Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
Амбал, прыкладна каля метра дзевяноста, насунуўся на яго з прыцемку і спыніўся ўсутыч.
— Паслухай, братан, — сказаў ён з ноткай нахабства ў голасе, — ты не пазычыш мне на хвіліну тваю мабілу? А то я сваю дома забыўся.
— Я табе не братан, — адказаў Багдан Кайра. — Гэта па-першае. А па-другое, надалоннік — рэч інтымная, як, прыкладам, зубная шчотка. Кубатурыш, пра што я?
Ён ужо зразумеў, што тут нешта нячыстае і бойка непазбежная: пра гэта яму на ўсю моц крычаў яго спрактыкаваны на такія сітуацыі інстынкт.
— Давай мабілу, лох!
— Паспрабуй вазьмі!
Краем вока Багдан Кайра зафіксаваў, як ногі незнаёмца незаўважна рассунуліся на шырыню
плеч, левая ступіла наперад і доўгі бакавы джэб ужо ляцеў яму ў галаву.
Амаль машынальна ён ухіліўся ад удару кулаком і адказаў лаў-кікам з левай нагі, трапіў, як і мусіў, па знешнім боку бядра праціўніка, але амбал не згубіў раўнавагі, і Багдан Кайра зразумеў, што бойка атрымліваецца сур'ёзная.
Абодва зноў абмяняліся ўдарамі, але кожны здолеў блакаваць замах. Прывучаны калісьці ў "клетцы" думаць у час паядынкаў, імкліва аналізаваць іх ход і вызначаць слабыя месцы праціўніка, Багдан Кайра пачаў рабіць гэта і зараз. У блізкі кантакт ён уступаць не жадаў: амбал хоць і быў прыкладна аднолькавага з ім росту, але важыў намнога болыв — гэта адчувалася. Таму Кайра круціўся, ухіляўся ад удараў і прывучаў праціўніка да таго, што атакуе ўвесь час яго ногі. Так, амаль толькі ногі. Справа, злева. Ён падпільноўваў зручны момант, але амбал стаў асцярожны, пэўна, не чакаў ад праціўніка спрыту, наадварот, прамым ударам правай ледзь не зламаў яму, Кайру, ключыцу.
Блакуючы ўдары і наносячы ў адказ, Багдан Кайра ў рэдкіх мільгатлівых успышках святла ад машын, што праязджалі за аркай па вуліцы, імкнуўся разгледзець твар праціўніка, зразумець, урэшце, хто гэта такі і чаму наўмысна напаў на яго. У тым, што нападзенне наўмыснае, Кайра ўжо не сумняваўся.
Думкі імкліва ўзнікалі і гэтаксама імкліва раствараліся ў яго галаве.
...Удар.
...Блок.
...Удар. Трапіў...
...Прапушчана. Боль.
...Hori. Каленны сустаў. Трапіў... Ara, адчувальна...
Бойка цягнулася лічаныя секунды, але ніхто з праціўнікаў не меў дагэтуль яўнай перавагі. На барцоўскі захоп ніхто з іх таксама свядома не ішоў, бо качацца па асфальце было пагрозай небяспечнай траўмы любому.
...Удар.
...Прытворны замах.
...Вось яно. Так... Ёсць!
Амбал нарэшце папаўся. Засцерагаючыся ад удару па нагах, ён нізка апусціў рукі і раскрыўся. Ад "мавашы" ў галаву ён яшчэ памкнуўся спачатку адхіліцца і потым, амаль адначасова, блакуючы ўдар, абараніцца рукой, але кісць рукі ў такім выпадку — слабая абарона. Прапусціўшы ўдар у галаву, праціўнік "паплыў" і, склаўшыся, марудна паваліўся на асфальт.
Усё.
Іх сутычка, пэўна, не засталася незаўважанай, бо, азірнуўшыся, Багдан Кайра ўбачыў мігалку патрульнай паліцэйскай машыны. Сустрэча з прадстаўнікамі закону ў яго намеры не ўваходзіла, і ён паспешліва кінуўся назад, выслізнуў з аркі і неўзабаве змяшаўся з натоўпам, прадбачліва сцягнуўшы пінжак і застаўшыся у адной кашулі. Так яго будзе няпроста вылічыць, калі лянівым паліцыянтам нават і захочацца стварыць нешта накшталт пагоні.
***
У прыёмнай шэфа акрамя сакратаркі сядзеў мажны, коратка стрыжаны мацак у цёмна-шэрым касцюме. На твары яго быў заўважны старанна загрыміраваны кровападцёк. Нешта быццам
няўлоўна знаёмае нагадалася Багдану Кайру ў абліччы наведвальніка.
