Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
а з абліччам дыпламата, сто кіло жывой вагі, хада, нібы ў ямніка, і гарнітур! Папахвае важнай асобай; ён трымаецца крыху ззаду, а дзве менш важныя асобы падыходзяць да прылаўка:
— Нумар, зарэзерваваны для пана М., калі ласка.
— Ах, зразумела: нумар дзвесце адзінаццаць. Гуга, хадзем, завядзеш шаноўных паноў наверх.
I ўсе трое, тры цэнтнеры жывой вагі, спавітыя ў англійскае сукно, бясшумна падняліся ў ліфце наверх.
— Ехэн, Ехэн, напрамілы Бог, дзе ты быў аж да гэтай пары?
— Прабач,— адказаў Ехэн,— ты ж ведаеш, што я амаль нікуды і ніколі не пазнюся; асабліва калі ведаю, што цябе чакаюць жонка і дзеці; але бачыш, калі справа датычыць галубоў, маё сэрца рвецца паміж абавязкамі сябра і абавязкамі заўзятага аматара га.дубоў; калі ўжо я выпусціў у дарогу шэсць птушак, дык, натуральна, хачу, каб усе шэсць да мяне вярнуліся; але толькі пяць прыляцелі ў вызначаны час, a шосты вярнуўся толькі праз дзесяць хвілін, зусім зняможаны; бедная істота; ну, ідзі ўжо, калі хочаш яшчэ захапіць добрыя месцы глядзець феерверк, самая пара; ага, ужо бачу: левая апазіцыя'ў блакітным пакоі, правая апазіцыя ў жоўтым пакоі, рада нагляду за дзейнасцю Таварыства «Сас’етас» у чырвоным пакоі; яно ж вядома, канец тыдня; гэта куды
менш цікава, чым калі збіраюцца філатэлісты альбо піўныя магнаты; не бойся, з імі ўжо неяк разбяруся, не буду занадта даваць волі сваім пачуццям, хоць левай апазіцыі я з ахвотаю надаваў бы кухталёў, а правай апазіцыі і сябрам рады нагляду панапляваў бы ў закуску; ну, ты ж не хвалюйся: трымаць штандар фірмы я буду высока; і тваімі кандыдатамі ў самазабойцы таксама займуся; слухаю, шаноўная фраў, прыслаць Гугу а дзевятай гуляць у карты? Вядома ж, ён прыйдзе; ага, пан М. ужо тут? Гэты пан М. мне не падабаецца, хоць я яго яшчэ не бачыў; слухаю, шаноўны пане, шампанскае ў дзвесце адзінаццаты і тры цыгары «Партагас Эмінэнтэс»; пах цыгар дасць Вам магчымасць пазнаць іх! Божухна, а вунь ідзе ўвесь род Фэмеляў!
Дзяўчына, дзяўчына, што з табой зрабілася! Калі я ўбачыў цябе першы раз пад час парада з нагоды кайзеравага візіту, маё сэрца забілася імклівей, хоць я і ведаў, што гэткія кветачкі не растуць дзеля такіх, як я; я прынёс чырвонае віно ў нумар, дзе ты сядзела разам з татусем і мамуляю; дзетка, дзетка, хто б тады падумаў, што калі-небудзь ты зробішся самай сапраўднай бабуляю з серабрыстымі валасамі, зусім зморшчанай? Я б мог цябе адной рукою занесці ў пакой і, далібог, зрабіў бы гэта, калі б мне далі дазвол, але дазволу ў мяне няма, даражэнькая старая дзяўчына, а шкада, ты і сёння яшчэ прыгожая.
— Пане тайны радца, мы зарэзервавалі нумар 212 для Вас і Вашай шаноўнай жонкі... пардон, для Вашай шаноўнай жонкі і для Вас; багаж на вакзале? He? Што-небудзь прывезці з Вашае кватэры? Таксама не трэба? Ах, толькі на дзве гадзіны, пакуль доўжыцца феерверк і парад «Саюза змагароў»? Вядома ж, у нумары будзе досыць месца шасці асобам, вялікі балкон, і, калі жадаеце, мы можам пасастаўляць разам ложкі. He трэба? Гуга, Гуга, завядзі шаноўных спадароў у нумар 212 і вазьмі з сабою картку він; маладых пана і паненак я правяду ў Ваш нумар сам; само сабою, пан доктар, більярдавы пакой зарэзерваваны для Вас і для пана Шрэлы; на гэты час я пашлю да Вас Гугу; напраўду,
ён добры хлопец: палову дня вісеў во на тэлефоне, накручваў ды накручваў Ваш нумар; мяркую, што ён ужо ніколі не забудзе ані Вашага нумара, ані нумара пансіяната «Мадэрн»; а чаму сёння ў «Саюза змагароў» парад? Дзень нараджэння якога-небудзь маршала — здаецца, героя Гузенвальда; мы зноў пачуем цудоўную песню: «Айчына, хістаюцца ўсе твае апоры...»; ну, няхай сабе хістаюцца, пане доктар. Што? Заўсёды хісталіся? Калі б Вы мне дазволілі выказаць мой асабісты палітычны погляд, я б сказаў: увага, калі апоры зноў пачнуць хістацца; увага!
