Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
— Шашлыкі! — запатрабаваў нехта з "сорнераў". — Кухар! Дзе кухар? Халдэй!
— Так, так! — падтрымала адна з дзяўчат. — I музыку сюды!
— А вось сядзіць коцік! Ты — адкуль? — віскнула другая. — Ды вы зірніце — ён і не думае ўцякаць. Ты чый, коця? Які пухнаты!
Яна прысела на кукішкі і пацягнулася да ката рукой. Той зашыпеў і таргануў лапай.
— Ай, ён мяне падрапаў! — закрычала дзяўчына. — Вось і кроў, глядзіце! А калі ён шалёны?
Мужчына па прозвішчы Алег Мазур сядзеў на зямлі, раз-пораз імкнучыся падняцца на ногі, яго ўсё яшчэ насцярожана прыціскалі за плечы двое "мясцовых". Але неўзабаве пакінулі ў спакоі. Як ён адчуваў, на большае яны не рызыкнуць, не той расклад... Крыўда і злосць зноў хваляй насунуліся, нягледзячы на тое, што яго неўзабаве пакінулі ў спакоі, пусцілі па руках бутэльку з гарэлкай, спрабавалі прапанаваць і яму.
Між тым нецярплівыя "сорнеры" пацягнулі дзяўчат, што вяла ім супраціўляліся, за кустоўе, у траву. Адтуль пачуўся віск, рогат, а потым наступіла цішыня, але цягнулася гэта не надта доўга — пакамечаныя, адны за другімі яны зноў з'явіліся ля вады.
Кухар, які сышоў было на бераг, зноў падняўся па сходніках на палубу, засланіўся спінай, зняў з мангала некалькі шашлыкоў на шампурах, старанна апляваў кожны з іх і панёс на бераг.
— Гэта вам за "халдэя".
I ўжо на беразе закрычаў:
— Дарагім гасцям — самыя смачныя!
— Мне хто-небудзь палечыць руку? — зноў заенчыла дзяўчына, якая раней няўдала зацікавілася катом. Шаленствам можна заразіцца. Дзе гэты кацяра? А-а, вунь ён, гад, сядзіць, не адыходзіць...
— He баіся, кветачка ты наша, зараз гарэлкай прадэзенфікуем, — няшчыра пачаў супакойваць адзін з "сорнераў" — той, хто "апекаваў" яе. — Дзе гарэлка? Халдэй!
Сонца, між тым, зайшло, і цені над зямлёй згусціліся і папаўзлі па вадзе.
"Капітан" спусціўся на бераг, падышоў да мужчыны, які, сціснуўшы сківіцы, скамянела глядзеў удалечыню, і спытаў:
— Ну, што засумаваў? Дамоў — не пара? Ды ты не садзіся на крыўду, сам вінаваты.
— Бадай што і праўда паеду, — раптам пасля непрацяглага роздуму згадзіўся мужчына па прозвішчы Алег Мазур.
— Ну дык і правільнае рашэнне, — палегчана ўздыхнуў "капітан" і дадаў "мясцовым": — Вуды яму вярніце, каб усё па-часнаку! Ды наліце шклянку.
Прынеслі вуды. Інжынер Алег Мазур сунуў іх у чахол, перакінуў яго за спіну, грэбліва адхіліў гарэлку, сеў на ровар, затрымаўся раптам, убачыўшы ката, які па-ранейшаму нервова бегаў побач, і — націснуў на педалі.
***
Праз якую гадзіну мужчына ўжо вяртаўся назад. Ён спяшаўся і таму штосілы націскаў на педалі. Перасёк бальшак з бясконцым патокам машын і збочыў, урэшце, на дарогу да вадаёма. На шматлікіх калюжынах яго трэсла, і тады ён адчуваў боль у грудзях. "Трапілі, пэўна, і па рэбрах", — змрочна думаў ён.
Амаль сцямнела, але прамень святла ад фары, якую ён абачліва ўсталяваў з месяц раней на руль ровара, добра асвятляў вузкую сцяжынку. Урэшце ён наблізіўся да месца, дзе лавіў верхаводак, а пасля пакінуў баляваць плывучую кампанію
прыхадняў і цяпер, яшчэ не даехаўшы, пабачыў, што "Здань" ужо зноў адплыла амаль на сярэдзіну вялікай вады. На асветленай вісячым ліхтаром палубе, пэўна, па-ранейшаму святкавалі, бо адтуль гучала музыка, даносілася гергетанне "сорнераў" і вясёлыя галасы дзяўчат ды знаёмы пранізлівы рогат адной з іх:
— Ха-ха-ха-хі-хі-хі-хі!
