Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
я маладзейшы за цябе і крыху старэйшы. Мяне ўвесь час пакідалі на другі год у школе, потым я мусіў ісці вучыцца на сталяра. Спачатку было непрыемна, але пасля, недзе праз год, гэтая праца пачала мяне цешыць. Гэта цудоўна — вось так працаваць з дрэвам. Робіш сабе эскіз на прыгожай паперы, раскладаеш чыстыя, з
тонкай імітацыяй касаслойнасці дошчачкі, якія ты старанна адгабляваў, уцягваючы ноздрамі пах драўніны. Мяркую, з мяне мог бы атрымацца неблагі сталяр, ды калі мне споўнілася дзевятнаццаць, я мусіў ісці ў салдаты; і першы жах; які ахапіў мяне, як толькі я пераступіў цераз парог казармы, ніколі мяне не пакідаў, ніколі за гэтыя шэсць год,— таму я і не гавару шмат... у вас усё зусім не так...
Я пачырванеў, бо яшчэ ніколі ў жыцці гэтак шмат не гаварыў.
Гэкер задуменна паглядзеў на мяне.
— Ну,— сказаў ён,— я думаю гэта добра, сталяр.
— ...Але няўжо ў цябе ніколі не было дзяўчыны? — загаварыў ён раптам гучней, і я ўжо адчуваў, што мне зноў давядзецца канчаць.
— Няўжо ніколі? Ніколі не туліўся галавою да прыгожага пляча, ніколі не спазнаў, як пахнуць яе валасы... ніколі?
Цяпер каньяк зноў наліў ён, і бутэлька пасля гэтых двух кілішкаў зусім апусцела. Гэкер з жудасным смуткам у вачах азірнуўся.
— Няма нават сцяны, аб якую можна разбіць гэтую пляшку, а?.. Пастой! — раптам крыкнуў ён і засмяяўся шалёным смехам.— Камараду таксама няхай што-небудзь застанецца, хай падстрэліць яе.
Ен ступіў наперад і паставіў бутэльку на тое месца, куды кожны раз траплялі снайперскія кулі, і перш чым я здолеў умяшацца, ён выцягнуў з нашага «бара» наступную пляшку, адкаркаваў яе і напоўніў яе змесцівам кілішкі. Мы стукнуліся яшчэ раз, і ў гэтае самае імгненне звонку над насыпам пачулася мяккае «пух», і мы спалохана паднялі галовы і ўбачылі, што бутэлька яшчэ хвілю заставалася стаяць, як і раней, быццам застыўшы; але потым яе верхняя частка ссунулася ўніз, між тым як ніз бутэлькі заставаўся на месцы. Вялікі аскалёпак зваліўся ў акоп, амаль што нам пад ногі, і мне запомнілася толькі, што я спалохаўся, спалохаўся таго імгнення, калі была разбітая гэта бутэлька...
Я адчуваў абсалютную абыякавасць, калі памагаў Гэке-
ру — а ён не паспяваў наліваць — апаражняць другую бутэльку. Так яно і было: адначасна сполах і абыякавасць. Гэкер спалохаўся таксама, я заўважыў гэта; змучаныя, мы глядзелі паўз адзін аднаго, і таго дня ў мяне не хапіла сілы перапыніць яго, калі ён пачаў зноў апавядаць пра тую дзяўчыну...
— Ведаеш,— прамовіў ён хутка, гледзячы ўбок,— яна жыла ў канцы алеі, і калі я апошні раз быў у адпачынку, стаяла восень, сапраўдная восень, яе позняя пара. I я проста не магу апісаць табе, якая прыгожая была тая алея...
Дзікая, захапляльная ўцеха палыхнула ў яго вачах, і дзеля гэтае ўцехі я быў рады, што не перапыніў яго; гаворачы далей, ён сашчапіў рукі, нібы той чалавек, што хоча нешта вылепіць і не ведае, як гэта рабіць; і я адчуў, што ён шукае слоў, каб расказаць мне пра тую алею. Я наліў каньяку, мьі хутка выпілі, я наліў зноў, і мы яшчэ раз кульнулі...
— Алея,— сказаў ён хрыпла, амаль заікаючыся,— алея была зусім залатая... гэта не лухта, слухай... яна была проста залатая, чорныя дрэвы ў золаце, праз якое прасвечвала шэра-блакітнае неба... Я вар’яцеў ад шчасця, калі павольна сыходзіў да таго дома, я адчуваў сябе звязаным па руках і нагах гэтай каштоўнай прыгажосцю, і я ўсмоктваў у сябе п’янкую тленнасць нашага чалавечага жыцця. Разумееш? Гэта чароўнае пачуццё ахапіла мяне невыказна і...— Гэкер з хвіліну памаўчаў, шукаючы зноў, як мне здавалася, адпаведных слоў; я зноў напоўніў кілішкі, мы стукнуліся і выпілі: у гэты момант на насыпе разляцеўся і ніз бутэлькі; аскалёпкі з узбуджальнай павольнасцю пасыпаліся адзін за адным у траншэю.
