Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
Вадаём застаўся. Паступова паплавы вакол яго зараслі вербняком, бярозкамі, абляпіхай, верасам і дзядоўнікам. Трава — такая густая, што захрасалі ногі — паднялася да пояса. Ад шашы да вады вялі дзве калюжыстыя дарогі, па якіх разпораз пад'язджалі на легкавіках аматары рыбнай лоўлі альбо к ночы хлопцы прывозілі дзевак. Прыязджалі і на матацыклах, скутарах ці роварах, сядзелі па берагах з вудамі-закідухамі, хадзілі са слінінгамі. Нягледзячы на пару-тройку адчувальных забруджванняў (прарывала гарадскую каналізацыю, сцякалі прамысловыя адыходы з заводаў), малая рака зноў і зноў прамывала вадаём сваёй, хоць і радзеючай, слабеючай, але няспыннай плынню, і рыба ў ім вадзілася.
Чалавек па прозвішчы Алег Мазур прыехаў на вадаём з прыгарада на ровары, каб пад канец рабочага адпачынку ў чарговы раз палавіць тут верхаводак. Гэта быў малады мужчына гадоў
трыццаці на выгляд, у камуфляжных нагавіцах, красоўках і клятчастай баваўнянай кашулі. Кароткая стрыжка амаль што прыхоўвала раннюю сівізну на скронях, выцвілыя ад сонца вочы глыбока хаваліся пад надброўямі, a hoc увогуле быў амаль ружовага колеру, бо скура з яго пасля раптоўнага загару, пэўна, паціху аблазіла.
Мужчына, якога звалі Алег Мазур, выцягнуў з-за спіны вузкі цёмна-сіні чахол, а з яго — дзве лёгкія пластыкавыя вуды. Адну з іх — запасную і даўжэйшую — ён пакінуў у аеры каля вады, а другую разматаў, паціскаў у далоні кавалак цеста, нажывіў крыху на гачок, закінуў жылку з плаўком на некалькі метраў ад берага і — азірнуўся навокал.
Сонца ўжо прайшло зеніт і незаўважна рухалася на захад. Ветру амаль не адчувалася, людзей паблізу ў такі час не было, толькі далёка, на супрацьлеглым беразе, сядзелі з вудамі некалькі нерухомых постацяў. Адзінокая пліска бегала пад стромай па пясчаным плёсе, трэсла даўгім хвосцікам, потым з'явілася парачка зацікаўленых палявых вераб'ёў з чорнымі плямкамі на шчоках, малады вужык, прыўзняўшы голаў, праплыў ля берага і схаваўся ў траве. Удалечыні праляцелі дзве падрослыя дзікія качкі. Лета адыходзіла.
Плавок раптам пацягнула ўбок, мужчына падсёк — і ладную верхаводку, якая супраціўлялася з усіх сіл, а сіл у гэтай невялікай рыбіны хапала, выкінула з вады. Бліснуўшы ў паветры, рыбіна сарвалася з гачка, але ўжо на беразе, і ўпала ў траву. Мужчына незадаволена хмыкнуў і пайшоў за ёй, але раптам спыніўся і заўсміхаўся, нібы пабачыў нешта вельмі для сябе прыемнае.
Гэтым "нешта" быў дзікі кот, а калі больш дакладна, то здзічэлы, бо на выгляд нагадваў звычайнага, можа з дамескам ад "нарвежскага ляснога" (такая парода альбо яе помесь распаўсюджана дзе-нідзе і ў нас): шэры, з трохкутнай галавой і раскосымі зялёнымі вачыма і пухнатым хвастом, што нагадваў апахала. Кот касавурыўся ў бок рыбіны, якая звівалася ў траве, аж трымцеў, але чакаў рэакцыі чалавека.
— Ну, прывет! — сказаў яму мужчына і дадаў ласкава: — Забірай, ласуйся, чаго там. He шкада.
Кот зразумеў, маланкава схапіў рыбіну, далікатна адцягнуў на які метр і, насцярожана лазіраючы ў бок чалавека, пачаў есці з галавы.
— Еш, — пракаментаваўуголасмужчына, — што тут зробіш: жывое, каб выжыць, мусіць харчавацца такім самым, а ты, пэўна, прагаладаўся.
Гэты мускулісты, ладны, пэўна, даўно здзічэлы мясцовы жыхар вадаёма быў яму ўжо добра знаёмы. 3 месяц таму, калі мужчына ўпершыню прыехаў сюды, каб не толькі пазбавіцца на кароткі час ад гарадскога тлуму, а і ад іншых, як ён лічыў, вельмі асабістых "праблем", што нечакана апанавалі яго, ён здзіўлена пабачыў, што палюе на верхаводак не адзін.