Мужчына саскочыў з ровара і раптам у святле яшчэ не згаслай фары ўбачыў на пяску шэры камяк. На якую секунду ў яго перахапіла дыханне, і ён падумаў: "He можа быць", — але, укленчыўшы, ужо зразумеў, што прадчуванне благога не падманула.
Цельца ката з перасечанай шыяй скурчылася перад ім на зямлі. Яго "меншы брат", лавец верхаводак, быў мёртвы.
— Ну, дык тым больш... Ад шроту не памрэце...
Мужчына на які міг знерухомеў, а потым быццам зусім супакоіўся, рыўком узняўся на ногі, перакінуў з-за спіны цяжкаваты скрутак, выцягнуў адтуль двухствольны курковы драбавік, пераламіў ствалы, вытрас з сумкі некалькі патронаў і зарадзіў адразу двума. Ён падышоў усутыч да вады, ускінуў рулю, прыцэліўся і націснуў на курок, потым на другі.
Стрэлы заглушылі ўсе іншыя гукі і рэхам пракаціліся над вадаёмам. Адразу за імі з борта прагулачнага судна пачуўся істэрычны віск і няўцямныя, спанікаваныя галасы.
Мужчына выкінуў пад ногі гільзы, зноў зарадзіў драбавік і зноў націснуў на абодва куркі разам. Прыклад аддачай таргануў яму ў плячо.
Чарговы зарад дробі, пэўна, трапіў у ліхтар на палубе, бо той з трэскам лопнуў і рассыпаўся. На "Здані" стала цёмна.
— Ратуйце! — завішчэў адтуль жаночы голас, — забіваюць!
— Міліцыю! Мабілу сюды! Хутчэй!
— Ай, ай, у мяне трапіла!
— He страляй! Хто там страляе?
— Хавайцеся!
— Мабіла! Дзе мая мабіла?!
Чалавек па прозвішчы Алег Мазур выкінуў на пясок чарговыя дзве гільзы, зноў зарадзіў драбавік. Ускінуў рулю ў напрамку цёмнага плывучага сілуэта і зноў націснуў на куркі.
На судне ўзняўся суцэльны крык, з борта пляснулася нешта ў ваду, потым раптам зароў матор.
Мужчына намацаў рукой у сумцы. Патронаў больш не было. Пасля чаго размахнуўся і закінуў драбавік у ваду, сабраў з-пад ног гільзы і таксама кінуў следам.
Нейкі час ён маўкліва паста'яў на беразе, а потым знайшоў нерухомае цельца, расшпіліў кашулю і запіхнуў ката, яшчэ цёплага, за пазуху.
Усю дарогу, пакуль ехаў, ён адчуваў гэтую паволі знікаючую цеплыню і думаў пра жывёлу і сябе: "Ну вось, хутка і будзем з табой дома. Як абяцаў".
Снежань 2012 г.
ЗАДАННЕ ДЛЯ СТАЖОРА
Стажор Багдан Кайра спыніўся ля дзвярэй і запытальна зірнуў на сакратарку.
Тая кіўнула галавой.
—	Заходзь. Ён чакае.
Галоўны дырэктар, мажны, з вялікай лысай галавой, узняў на яго позірк пранізлівых шэрых вачэй-шчылінак і сказаў, нават не запрасіўшы прысесці (тут бераглі час і лішніх слоў ніхто не вымаўляў):
—	Пройдзеш на закрыты аб'ект. Нам трэба адтуль інфармацыя. Як пройдзеш і як здабудзеш — твая праблема. Нам сталі вядомыя толькі час, месца і агульны кірунак сходу нешматлікіх навукоўцаў. Усё, жадаю поспеху. I памятай: галоўнае ў нашай справе — гэта здабыць інфармацыю, а як ёю распарадзіцца — ужо іншае.
Па маладосці Багдан Кайра актыўна займаўся рукапашкай, а паколькі ён рос у ледзь прыхаванай беднасці, то вымушаны быў з часам зарабляць на жыццё ўдзелам у баях без правілаў. У жорсткіх паядынках з такімі ж парыямі, як і сам, ён набыў неабходную псіхалагічную ўстойлівасць і спрактыкаванасць, але і некалькі істотных траўмаў, апошняя з якіх прымусіла яго пакінуць "клетку" (так на слэнгу завуць рынг альбо месца, дзе адбываюцца баі). Потым прыродны розум, удача і набытыя
знаёмствы дапамаглі яму ўладкавацца ў фірму. Так ён стаў стажорам, а ў сувязі з тым, што не набыў пакуль ні вопыту, ні вядомасці, ні ўласнага імя, то яго выкарыстоўвалі на ўсялякіх другасных падзеях. Урэшце, сам Багдан Кайра быў упэўнены, што яго зорнае імгненне яшчэ наперадзе.