Мацак нядобра зірнуў на яго з-пад ілба і скрывіўтонкія вусны.
— Ты мне палец зламаў, ідыёт, — сказаў ён.
Як толькі пачуў голас, Багдан Кайра адразу пазнаў яго: гэты чалавек учора напаў на яго на вуліцы і хацеў завалодаць мабільнікам. Левая кісць у мацака была ў белай гіпсавай павязцы.
— За ідыёта — адкажаш, — машынальна вымавіў Кайра і прысеў побач.
Ён няўцямна ўтаропіўся ў сакратарку і толькі хацеў патрабаваць тлумачэнняў, як у яе на стале прагучаў сігнал і голас шэфа гучна вымавіў:
— Стажоры з'явіліся? А калі так — абодвух да мяне!
Галоўны, як звычайна, вольна сядзеў за сваім масіўным сталом, пабліскваючы шышкаватай лысінай. Нязвыклая ўсмешка раптам узнікла на яго твары.
— Тэст на кемлівасць, — сказаў ён і спытаў: — Ну, і што ты пра ўсё гэта думаеш, Кайра?
— Мяркую, гэта быў своеасаблівы іспыт. Вы наўмысна нацкавалі на мяне вось гэтага...
— Правільна, — перабіў яго шэф. — Ён такі самы стажор, як і ты, Кайра. Толькі з нашай службы бяспекі. Але я вас віншую. Ад гэтай хвіліны вы абодва залічваецеся ў штат. Я вамі задаволены, бо вы ўніверсалы. Калі спатрэбіцца, я нават здолею памяняць вас месцамі.
Радасны, як, здаецца, ніколі ў сваім жыцці, Багдан Кайра пакідаў кабінет начальніка.
Бо цяпер ён — супрацоўнік фірмы. Мажліва, самай уплывовай ва ўсім іх паўночным рэгіёне.
РЫТУАЛЬНАЕ СЭППУКУ НАБОРШЧЫКА ГУТАРА
У абедзенны перапынак машыніст-наборшчык гарадской друкарні Язэп Гутар выйшаў у захламлены рулонамі паперы брудны дворык, каб з'есці на свежым паветры тое, што прынёс з дому, але ў "бяседку", дзе месціліся дзве лаўкі, не пайшоў, а прысеў збоку, у адзіноце. Абед яго, загорнуты ў газету, складаў, акрамя хлеба, два курыныя яйкі, звараныя ўкрутую, і паўлітра малака ў шклянай бутэльцы.
Было цёпла, нават горача.
Машыніст Гутар пачаў есці, але неўзабаве адчуў, як страўнік супраціўляецца, і званітаваў, пасля чаго крыху пасядзеў на пустой скрыні і, па сігнале, зноў вярнуўся на месца працы. Спазняцца не выпадала, бо за гэта адразу каралі: пазбаўлялі часткі зарллаты, і тое — у найлепшым выпадку, а ўвогуле маглі прышыць палітыку: шкодніцтва, сабатаж ці яшчэ што.
У цеснаватым памяшканні друкарні звыкла гулі і ляпалі механізмы, пыл і пах клею казыталі ноздры. Закратаванае шкло на вокнах было заплямленае брудам, але ўсё роўна за ім пазнавалася лета.
Машыніст-наборшчык друкарні Язэп Гутар набіраў тэкст. Работа блізілася да завяршэння, але ён ведаў: працоўны дзень для яго звыкла зацягнецца, што апошнім часам назіралася паўсюдна.
Рэдактар раённай газеты "Камуністычная праца" Берасценка, імкнучыся пазбегнуць памылак друку, па тры-пяць разоў перачытваў гранкі. Вядома, гэта выклікала незадавальненне машыніста друкарні Гутара, таму што друкаванне газеты зацягвалася за поўнач. Але адкрыта пратэставаць было небяспечна.
