Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
сці! — выкрыкнуў касір праз сваё акенца.— 3 прычыны надзвычай вялікага наплыву экскурсантаў мы вырашылі павялічыць групы наведвання з дванаццаці да пятнаццаці чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргі падысці; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.
Яны ўсё яшчэ ішлі ўздоўж чаргі, што выцягнулася каля сцяны і канчалася аж на рагу вуліцы; на Марыяніным твары ўсё яшчэ былі слёзы; яна адказала ўсмешкай Езэфу, які моцна сціснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Езэфава сястра паклала ёй руку на плячо.
— Нам трэба спяшацца,— сказала Рут,— ужо без дзесяці сёмая, і мы не павінны прымушаць іх чакаць.
— Праз дзве хвіліны мы будзем ужо на месцы,— адказаў Езэф,—... не спознімся; але і тут мяне не абміне гэты пах: вапна і муравальны раствор; між іншым, ці вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павінны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любові да выбухаў? Калі падрывалі старую вежу-вартоўню, унізе абрынулася нейкае скляпенне і была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынаміт... як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Ці ў табе загаварыў голас крыві, калі ты ўбачыла яго?
— He,— адказала Рут,— голас крыві ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохі сухаваты, трохі бездапаможны... Ці ён будзе жыць у нас?
— Падобна на тое,— адказаў Езэф,— ці будзем і мы там жыць, Марыяна?
— Ты хочаш пераехаць у горад?
— Ага,— адказаў Езэф.— Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фірме майго бацькі, хіба табе гэта не даспадобы?
Яны перайшлі цераз ажыўленую вуліцу і выйшлі на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вітрыны і, вызваліўшыся ад рук Езэфа і Рут, пачала насоўкай выціраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзіла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.
— Ці мы ўбраныя досыць святочна? — спыталася яна.— Я не хацела б пакрыўдзіць дзядулю.
— Вы ўбраныя зусім па-святочнаму,— запэўніў яе Езэф.— Як табе падабаецца мой план, Марыяна?
— Мне зусім не ўсё адно, чым ты займаешся,— адказала яна,— вывучаць статыку — гэта, вядома, добра, вось толькі пытанне: які ўжытак ты хочаш потым зрабіць з гэтай сваёй навукі?
— Будаваць або падрываць — дакладна яшчэ не ведаю,— сказаў Езэф.
— Дынаміт, напэўна, ужо занадта стары сродак,— сказала Рут,— вядома ж, ёсць куды навейшыя і лепшыя; ці ты памятаеш, як цешыўся бацька, калі яму яшчэ дазвалялі пад-
рываць? Такі сур’ёзны ён зрабіўся толькі з тае пары, калі не стала чаго падрываць... што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Ці падабаецца ён табе?
— Ага,— сказала Марыяна,— ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, і я амаль баялася яго, перш чым з ім пазнаёміцца; але цяпер думаю, што боязі перад ім адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасці я адчуваю сябе ў бяспецы.
Езэф і Рут смяяцца не сталі; разам з Марыянай — яна ішла ўсярэдзіне — рушылі далей; усе спыніліся каля ўвахода ў Кронэраву кавярню; абедзве дзяўчыны яшчэ раз агледзелі сябе ў дзвярным шкле, абабітым знутры зялёным ядвабам, яшчэ раз прыгладзілі свае валасы, перш чым Езэф з усмешкай адчыніў дзверы.
— Божухна,— сказала Рут,— я так хачу есці; напэўна, дзядуля замовіў нам што-небудзь самае лепшае.
Фраў Кронэр, падняўшы абедзве рукі, ішла да іх паўз пазасціланыя зялёнымі абрусамі сталы, па зялёным ходніку; яе серабрыстыя валасы крыху растрапаліся, на твары была напісана бяда, вадзяністыя вочы паблісквалі вільгаццю, голас дрыжаў ад непадробнага хвалявання.
— Значыць, вы яшчэ нічога не ведаеце? — спытала яна.
— He,— адказаў Езэф,— а што такое?
