Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
***
Пад вечар рэдактар Берасценка ў трэці раз вычытваў гранкі. Але нумар не падпісваў, рыхтаваўся чытаць зноў, пасля карэктара.
Адчуваючы ўжо знаёмыя прыкметы вялікай стомленасці і незадаволенасці, машыніст друкарні Язэп Гутар па заканчэнні працоўнага дня адважыўся і пайшоў да дырэктара Гурскага.
Сакратарка пусціла.
— Можа, я пайду ўрэшце дадому, — нерашуча спытаў ён у дырэктара, хутчэй прапанаваў.
Дырэктар Гурскі ўзняў голаў з-за стала і кінуў няўцямны позірк. Яго лысая галава блішчэла ад поту.
— He, братка, — сказаў ён нават прыхільна. Сам бачыш, які важны і адказны матэрыял зараз ідзе ў газеце. Ты ўжо пацярпі. Узгадні ўсё з Берасценкам.
— Дык я схажу да таго?
— Схадзі, — дазволіў дырэктар Гурскі.
Урэшце, Гутар на дырэктара асаблівай крыўды не трымаў, бо апошні паводзіў сябе пад настрой нават прыстойна і падначаленых моцна не шчаміў. Іншым быў Берасценка. Глядзеў заўсёды з-пад ілба чорнымі, мутнымі ад падсвядомай злосці вочкамі. Буйныя цёмныя валасы часам звісалі яму аж да носа, і тады ён закідваў іх растапыранай далонню ўверх, і казаў пры гэтым нешта кшталту "правільна!" альбо "няправільна!", і пачынаў уядаць залежна ад таго суразмоўцу ці падначаленага, страшыць, кпіць з таго і пагражаць.
Язэп Гутар моўчкі выйшаў з кабінета дырэктара. На падворку раптоўны прыступ слабасці і млосці ў страўніку зноў наваліўся на яго. Пацягнула на ваніты. Сліна была цягучая і з непрыемным пахам. "Вось і скончана ўсё", — неяк раўнадушна падумаў ён. Але самае галоўнае чакае яго
наперадзе. Бо смерць, як не круці, — найважнейшая падзея ў жыцці.
Ён раптам успомніў, як днямі недзе ў нейкай брашуры, калі набіраў, выпадкова вычытаў пра японскіх самураяў, якія ў момант крайняй небяспекі, у перыяд цяжкай хваробы альбо перад рытуальным самазабойствам — сэппуку — стваралі кароткі верш, так званы дзісэй. Гэта ў брашуры падавалася ў карыкатурным выглядзе, са здзекам і кпінамі ў бок японцаў, — ужо рыхтаваліся да вайны з імі, але ён ведаў, што смяяцца над такім ганебна. Вядома, меркаваў цяпер наборшчык Гутар, самураі былі іншай веры, якая, як ён з цяжкасцю ўспомніў, называлася "хагакурэ бусіда", і тое было хутчэй не веравызнанне, а нейкі найвышэйшы маральны кодэкс. Але яму, хрысціяніну, веравызнанне ўвогуле забараняе самазабойства. Дык ён вольны ці не? Навошта ён пражыў свае сорак гадоў? Каб зараз пакорліва сысці, нібы чарвяку ў гной, і ніхто ніколі пра яго не ўспомніць?
Гадоў каля дваццаці таму Язэп Гутар, сын дробнага рамесніка з Беласточчыны, спакусіўся на заклікі савецкіх агітатараў і падаўся на Усход. Бацькі ўсяляк адгаворвалі яго, але хлопец не паслухаўся. У яго, праўда, хапіла розуму перайсці мяжу ноччу і не трапіць на вочы стукачам з памежных вёсак. Далёкі сваяк, канторшчык у горадзе, да якога ён абачліва спачатку з'явіўся, вельмі спалохаўся, аж збялеў, але спехам арганізаваў яму неабходную даведку, папрасіў толькі паклясціся, што ні ў якім разе яго не выдасць, і параіў адразу сысці, нават з'ехаць далей і там знайсці якую працу.
Ён і сам хутка зразумеў сваю фатальную памылку, але шляху назад ужо не было. Неяк, пад штодзённым страхам, упісаўся ў жыццё, ажаніўся, скончыў нават паліграфічную вучэльню.
"I гэта ўсё? — думалася цяпер яму. — Пражыць тут больш за два дзясяткі гадоў у суцэльнай хлусні і страху? А неўзабаве спруцянець, і нават некалькі вершаваных радкоў, як у тых самураяў, пасля яго не застанецца?"
