Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
1)	знайсці і вярнуць у двор сабаку;
2)	павесіць на дрэва кармушку для сініц і штодня насыпацьтуды корм.
Тэрмін адпрацоўкі — суткі. У выпадку непадпарадкавання да Вас будуць прынятыя адэкватныя меры.
Выканаўца".
Крамнік доўга чытаў ліст, варушыў губамі, плямкаў, прыцмокваў, даў пачытаць Крамнічысе і ўрэшце плюнуў на яго, скамечыў і кінуў у сметніцу.
* * *
Пад вечар таго ж дня Тоўсты Крамнік ужо не памятаў пра ліст. Яшчэ праз дзень, выпраўляючыся ад брамы дома, дзе ён звычайна пакідаў свой грузавы пікап, Крамнік выявіў, што ў машыне праколатая шына... Ён памяняў яе на "запаску", а пасля быў вымушаны ехаць у аўтасервіс, каб заклеіць камеру. Праколаў было некалькі, і Крамнік насцярожыўся.
Назаўтра ён ізноў атрымаў ліст.
"19 снежня 200... г.
Хітры Крамнік!
Вы не выканалі ніводнага пункта з маёй прапановы:
1)вярнуць сабаку;
2)	уладкаваць кармушку для сініц.
У сувязі з гэтым будзеце пакараныя адпаведна вашай сутнасці.
Выканаўца".
Крамнік ізноў паказаў ліст Крамнічысе і заўважыў:
— Мне пракалолі шыну.
— Падрыхтуй пакет з садавіной ды агароднінай, занясі ўчастковаму разам з гэтай пагрозай, і няхай завядзе справу, — параіла Крамнічыха.
Ноччу зазвінела і рассыпалася шкло ў адной шыбе, потым — у другой. Крамнік імкліва апрануўся і, хоць быў баязлівец, выбег за браму, але на вуліцы нікога не ўбачыў. На марозе ён да таго ж застудзіўся і падхапіў радыкуліт.
Участковы, малады хлопец з лейтэнанцкімі пагонамі, уважліва выслухаў Крамніка і спытаў, кіўнуўшы на пакет, які той паклаў яму на стол:
— А гэта што?
— Гэта вам, — лісліва заўсміхаўся Тоўсты Крамнік, — так бы мовіць, задатак. Бананы і ўсё такое. За раскрыццё справы.
— Забярыце, — грэбліва адхіліў пакет участковы і дадаў: — За прапанову хабару я магу завесці справу асабіста на вас.
— He, не, не, — спужаўся Крамнік і пацягнуў пакет да сябе.
— Урэшце, — дадаў участковы, — з фактамі тэрору, як вы гэта назвалі, мы разбяромся, але і да вас ёсць пытанні. Пакупнікі скардзяцца, што вы іх аблічваеце і абважваеце, падсоўваеце нясвежы тавар. А на прапанову даць аднаму з іх кнігу скаргаў вы адказалі наступнае (участковы выцягнуў паперку з нейкай папкі і прачытаў уголас); "Самі пішыце — самі і чытаць будзеце". Быў такі факт?
— Гэта паклёп, — сказаўТоўсты Крамнік.
— Майце на ўвазе, — перасцярог яго ўчастковы, — у вашай рэспубліцы, адкуль вы прыехалі сюды, было адно, а ў нас тут іншае, іншая, так бы мовіць, ментальнасць...
Раніцай Крамнічыха выцягнула з паштовай скрыні наступны ліст.
"21 снежня 200... г.
Сквапны Крамнік! Дагэтуль я не бачу на вашым двары сабаку (ён пакутуе штодня ля памыйных ркрыняў) і на дрэве няма кармушкі для сініц.
Выканаўца".
Па абедзе Тоўсты Крамнік выявіў, што ўсе чатыры шыны ягонага пікапа праколатыя.
* * *
— Можа, ты мала яму паклаў? — спытала ў мужа Крамнічыха, маючы на ўвазе ўчастковага.
— Змоўкні, дурная ты баба, — незалюбіў Крамнік і, абхапіўшы галаву рукамі, знерухомеў у цяжкім одуме.
Яму раптам успомнілася радзіма, дзе ён пражыў доўгія гады, навучыўся гандляваць, што было зусім не так проста, як можа здацца, але ён любіў гэтую справу. Ды надышоў неспадзявана смутны час, наспявала вайна, а Тоўсты Крамнік не хацеў ваяваць, а хацеў менавіта гандляваць. А сапраўдны гандаль, лічыў ён, гэта высокае майстэрства падману. Толькі вось народ у апошнія часы стаў нейкі нервовы, зласлівы, і Крамнік вырашыў змяніць месца жыхарства.