Мне зрабілася страшнавата, калі Гэкер раптоўна падняўся, потым нахіліўся і ссунуў коўдру зусім убок; я схапіў яго за рукаў, пацягнуў назад — і тут зразумеў, чаму мне ўвесь час было боязна.
— Пусці! — крыкнуў ён.— Пусці... Я пайду, пайду да тае алеі...
Я апынуўся там, звонку, побач з ім, трымаючы пляшку
Ў руцэ.
— Пайду,— прашаптаў Гэкер,— пайду туды да самага канца — туды, дзе стаіць той дом! Там, перад ім,— карычневыя жалезныя краты, а яна жыве наверсе, а...
Я спалохана сагнуўся, бо побач са мной прасвісцела куля, уцяўшыся ў эскарп якраз на тым самым месцы, дзе незадоўга перад гэтым стаяла бутэлька.
Гэкер, запінаючыся, шаптаў нешта няўцямнае, глыбокая і цяпер зусім пяшчотная ўцеха была ў рысах яго твару, і, пэўна, быў яшчэ час крыкам вывесці яго з гэтага стану — так, як ён мне загадваў. У тым, што ён няўцямна шаптаў, я пазнаў толькі некалькі словаў: «Пайду... пайду туды, дзе жыве мая дзяўчына...»
Я адчуваў сябе страшэнным баязліўцам, прысеўшы там на дне траншэі, з паўпустой бутэлькай каньяку ў руцэ; і я ўспрымаў як сваю віну тое, што я быў цвярозы, бязлітасна цвярозы, у той час, як у выразе Гэкеравага твару можна было згледзець невыказна салодкае і глыбокае ап’яненне; ён утаропіўся ў баявыя парадкі праціўніка паміж чорных сцёблаў сланечніка і вынішчаных сялянскіх двароў; я пільна сачыў за ім: ён прыпаліў цыгарэту.
— Лейтэнант,— сказаў я ціха,— вазьмі выпі, хадзем...
I я працягнуў яму бутэльку, а калі хацеў выпрастацца, раптам адчуў, што я таксама п’яны, і на чым свет стаіць я пачаў лаяць сябе, што яшчэ раней не раскатурхаў яго, бо цяпер гэта здавалася запозна; ён не пачуў майго крыку, і я не паспеў разявіць рота, каб гукнуць яму яшчэ раз і хоць бы з дапамогай пляшкі каньяку завабіць яго з-пад куляў назад у зямлянку — як пачуў лёгкае і мяккае «пух» ад разрыўной кулі. Гэкер жахліва-нечакана павярнуўся да мяне, лагодна і ціха ўсміхнуўся, потым паклаў цыгарэту на насып і пачаў ссоўвацца долу, зусім павольна завальваючыся на спіну... у мяне ўнутры ўсё пахаладзела, бутэлька выслізнула з рук, і я з жахам сядзеў, утаропіўшыся ў каньяк, які з ціхім булькатаннем выцякаў з яе, утвараючы маленькую лужынку. Усё зноў прыціхла, і цішыня гэта была пагрозлівая...
Нарэшце я наважыўся зірнуць Гэкеру ў твар: шчокі яго
былі запалыя, вочы чорныя і нерухомыя, і ўсё ж на ягоным абліччы заставаўся яшчэ пробліск тае ўсмешкі, што ззяла тады, калі ён мармытаў няўцямныя словы. Я ўжо ведаў, што ён мёртвы. Але тут я раптоўна закрычаў, закрычаў, нібы вар’ят; забыўшыся на ўсякую небяспеку, я высунуўся з-за насыпу, крыкнуў да бліжэйшага акопа:
— Гайн! Памажы! Гайн, Гэкер забіты! — і, не дачакаўшыся адказу, зваліўся на зямлю, ахоплены страшэнным жахам, бо Гэкерава галава крыху паднялася, зусім трохі, але прыкметна, і з яе пацякла кроў і жудасная жаўтаватабелая маса, гэта, напэўна, былі яго мазгі; кроў не пераставала цячы, і я, застыўшы ад жаху, думаў: адкуль гэты бясконцы паток крыві, няўжо гэта ўсё з ягонай галавы? Усё дно нашага акопа заплыло крывёю, гліністая глеба дрэнна ўсмоктвала, кроў расцякалася да самай плямы, дзе я быў укленчыў каля пустой бутэлькі...
Я быў адзін у цэлым свеце, сам-насам з Гэкеравай крывёю, бо Гайн не адгукаўся, а мяккага шоргату снайперскіх куляў больш не было чутно...