— Мусіць, здарылася нешта жахлівае: колькі хвілін таму Ваша бабуля па тэлефоне адмовілася за ўсіх ад урачыстай вячэры; вас просяць зайсці ў гатэль «Прынц Генрых», нумар 212. Я не толькі сур’ёзна занепакоеная, але і вельмі расчараваная, пане Фэмель; я сказала б нават — абражаная, калі б не думала, што на тое ёсць важкія прычыны; для нашага сталага, на працягу пяцьдзесят аднаго года, кліента, мы, вядома, рыхтавалі неспадзяванку — сапраўдны твор мастацтва... я зараз Вам гэта пакажу; а што я маю сказаць газетчыкам і карэспандэнтам радыё, якія павінны з’явіцца тут недзе а дзевятай — пасля святкавання ў вузкім сямейным коле?.. Што я скажу ім?
—■ Ці бабуля Вам выразна не растлумачыла прычыну?
— Нездароўе... не ведаю, ці трэба гэта разумець як... э-э-э... хранічнае нездароўе Вашае бабулі?
— Мы яшчэ нічога не ведаем,— адказаў Езэф.— Ці Вы б не былі так ласкавыя, каб пераслаць падарункі і кветкі нашаму дзядулю?
— Вядома ж, з ахвотаю; але ці не хацелі б Вы, прынамсі, пабачыць нашу неспадзяванку?
Марыяна ціхенька падштурхнула Езэфа, Рут заўсміхалася, а Езэф сказаў:
— 3 вялікай ахвотаю, фраў Кронэр.
— Я была яшчэ зусім дзяўчынкай, чатырнаццаць год, калі Ваш дзядуля прыехаў у наш горад, і практыкавалася тут, у буфеце; пазней я навучылася падаваць на стол, і вы можаце сабе ўявіць, як часта мне даводзілася накрываць яму пры снеданні — як часта я забірала з яго стала келіх для яек і падстаўляла яму мармелад, 1, калі я нахілялася, каб забраць сподак з-пад сыру, заўсёды зазірала ў яго эскізны альбомчык; Божачка мой, чалавек жа заўсёды бярэ нейкі ўдзел у жыцці сваіх кліентаў; не думайце, што мы, людзі інтарэсу, пазбаўленыя ўсякіх пачуццяў; і што Вы думаеце, я забылася пра тое, як ваш дзядуля за адзін вечар зрабіўся славуты, атрымаўшы вялікі заказ; мажліва, наведнікі думаюць, што вось так ідуць у Кронэраву кавярню, замаўляюць сабе штосьці, плацяць за гэта і сыходзяць, але не думайце, што іх лёс не пакідае ў нас ніякага следу...
— Ну, пэўна ж,— сказаў Езэф.
— О, я ведаю, пра што Вы думаеце — няхай старая дасць нам святога спакою: але ці напраўду я патрабую шмат, просячы, каб вы ўбачылі маю збянтэжанасць і перадалі дзядулю, што я была б дужа ўсцешаная, калі б ён прыйшоў сюды паглядзець на ўсё? Фатаграфіі ў газету ўжо зробленыя.
Яны павольна пайшлі ўслед за фраў Кронэр, па зялёным ходніку, пасланым паміж накрытых зялёнымі абрусамі сталоў; спыніліся, калі спынілася гаспадыня кавярні, а потым міжвольна абступілі з усіх бакоў вялікі чатырохкутны
стол, засланы палатном; пад палатном нейкі прадмет няправільных памераў.
— Вельмі добра,— сказала фраў Кронэр,— што нас чацвёра; вазьміце, калі ласка, кожны за рог палатна і, калі я скамандую «падымайма», акуратна падымайце яго ўгору.
Марыяна падпіхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: «Падымайма!», і яны паднялі палатно;абедзве дзяўчыны сышліся, склалі свае рагі палатна, а фраў Кронэр беражліва згарнула яго.
— О Божа! — ускрыкнула Марыяна.— Гэта ж дакладная копія абацтва Святога Антонія.
— Праўда? — спыталася фраў Кронэр.— Паглядзіце, нават пра мазаіку над галоўным уваходам мы не забыліся; a вось тут вінаграднікі.
Мадэль мела не толькі дакладныя прапорцыі абацтва, але і адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пілігрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.
— Усё гэта,— сказала фраў Кронэр,— зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, ці не змог бы Ваш дзядуля зайсці сюды і агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабінет?
