Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
 гэта, Роберт, ці праўда? «Пасві авечак маіх», а яны ўзгадоўваюць адных толькі ваўкоў. 3 чым вы вярнуліся дамоў пасля вайны? 3 дынамітам? Знакамітая цацка; я добра разумею тваю палкую нянавісць да гэтага свету, у якім не было месца ні для Фэрдзі, ні для Эдыт, не знайшлося месца для майго бацькі, для Гроля, для хлопчыка, імя якога мы так і не змаглі даведацца, для паляка, які падняў руку на Вакеру. Значыцца, ты збіраеш статыстычныя даныя, гэтак як іншыя збіраюць мадоннаў у барочным стылі, ты склаў вунь цэлую картатэку формул, і майму пляменніку, сыну Эдыт, ужо надакучыў пах вапны: ён шукае формулу
сваёй будучыні недзе ў іншым месцы, а не ў залапленых мурах абацтва. Што яму ўдасца знайсці? Ці зможаш ты даць яму неабходную формулу? Можа, ён прачытае яе на твары свайго новага брата, бацькам якога ты хочаш зрабіцца? Твая праўда, Роберт: бацькам немагчыма быць, ім можна толькі зрабіцца; пра голас крыві ■— гэта ўсё выдумана, толькі той іншы голас праўдзівы... з гэтай вось прычыны я так і не ажаніўся: у мяне было замала адвагі, каб паверыць у тое, што я магу зрабіцца бацькам; я не змог бы вытрываць, калі б мае дзеці зрабіліся мне гэткія самыя чужыя, як зрабіўся Ота тваім бацькам; нават успаміны пра маіх маці і бацьку не дадалі мне адвагі; а ты ж таксама яшчэ не ведаеш, якімі стануць Ёзэф і Рут, якога прычасця яны пакаштуюць; нават у дачыненні да дзяцей Эдыт і да сябе самога ты не можаш быць упэўнены; не, не, Роберт, ты абавязкова зразумееш, чаму я не адмаўляюся ад свайго нумара ў гатэлі і не пасяляюся ў доме, дзе жыў Ота і дзе загінула Эдыт; я не здолеў бы штодня бачыць паштовую скрыню, у якую той хлопец укідаў цыдулкі-пасланні ад цябе... там усё яшчэ тая самая скрыня?
— He,— адказаў Роберт,— мы паставілі новыя дзверы: тыя былі ўсе пасечаныя бомбавымі асколкамі, толькі брук каля ўвахода застаўся той самы — яго ногі хадзілі па гэтым бруку.
— I ты думаеш пра хлопца, калі ходзіш па гэтым бруку?
— Праўда,— адказаў Роберт,— думаю пра ўсё тое, і, відаць, гэта адна з прычын, чаму я збіраю статыстычныя формулы... Чаму ж ты не прыязджаў раней?
— Бо мне было боязна, што горад не падасца мне досыць чужым; дваццаць два гады — ізаляцыя добрая, а хіба тое, што мы маем сказаць адзін аднаму, Роберт, не змесціцца на адной паштоўцы? Я ахвотна жыў бы побач з табою, але не тут; мне ўвесь час боязна, а людзі, якіх я тут напаткаў... можа, гэта мне толькі здаецца, але яны не менш дрэнныя, чым тыя, якіх я пакінуў тады.
— Магчыма, ты і не памыляешся...
— Што сталася з людзьмі, гэткімі, як Эндэрс? Ці памя-
таеш ты яго — рыжы такі быў?.. Мілы хлапчыска, зусім не гвалтаўнік — а што рабілі такія людзі, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?
— Мажліва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькі мілы хлопец, але... ён ніводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця — чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабіла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовіў некалькі казаняў, якіх я не магу забыць; калі б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калі іх вымаўляў ён, зусім іншая рэч.
— А што ён робіць цяпер?
— Яго запіхнулі ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункі няма, і там ён прамаўляе казані над галовамі сялян і дзяцей-школьнікаў; у іх няма нянавісці да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцівага дурня — хіба ж ён не паўтарае ім увесь час, што ўсе людзі — браты? Яны ўсё ведаюць лепей і, напэўна, пытаюцца самі ў сябе: «Ці не камуніст ён?» Нічога іншага ім у галаву і не прыходзіць; колькасць звыклых схемаў паменшала; ніхто б не дадумаўся лічыць твайго бацьку камуністам; нават Нэтлінгер не быў такі дурны — а сёння б інакш твайго бацьку і не назвалі. Эндэрс пасвіў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калі-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка і зусім яе скрэсляць... нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, і калі мы вячэрнім аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везці з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы... мы наведаем яго, каб папрактавацца ў міласэрнасці; вязняў трэба наведваць... а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?
— Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусіў знікнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў — пасля таго як убачыў сястру Фэрдзі.
— Ты бачыў яе?
— Бачыў. У яе ліманадным кіёску на канцавым прыпынку адзінаццатага трамвая. А ты што, ніколі там не бываў?
— He. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусім чужой.
— Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калі я сёння там пабываў; не хадзі туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды ніхто не застаўся жывы?