Увогуле, лавіць верхаводку на плавочную вуду пачынаюць у траўні, а заканчваюць восенню, да лістападаўскіх халадоў. Вудзіць яе — сапраўдная школа для рыбакоў, хоць большасць з іх грэбліва ігнаруе гэтую спрытную, актыўную рыбіну. Хіба што самыя вопытныя ведаюць: маленькая рыба нашмат смачнейшая за вялікую. Падсякаць своечасова верхаводку — не ў кожнага і атрымаецца. Але ж каб рыбіну лавіў кот?..
Тым не менш, мужчына колькі дзён раней пабачыў гэта незвычайнае відовішча. Кот вужакай распластваўся ля самай водмелі, куды верхаводкі зграяй заплывалі на пах падкормкі — рэшткі яе часам выкідвалі ў ваду проста сабе пад ногі рыбакі, — і цярпліва чакаў, а потым маланкава кідаўся і капцюрыстымі лапамі хапаў неасцярожную рыбіну. Вада, пэўна, зусім не пужала разумную і спрытную жывёлу.
Кот абачліва пазбягаў людзей, а спачатку і мужчынутаксама: верагодна, яго не раз гналі, магчыма, і білі. Але калі мужчына шчодра пачаставаў таго кавалкам хлеба, а недахоп вугляводаў, вядома, быў у жывёлы адчувалыны, а потым, праз які дзень, прынёс таму "Віскасу" (сухога кацінага корму), жывёла прызнала яго за свайго, бадай што за сябра. Тым не менш, каб дакрануцца да яго рукой, а потым і прылашчыць — на гэта спатрэбіўся час. Урэшце, мужчына не спяшаўся. Быў задаволены, што кот паволі прызнаў яго і пачаў вызначаць знешне і па голасе.
— Давай, ласуйся, сябра, — пяшчотна прапанаваў мужчына, зноў нажывіў гачок і закінуў у ваду.
Верхаводкі, між тым, актыўна атакавалі нажыўку, час ішоў, сонца ўсё больш адхілялася на захад. На берагах вадаёма палюднела: аматары рыбнай лоўлі пакрысе сцякаліся на вячэрні клёў.
Мужчына скарміў кату яшчэ некалькі рыбін, дзясяткі з два іх кінуў сабе ў сумку і прылёг на траву. Мятлік, віхляючыся, пакружыў над ім і адляцеў да ярка расфарбаваных зараснікаў дзядоўніку, высока ў небе лунаў птушыны драпежнік — выглядаў нешта сваё, ледзь чутна звінела жамяра.
Кот прылёг ля ног мужчыны, шнурам расцягнуўся ў даўжыню, удзячліва завуркатаў, заплючшчыў вочы, але раз-пораз насцярожана ўздымаў павекі і азіраўся па баках, потым зноў супакойваўся — драмаў.
***
— Ну, вось, — напаўголаса звярнуўся да жывёліны мужчына, — цяпер ты не галодны, сонца грэе табе бакі, але ў гэтым свеце ўсё адносна, мой меншы брат. Прыйдзе неўзабаве восень, потым зіма, і ўлюбёныя табой верхаводкі сплывуць на глыбіню, а потым увогуле схаваюцца пад лёд, пачнуцца маразы, і — што тады? У якую нару ты схаваеш свой шыкоўны хвост? Вось жа і яно. Невядома, адкуль ты тут з'явіўся, і невядома, куды ты сыдзеш у цяжкі час. Можа, у які падвал пад шматпавярховікамі, што грувасцяцца там — за бальшаком? У курыны хлеўчык якога жлаба-прыватніка? У каналізацыйны люк? А чым будзеш харчавацца? Душыць пацукоў? Але ж грызці іх пасля смачных, сакавітых верхаводак — хіба табе будзе, як кажуць, не "ў падлу"? Маўчыш? А ў мяне для цябе ёсць цікавая прапанова. Хочаш — прымеш яе, хочаш — не. Мой рабочы адпачынак заканчваецца. Хутка — на працу. Прыеду я сюды праз некалькі дзён, пазней альбо нават наступным разам з якой сумкай большай, пасаджу цябе туды і адвязу дамой, у цёплую хату, бо ночы ўжо становяцца халоднымі і спіш ты тут недзе, хутчэй за ўсё, у якой земляной нары. Што скажаш, меншы брат?
Кот выслухаў, нечакана ўзняўся на ногі, пасунуўся да твару мужчыны і ўдзячна баднуў таго галавой.