Так і цяпер: яго задзейнічалі на нейкі нешматлюдны засакрэчаны форум, дзе быццам вырашаліся пытанні малазнаёмага яму, калянавуковага характару, з заданнем здабыць там хоць якія звесткі.
Форум, на які Кайра з цяжкасцю прасачыўся праз запасны ліфт пад выглядам маладога навукоўца, праходзіў ледзь не сумна. Удзельнікі — у асноўным, малавядомыя яму асобы — абмяркоўвалі напаўзабытыя і ўвогуле, наколькі ён ведаў, напаўзабароненыя ідэі шматмерных камп'ютарных працэсаў, працы Джарона Ланье, Ніка Бострама, Робіна Дайнтана і сучасных "прасунутых" пра сімуляцыю і ўсё тое, што з ёй звязана. Чамусьці фатаграфаваць удзельнікаў было катэгарычна забаронена. Але рэпарцёр Кайра выдатна разумеў, што калі захоча, то незаўважна зробіць гэта з дапамогай свайго мабільніка, у корпус якога была ўманціравана надзвычай адчувальная камера. Пакуль што ён уключыў дыктафон і запісваў тое, што збольшага разумеў: вылічальная складанасць мозгу — дзесьці дзесяць у шаснаццатай ступені аперацый у секунду, аб'ём вылічэнняў, неабходных для рэалістычнай сімуляцыі ўсёй гісторыі чалавецтва, — прыкладна дзесяць у трыццаць трэцяй ці дзесяць у трыццаць шостай ступені аперацый у секунду, і ўсё такое.
У перапынку за фуршэтнымі столікамі пілі каву і елі даволі прыстойныя, на яго погляд, бутэрброды. Незаўважна Багдан Кайра зрабіў некалькі здымкаў.
Праз нейкі час форум скончыўся, але на выхадзе Багдана напаткала нечаканасць.
— Фільтрацыя надалоннікаў! — аб'явіў з нябачнага рэпрадуктара механічны голас.
Усе ўдзельнікі форуму, якія пакідалі залу, паступова сталі шарагавацца ў доўгую чаргу.
Мабільнікі адбіралі і прыкладна праз 20-30 секунд вярталі ўладальнікам, папярэдне прапусціўшы праз камп'ютарны аналізатар.
Багдан Кайра ліхаманкава шукаў выйсце. Камп'ютар не падманеш — запісаныя ім тэксты і здымкі будуць выяўлены, пасля чаго засвеціцца з адпаведнымі настулствамі і ён сам. Што рабіць?
Пакуль што ён марудна адступаў у канец чаргі. Яшчэ некалькі крокаў — і Багдан апынуўся ў бакавой нішы, дзе месціліся туалеты. Зачыніўся ў адным з іх, выцягнуў з пазіка фіксуючую зашчапку на акне, прыадчыніў яго і высунуў галаву. Унізе, на адлегласці пятнаццаці паверхаў, была зямля. Амаль пад сабой ён заўважыў на ёй клумбы з кветкамі, размахнуўся і шпурнуў туды мабільнік, запомніўшы размяшчэнне клумбаў. "Лепш увогуле згубіць надалоннік, чым праваліць сябе і ўсю справу разам" — падумаў ён.
Хвілін праз дваццаць Багдан ужо выскачыў з ліфта ў хол, а потым і на вуліцу. Прыкінуўшы, з якога боку знаходзяцца клумбы, Кайра імкліва скіраваў туды. Зрэнкавая зоркасць і выдатная памяць на рэчы не падвялі яго і цяпер. Мабільнік адшукаўся ў адной з клумбаў, прыкладна там, дзе ён і разлічваў.
Прыняўшы незалежны выгляд, Багдан Кайра выбраўся на ходнікі і павольна рушыў у патрэбным яму напрамку да падземкі. Неба было хмарнае, ішла ўжо восень, і таму рана цямнела. 3 замацаваных і замаскіраваных сям-там у сценах рэпрадуктараў да яго даносіўся зазыўны шэпт аўтамаклераў і агентаў гандлю — усялякія крамкі прапаноўвалі сваё: тавары масавага попыту, азартныя гульні, дазволеную ахоўную зброю, каталогі турысцкіх падарожжаў і забаў. Урэшце, ён не прыслухоўваўся: наяўных грошай у яго амаль што не было.
Увайшоўшы ў вузкую і цёмную арку (так ён мусіў скараціць шлях), Багдан Кайра раптам насцярожана прыслухаўся і ўнутрана сканцэнтраваўся, бо яго нехта адмыслова даганяў. Ён павярнуўся тварам да незнаёмага.