Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
юды-туды перад гатэлем «Прынц Генрых»: вярталася амаль аж да Грэцавай крамы на Модэстгасэ і зноў прыходзіла пад вокны гатэля; яна баялася скандалу, які неўзабаве павінен выбухнуць; субота была для яго свяшчэнны дзень; ён яшчэ мог сцярпець, калі ў суботу яго патурбуюць па прыватнай справе, але не па службовай, якая б яна ні была; у яе ўвушшу яшчэ гучалі яго словы: «Проста няведама што»; яшчэ не надышла сёмая, і некалькі хвілін Шрыта можна было яшчэ заспець па тэлефоне; добра, што стары вырашыў адмовіцца ад урачыстае вячэры; бачыць, як Роберт Фэмель есць і п’е, было б для яе гвалтам над святыняю; са страхам яна думала пра аб’ект Х-5; гэта не быў прыватны аб’ект; які-небудзь там «дом выдаўца на ўскрайку лесу» ці «дом настаўніка каля ракі»; яна нават не наважвалася думаць пра гэты аб’ект: такая была вакол яго таямніца, паперы ляжалі ў самай глыбіні сейфа; ёй займала дыханне; хіба ж пан доктар не размаўляў пра гэты аб’ект з Кандэрсам цэлую чвэрць гадзіны? Ей было вельмі боязна.
Грэц усё яшчэ цягнуў свайго дзіка па сходах: гэта ён
рабіў рыўкамі, бо жывёліна была агромністая: хлопец-пасыльны з вялізным кашом кветак пазваніў каля брамы друкарні, паявіўся прыдзвернік, забраў кош і зноў зачыніў брамку; хлопец расчаравана глянуў на тую дробязь «на чай», што паклаў у яго далонь прыдзвернік; «Я скажу яму,— падумала Леанора,— гэтаму ветламу старому, што прыдзвернік не выконвае ягонага загаду даваць кожнаму пасыльнаму хлопцу па дзве маркі на чай; срэбра, відавочна, не паблісквала ў яго далоні, то былі цьмяныя медзякі».
Будзь адважнаю, Леанора! Будзь адважнаю, сцісні зубы, пераадолей свой сполах ды ідзі ў гатэль. Яна яшчэ раз адышлася за рог вуліцы; тым часам дзяўчына з кошыкам далікатэсаў зайшла ў брамку друкарні; праз хвілю яна таксама без радасці паглядала на сваю далонь; «які нягоднік гэты прыдзвернік,— падумала Леанора,— абавязкова скажу пра ўсё пану Фэмелю»'.
Яшчэ дзесяць хвілін, перш чым праб’е сёмая; яе запрасілі ў Кронэраву кавярню, а потым загадалі прыйсці ў «Прынц Генрых», а яна заявіцца туды і пачне гаварыць пра справы фірмы, якіх па святых суботах ён не можа цярпець; можа, зважаючы на выключнасць аб’екту Х-5, ён зрэагуе сёння іначай? Яна страсянула галавой і з роспачнай адвагай нарэшце штурхнула дзверы ды тут са страхам адчула, што знутры іх нехта трымаў.
Дзіця, дзіця, і ў дачыненні да цябе я дазволю сабе зрабіць прыватную заўвагу; падыдзі сюды бліжэй; спадзяючыся, што прычыну тваёй сарамлівасці не варта шукаць у мэце твайго прыходу сюды, а толькі ў ім самім; мне давялося ўжо бачыць шмат дзяўчат, што ўваходзілі ў гэтыя дзверы, але гэткай, як ты, мне яшчэ бачыць не выпадала; у гэтай хвілі тут ёсць толькі адзін-адзіны кліент, да якога я пусціў бы цябе, не выказваючы прыватных заўваг,— гэта Фэмель; я мог бы быць табе дзядулем, і ты не зазлуеш на мяне за маю прыватную заўвагу; чаго ты шукаеш у гэтай зладзейскай пячоры? Рассыпай за сабою хлебныя крошкі, каб знайсці адсюль дарогу назад; дзіця, ты заблукала; той, хто прыходзіць сюды
па справе, выглядае не гэтак, як ты; а ў каго тут ёсць прыватныя справы — і пагатоў; але ж падыдзі бліжэй.
— Да доктара Фэмеля? Ага, сакратарка. Па неадкладнай справе? Пачакайце, фройляйн, я папрашу, каб яго паклікалі да тэлефона... Спадзяюся, што вулічны шум Вам не будзе замінаць.