— Ну, ты, разумнік, — расчулена сказаў мужчына і працягваў: — Калі так, то нам трэба пазнаёміцца, так бы мовіць. Афіцыйна. Мяне завуць Алег, а прозвішча — Мазур. Ну, а цябе — як? Урэшце, прыдумаем табе што-небудзь вартае такога прыгажуна і шчырага братана, як ты. Пра сябе раскажу няшмат, але каб ты ведаў. Нарадзіўся я тут, на гэтай зямлі, і, як зрэдку кажуць, нікому не пажадаю сваёй радзімы — толькі сабе. Але — тое ўжо другаснае, ха-ха. Найперш табе, можа, цікава, чаму я тут апошнім часам ашываюся. I сапраўды — чаму? Паспрабую, мой меншы брат, адказаць коратка. Інакш, калі хто-небудзь пабачыць і тым больш прыслухаецца, як я тут з табой размаўляю, то справядліва падумае, ці не выклікаць мне сюды "брыгаду"? Справа ж, магчыма, у тым, што, на маю думку, "брыгаду" ўжо даўно варта выклікаць усяму свету. Калі-небудзь тое і адбудзецца, і не вельмі важна, хто гэта зробіць — Гасподзь Бог ці які іншы Начальнік Сусвету, альбо якая таямнічая Праграма. А пакуль перазагрузка не ў мяне аднаго. Суньцеся, шаноўныя, у так званае Сеціва і пабачце на свае вочы гэты кішачы, нібы лічынкамі мух, гноеадстойнік. I кожная з іх лічыць сябе вартай сусветнай увагі, не менш. Што ж імі рушыць — усімі тымі юзерамі, блогерамі, хакерамі, браўзерамі, аськамі, чатамі? Людзьмі, якія штодня торкаюць пальцамі ў "клаву" і ядуць вачыма дысплеі? Я зразумеў і — нават не паверыў адразу: Страх. Так, мой меншы брат. Яны ўсе трымцяць ад страху, што праз нейкі час прыйдзе старасць і яны згінуць бясследна ў Сусвеце, у Космасе. Ім трэба неяк сцвердзіць сябе ў Вечнасці. Вось я ем адной рукой смачную
падсмажаную рыбіну ў якой-небудзь кавярні, п'ю каву, а другой тыцкаю ў ноўтбук і тут жа занатоўваю ў блогу: "я ем рыбіну, зірніце, як я гэта раблю" — і здымаю ўсё, і, не марудзячы, выкладаю ў Сеціва. Ха-ха. Вось я які — вялікі і значны...
А істэрычная прага да ўсялякіх успамінаў, мемуараў, дзённікаў, зацемак... Хто толькі іх не піша, не заганяе ў Сеціва: генералісімусы, маршалы, генералы, прастытуткі, асенізатары, поп-зоркі, ахмістрыні з гатэляў, шпіёны, бандосы, хатнія гаспадыні, сантэхнікі, маньякі, забойцы, спартсмены, дзялкі і чорт ведае хто яшчэ. А ўсялякія спевакі, блазны, прытворшчыкі, вычварэнцы і дураплясы... Ад святла да святла іх жыццярадасныя да ідыятызму тварыкі мільгаюць на экранах. Яны ўсё спяваюць і танчаць, танчаць і спяваюць, і канца гэтаму не бачна...
Кот завурчэў. Зноў баднуў мужчыну ў твар, і ўсцешаны і задаволены, задрамаў.
Запанавала працяглая паўза. Мужчына думаў нешта сваё.
— Вось, — урэшце сказаў ён і, як і раней, уголас, — хутка і сонца зойдзе, а па захадзе сонца чалавеку заўсёды самотна. Асабліва, калі ён адзін. He вельмі мне ахвота табе пра гэта гаварыць, варушыць набалелае, але ж — больш асабліва і няма каму. Як таму чэхаўскаму дзядзьку, што спавядаўся каню. Ты, мой меншы брат, вядома, не конь, але ж разумееш мяне не горш. Дык вось — чаму я тут ашываюся і палюю разам з табой на нейкіх няшчасных верхаводак? А таму, што я меў дурасць адпусціць раней жонку з нейкай тургрупай, але, па сутнасці, адну па грашовай пуцёўцы. У Эміраты. Сяброўкі з'ездзілі, і ёй
захацелася. Цяпер яна там. Але, як паведаміла днямі па "скайпе", — назаўсёды. Гэта па-навуковаму называецца селебрыфілія: жаданне сексу і ўсяго там іншага з багатай знакамітасцю альбо ўвогуле з якім чужынцам. А я толькі звычайны інжынер, а па сутнасці, праграміст. Здараецца, з раніцы да вечара — за камп'ютарам. Таксама дзяўбу "клаву". Няўдачнік. Ну, а яна ў мяне — варта прызнаць — дык прыгожая, пэўна, адна з тамтэйшых знакамітасцяў на яе і запала. А можа, і проста які жыгала ці сутэнёр. Д'ябла б іх там пабраў: што ім — сваіх баб не хапае? Паехаць самому туды ды заваліць яго? А грошы, а ствол? He палезеш жа ў самалёт з дзедавым драбавіком пяцьдзясят шостага года мінулага стагоддзя, які цяпер валяецца на антрэсолях? А бабу — валіць таксама? Яна ж, па сутнасці, усяму віной.