• Газеты, часопісы і т.д.
  • Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

    Більярд а палове дзесятай

    Генрых Бёль

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 1993
    113.12 МБ
    ую ноч; не вер нашэптванням гэтых ідыётак; калі прыйдзе тая хвіля, мы будзем смяяцца; абавязкова, клянуся табе; але ты яшчэ пачакай крыху: два тыдні, самае большае месяц; я куплю букет кветак, вазьму дыліжанс і пад’еду да вашага дома. Мы будзем рабіць падарожжы, паглядзім свет, ты падорыш мне дзяцей — пяцёра, шасцёра, сямёра; дзеці падораць мне ўнукаў — пяць, шэсць, сем разоў па сем; ты ніколі не будзеш заўважаць па мне, што я працую; я не дам табе адчуць, што такое мужчынскі пот, што такое сапраўдныя мускулы і сапраўдная вайсковая форма; мне ўсё даецца лёгка; я вучыўся, сёе тое вывучаў сур’ёзна і загадзя заплаціў за пот, што прыйдзецца праліць; я не мастак, табе не трэба мець ніякіх ілюзій на гэты конт; я не здолею выявіць перад табою ні фальшывага, ні сапраўднага дэманізму; тое, пра што твае сяброўкі расказваюць вусцішныя казкі, здарыцца не ў спальні, а пад адкрытым небам: ты павінна яго бачыць над сабою. Лісткі і травінкі будуць спадаць на твой твар, ты адчуеш пах восеньскага вечара, і табе не будзе здавацца, што ты бярэш удзел у брыдкіх акрабатычных практыкаваннях, якія належаць да тваіх абавязкаў; ты будзеш удыхаць пахі восеньскай травы, лежачы на прыбярэжным пяску, паміж зараснікаў лазы — там, дзе вада пасля паводкі пакінула свой след-паласу; сцёблы чароту, коркі ад пляшак, бляшанкі ад гуталіну, пацерка з ружанца, што ўпала за борт у шкіперавай жонкі, і ліманадныя пляшкі з укладзенымі ў іх цыдулкамі; у паветры горкі дым ад параходных комінаў; грукат якарных ланцугоў; мы не будзем рабіць з гэтай справы крывавай і паважнай, хоць яна, натуральна, і крывавая, і паважная.
    А той корак, які я ўхапіла пальцамі сваіх босых ног і падарыла табе на памятку? Я ўхапіла яго і падарыла табе, бо ты пазбавіў мяне ад спальні, гэтай змрочнай катоўні, пра якую я ведала з раманаў, нашэптванняў сябровак, з перасцярог манашак; галінкі лазы звісалі над маім ілбом, срэбназялёныя лісткі віселі ў мяне перад цёмнымі і поўнымі бляску вачыма; параходы раўлі ў мой гонар: абвяшчалі мне, што я
    зрабілася жанчынаю; сутонне, асенні вечар, усе якарныя ланцугі былі ўжо даўно апушчаныя ў ваду, матросы і жонкі шкіпераў сыходзілі па хісткіх трапах на бераг, і я ўжо сама жадала таго, чаго яшчэ некалькі гадзін таму баялася; але ўваччу ў мяне ўсё ж паявілася некалькі слязінак, бо я адчувала сябе нявартай памяці сваіх продкаў, якім было сорамна рабіць уцеху з абавязку; ты прыляпіў мне тады вербавыя лісточкі на лоб і на сляды ад слёз — там, унізе, на прыбярэжным пяску, дзе мае ногі краналіся сцёблаў чароту, бутэлек з цыдулкамі, у якіх адпускоўцы пасылалі свае прывітанні гараджанам; адкуль узяліся тыя гуталінавыя бляшанкі: ці яны былі выкарыстаныя матросамі, каб да бляску начысціць свае боты, перад тым як выйсці на бераг? А можа — жонкамі шкіпераў, якія хадзілі рабіць пакупкі з чорнымі блішчастымі