***
Рэдакцыя газеты, дзе знаходзіўся кабінет рэдактара Берасценкі і некалькі невялічкіх пакойчыкаў супрацоўнікаў, месцілася побач з друкарняй, амаль у цэнтры старой часткі горада. Раней, яшчэ да рэвалюцыйных падзей, тут, як казалі старыя, знізу быў шынок, а непасрэдна ў верхнім паверсіку — бардэль ці публічны дом, дзе гасцей і падпітых наведвальнікаў адразу сустракалі некалькі дзевак. Ззаду, у глыбіні — друкарня, а вышэй, на пагорку, грузна стаяў Дом піянераў — былая сінагога.
Машыніст друкарні Гутар пакінуў за сабой прахадную і праз некалькі дзясяткаў крокаў апынуўся перад будынкам рэдакцыі. Боль у страўніку з новай сілай працяў яго, але ён стрываў. Дома вып'е чаго-небудзь: гарачай гарбаты, амаль кіпню, ці шклянку гарэлкі. Тады яму звычайна станавілася лепей.
Унізе, у былым шынку, гандлявалі і цяпер. На палічках было бедна: слоікі з гуркамі альбо памідорамі, капуста, танны яблычны сідр ды гарэлка.
Язэп Гутар збочыў і падняўся па прыступках у рэдакцыю. Некалькі супрацоўнікаў абодвух полаў сядзелі за сталамі і нешта пісалі ці званілі па тэлефонах. Злева, у калідоры, за перагародкай чулася ляпанне друкарскай машынкі. Дзверы ў кабінет рэдактара былі зачынены. Гутар асцярожна пагрукаў і адчыніў.
Рэдактар райгазеты Берасценка сядзеў за сталом і чытаў гранкі. Мутныя яго вочкі, у кутках якіх кроплямі запёкся гной, утаропіліся ў наборшчыка. Рука звыкла зграбла пасмы валасоў і закінула іх назад, ад чаго агаліўся нізкі, на два пальцы, вузенькі лоб.
— Я што — выклікаў цябе? — незалюбіў ён.
— Сам прыйшоў. Ёсць, значыць, патрэба.
— I што ты хочаш, Гутар? — незадаволена і з прыхаванай зласлівасцю пацікавіўся рэдактар.
— Хачу дадому, — сказаў Язэп Гутар. — Мая змена даўно скончылася.
— А ты бачыш, што я зараз чытаю?
— Я дагары нагамі не бачу.
— Гэта як — дагары нагамі? — злавесна ўзняў голаў рэдактар Берасценка.
— Вы чытаеце ўжо ў чацвёрты раз.
— Нарываешся на тэрмін за такія размовы?
— Што так?
— Прамова самога таварыша Сталіна. I чытаць яе я буду і ў пяты, і ў шосты, і нават, калі трэба, у дзясяты раз.
— Я да раніцы сядзець і чакаць не буду. Падпісвайце нумар.
— А вось за такія контррэвалюцыйныя выказванні дакладна сядзеш. У турму.
— He шыйце палітыку, — сказаў наборшчык Гутар. Боль у страўніку раптам адпусціў яго, і ён адчуў, што разам з ім знік і страх.
— Няправільна, — з нянавісцю абвесціў Берасценка.
— I вас "закрыць" могуць, — аспрэчыў таго Гутар. — Ад турмы не заракаюцца.
Запанавала пагрозлівая паўза.
— Разбяромся з табой. Але пасля. А цяпер пайшоў прэч. На сваё працоўнае месца.
I раптам роблена зароў:
— Лінію скажаць?! Партыі? He дазволім!
К ночы, як на неба выплыла ярка акрэсленая поўня, рэдактар Берасценка прачытаў газету ў сёмы раз і, урэшце, падпісаў нумар.
Друкарня працавала. Наборшчыка Гутара зноў званітавала. Але моцнай слабасці, як апоўдні, ён чамусьці не адчуваў. Да гэтага часу ён ужо ведаў, што яму рабіць.
Ён пачаў лічыць. Імя Сталіна паўтаралася ў газеце трыццаць сем разоў. Язэп Гутар акуратна, імкнучыся не прапусціць, старанна перабраў кожнае. Ён спяшаўся. Змяняў літару "т" на "р". Усяго адну літару. Трыццаць сем правак. He так ужо і шмат.
...Машыны і механізмы між тым працавалі. Падвозіліся рулоны з паперай. Як ён ведаў, раніцай — а зверху, пачынаючы ад "самога", патрабавалі, каб у падпісчыкаў да восьмай гадзіны ўжо ляжаў у паштовай скрьіні свежы нумар — усе атрымаюць газету.