I тут усё ў яго быццам ішло як належыць, каб не гэты невядомы Выканаўца з яго вар'яцкімі патрабаваннямі. Можа, ён сапраўды вар'ят, меркаваў Тоўсты Крамнік, і ўцёк з якой лякарні — цяпер іх болыласць паадпускалі на волю, бо няма сродкаў карміць. Можна было б зразумець, каб гэта аказаўся які рэкецір, вымагальнік, які прагнуў яго грошай, а тут пра нейкага сабаку, пра сініц...
Тоўсты Крамнік быў у вялікай роспачы. Ісці зноў да ўчастковага? Але той чамусьці, як кажуць, не вельмі лёг яму на сэрца: можа, сапраўды ён мала таму прапанаваў? Але не, тут не тое — Крамнік навучыўся крыху разбірацца ў людзях. На ўчастковага яму разлічваць было няварта. Застаецца адно — абараняць сябе і свае набыткі самому.
***
Звечара ён знарок пакінуў свой пікап на вуліцы, ля брамы, а як сцямнела, цёпла апрануўся, захапіў бейсбольную біту, коўдру і, расклаўшы сядзенні, лёг, стаіўшыся, і стаў чакаць.
Ён не ведаў, колькі прайшло часу. Мароз пачынаў ужо дабірацца да пальцаў на нагах і руках. Мінакоў станавілася ўсё менш — Тоўсты Крамнік чуў, як снег парыпваў пад іх ботамі. Ён нават задрамаў, яму снілася чамусьці лета, у сябе, на Каўказе. Ля вёскі, дзе ён нарадзіўся, у вінаградніку на сцяжынцы ён убачыў шыпуна. Змяя пагрозліва сыкала на яго, і ён спужаўся.
Тоўсты Крамнік раптам прачнуўся. Шыпела праколатае кола, спускаючы паветра. Ён выскачыў з машыны, убачыў зламысніка, які быў так заняты сваёй справай, што не зважаў на небяспеку, і схапіў таго за каўнер.
Злачынец вырываўся з усяе сілы, але быў малы ростам, што адразу надало Тоўстаму Крамніку рашучасці. Ён ужо замахнуўся бейсбольнай бітай, каб абрынуць яе на праціўніка, ды раптам спыніўся і атарапеў: перад ім была дзяўчынка!
— А-а, дык гэта ты праколваеш мне шыны! — засіпеў ён і, ашчаперыўшы яе, пачаў трэсці.
— Дапамажыце! — крыкнула між тым дзяўчынка нечакана звонкім, пранізлівым голасам, і ўжо на ўсю вуліцу: — Ратуйце! Педафіл!
Апошняе слова прымусіла Тоўстага Крамніка адразу кінуць яе і адскочыць убок, нібы абваранаму кіпнем. Абвінавачванне ў педафіліі, калі яно даказанае, каралася вельмі жорстка — пра тое ён ведаў дасканала.
Невядомы "злачынец", адразу выкарыстаўшы яго няўпэўненасць, кінуўся ўцякаць і імгненна знік за рогам вуліцы. Дакладней, знікла...
Тоўсты Крамнік доўга стаяў на марозе і лавіў ротам ледзяное паветра. "Вось дык куля..." — думаў ён.
2
Танюткую светлавалосую дзяўчынку звалі Наста. Ёй было трынаццаць гадоў.
Па вуліцы, дзе цяпер пасяліўся Тоўсты Крамнік, Наста ўжо некалькі год хадзіла штодня: у школу і назад, дадому, у краму ці па якіх сваіх іншых справах. Так яна і цяпер вярталася з урокаў. Шлях яе праходзіў паводле знаёмых арыенціраў — закінутай лядовай пляцоўкі, цырульні, куды зрэдку заходзілі жанчыны, шэрагу пяціі дзевяціпавярховых будынкаў, паўз смеццевыя скрыні, якія раз-пораз перакульвалі ў сябе машыны-смеццязборнікі, міма невялічкага скверыка і прыватных дамоў, адзін з якіх належаў Тоўстаму Крамніку. Менавіта яго падворак яна добра бачыла з вышыні дзявятага паверха, дзе жыла з бацькамі і братам Данілам.
Ля сметніцы Наста, як заўсёды, заўважыла некалькіх бадзяжных сабак, але таго, якога выгнаў Тоўсты Крамнік, чамусьці не было. Дзяўчынка мінула краму, потым дом гандляра і на ліфце паднялася ўрэшце ў сваю кватэру.
Бацькі былі на працы — абодва хадзілі на завод у першую змену, а пятнаццацігадовы брат Даніла збіраўся на трэніроўку ў спартыўную секцыю. Ён займаўся кікбоксінгам.