сумкамі, альбо — хлопцамі, што насілі шапкі з чорнымі брылямі, якія блішчалі ў паўзмроку, калі мы потым сядзелі на чырвоных крэслах у кавярні Трышлера? Я з захапленнем глядзела на прыгожыя рукі маладой жанчыны, што падавала нам смажаную рыбу, салату, якая была такая зялёная, што балюча было вачам; віно; рукі гэтай маладой жанчыны, якая пазней, праз дваццаць восем гадоў, будзе прамываць віном раны на знявечанай спіне майго сына; ты не павінен быў крычаць на Трышлера, які нам затэлефанаваў і паведаміў пра няшчасны выпадак з Робертам; паводка, паводка... мне заўсёды карцела кінуцца ў раку, што выйшла з берагоў, і дазволіць вадзе аднесці мяне да шэрых даляглядаў. Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, але не цалуй мяне; не разбурай майго карабельчыка; вось табе кава, салодкая і гарачая; паабедзенная кава, моцная і без малака; вось тут цыгары, па шэсцьдзесят пфенігаў штука; Гупэрц купіў іх па маёй просьбе. Памяняй аб’ектывы сваіх вачэй, стары; я ж не сляпая, а проста вар’ятка і, вядома ж, магу прачытаць дату на календары, што вісіць унізе ў вестыбюлі: «6 верасня 1958 года»; я не сляпая і ведаю, што я не магу растлумачыць твайго аблічча спрытнасцю цырульнікаў; вазьмі ўдзел у маёй гульні, падкруці аб’ектывы сваіх вачэй і не апавядай мне
    зноўку пра твайго прамяністага светлавалосага ўнука, у якога матчына сэрца і бацькаў розум і які цяпер твой упаўнаважаны пры адбудове абацтва; ці ён ужо здаў іспыты на атэстат сталасці? Ці збіраецца ён вывучаць статыку? Ен цяпер на практыцы? Прабач мне за мой смех, але я ніколі сур’ёзна не ўспрымала будаўніцтва; пыл, шчыльна збіты і спечаны пыл, ператвораны ў элементы структуры; аптычны падман, фата-маргана, загадзя асуджаная на ператварэнне ў руіны; перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць; я сёння ўранні прачытала гэта ў газеце — перш чым яны мяне забралі. «Усе трыумфавалі... поўныя пабожнай веры, яны прыслухоўваліся да слоў... радасць і трыумф зноў і зноў захаплялі усіх...» Хочаш, я прачытаю табе гэта з мясцовай газеты?
    Грамада тваіх унукаў — не сем разоў па сем, а два разы па адным — не будзе карыстацца з прывілеяў, я абяцала гэта Эдыт, авечцы; яны не будуць прымаць бычынага прычасця, а хлопец не будзе вучыць верша, які яму задалі ў школе:
    Удары ўсе ўсхваляй, што лёс нам пасылае, Бо ліха душы блізкія злучае...
    Ты чытаеш зашмат цэнтральных газет, дазваляеш, каб табе падавалі «быка» з кіслай, альбо салодкай, альбо бог ведае з якой падліўкаю; ты чытаеш зашмат газет, прызначаных для звышадукаванай эліты; зірні: тут, у мясцовых газетах ты можаш наесціся сапраўдных памыяў — чыстых, без дамешак і падробак, што падаюцца з самымі лепшымі намерамі, якія толькі магчыма сабе ўявіць: іншыя — твае цэнтральныя — газеты не робяць таго з самымі лепшымі намерамі: яны проста палахлівыя; а вось гэтыя маюць самыя лепшыя намеры; ніякіх прывілеяў, калі ласка; і ніякай шкадобы; вось што тут пішуць, звяртаючыся да мяне: «Мацяркі тых, што палеглі...»:
    I, хоць народ вас, як святых, шануе, Ды сэрца ваша па сынах смуткуе.