Язэп Гутар пайшоў дамоў. У сваім барачным пакойчыку наборшчык Гутар сабраў паперы, лісты і дакументы і ўсё спаліў. Потым проста прылёг
на свой жалезны жаўнерскі ложак, засцелены трафейнай нямецкай коўдрай і на нейкі час знерухомеў.
Ён думаў пра смерць. Пра тое, што, бадай, анічога ў свеце не вартае яе па значнасці. Успомніў, як памірала жонка. Лекара ён, калі б і хацеў выклікаць, то не здолеў, бо таго перадусім забралі наўпрост з бальнічкі. Казалі потым звычайнае — быццам той аказаўся заканспіраваным ворагам народа, агентам дэфензівы.
Жонцы рабілася горш з кожнай хвілінай, а ён не мог ёй дапамагчы. Фельчар толькі развёў рукамі. Позна. Дый у самога фельчара ў сумцы амаль не было аніякіх лекаў. Жонка працавала да апошняга. На фабрыцы за нявыхад заводзілі справу, і так усё і атрымалася.
Наборшчык Гутар успомніў, як трымаў яе за руку, дыханне ў яе станавілася ўсё болыл цяжкім, з хрыпамі, а сэрца білася часта-часта, нібы стракатала швейная машынка. А потым яна глыбока ўздыхнула некалькі разоў і — сцішылася назаўсёды.
Пачынала світаць. Праз акно ўжо віднелася шэрае неба без зорак. Кудысьці ўбок споўз месяц.
Наборшчык Язэп Гутар ведаў, што адбудзецца раніцай. Ужо хутка. Вельмі хутка. Калі пачнуць чытаць газету. Спачатку забегаюць шматлікія стукачы, пачнуць паведамляць у мясцовае ўпраўленне НКУС альбо непасрэдна сваім куратарам. Стукачоў, на яго погляд, паўсюдна было як блох у бадзяжнай сучкі. Ніхто не давяраў нікому. TaKi настаў час. У кожным квартале кварткам з'яўляўся сакрэтным інфарматарам. Інфарматар, але ніжэйшага рангу, пражываў у кожным пад'ездзе,
сачыў за жыльцамі. Любыя фабрыка, завод, калгас налічвалі іх дзясяткамі. Былі інфарматарамі шматлікія кіроўцы, паштавік, лазеншчык у гарадской лазні, дырэктары школ і некаторыя настаўнікі, святар у царкве, які абавязаны захоўваць таямніцу споведзі, але не захоўваў, і піянеры ў летнім піянерскім лагеры. Здаралася, брат даносіў на брата, а сват на кума. Асабліва іншым разам шчыравалі жонкі, абгаворваючы сваіх мужоў.
Вербавалі, вядома, і яго. У сувязі з характарам яго працы. Запрасілі ў кабінет да Шабуна. Начальнік райліту адразу выйшаў, а ён застаўся сам-насам з невысокім страшнаватым чалавечкам у цывільным. Нягледзячы на знешнюю несамавітасць, ад нкусаўца, тым не менш, як ад атрутнага насякомага, дзьмула нялюдскім холадам і пагрозай.
Ён тады здолеў адхрысціцца. Нёс абы-што, уключыў дурня, казаў, што як вып'е гарэлкі, дык становіцца балбатлівым, а не піць не можа. Нкусавец, магчыма, і не паверыў, але адступіўся, ды ён ведаў — гэта ненадоўга, будзе правяраць, капне раптам глыбей, і тады...
Хутка за ім прыйдуць. Вядома, сёння ж забяруць і рэдактара Берасценку, магчыма, начальніка райліту Шабуна і дырэктара друкарні Гурскага. Бадай што прыедуць дзесьці а восьмай, і ён пачуе. Невядома толькі, каго будуць увязніваць першым. Але ж для яго гэта не так ужо і важна. "Пара", — неўзабаве падумаў ён.
Наборшчык Язэп Гутар падхапіўся з ложка, дастаў з-пад яго сякеру, якой звычайна сёк на зіму дровы, і за грубкай на падлозе прыўзняў адну з дошак. Адтуль ён выцягнуў курковае паляўнічае
ружжо шаснаццатага калібру, набытае раней у адзінокай старой, якая перыядычна ўпадала ў маразм і нават не помніла, ад каго ёй тое ружжо засталося, — наборшчык Гутар трымаў яго на ўсялякі выпадак. Цяпер такі выпадак надышоў. Але патронаў не знайшлося, як ні шукаў. Ніколі ён не шкадаваў, як цяпер.