— Я ўжо калісьці тут стаяла,— прамовіла яна ледзь чутна,— і глядзела, як ты маршыруеш там, унізе; то быў парад з нагоды прыезду кайзера ў студзені 1908 года; надвор’е было як замоўленае кайзерам, даражэнькі: траскучы мароз — гэтак, здаецца, пішуць у вершах; я дрыжала, хвалюючыся, ці вытрымаеш ты апошняе і самае цяжкае выпрабаванне — выпрабаванне вайсковай формай; на суседнім балконе стаяў генерал і разам з бацькам, маці і мною падымаў свой келіх; тады ты вытрымаў выпрабаванне, стары; не глядзі на мяне так пільна... менавіта пільна; ты гэтак ніколі яшчэ на мяне не глядзеў; пакладзі галаву мне на калені, запалі цыгару і прабач мне, што я вось дрыжу: мне боязна... ці бачыў ты твар таго хлопца? Хіба ён не мог быць братам Эдыт? Мне боязна, і ты павінен зразумець, што я яшчэ не магу вярнуцца ў нашу кватэру, магчыма, ніколі ўжо ў яе не вярнуся; не магу зноў увайсці ў гэтае кола... мне боязна, куды больш, як даўней; вы, відавочна, папрывыкалі ўжо да гэтых твараў, а я пачынаю сумаваць па маіх ціхіх вар’ятах; хіба вы сляпыя? Хіба вас так лёгка можна падмануць? Яны заб’юць вас нават не за нейкі жэст рукі, не за кавалак хлеба з маслам — проста так! He трэба нават быць цёмнавалосым ці бялявым, не трэба нават паказваць метрыкі хрэсьбінаў тваёй прабабкі... яны вас заб’юць, бо ім не спадабаюцца вашыя твары; хіба ты не бачыў
плакатаў, якімі залеплены сцены? Хіба вы паслеплі? Кажу табе, мой даражэнькі, яны ўсе пакаштавалі бычынага прычасця; дурныя як бот, глухія як пень і страшэнна нявінныя, як апошняе ўцелясненне быка; прыстойныя, прыстойныя... мне боязна, стары: нават у трыццаць пятым ці ў сорак другім годзе я не пачувала сябе такою чужою сярод людзей; мажліва, мне патрабуецца час, але ж не хопіць і стагоддзяў, каб прызвычаіцца да гэтых твараў; прыстойныя, прыстойныя — і нізвання смутку на твары; што гэта за людзі, зусім без смутку? Дай мне яшчэ кілішак віна і не глядзі падазрона на маю сумачку: вы ведалі лекі, але ўжыць іх мушу я сама; у цябе чыстае сэрца, і ты не можаш сабе ўявіць, колькі ліха ёсць на гэтым свеце; а я патрабую сёння ад цябе яшчэ адну вялікую ахвяру: не праводзь сёння ўрачыстае вячэры ў Кронэравай кавярні, разбуры гэту легенду, не заклікай сваіх унукаў апляваць твой помнік, а зрабі так, каб помніка не было; сыр з папрыкай табе ж ніколі не быў смачны... няхай кельнеры і пасудамыйкі сядуць за святочны стол і зжаруць тваю святочную вячэру; мы застанемся тут на балконе, атрымаем асалоду ад летняга вечара ў сямейным коле, вып’ем віна, паглядзім феерверк і парад «змагароў»; супраць чаго яны змагаюцца? Ці магу я патэлефанаваць у Кронэраву кавярню і адмовіцца ад святочнай вячэры?