Язэпу Гутару было каля сарака пяці гадоў. Для свайго веку ён выглядаў спрацаваным і надзвычай стомленым чалавекам. Ссівелая вялікая галава, схуднелыя плечы і рукі, зморшчыны на твары надавалі яму выгляд старога. Ён адчуваў, што захварэў. Некалькі тыдняў раней ён з цяжкасцю прабіўся на прыём да лекара ў гарадской паліклініцы — да таго была вялікая чарга, бо не толькі папярэднія лекары, а і, часам, фельдшары, нават ветэрынар знікалі невядома куды. Урэшце, усе ведалі, што іх забіралі па начах, але пра тое маўчалі. Гутара непакоілі болі ў страўніку, і лекар, памацаўшы яму жывот, напісаў паперку-накіраванне ў абласную бальніцу. Язэп Гутар прааналізаваў сімптомы хваробы, а ён шмат чытаў з таго, што набіраў, і зразумеў, што яго справы — дрэнь, і нікуды не паехаў, але чамусьці працягваў механічна хадзіць на працу. Ён жыў адзін у барачным пакойчыку. Жонка з год таму раптоўна памерла ад запалення лёгкіх, а сына забралі служыць у войска, і ад яго даўно нічога не было чуваць. 3-за усяго гэтага наборшчыка Гутара ўжо працяглы час апаноўвалі змрочныя думкі пра самазабойства. Як ён лічыў: жыццё навокал і так не мела аніякага сэнсу, а тут яшчэ і хвароба. У тым, што яна вельмі сур'ёзная, ён чамусьці не сумняваўся, бо шмат выведаў з некалькіх брашур па медыцыне, якія набіраў на працы.
Але ў глыбіні душы Язэп Гутар яшчэ не згубіў рэшткі веры, а продкі яго былі ўніяты, і яго самога бацькі калісьці паспелі ахрысціць ва ўніяцкай царкве, а мясцовая — нядаўна была ўшчэнт разбураная і разабраная па бярвеннях. Знік кудысьці назаўсёды і ўніяцкі святар. Вера забараняла яму самазабойства, і машыніст Гутар з таго быў у цяжкім одуме, а параіцца хоць бы з тым святаром — не выпадала. Сам парадак жыцця выклікаў у яго цьмяны неспакой і трывогу, якія пераходзілі ў страх, чаго ён саромеўся, але навокал так жылі ўсе — нават дырэктар друкарні Гурскі, началынік райліту Шабун, рэдактар "Камуністычнай працы" Берасценка і яшчэ людзі, нашмат вышэйшыя і, наадварот, прасцейшыя за іх.
Машыніст друкарні Гутар баяўся не так смерці, як застацца аднаму і бездапаможнаму перад хваробай, ляжаць саслабеламу ў ванітах і брудзе, бо ніхто не прыйдзе на дапамогу. Хіба што пасля пахаваюць наспех, каб захапіць пакойчык у бараку, які ён займаў.
Якраз цяпер Язэп Гутар зноў павінен быў затрымацца, бо наступнай раніцай выходзіў нумар з выступленнем генеральнага сакратара ЦК Сталіна на нарадзе камбайнераў, і вычытваць яго рэдактар раённай газеты Берасценка, былы міліцыянер, які скончыў курсы лікбезу, уедлівы і зласлівы, будзе некалькі разоў. Урэшце, тэкст выступу быў набраны ўчора, але Гутар ведаў, што гранкі панясуць у рэдакцыю зноў і зноў, а сам ён будзе завіхацца тут усю ноч.
Цяпер жа ён набіраў нешта кшталту ўступу да той нарады, што адбылася ў далёкай Маскве.
«...Фанфары ўзняліся ўверх разам са змешчаным ззаду "Лрывітаннем" у выглядзе прамянёў, якія разыходзіліся па ўсёй прасторы залы. Наперад выйшаў вядучы і сказаў кароткі ўступ, пасля якога загучала "Песня пра Сталіна":
Вядзі нас, любімы,
Табой мы з'яднаны.
Ты наша жыццё,
Дарагі правадыр...»
Зноў, як і раней, машыніст Язэп Гутар адчуў, як яго ахоплівае млосць. Рот напоўніўся слінай. Хацелася кінуць усё і пайсці адсюль куды-небудзь да ракі ці яшчэ далей — у лес, легчы там на траву, глядзець і слухаць, як ціха варушацца і шумяць пад ветрам вершаліны соснаў. Але ж нешта змушала яго гібець тут, у друкарні. Надзея на лепшае? А раптам хвароба пройдзе сама? Спадзяванне на гэта? Страх? Так, хутчэй за ўсё — менавіта страх, чамусьці з агідай да сябе падумаў ён.
Ён зноў працягваў набіраць афіцыйны тэкст, дасланы са сталічнага тэлеграфа, пра тое, як і ў якім складзе сядзеў у зале Прэзідыум на чале з таварышам Сталіным, як усе ўставалі некалькі разоў і віталі таго працяглымі апладысментамі, як на сцэне ззаду Прэзідыума паўстала высокая піраміда, упрыгожаная наверсе імгненна раскрытым сцягам з вялікім партрэтам таварыша Сталіна і пад ім — сцягам Саюзных рэспублік.