядзе яму былі відны цёмна-шэрыя абрысы зграбнай вежы Святога Севярына, якая засталася цэлая.
Можа, яму трэба было сказаць, што шанаванне помнікаў культуры і гісторыі гэтаксама ўзрушвала яго, як і памылка, якую рабілі заходнія саюзнікі, лічачы, што тут яны сустрэнуць адных толькі злыдняў, замест сімпатычных і разумных людзей? Помнік у гонар Эдыт і Фэрдзі, Шрэлы і ягонага бацькі, Гроля і хлопчыка, які ўкідаў цыдулкі ў іх паштовую скрынку; у гонар паляка Антонія, які падняў руку на Вакеру і за гэта быў забіты, у гонар тых шматлікіх, што спявалі: «Дрыжаць спарахнелыя косці», бо іх не навучылі нічаму лепшаму; помнік у гонар авечак, якіх ніхто не пасвіў.
Калі яго дачка Рут яшчэ хоча паспець да цягніка, яна павінна якраз цяпер бегчы каля ўвахода ў сабор Святога Севярына; у зялёнай шапачцы на цёмных валасах, у ружовым світэры, разгарачаная і шчаслівая ад таго, што неўзабаве сустрэнецца з бацькам, братам і дзядулем; папаўдзённая кава ў абацтве Святога Антонія перад вялікай сямейнай урачыстасцю ўвечары. Бацька стаяў у цяні перад будынкам станцыі і вывучаў расклад руху цягнікоў; яго хударлявы твар пачырванеў; ветлівы пажылы мужчына, шчодры і прыязны; ён ніколі не каштаваў бычынага прычасця, не зрабіўся зацята злы на старасці гадоў; ці ведаў ён усё? Альбо яшчэ павінен даведацца? А Ёзэф? Як Роберт зможа растлумачыць гэта яму, свайму сыну? Лепей было маўчаць, чым выказваць
думкі і пачуцці, даць занесці іх у пратакол, каб прачыталі псіхіятры.
Роберт так і не здолеў нічога растлумачыць таму прыязнаму маладому чалавеку, што сядзеў, пахітваючы галавою, глядзеў на яго, потым падсунуў пачаты пачак цыгарэт; Роберт узяў пачак са стала, паклаў сабе ў кішэнь, сказаўшы «дзякуй»; потым зняў з грудзей Жалезны крыж, паклаў на стол і падсунуў яго маладому чалавеку; настольнік з чырвонымі і белымі квадратамі крыху памяўся; ён паправіў яго і заўважыў, што малады амерыканец пачырванеў.
— He, не,— сказаў Роберт,— даруйце, што гэта так нязграбна ў мяне атрымалася; я не хацеў Вас пакрыўдзіць; проста ў мяне раптам з’явілася вострая патрэба падараваць Вам на памяць Жалезны крыж, на памяць пра таго, хто ўзарваў абацтва Святога Антонія і атрымаў за гэта ордэн, хоць і ведаў, што генерал быў вар’ят, што выбух не меў сэнсу ні па тактычных, ні па стратэгічных меркаваннях. Я ахвотна вазьму Вашыя цыгарэты, толькі прашу Вас лічыць, што мы як равеснікі проста абмяняліся падарункамі.
Магчыма, ён зрабіў гэта з тае прычыны, што тады, у дзень сонцавароту, паўдзесятка манахаў забраліся на пагорак Казакен і там, уверсе, калі агонь шугануў увысь, заспявалі: «Дрыжаць спарахнелыя косці»; Ота запальваў тое вогнішча, а ён стаяў побач, з малым Езэфам на руках — бялявым хлопчыкам, які, убачыўшы, як шуганула полымя, ад радасці запляскаў у ладкі; Эдыт, стоячы праваруч ад Роберта, сціснула яму далонь; а можа, ён зрабіў гэта таму, што Ота не здаваўся яму нават чужым на гэтым свеце, дзе адзін жэст рукі мог каштаваць жыцця; вакол агню стаялі вясковыя хлопцы з Додэрынгена, Шлакрынгена, Кіслінгена і Дэнклінгена; разгарачаныя твары маладых людзей і дзяўчат зіхацелі дзікім бляскам каля святочнага вогнішча, якое далі падпаліць Оце; і ўсе спявалі песню, якую пачаў шаноўны законнік, загнаўшы свае шпоры ў бакі шаноўнаму рабочаму каню: «Дрыжаць спарахнелыя косці». Гарлаючы песню, з паходнямі ў руках, моладзь рушыла з пагорка долу; ці павінен ён быў сказаць
таму маладому чалавеку, што зрабіў гэта, бо яны не паслухаліся наказу: «Пасві авечак маіх», а ён німала не раскайваўся; а толькі сказаў голасна:
— Можа, гэта быў толькі жарт, забава.
— Дзіўныя ў вас жарты, дзіўныя забавы. Вы ж — архітэктар.
— He, я займаюся статыкай.
— Ну, гэта, пэўна, розніца невялікая.
— Падрыванне — гэта поўная процілегласць статыкі. Так бы мовіць, яе адваротны бок.
— Прашу мне прабачыць,— сказаў малады чалавек,— у матэматыцы я заўсёды быў слабаваты.
— А мне матэматыка заўсёды давала вялікае задавальненне.
— Ваш выпадак пачынае цікавіць мяне ўжо не па службе. Ці Вашае сведчанне пра любоў да матэматыкі павінна значыць, што выбух пэўным чынам цікавіў Вас як фахоўца?
— Мажліва. Таму, хто займаецц