— Ніхто,— адказаў Роберт.— I Алоіса таксама няма; яны патанулі разам з «Ганнай-Катарынай»; Трышлеры ўжо доўгі час не жылі ў порце; калі быў пабудаваны мост, яны мусілі пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалі потым, была для іх зусім не тое... ім патрэбныя былі вада і караблі; Алоіс хацеў на «Ганне-Катарыне» адправіць іх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбілі; Алоіс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваіх бацькоў з-пад палубы, але было запозна — вада рынула зверху, і выбрацца яны ўжо не здолелі; шмат часу прайшло, пакуль я натрапіў на іх след.
— А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?
— У «Якары»; я штодня хадзіў туды і пытаўся ва ўсіх шкіпераў, пакуль не сустрэў аднаго, які ведаў пра лёс «Ганны-Катарыны».
Шрэла зашмаргнуў фіранку, падышоў да стала і расціснуў недакурак на попельніцы. Роберт зрабіў тое самае.
— Мяркую,— сказаў ён,— што мы павінны зараз падняцца да маіх бацькоў... Хіба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасці...
— Ды што ты,— адказаў Шрэла,— я пайду з табою, але ці не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робіць Швойгель?
— Табе і праўда гэта цікава?
— Праўда, а чаму ты пытаешся, цікава мне гэта ці не?
— Ці ў сваіх гатэльных нумарах і пакоях у пансіянатах ты думаў пра Эндэрса і Швойгеля?
— Ara. I яшчэ пра Грэве і Гольтэна: толькі яны не бра-
лі ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў — Дрышка таксама не ўдзельнічаў... што з імі? Ці жывыя яны?
— Гольтэн не жывы, загінуў,— адказаў Роберт,— а вось Швойгель жыве; ён цяпер пісьменнік, і, калі ўвечары тэлефануе альбо звоніць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным і бесталковым; мне з ім проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, і сябе, відаць, залічвае, туды, дзе «мяшчанства няма», а што з таго? Гэта проста мяне не цікавіць; неяк і пра цябе ён пытаўся.
— Ax, а што сталася з Грэве?
— Ен належыць да партыі, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае ніякага значэння. А Дрышка выпускае «аўтамабільныя львы Дрышкі», папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабіў безліч грошай. Ты не ведаеш, што такое «аўтамабільны леў»? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнік машыны, які лічыць сябе нечага вартым, трымае на задніх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва — а ў гэтай краіне ты не знойдзеш нікога, хто б не лічыў сябе нечага вартым... Тут умеюць добра ўбіваць гэта ў галаву; яны прынеслі з сабой з вайны сёе-тое, успамін пра боль і ахвяры, але сёння яны лічаць сябе нечага вартымі; ці бачыў ты людзей там, унізе ў вестыбюлі! Яны ішлі на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазіцыі, на вячэру Таварыства «Сас’етас» і на вячэру правай апазіцыі... але табе трэба быць сапраўдным геніем, калі ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру ідзе.
-— Сапраўды,— сказаў Шрэла,— я трохі сядзеў унізе, чакаючы цябе; там якраз збіраліся першыя ўдзельнікі, і я пачуў нешта наконт «апазіцыі»; першыя прыйшлі бяскрыўдныя прадстаўнікі, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якіх кажуць: «яны не такія ўжо дрэнныя»; размова ў іх ішла пра маркі машын і лецішчы; яны казалі адзін аднаму, што французская Рыўера пачынае рабіцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякім прагнозам, сярод інтэлектуалаў пачынаюць быць
папулярнымі паездкі, арганізаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабізм альбо дыялектыка? Ты павінен растлумачыць мне гэтыя рэчы; англійскі сноб сказаў бы: «За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю», а тыя, што тут, прадалі б сваіх бабуляў і за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур’ёзна да свайго снабізму; потым яны гаварылі пра школы: адны былі за гуманітарны ўхіл, другія былі супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да іх, бо вельмі хацеў чаго-небудзь даведацца пра іх сапраўдныя турботы; зноў і зноў паўтаралі яны шэптам імя зоркі, якую чакалі вечарам гэтага дня. Крэц — ці гэта прозвішча табе што-небудзь кажа?
— Крэц,— адказаў Роберт,— гэта, так бы мовіць, зорка апазіцыі.
— Слова «апазіцыя» я чуў шмат разоў, але з іхніх размоваў так і не змог дапяць, супраць каго і чаго яна.
— Калі яны чакалі Крэца, то, мусіць, яны з левай апазіцыі.
Ці правільна я пачуў: гэты Крэц — у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?
— Сапраўды,— адказаў Роберт,— яны шмат чаго спадзяюцца па ім.
— Я яго бачыў,— сказаў Шрэла,— ён прыйшоў апошні; ну, калі ён — гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць... Мне здаецца, што калі б я і здолеў каго-небудзь на свеце забіць, дык менавіта яго. Ці ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны і адукаваны, цытуе Герадота ў арыгінале, і гэта ў вушах тае масы, якая ніколі не пазбавіцца ад свайго бзіка на глебе адукаванасці, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б ніколі ні на хвіліну не пакінуў сваю дачку ці сына сам-насам з гэтым Крэцам; бо ад снабізму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынішчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькі мінорнай музыкі, інакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыі...
Шрэлу перапыніў тэлефонны званок; следам за Робертам ён пайшоў у кут; Роберт узяў трубку.	293
— Леанора? — азваўся Роберт.— Я рады, што мой бацька запрасіў Вас на святочную вячэру, і прабачце мне, калі ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўранні. Добра, Леанора?
Бацька чакае Вас у дзвесце дв