Але раптоўна цішыню разарваў рэзкі гук, я перапалохана рвануўся ўгору — і ў гэтае самае імгненне адчуў удар ззаду, ад якога — як ні дзіўна — зусім не было балюча; я заваліўся наперад, галавою на Гэкеравы грудзі, і ў той час, калі наўкол мяне абуджаўся шум бітвы, дзікі брэх кулямёта з Гайнавага акопа і жудасныя стрэлы з установак, якія мы называлі «арганамі»,— у гэтую хвілю я зусім супакоіўся: бо з Гэкеравай цёмнаю крывёю, што была ўсё яшчэ разлітая па дне акопа, цяпер перамешвалася светлая, цудоўна светлая кроў, пра якую я ведаў, што яна зусім цёплая і што гэта мая ўласная кроў; я ссоўваўся і апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль не апынуўся, шчасна ўсміхаючыся, каля ўвахода ў тую алею, якую не здолеў апісаць Гэкер; бо дрэвы былі голыя, адзінота і пустэльнасць праглядала паміж бляклых ценяў, і надзея сканала ў маім сэрцы, калі я далёка, надзвычай далёка ў мяккім залатым святле ўбачыў, як мне падае знак Гэкерава постаць.
КАЛЯ МОСТА
Яны зацыравалі мае ногі і далі мне пасаду, на якой я магу сядзець; я падлічваю людзей, што праходзяць па новым мосце. Ім вельмі рупіць даводзіць сваю стараннасць з дапамогаю лічбаў; яны ачмурваюць сябе, робячы гэтую бязглуздзіцу, некалькімі лічбамі! I цэлы дзень, цэлы дзень мой нямы рот працуе, нібы гадзіннікавы механізм: я нагрувашчваю адзін на адзін нумар за нумарам, каб увечары абвясціць ім трыумф аднае лічбы.
Іх твары ззяюць, калі я паведамляю ім вынік маёй змены: чым большая лічба, тым больш гэтыя твары ззяюць; і ў іх тады ёсць падстава ісці класціся спаць задаволенымі, бо шмат тысяч людзей праходзяць штодня па іх новым мосце...
Але іхняя статыстыка непраўдзівая. Мне вельмі шкада, але яна непраўдзівая. Я ненадзейны чалавек, хоць умею ўдаваць з сябе вельмі шчырага.
У глыбіні душы я цешуся, раз-пораз памяншаючы тую ці іншую лічбу, а потым зноў робячы ім падарунак з некалькіх лічбаў у дадатак. Іхняе шчасце ў маіх руках. Калі я раз’юшаны, калі ў мяне няма чаго курыць, я падаю толькі сярэднюю лічбу, якая часам ніжэйшая за сярэднюю, а калі ў мяне душа пяе, калі я дужа ўсцешаны, сваю шчодрасць я ўвасабляю ў пяцізначнай лічбе. I яны робяцца такія шчаслівыя! Яны літаральна вырываюць тады вынікі з маіх рук, вочы іх запальваюцца, яны ляпаюць мяне па плячы. Ім і ў галаву не прыходзіць, што тут нешта не тое. 'Пасля яны пачынаюць нешта — не ведаю што — памнажаць, дзяліць, пераводзіць у працэнты. Яны падлічваюць, колькі людзей сёння праходзіла па мосце штохвіліны і колькі іх павінна прайсці за дзесяць год. Яны любяць будучы закончаны час; будучы закончаны
час — іхні фах... і ўсё-ткі, на жаль, усё гэта непраўдзівае...
Калі па мосце праходзіць мая маленькая каханая — а яна праходзіць два разы на дзень,— маё сэрца проста перастае біцца. Нястомнае тахканне майго сэрца папросту спыняецца, пакуль яна не паверне ў алею і там не знікне. I пра тых, што ў гэты час таксама ідуць па мосце, яны ад мяне не даведаюцца. Гэтыя дзве хвіліны належаць мне, аднаму мне, і я не аддаю іх нікому. Таксама калі яна ўвечары зноў вяртаецца са свайго кіёска з марожаным, калі яна па другім баку каля парэнчаў праходзіць паўз мой нямы рот, які мусіць лічыць, лічыць... сэрца маё зноўку адключаецца, і я зноў бяруся лічыць далей толькі тады, калі яна знікае з вачэй. I ўсе тыя, хто мае шчасце ў гэтыя хвіліны прашыбаваць перад маімі невідушчымі вачыма, не трапляюць у вечныя аналы статыстыкі: прывідныя цені мужчын, прывідныя цені жанчын, што не будуць маршыраваць у статыстычным будучым закончаным часе...
Вядома, я яе люблю. Але яна пр