    Я — святая ў народа, і сэрца маё смуткуе: загінуў мой сын — Ота Фэмель; прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць; ён выдаў нас паліцыі, зрабіўся раптам толькі вонкавай абалонкай нашага сына; ніякай шкадобы; ніякіх прывілеяў; абата яны, вядома, пашкадавалі, бо ён пакаштаваў бычынага прычасця; прыстойнасць, парадак, гонар; гэтую падзею святкавалі манахі з паходнямі ў руках, уверсе, на пагорку, пазіраючы долу, у даліну Кіса; надыходзіла новая часіна, часіна ахвяр, часіна пакут, а ў іх зноў былі пфенігі на булачкі, пяць пфенігаў на кавалак мыла; абат здзівіўся, калі Роберт адмовіўся браць удзел ва ўрачыстасцях; манахі на запененых конях заехалі на вяршыню пагорка, расклалі вогнішча; свята сонцавароту; запаліць агонь дазволілі Оце; ён тыцнуў запаленай паходняй у сушняк; тыя самыя вусны, што гэтак цудоўна ўмелі спяваць «Rotate соеіі», спявалі словы, ад якіх дай божа мне ўберагчы майго ўнука: «Дрыжаць спарахнелыя косці...»; ці не дрыжаць твае косці, стары?
    Хадзі, стары, пакладзі сваю галаву мне на калені, запалі цыгару; філіжанку з кавай ты лёгка дастанеш рукой; заплюшчы вочы; апусці заслону; прэч; будзем паўтараць бясконца малітву: «Ці памятаеш?успамінаць пра гадьі, калі мы жылі за горадам, у Блесэнфэльдзе, дзе кожны вечар пахнуў адпачынкам, простым людам, які наядаўся ў будках са смажанай рыбай, каля вазкоў з куханамі і марожаным; бласлаўлёныя, яны маглі есці рукамі; а мне гэтага не дазвалялася, пакуль я жыла дома; ты дазволіў мне рабіць гэта; дудзелі катрынкі, рыпелі каруселі, а я ўдыхала тыя пахі, чула, адчувала, што трывалае толькі тое, што прамінула; ты мяне выбавіў з таго жахлівага дома, у якім яны праседзелі чатырыста год і з якога яны марна спрабавалі выбрацца; летнімі надвячоркамі я сядзела на даху, на тэрасе, а яны тым часам пацягвалі віно ўнізе ў садзе; мужчынскія вечарыны, вечарыны для дамаў; а я ў пранізлівым смеху жанчын чула тое самае, што і ў гучным рагатанні мужчынаў — роспач; калі віно развязвала языкі, здымала ўсялякія табу, калі водары летняга вечара вызвалялі іх з няволі ўласнае крывадуш-
    насці — тады рабілася відавочным, што яны не былі ні досыць багатыя, ні досыць бедныя, каб адкрыць для сябе адзіную трывалую рэч — тое, што прамінае: я тужыла па ім, хоць мяне і выхоўвалі вечнымі катэгорыямі: шлюб, адданасць, гонар, спальня, дзе быў толькі абавязак і не было свабоды; і ў мяне ўвушшу звінела, нібы заклік булькатлівай вады ў час паводкі: «навошта-навошта-навошта?»; я не хацела далучацца да іхняй роспачы, не хацела браць у спадчыну тую змрочную спадчыну, што яны перадавалі з пакалення ў пакаленне; я сумавала па белым бязважкім прычасці авечкі і спрабавала пры «Меа culpa, mea maxima culpa» выбіць y сябе з грудзей старажытны спадак змроку і гвалту; вяртаючыся ад імшы, я пакідала ў сенцах свой малітоўнік, прыходзіла як найраней — каб атрымаць пацалунак ад бацькі; яго грымотны бас разносіўся па двары аж да самае канторы: мне споўнілася пятнаццаць, шаснаццаць, семнаццаць, васемнаццаць, і ў матчыных вачах я згледзела напятую чуйнасць, з