Перад парталам сабора Святога Севярына збіраліся людзі ў блакітнай форме; яны стаялі групамі, курылі цыгарэты; у іхніх руках былі блакітна-чырвоныя харугвы з вялікай чорнай літарай «К»; духавы аркестр ужо рабіў рэпетыцыю песні «Айчына, хістаюцца ўсе твае апоры»; кілішкі для віна ціха звінелі на балконах, вядзерцы з шампанскім пазвоньвалі металам, коркі стралялі ў вячэрняе блакітнае неба, званы Святого Севярына абвясцілі без пятнаццаці сёмую; трое паноў у цёмных гарнітурах выйшлі на балкон дзвесце дванаццатага нумара.
— Вы сапраўды думаеце, што яны могуць нам прыдацца? — спытаў М.
— Я ўпэўнены,— адказаў другі.
— Няма ніякіх сумненняў,— дадаў трэці.
— Але ці не адпалохаем мы больш выбаршчыкаў, чым іх здабудзем, дэманструючы гэтым свае сімпатыі?
— «Саюз змагароў» не лічыцца гэткім ужо радыкальным,— сказаў другі мужчына.
— Прайграць Вы нічога не прайграеце,— сказаў трэці,— а выйграць можаце.
— Колькі гэта будзе галасоў у найлепшым і ў найгоршым выпадку?
— У найлепшым — каля васьмідзесяці тысяч, а ў найгоршым — недзе пяцьдзесят тысяч. Давайце вырашайце.
— Канчаткова я яшчэ не вырашыў,— адказаў М.,— чакаю ўказанняў ад пана К. Як, на Вашу думку, ці ўдалося нам пакуль што пазбегнуць увагі газетчыкаў?
— Удалося, пане М.,— адказаў другі.
— А персанал гатэля?
— Тут будзе ўсё абсалютна сакрэтна, пане М.,— адказаў трэці.— Указанні ад пана К. павінны надысці неўзабаве.
— He люблю гэтых хлопцаў,— сказаў пан М.— Яны яшчэ ў нешта вераць.
— Восемдзесят тысяч галасоў могуць сабе спакойна ў нешта верыць, пане М.,— адказаў другі.
Смех. Пазвоньванне кілішкаў. Тэлефонны званок.
— Ara. М. каля тэлефона. Ці так я зразумеў? Выказаць сваю сімпатыю? Добра.
— Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставім стол і крэслы на балкон.
— А што падумаюць за мяжой?
— Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.
Смех. Пазвоньванне кілішкаў.
— Я сыду на вуліцу і скажу кіраўніку парада, каб яны звярнулі ўвагу на Ваш балкон,— сказаў другі пан.
— He, не,— сказаў стары,— я не хачу класці галаву табе на калені, не хачу глядзець на блакітнае неба; ці сказала ты ў Кронэравай кавярні, каб яны прыслалі Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мілае дзіця, і я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, і я добра ведаю, колькі ліха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужаніцам, яшчэ большым чужаніцам, чымся тады, калі мы хадзілі ў «Якар», што ў Верхнім Порце, і насілі грошы кельнеру, прозвішча якога было Гроль; там, унізе, яны становяцца ў шыхты для парада — цёплы летні вечар, сутонее; аж сюды далятае смех — табе дапамагчы, мая дарагая? Ты, відаць, забылася, што ў машыне паклала сваю сумачку мне на калені; яна цяжкая, але не досыць цяжкая — што ты, уласна, хочаш з гэтым зрабіць?
— Хачу застрэліць таго тоўстага на сівой клячы. Бачыш яго, пазнаёш?
— Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забіў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзіннікавым механізме; ён загадаў знішчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля і хлопчыка, чыйго імя мы так і не ведаем; ён навучыў мяне, што адзін жэст рукі можа каштаваць жыцця; ён зрабіў з Отам тую яго абалонку — і ўсё ж... я не стаў бы забіваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад — можа, каб разбагацець? He — і ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? He, тады я цябе яшчэ не ведаў і не мог кахаць. Можа, у мяне былі амбіцыі? He. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць ім напрыканцы: «Гэта ж было несур’ёзна». Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. I ў мяне яны былі: двое памерла ў маленстве, адзін загінуў — і ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнізе падымаюць свае харугвы. А другі сын? «Як маешся, бацька? » — «Добра, а ты?» — «Добра. Дзякуй, бацька».— «Ці магу я штонебудзь для цябе зрабіць?» — «Не, дзякуй; нічога не трэба...» Абацтва Святога Антонія? Прабач, што я смяюся, дарагая.
Усё гэта — пыл, не абуджае ўв