— Ты позна швэндаешся на вуліцы, — сказаў ёй Даніла. — Маці ўчора непакоілася.
— Я за сябе пастаю.
— Глядзі, — працягваў вучыць яе Даніла. — Жыццё не даруе памылак, — і спытаў: — Цябе ніхто не крыўдзіць?
Наста моўчкі ўсміхнулася брату. У далёкім дзяцінстве яна марыла быць хлопчыкам і стаць такім, 76
як ён. Асабліва цяпер Даніла быў для яе аўтарытэтам. Ён не курыў, не піў піва з бутэлек, не апранаўся, як "панк" ці які абсос, і ненавідзеў тых, хто нюхае клей ці ўжывае наркотыкі. Брат быў высокі і шыракаплечы, насіў простую куртку "пілот", нармальныя нагавіцы і дыхтоўныя, добра прашытыя чаравікі "грындэрс".
— Я прыйду пазней, — сказаў ужо ў дзвярах Даніла. — Мы цяпер трэніруемся ў падвале, бо не хапае грошай на рамонт залы. Даводзіцца дапамагаць і пасля трэніровак.
Даніла сышоў, а Наста, пакуль падаграваўся суп, выйшла на балкон і зірнула ў бок дома, дзе пасяліўся Тоўсты Крамнік.
Дзяўчынка знерухомела ад здзіўлення.
Па двары Крамніка бегаў сабака.
Той самы!
Потым з дзвярэй выйшаў гаспадар. У руках ён трымаў... He, памыліцца было немагчыма... Ён трымаў...
Кармушку для сініц!
3
У гэтую ноч і наступную Тоўсты Крамнік спаў спакойна. Ён нават не зважаў на халодны, пранізлівы вецер і на нядобрыя позіркі Крамнічыхі, якой было загадана карміць сабаку і падсыпаць у кармушку корм.
Сініцы раіліся пад ягонымі вокнамі.
Днём Тоўсты Крамнік праверыў паштовую скрыню і выявіў там адрасаваны яму чарговы ліст.
"25 снежня 200... г.
Шаноўны Крамнік! Людзям заўсёды лёгка паразумецца, калі яны паважаюць адно аднаго і жывуць па сумленні, а не па хлусні. Хіба не так? Сёння сонца паварочвае на лета. Я рады, што і нашыя стасункі набылі адпаведны паварот. Спадзяюся, сабака, якога Вы калісьці так неабдумана выкінулі на памыйку, дажыве свой век дагледжаны, а птушкі, якія залятаюць да Вас на падворак, будуць заўсёды накормленыя.
Цяпер, калі Вы яўна становіцеся на шлях выпраўлення, зносіны з Вамі, хоць і аднабаковыя, робяцца ўсё болей прыемнымі. Добра, што Вы нескладанай маніпуляцыяй з калькулятарам вылічылі, што карміць сабаку і з дзясятак птушак значна танней, чым рамантаваць машыну і шкліць шыбы.
Выканаўца.
P.S. Дарэчы, на Вас, мудрага і паспяховага бізнесмена, накладаецца новая, зусім дробная епітым'я: выдаткаваць колькі грошай на рамонт залы ў мясцовай спартыўнай школе. Вы ж не супраць?"
ПРАСНАКІ НА ВЫБАР
Адвячоркам у хаціну праціснуліся дзесяць старэйшын, моўчкі паселі ўздоўж сценаў і агледзелі праснакі. Стары са зморшчаным тварам няспешна расклаў іх на палічцы перад стодамі-ідаламі, пасля дадаў яшчэ адзін, іх стала дзесяць. Праснакі былі аднолькавыя, быццам разам спечаныя. Стары моўчкі сеў.
Паведамілі, што вой прывёў хлопчыка. Сутонела, і стары спачатку добра не разгледзеў яго. Толькі потым, калі хлопчык падышоў бліжэй і стаў перад ім так, што святло паходні заскакала на яго бледным твары, стары доўга ўглядаўся. Круглы твар, вялікая галава, маленькі рот упарта сцяты. Свой хатулёк хлопчык паклаў у кут.
— Ну, вось, — урэшце сказаў стары. — Ты прыйшоў.
— Мяне прывялі, — удакладніў хлопчык.
— He крыўдуй, — мовіў стары. — Я хутка памру, а нам патрэбны вяшчун, прадказальнік. Інакш мы не дадзім рады ворагам, не адолеем пошасць і хваробы, не пераможам у бойцы. Мы доўга шукалі сярод такіх, як ты, і вось цябе прывялі. Мне сказалі, што ты бачыш інакш, чым усе, — гэта праўда?