Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
мне нават сентыментальнасці, тым больш — ніякіх пачуццяў; ці хочаш віна?
— Налі, калі ласка.
Я аддаюся на міласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткія... паглядзі: там, унізе, наш стары сябар Нэтлінгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявіўся, каб паціскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калі каго і застрэліць, -^дык, можа, лепей гэта Нэтлінгера — але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеі, што там унізе, на вуліцы; забойца майго ўнука сядзіць побач на балконе — бачыш яго? У цёмным гарнітуры, прыстойны, прыстойны; гэты мысліць іначай, дзейнічае іначай, плануе іначай і сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску і па-англійску, ведае лаціну і старажытнагрэцкую і назаўтра паклаў ужо закладку ў адпаведнае месца хрысціянскага календара Шота: пятнаццатая нядзеля па Сёмусе: якая ўсхваляльная малітва сёння? — Крыкнуў ён сваёй жонцы ў спальню. He, я не буду забіваць гэтага тоўстага мяшка на сівой клячы; не буду страляць па гэтым чалавекумузеі... толькі крыху павярнуць і — будзе ўсяго шэсць метраў, абсалютная гарантыя, што не прамахнуся; на што яшчэ можа прыдацца маё сямідзесяцігадовае жыццё? Забойства не тырана, а прыстойнага чалавека; смерць верне на ягоны твар вялікае здзіўленне; хадзем, не трэба дрыжаць, мой даражэнькі; я хачу заплаціць выкуп; гэта будзе для мяне забава; дыхаць спакойна, нацэліцца, разлічыць, калі націскаць на курок... можаш не затыкаць сабе вушэй, мой дарагі; стрэл не будзе надта гучны: проста нібы лопне шарык з паветрам; пярэдадне пятнаццатай нядзелі па Сёмусе.
13
У аднае дзяўчыны валасы былі бялявыя, у другой — каштанавыя; абедзве былі танклявыя, зграбныя; абедзве ўсміхаліся, абедзвюм добра пасавалі касцюмы з чырванавата-ка-
рычневага твіду, у абедзвюх ладныя шыйкі падымаліся са снежна-белых каўнерыкаў, нібы сцяблінкі кветак; абедзве добра, зусім без акцэнту, гаварылі па-французску і па-англійску, па-фламандску і па-дацку; абедзве добра і без ніякага акцэнту гаварылі на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былі гожыя законніцы неіснуючага баства; яны авалодалі таксама лацінай; і цяпер у асобным пакойчыку паблізу касы яны чакалі, пакуль каля бар’ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткімі абцасамі чаравікаў пагасілі недакуркі цыгарэт, спрактыкаванымі рукамі падмалявалі сабе губы і, выйшаўшы за бар’ер, пачалі высвятляць нацыянальнасць наведнікаў; з усмешкай, без аніякага акцэнту, яны пыталіся пра краіну, адкуль госці прыехалі, і пра мовы, якімі яны валодаюць; турысты адказвалі на пытанні, падымаючы палец: сямёра гаварылі па-англійску, двое — па-фламандску, трое — па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацінай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькі адзін чалавек? Лёгкі цень шкадавання на прыгожым твары — з прычыны гэткай малой колькасці экскурсантаў з гуманітарнай адукацыяй; толькі тая адзіная паненка належным чынам здолее ацаніць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпісы надмагільных камянёў? Усміхаючыся, схіліўшы ліхтар на кійку, нібы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам і вапнаю; потым стаў адчувацца пах магільнага склепа, хоць лёгкі шум выдаваў, што тут дзейнічае вентыляцыя; без ніякага акцэнту гучалі англійская, фламандская і нямецкая мовы; турыстаў інфармавалі пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вуліцы — вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма — з чацвёртага; паглядзіце, вунь там знуджаныя ахоўнікі, надрапаўшы на блоку з пясчаніку квадраты, гулялі ў «млын» (як казаў кіраўнік курсаў, «заўсёды падкрэсліваць агульначалавечыя, побытавыя дэталі»); вось тут рымскія дзеці гулялі ў каменьчыкі; звярніце ўвагу на тое, што камяні брукаванкі бездакорна дапасаваныя адзін да аднаго; вадасцёк, па ім у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыц-
ця рымскага посуду, пасля мыцця рымскай бялізны; рэшткі маленькага прыватнага храма Венеры, які загадаў пабудаваць для сябе пан рымскі консул; у неонавым святле былі відны ўсмешкі турыстаў: фламандскія, англійскія ўсмешкі; ці трое маладых немцаў і праўда ні разу не ўсміхнуліся? Чым растлумачыць глыбіню закладкі падмурка? У тыя часы глеба, на якой вялася будоўля, была яшчэ забалочаная, зялёныя грунтавыя воды, якія напаўнялі раку, булькаталі ў шчылінах скалістай пароды. Ці чуеце вы праклёны германскіх нявольнікаў? Пот сцякаў са светлых броваў на белыя твары, рабіў вільготнымі светлыя бароды; з вуснаў варвараў выходзілі поўныя алітэрацый праклёны: «3 ран і гора, прынесенага праклятымі прыхаднямі, народзіцца выснаваная Вотанам помста-адплата — гора ім, гора ім, гора!»