— Леанора? Я рады, што мой бацька запрасіў Вас на святочную вячэру, і прабачце мне, калі ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўранні. Добра, Леанора? Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Ліст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб’екта Х-5 няправільна разлічана? Добра, я разбяруся і затэлефаную Шрыту. Так ці інакш, дзякуй, Леанора, і — да хуткай сустрэчы.
Яна паклала слухаўку, падышла да парцье, хацела была ўжо разявіць рот, каб спытацца, як прайсці ў Фэмелеў нумар,— але тут яе напалохаў моцны, сухаваты, рэзкі гук.
— Божа мой,— ускрыкнула яна,— што гэта?
— Гэта стрэлілі з пісталета, маё дзіця,— адказаў Ехэн.
Чырвонае па зялёным, белае па зялёным; Гуга стаяў, абапёршыся аб белыя лакіраваныя парэнчы і заклаўшы рукі за спіну; фігуры здаваліся яму не такімі дакладнымі, рытм руху шароў — парушаным; хіба гэта не былі тыя самыя шары, той самы стол з сукном найлепшай якасці, за якім даглядалі самым лепшым чынам? I хіба Фэмелева рука не зрабілася яшчэ лягчэйшая, а яго ўдары — яшчэ дакладнейшыя, калі ён выбіваў фігуру з зялёнага Нічога? I ўсё ж Гугу здавалася, што рытм руху шароў парушаны, а фігуры крыху страцілі сваю дакладнасць і акрэсленасць; ці, можа, гэта Шрэла прынёс з сабою пастаянную сучаснасць часу і разагнаў усе чары? Гэта ўсё адбывалася тут, адбывалася сёння, а васемнаццатай гадзіне сорак чатыры хвіліны, у суботу шостага верасня 1958 года; нішто не пераносілася на трыццаць год назад ці на чатыры — уперад, зноў на сорак назад і пасля ў сённяшні дзень; цяпер доўжылася бесперапынная сучаснасць, якая
штурхала перад сабою секундную стрэлку гадзінніка: тут, сёння, цяпер — а тым часам з рэстарана чуліся неспакойныя воклічы: «дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак»: усе спяшаліся да феерверку, да вокнаў, каб глядзець парад, натоўп праціскаўся да рымскіх дзіцячых магіл; «ці ўспышкі сапраўды ў парадку?»... «Вы што — не ведалі, што М. значыць міністр?»... «дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак»...
Гадзіннікі адбівалі час недарэмна, недарэмна рухаліся стрэлкі; яны нагрувашчвалі хвіліну на хвіліну, дадавалі іх да чвэрці, да паловы гадзіны і маглі паказваць дакладны час: да аднаго года, да адной гадзіны, да адной секунды; хіба ў рытме стуку шароў не гучала пытанне: «Роберт, дзе ты?, «Роберт, дзе ты быў?», «Роберт, дзе ты бываў?» I хіба ў Робертавых ударах не чуцён быў адказ: «Шрэла, дзе ты?», «Шрэла, дзе ты быў?», «Шрэла, дзе ты бываў?» Хіба іхняя гэта гульня не была нечым, падобным да млына, які бясконца паўтарае малітву, хіба яна не была імшой, якую адпраўлялі кіі і більярдныя шары на зялёным сукне? «Навошта-навошта-навошта?»; «Злітуйся з нас! Злітуйся з нас!» Шрэла ўсміхаўся, трос галавою кожны раз, калі, адыходзячы ад борціка, пакідаў Роберту чарговую, утвораную шарамі фігуру.
I Гуга таксама міжвольна трос галавою пасля кожнага ўдару: разагнаныя чары, меншая дакладнасць, парушаны рытм, падчас, калі гадзіннік даваў такі дакладны адказ на пытанне «калі»: васемнаццатая пяцьдзесят дзве, шостага верасня 1958 гада.
— Ах,— сказаў Роберт,— пакіньма гэта; мы ўжо не ў Амстэрдаме.
— Добра,— адказаў Шрэла,— пакіньма гэта, твая праўда. Ці хлопец яшчэ нам патрэбны?
