Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
Усё свядомае жыццё ён іх ненавідзеў. Прыгінаўся, хлусіў, хаваў свае думкі, рабіў памылкі і цяпер расплачваўся за іх. Але заўжды ненавідзеў. Ненавідзеў іх партыйныя і беспартыйныя кніжкі, ідыёцкія фільмы, сцяг, гімн і герб, песні і скокі дураплясаў, з'езды і канцэрты мастацкай самадзейнасці, армейскую службу. Чужынскую мову, якую прынеслі з Усходу. Усё.
Асабліва Вялікага Правадыра.
СРАЛІНА
Ён нават засмяяўся са сваёй прыдумкі, але нервовае напружанне змусіла яго адразу вярнуцца да сваёй галоўнай праблемы.
Як тым старажытным японцам, яму цяпер засталося толькі адно — сваё асабістае рытуальнае сэппуку, меркаваў ён. Яны хутка прыедуць, выламаюць дзверы, і тады праблема вырашыцца сама сабой.
Ён хутка знайшоў нож і агледзеў яго з усіх бакоў. Лязо было вострае, шырокае і даўгое, прыблізна каля трыццаці сантыметраў, дзяржанне драўлянае, з жалезнымі заклёпкамі.
Наборшчык Гутар хацеў было спаласнуць нож вадой, але падумаў, што гэта ўжо нічога не вырашае.
Ён зняў з сябе кашулю, потым хэбэшную саколку, паклаў нож побач і стаў чакаць. Даўно развіднела, за вокнамі чуліся чыесьці галасы. Ён прыслухаўся,
але за дзвярыма па-ранейшаму было ціха. "Машына, — падумаў наборшчык Гутар. — Яны павінны прыехаць на сваім улюбёным для такіх спраў "чорным варанку". Так трапна празвалі нкусаўскую легкавушку ў народзе. Іх будзе трое альбо чацвёра. Звычайна, па чутках, пасылалі траіх.
Ён зноў праверыў, ці добра зачынены дзверы. Хоць было даволі цёпла, ягонае цела, спіна, рукі пакрыліся халоднымі шурпаткамі, а боль у страўніку працяў з нечаканай сілай. Болю ён не жадаў, і таму вынуў з тумбачкі бутэльку, у якой яшчэ было на трэцюю частку гарэлкі, і выпіў. Праз хвіліну боль адпусціў, але якраз у гэты момант ён быццам пачуў гук матора і насцярожыўся. Але зноў усё пацішэла. "Прыходу" ад гарэлкі ён зусім не адчуў, наадварот, у галаве паяснела, думкі пацяклі акрэслена і павольна, толькі ў грудзях дробна дрыжэла і рукі нервова соўгаліся, як у хворага на прыступ ліхаманкі.
Раптоўны стук у акно змусіў яго ўскочыць з месца, падысці ўсутыч да шкла і крыху адгарнуць край фіранкі. Праз вузкую шчыліну ён убачыў суседскага хлопчыка і адгарнуў больш. Хлопчык нешта казаў, але ён не пачуў. Урэшце сэнс яго слоў дайшоў да свядомасці. Хлопчык паказваў у бок дзвярэй і вымаўляў, амаль ужо крычаў:
— Запалкі! Адчыніце, дзядзька! Маці просіць пазычыць запалак! Так, запалак!
Перад тым, як адчыніць, наборшчык Гутар падышоў да другога акна (а іх у ягоным пакойчыку было два) і таксама адгарнуў фіранку. Акно выходзіла на падворак, і раптам у самай глыбіні яго, за клёнам і кустоўем акацый ён убачыў ледзь прыкметны "чорны варанок".
I ён адразу зразумеў: яны прыехалі і, каб заспець яго знянацку, прымусілі суседскага хлопчыка канючыць пад акном. А самі, пэўна, ужо стаіліся за дзвярыма і чакаюць, калі ён адчыніць. "Слугі Сатаны, — успомнілася яму, — вось прыйшлі слугі Сатаны і павялі яго..."
Бязмежная туга нечакана ахапіла наборшчыка Гутара. Але марудзіць не выпадала. Ён адышоў падалей ад дзвярэй, сеў на падлогу з нажом у руках і пачаў думаць пра смерць жонкі і некаторых іншых людзей, адыход якіх з жыцця назіраў сам-насам. Ды часу ў яго ўжо не было — і думаць не выпадала.
У дзверы пастукалі. Але стук быў настойлівы і гучны — так не стаў бы грукаць хлопчык. Ён чакаў. На якую секунду-другую пашкадаваў, што не мае драбавіка ці якой іншай зброі. Іх варта было сустракаць толькі так. Але чамусьці ніхто навокал не сустракаў — ва ўсялякім разе такіх выпадкаў ён не ведаў, хоць і прыходзілі яны ўсё часцей і часцей.
Стук у дзверы перайшоў у грукат. Дзверы захісталіся, з трэскам паехалі ўбок, і ў святле дня ён убачыў цёмныя постаці служак Сатаны: яны былі ў цывільным і з "наганамі" ў руках.
I тады наборшчык Гутар аберуч узняў нож, і з сілай апусціў яго ў правы бок жывата, і адразу павярнуў, рассякаючы жыццёва важныя органы. Так, як рабілі гэта далёкія старажытныя ваяры.
Літаратурна-мастацкае выданне
СТАНКЕВІЧ Юры Васільевіч
БРАМНІК ЗАЎЖДЫ САМОТНЫ
Аповесць, апавяданні
Адказны за выпуск Зміцер Вішнёў Рэдактар Віктар Жыбуль Карэктар Марыя Гілевіч Мастак Кацярына Дубовік Вёрстка Наталля Кусцінская
Падпісана да друку 24.02.2014. Фармат 84x108 1/32 Папера афсетная. Друк афсетны.
Ум. друк. арк. 7,56. Ул.-выд. арк. 4,36. Наклад 500 экз. Заказ 2349.
Прыватнае выдавецкае унітарнае прадпрыемства "Галіяфы".
Запіс № 1/48 у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў.
Вул. Брылеўская, 11-44, 220039, г. Мінск. E-mail: vish@bk.ru. www.galiafy.by
Друк ТДА "НоваПрынт".
ЛП № 02330/0552786 от 25.02.2009.
Вул. Геалагічная, 59-4-10, 220138, г. Мінск.
Бадай што, пасля таго, як скончу выступаць, ці ў выніку якога няшчаснага выпадку, траўмы мне давядзецца застацца сам-насам з цяжкасцямі, і, магчыма, нікому з тых, хто цяпер апякае мяне, мае праблемы не вельмі будуць патрэбныя. Але брамнік, як я даўно зразумеў, часам адзінокі. Нават — заўсёды самотны. Бо ён вартаўнік, і на ім адным адказнасць за тую браму, якую ён сцеражэ. Неістотна — якую.
ВЫДАВЕЦТВА
ГААІЯФЫ
9 789857 021253
5 ■о
л н Q