якою яна чакала майго паўналецця; калі яе свойчас кінулі на пакорм ваўкам, дык чаму б гэтая доля павінна была абмінуць мяне? Тыя ваўкі павырасталі ўжо — апівошы, уладальнікі форменных кепурак, прыгожыя і не надта; я глядзела на іхнія рукі, у іхнія вочы, і на мне вісеў страшэнны праклён: я ведала, якія яны зробяцца, калі ім будзе сорак, шэсцьдзесят год: фіялетавыя жыліны на руках, якія ніколі не будуць пахнуць адпачынкам; паважнасць, мужчынскасць, адказнасць; ахоўваць законы, выкладаць дзецям гісторыю; лічыць грошы, выказвацца за палітычную разумнасць; усе яны, гэтаксама як і мае браты, былі асуджаныя на бычынае прычасце; маладыя яны былі толькі сваім узростам, і толькі адно магло прынесці ім бляск і веліч, ахінуць іх міфалагічнай смугою — смерць; час быў адно сродкам, які набліжаў іх да яе; яны прынюхваліся да смерці, і іх вабіла да ўсяго, што пахла смерцю; яны самі пахлі трупным смуродам; гэты смурод прыцішана сядзеў у доме, у вачах тых, каму мяне хацелі аддаць на пакорм — уладальнікаў форменных кепурак, ахоўнікаў законаў; толькі адно было забаронена — прага да жыц-
    ця і гульня. Ці ты разумееш мяне, стары? Гульню лічылі за смяротны грэх; не спорт: яго яны цярпелі, бо спорт падтрымлівае жыццёвы тонус, узбадзёрвае, робіць прыгажэйшымі, узмацняе апетыт ваўкоў; яны развіваюць інстынкты хатняй гаспадыні і маці; танцы — таксама добра, бо павялічвае рыначную вартасць; але калі я ў сваім пакоі наверсе таньчыла сама для сябе, у начной кашулі — гэта быў грэх, бо такі танец ужо не быў абавязкам; на вечарынах і ў цёмных калідорах уладальнікам форменных фуражак дазвалялася ціскаць мяне, ім дазвалялася таксама ў лясным паўзмроку, пад час паездак за горад, прыліпаць да мяне з не занадта рызыкоўнымі ласкамі; мы ж не надта ганарыстыя якія; я малілася, каб прыйшоў чалавек, які б выбавіў мяне ад смерці ў воўчым логвішчы; я малілася, прымала дзеля гэтага белае прычасце і бачыла цябе насупраць, у акне твайго працоўнага кабінета; каб ты ведаў, як я цябе кахала; каб ты мог толькі пра гэта здагадвацца, ты б цяпер не падымаў вачэй і не паказваў календара ў іх; ты б не спрабаваў расказваць мне, як павырасталі мае ўнукі,— яны ўвесь час пытаюцца, не забыліся пра мяне. He, я не хачу іх бачыць; я ведаю, што яны любяць мяне, і ведаю, што ў мяне была адна магчымасць вырвацца з рук забойцаў: дазволіць абвясціць сябе вар’яткай; але калі б са мною зрабілі гэтак, як з Грэцавай маці — тады што? Мне пашанцавала, сапраўды пашанцавала на гэтым свеце, дзе за адзін жэст рукі можна заплаціць жыццём, у якім абвяшчэнне цябе вар’ятам можа загубіць альбо ўратаваць цябе; не хачу аддаваць назад тых гадоў, што я праглынула, не хачу бачыць дваццацігадовага Езэфа з плямамі ад муравальнага раствору: на калашынах штаноў, у пінжаку, перапэцканым гіпсам — маладога чалавека, які радасна махае лінейкаю альбо крочыць са скруткам планаў пад пахаю; я не хачу бачыць дванаццацігадовай Рут з кніжкай «Падступнасць і каханне» ў руках; замруж павекі, стары Давід, загарні каляндар; вось твая кава.
    Павер мне, я напраўду баюся; я