— Крыху цярпення, шаноўныя пані і панове, яшчэ некалькі крокаў; вось тут — рэшткі будынка суда, а вось і яны — рымскія дзіцячыя магілкі.
(«Тут,— казалі на курсах,— вы павінны першыя моўчкі спыніцца і пачакаць з тлумачэннямі, пакуль у іх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; і прашу не ўвязвацца ў дыскусію наконт саміх рымскіх дзіцячых магіл — што гэта зусім не рымскія дзіцячыя магілы, а толькі надмагільныя камяні, прычым знойдзеныя зусім у іншым месцы...»)
Надмагільныя каменныя пліты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралі паўкола. Калі прайшло першае хваляванне, здзіўленыя госці пачыналі глядзець угору: па-над неонавымі лямпамі віднелася цёмна-блакітнае неба: ці гэта на ім ужо паблісквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водбліск пазалочанага ці пасрэбранага шарыка агароджы, які, мякка адбіваючыся, уваходзіў у круглы калодзеж, складзены з пяці вянцоў?
— На ўзроўні першага вянца — бачыце белую рыску на бетоне? — прыкладна праходзіла вуліца ў часы Рыма; на
ўзроўні другога вянца — там таксама відна белая рыска на бетоне, бачыце? — праходзіла вуліца ў часы Сярэднявечча, і, нарэшце, на ўзроўні трэцяга вянца — белай рыскі вам, напэўна, паказваць ужо не трэба — праходзіць вуліца сёння; а цяпер, шаноўныя пані і панове, зоймемся надпісамі.
Твар дзяўчыны зрабіўся зусім каменны, нібы твар багіні; сагнуўшы локаць, яна падняла ліхтар, нібы рукаятку паходні:
Dura quidem frangit parvorum morte parentes Condicio rapido praecipitata gradu
Spes aeterna tamen tribuet solacia luctus...
Яна ўсміхнулася Рут — адзінай, што магла належным чынам ацаніць велічнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукі дзяўчына паправіла каўнерык твідавага касцюма; потым яна крыху апусціла ліхтар і прадэкламавала пераклад надпісу:
I хоць фатальны лёс бацькоў спасцігае, Калі іх дзіця гэтак хутка, раптоўна Памірае, Ды ў смутку над жыццём яго, зусім юным, Што цяпер толькі раю належыць, Адно вечная надзея нас суцяшае.
Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзідэратус, Калі быў пахаваны пад гэтым магільным пагоркам.
Смутак семнаццаці стагоддзяў адбіўся на тварах турыстаў, запаў у іх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя сківіцы пажылсга ўжо фламандца; у яго апусціўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкі куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклі слёзы, Ёзэф сціснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гід з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае паанглійску:
Hard a fate meets with the parents...
Небяспечны момант, калі з цёмнага сутарэння госці зноў выбраліся наверх, на святло, на свежае паветра, у летні вечар;
калі старадаўні смутак смерці глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямі любоўных містэрыяў багіні Венеры, калі самотныя турысты выплёўвалі жавальныя гумкі перад касавым акенцам і спрабавалі прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлі «Прынц Генрых:; праходка разам па горадзе, вячэра — a lonely feeling*, фройляйн; і тут трэба было паводзіць сябе, як гэта рабіла вясталка: не дазваляць ніякіх заляцанняў і рашуча адмаўляцца ад усялякіх запрашэнняў; «прашу не дакранацца да мяне; толькі глядзець: No, Sir, no**, — і ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным іншаземцам, якія, патрэсваючы галовамі, мусілі ісці наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багіня Венера і, добра разбіраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках і марках.
Касір адрываў білеты ад скрутачка, нібыта вузкія ўваходныя дзверы вялі ў кіно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабіць адну-дзве зацяжкі цыгарэты, адкусіць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу і кожны раз вырашаць складаную праблему: ці прыберагчы недакурак да наступнага разу, ці пагасіць яго танюсенькім абцасам; яшчэ адна зацяжка і яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкі,— і ў гэтую хвілю касір ужо ўсунуў галаву праз дзверы:
— Дзіцятка, дзіцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся — рымскія дзіцячыя магілкі — найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.
Дзяўчына з усмешкай ізноў выходзіла да бар’ера; зноў пытанні пра нацыянальнасць і родную мову: чацвёра размаўлялі па-англійску, адзін — па-французску, адна — пагаландску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; ліхтар
* Пачуццё самоты (англ.).
** He, сэр, не, не (англ.).
на кійку, нібы шпага; яна зноў сыходзіла ў цёмны магільны склеп, каб яшчэ раз распавесці пра старажытны культ любові, расшыфраваць старадаўні смутак смерці.
У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялі слёзы, калі ўсе выйшлі на вуліцу і якраз праходзілі праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, англічане і галандцы імкнуліся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлівая таямніца хавалася там унізе, у цёмных сутарэннях? Ці хтонебудзь чытаў такое — каб помнікі культуры прымушалі людзей праліваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенігаў гэткая вялікая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кіно только пасля вельмі дрэнных і пасля вельмі добрых фільмаў? Ці камяні напраўду могуць расчуліць да слёз аднаго чалавека, у той час як іншыя флегматычна запіхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб’ект для кадра — о, франтон жылога дома мешчаніна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк — і вось франтон дзякуючы пэўнаму хімічнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.
— Памалу, памалу, шаноўныя го