— Напэўна,— адказаў Езэф,— ён зойдзе і агледзіць торт; дазвольце мне напачатку ад яго імя падзякаваць Вам; павінны быць сур’ёзныя прычыны, якія змусілі яго адмовіцца ад урачыстае вячэры, і Вы нас, канечне, зразумееце...
— Я добра разумею, што Вам пара ісці... не, калі ласка, не трэба класці палатно назад; тэлебачанне паведаміла, што прыедзе сюды.
— Я хацеў бы аднаго,— сказаў Езэф, калі яны ішлі па пляцы перад саборам Святога Севярына,— засмяяцца ці заплакаць, ды не здольны ні на тое, ні на тое.
— Я ведаю толькі, што хутчэй бы магла заплакаць,— сказала Рут,— але я гэта рабіць не буду. Што там за людзі? 3 якой нагоды ўвесь гэты вэрхал... што яны робяць там з паходнямі?
На вуліцы было шумна, плямкалі конскія капыты, коні гігаталі; галовы, прывычныя даваць каманды, заклікалі да збору, музыканты духавога аркестра апошні раз спраўджвалі свае інструменты; і тут, сярод гэтага голасу пачуўся нягучны, сухі кароткі гук, зусім не такі, як іншыя гукі.
— Божа мой, што гэта? — спалохана спыталася Марыяна.
— Нехта стрэліў,— адказаў Езэф.
Прамінуўшы гарадскую браму і выйшаўшы на Модэстгасэ, Леанора спалохалася: завулак быў пусты, не было ні навучэнцаў, ні манашак, нідзе ніводнага грузавіка, ніякага вулічнага руху; толькі белы хвартух фраў Грэц там за крамаю; ружовыя аголеныя рукі пхалі перад сабою швабру, гонячы мыльную пену; брама друкарні была замкнёная наглуха, як быццам у ёй ужо не збіраліся друкаваць будаўнічых тэкстаў на белай паперы; дзік з ранай у баку; каля раны запяклася кроў; дзік ляжаў, адкінуўшы капыты, на сходах; яго якраз паволі пачалі зацягваць унутр крамы; па ўчырванелым Грэцавым твары было відаць, якая цяжкая была гэтая жывёліна; толькі на адзін з яе тэлефонных званкоў адказалі: не ў доме нумар сем і не ў доме нумар восем — толькі ў Кронэравай кавярні:
— Тэрмінова доктара Фэмеля?.. Яго тут няма. Святочная вячэра не адбудзецца. Вы фройляйн Леанора? Вас чакаюць у гатэлі «Прынц Генрых».
Лістаносец, рззка націснуўшы гузік, пазваніў ёй у дзверы, калі яна сядзела ў ванне; гэты рэзкі званок не абяцаў нічога добрага; яна хуценька вылезла з ванны, накінула на сябе купальны халат, абкруціла мокрую галаву ручніком, падышла да дзвярэй і атрымала з рук лістаносца экспрэс-пісьмо: Шрыт напісаў адрас сваім жоўтым алоўкам, на канверце
крыж-накрыж былі дзве чырвоныя паласы; відавочна, яго васемнаццацігадовая дачка мусіла гнаць на ровары ў паштовае аддзяленне; пільная справа...
«Дарагая фройляйн Леанора! Паспрабуйце, калі ласка, неадкладна звязацца з панам Фэмелем; усе статыстычныя разлікі аб’екта будоўлі Х-5 няправільныя; у дадатак да гэтага пан Кандэрс, з якім я толькі што размаўляў па тэлефоне, пераслаў дакументацыю — з усімі памылкамі — непасрэдна заказчыку, насуперак звычаям нашай фірмы; справа настолькі пільная, што я збіраюся сёння выехаць да Вас хуткім цягніком, у выпадку калі да 20.00 не атрымаю ад Вас звестак наконт таго, якія захады зробленыя, каб выправіць гэтую прыкрую памылку; вядома, няма патрэбы нагадваць Вам, які буйны і важны аб’ект Х-5. 3 сардэчнымі прывітаннямі — Ваш Шрыт».
Ужо два разы яна праходзіла с