— Вядома,— сказаў Роберт,— мне ён яшчэ патрэбны, але, можа, ты хочаш пайсці, Гуга? He? Застанься, калі ласка, пастаў кіі ў стаяк, схавай шары і прынясі нам чаго-небудзь выпіць... ды не, заставайся, сынок; я хачу табе нешта паказаць: паглядзі, вось тут цэлы стос папераў; дзякуючы пячаткам і
подпісам яны сталі дакументамі: толькі аднаго бракуе — твайго подпісу пад гэтай вось паперай; калі ты паставіш яго, станеш маім сынам! Ці разгледзеў ты маіх бацьку і маці, калі прыносіў ім віно? Яны будуць тваімі дзядулем і бабуляю, а Шрэла — тваім дзядзькам, Рут і Марыяна — тваімі сёстрамі, а Езэф — тваім братам; ты станеш сынам, якога Эдыт ужо не змагла мне падарыць; што скажа мой стары, калі я ў дзень яго нараджэння пазнаёмлю яго з новым унукам, які мае ўсмешку, як у Эдыт?.. Ты пытаўся, ці гэты хлопец нам яшчэ патрэбны, Шрэла? Ен нам патрэбны, і мы былі б шчаслівыя быць патрэбнымі яму; больш дакладна сказаць: яго нам бракуе... чуеш, Гуга, нам цябе бракуе. Ты не можаш быць сынам Фэрдзі, але ж ты ўзяў у спадчыну яго дух... Ціха, хлопча, не трэба плакаць; ідзі ў свой пакой і перачытай гэтыя паперы, ды будзь уважлівы там у калідоры, сынок!
Шрэла адсунуў фіранку, паглядзеў праз акно на пляц; Роберт падаў яму пачак цыгарэтаў, Шрэла даў агню, і яны абодва закурылі.
— Ці ты яшчэ не адмовіўся ад нумара ў гатэлі?
— He.
— Хіба ты не хочаш жыць у нас?
— Яшчэ не ведаю,— адказаў Шрэла,— у мяне страх перад дамамі, у якіх трывала ўладкоўваешся і хутка пераконваешся ў банальных рэчах: жыццё ідзе далей, і час прыносіць замірэнне; Фэрдзі стаў бы для мяне толькі ўспамінам, бацька — толькі сном; а між тым тут яны забілі Фэрдзі, і бацька назаўсёды знік менавіта адсюль; згадак пра іх не знойдзеш нават у спісах ніякіх палітычных арганізацый, бо яны палітыкай не займаліся; іх не ўспомняць у жалобных песнях яўрэйскай абшчыны, бо яны не былі яўрэямі; Фэрдзі, можа, толькі жыве ў судовых архівах; толькі мы абодва ўспамінаем пра яго, Роберт, і яшчэ твае бацькі ды стары парцье там унізе; твае дзеці ўжо не памятаюць яго; я не магу жыць у гэтым горадзе, бо ён недастаткова чужы мне; я тут нарадзіўся, хадзіў у школу; тады я хацеў вызваліць вуліцу Груфэльштрасэ ад закляцця; я насіў у сабе слова, якое ніколі не вымаўляў уго-
лас, Роберт; нават у размовах з табою; гэта адзінае слова, ад якога я чакаю нечага для гэтага свету... я і цяпер не вымаўляю яго, можа, толькі на вакзале, калі ты будзеш праводзіць мяне на цягнік.
— Хочаш ехаць ужо сёння? — спытаў Роберт.
— He, не, не сёння; нумар у гатэлі — гэта якраз тое, што трэба; калі я там зачыняю за сабою дзверы, гэты горад здаецца мне такім самым чужым, як і любы іншы. У тым нумары я магу ўявіць сабе, што неўзабаве кудысьці паеду і зноў пачну выкладаць нямецкую мову, у школьным класе, дзе я пасціраю з дошкі арыфметычныя заданні, каб крэйдай напісаць на ёй: «я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; ён вязаў, яна вязала; я буду вязаць»... я люблю граматыку гэтаксама, як люблю вершы. Можа, ты думаеш, што я не хачу тут жыць, бо не бачу ніякіх рэальных гістарычных шанцаў для гэтай дзяржавы? Мне здаецца хутчэй, што я не магу тут жыць таму, што я ніколі не цікавіўся і цяпер не цікаўлюся палітыкай.
Шрэла паказаў на пляц унізе і засмяяўся: «Не тыя людзі, што там унізе, мяне палохаюць... вядома ж, вядома ж, усё я ведаю і пазнаў іх, убачыўшы там унізе,— Нэтлінгера і Вакеру; я не баюся таго, што яны тут, а баюся таго, што там няма іншых людзей; якіх? Тых, што часам вымаўляюць гэтае слова ў думках, няхай сабе нават шэптам; аднаго разу ў Гайд-парку я чуў, як адзін стары чалавек сказаў: «Калі Вы верыце ў Яго, дык чаму ж не робіце таго, што Ен загадаў?»
Неразумна, нерэалістычна ўсё