Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
жаце перашкаджаць мне, калі захочаце, маё дзіцятка. Гэта? Гэта — лякарня ў Вайдэнхамеры; я пабудаваў яе ў 1924 годзе: у верасні яе адчынілі.
Леанора напісала сваім добра чытэльным почыркам на палях эскіза: «1924.09».
Зусім тонкія стосікі ўтварылі ваенныя гады, з чатырнаццатага па васемнаццаты: тры, чатыры эскізы: лецішча
для генерала, паляўнічая хатка для бургамістра, капліца пад апекаю Святога Себасцьяна — для брацтва стралкоў; адпускныя паперы, ганарары, выплачаныя такімі каштоўнымі адпускнымі днямі; каб магчы пабыць з сваімі дзецьмі, ён бы задарма будаваў генералам замкі.
— He, Леанора. Гэта было ў трыццаць пятым годзе. Кляштар францысканак. Сучасны стыль? Вядома, сучасныя гмахі я таксама будаваў.
Фрамуга вялікага акна ў кабінеце заўсёды здавалася яму рамаю, якую запаўнялі кожны раз іншыя вобразы; мяняліся колеры неба, дрэвы на падворках шарэлі, чарнелі, зелянелі; цвілі, адцвіталі кветкі на тэрасах, што на дахах дамоў. На гэтых бляшаных дахах дзеці бавіліся, рабіліся дарослымі, станавіліся бацькамі, а іх бацькі — дзядулямі і бабулямі; толькі профіль ліній дахаў заставаўся нязменны, заставаўся мост, заставаліся горы, што ў ясныя дні віднеліся на даляглядзе — аж пакуль другая сусветная вайна не змяніла профіль ліній дахаў, не зрабіла ў ёй пярэрваў, у якіх відзён быў серабрысты ў пагодныя дні і шэры — у пахмурныя Рэйн, а таксама перасоўны мост у Старым Порце; пярэрвы былі даўно ўжо зноў запоўненыя, дзеці бавіліся на бляшаных дахах, на процілеглым баку вуліцы на Кільбавай тэрасе з падручнікамі ў руцэ хадзіла туды і сюды яго ўнучка — гэтаксама як пяцьдзесят год назад там хадзіла туды і сюды ягоная жонка... ці гэта, можа, не Еганна чытала там у сонечныя дні, па абедзе, «Падступнасць і каханне»?
Зазваніў тэлефон; як гэта прыемна, што Леанора падняла слухаўку, што яе голас адказаў незнаёмаму чалавеку на другім канцы дроту:
— Гэта з кавярні Кронэра? Я спытаюся ў пана радцы.
— Колькі асоб я чакаю ўвечары? На вечары ў гонар дня нараджэння? Мусіць, досыць будзе пальцаў аднае рукі, каб палічыць усіх?.. Два ўнукі, сын, я і — Вы. Леанора, Вы зробіце мне такую ласку? Значыць, пяць асоб. Хапіла пальцаў аднае рукі.
— He, шампанскага не трэба. Усё, як дамаўляліся. Дзякуй, Леанора.
Пэўна, яна ўважае мяне за вар’ята; але калі я вар’ят, значыць, я быў ім заўсёды; я ўсё мог прадбачыць, ведаў дакладна, чаго я хачу,— і ведаў, што я дасягну таго; толькі аднаго я ніколі не ведаў, не ведаю дагэтуль: дзеля чаго я гэта рабіў? Дзеля грошай, дзеля славы альбо толькі дзеля прыемнасці самому сабе? Да чаго я імкнуўся, калі тады, ранкам у пятніцу 6 верасня 1907 года, пяцьдзесят год таму, выходзіў вунь там, з будынка вакзала? Я перадвызначыў свае ўчынкі, рухі, дакладны распарадак дня, ад той самай хвілі, калі зрабіў першы крок у гэтым горадзе; я стварыў склад^іную харэаграфічную кампазіцыю, у якой збіраўся быць і салістам, і балетмайстрам у адной асобе; статыстаў і дэкарацыі я меў задарма.
У мяне было толькі дзесяць хвілін, перад тым як зрабіць першае па: усяго толькі каб прайсці цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль «Прынц Генрых», перайсці Модэстгасэ і пераступіць парог у кавярні Кронэра. Я паявіўся ў гэтым горадзе ў дзень, калі мне споўнілася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая раніца. Рамізніцкія клячы пільнавалі сваіх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкі ў фіялетавых ліўрэях гатэля «Прынц Генрых» валачылі валізы ўслед за гасцямі на вакзал; падымаліся салідныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы, прадаўцы газет; уланы — цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамі гатэля; ротмістр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукі арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.
Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кішэні план горада, я разгарнуў яго і пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, які я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалі сабор і чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранішняй імгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла
якраз перада мною; вялізны цень, што падаў ад яе, прымусіў мяне задрыжаць; я зноў апусціў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру і кабінет, заплаціўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 — паміж Святым Севярынам і Мадэставай брамай; гэта, мусіць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзіла на другі бок вуліцы. Ен меў адзін кіламетр радыуса — паўкруг, што я накрэсліў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збіраўся ажаніцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькі, што яна — з сям’і патрыцыяў, пра якіх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскім палку і вярнуўся з нянавісцю ў сэрцы, з нянавісцю да коней і афіцэраў; да гэтай нянавісці я ставіўся з павагай, хоць і не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калі я сам зрабіўся афіцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае раніцы, пяцьдзесят адзін год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвішча Бродэм альбо Кузэніус, Кільб альбо Фэрфэ; ёй павінна было споўніцца дзевятнаццаць, і якраз цяпер, менавіта цяпер яна вярталася з ранішняе імшы дадому; пакінуўшы малітоўнік у пярэднім пакоі, яна заходзіла да бацькі якраз у адпаведную хвілю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб — перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калідор і сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпівала філіжанку кавы; «Не, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!» — і яна чытала мацеры пра дні чарговых баляў. Ці дазволяць ёй пайсці на універсітэцкі баль? Дазволяць.
Самае позняе пад час універсітэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажаніцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзіць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзеці будуць жаніцца, выходзіць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; і, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваіх
унукаў, бачыў сябе васьмідзесяцігадовым патрыярхам, што верхаводзіць запачаткаваным сабою родам,— святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя і залатыя вяселлі, хрысціны; немаўляты, якіх кладуць у мае старэчыя рукі, праўнукі, я буду любіць іх, як і маіх маладых і прыгожых нявестак, якіх буду запрашаць на сняданні, якім буду дарыць кветкі і цукеркі, адэкалоны і карціны; я ведаў пра ўсё гэта, калі стаяў там, і быў гатовы выйсці на танец.
Я паглядзеў услед служку, які вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якім ляжалі мая бялізна і мае эскізы; а таксама скураны чамаданчык з паперамі, дакументы і грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацігадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнікаў, у бюро сярэдненькіх архітэктараў; я рысаваў, праектаваў і будаваў рабочыя пасёлкі, прамысловыя будынкі, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзібы, пералапачваў каштарысы, прабіваўся праз напышлівыя моўныя звароты ў асобных пунктах — а драўляны паркет у рызніцы павінен быць выкананы з найлепшай, без адзінага сучка, драўніны; на выраб ліштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.
Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго ці з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынікаў не з адной радасці; былі ў ім кпіны, здзек — можа, нават зласлівасць; але я ніколі не ведаў, колькі чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкія лаўкі, на якіх сядзеў на занятках вячэрніх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасці лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здаваліся мне гэткімі ж пратухлымі, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццаці трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, і яны мяне спакушалі; басанож я шмыгаў па калідорах з застаялым пахам, каб прымаць і аддаваць пяшчоту — і тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна
заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадваліся вада з лавандаю і распушчаныя валасы; а ў жахлівых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псаваліся плады, якія ніколі нельга было чапаць, гучалі суровыя словы: «нягоднік», «гонар», «цнатлівасць», і там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлівасці дачок, а ў тварах матак, на якіх было напісана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднікам: шлюбу ніводнай не абяцаў і не хацеў правесці сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псаваліся плады, якія ніколі нельга было чапаць.
Па вяртанні з вячэрніх курсаў я працягваў рысаваць, лічыць і рысаваць ад паловы на дзевятую да дванаццатай, маляваць анёлаў і дрэвы, аблогі хмар і цэрквы, капліцы — у гатычным, раманскім, барочным, бідэрмаераўскім стылі, у стылі ракако — і, калі ласка, у сучасным стылі таксама: доўгавалосыя жанкі, чые адухоўленыя твары луналі над дзвярамі дамоў, а распушчаныя валасы ападалі з абодвух бакоў увахода, нібы заслоны; дакладна над сярэдзінай дзвярэй быў строгі прабор; калі ласка: у тыя запоўненыя працай гадзіны гаспадарскія дочкі, знуджаныя без кахання, прыносілі мне слабую гарбату альбо слабы ліманад, правакавалі мяне да любошчаў, якія ім здаваліся смелымі; а я рысаваў далей, перш за ўсё дэталі, бо ведаў, што яны — хто былі гэтыя «яны»? — найлягчэй давалі сябе падкупіць дэталямі: клямкамі, дэкаратыўнымі кратамі, божымі авечкамі, пеліканамі, якарамі і крыжамі, па якіх з шыпеннем, звіваючыся, паўзлі ўгору — і не маглі ўзпаўзці вышэй — змеі.
Захавалася таксама ў маёй памяці хітрасць, якую занадта часта ўжываў мой апошні шэф Домгрэве: у найважнейшай хвілі ён нібы знарок выпускаў з рук ружанец; калі пад час агледзін месца набожныя сяляне горда паказвалі ўчастак, што быў вызначаны ім пад будоўлю царквы, калі поўныя прастадушнай цноты члены ўправы царкоўнай абшчыны абвяшчалі пра намер пабудаваць новую святыню — трэба
было разам з дробнымі грашым