Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 144с.
Мінск 2014
25.07 МБ
Але тут я, братка, і сам, як кажуць, "зашкварыўся". Яшчэ раней так званую эмансіпаваную, "вызваленую" жанчыну ўзвялі ў "культ" і — атрымалі дурніцу розных узроўняў: ад "надзвычайнай" афіцыянткі, якую заморскі прынц павінен адразу браць у жонкі, да "бізнес-вумен", на яе, простую прадавалку, калісьці абавязкова западзе залётны алігарх і зробіць сваёй жонкай — галоўнай бізнесменкай, ахмістрыняй і яшчэ чорт ведае кім, яна, падагрэтая падобнымі фантастычнымі гісторыямі, сябе рэфлексуе. А тое, што такія дурніцы развальваюць цэлыя дзяржавы, тым дзяржавам напляваць? Выходзіць, што так...
I мая была — простая лрадавачка. Вельмі прыгожая прадавачка. Маладзейшая, праўда, на дзесяць год, але для жыцця гэта нармальна. А з дзіцём не спяшалася — пэўна, выспявала ў яе слабой,
але хітрай галавёнцы ўжо тады неадольнае жаданне — узбіцца на так званае "прыгожае" жыццё...
Вось так усё і атрымліваецца. Банальная на першы погляд гісторыя. Але — чаму са мной?
Мужчына замаўчаў і задумаўся. Ён успомніў, як пабачыў першы раз сваю будучую жонку ў мясцовым універсаме, як пачаў часцей хадзіць туды, часам без патрэбы, як урэшце пазнаёміўся з маладой, даўганогай і самаўпэўненай дзяўчынай. Яе ўпэўненасць у сабе, як аказалася, мела падставы: на конкурсе прыгажуняў годам раней яе прызналі "Міс-горад". Ён і не ведаў. I як гэта ён адразу павёўся на той лялечны твар, вялікія чорныя вочы, белазубую ўсмешку пажадлівых вуснаў і ўсё такое? Прыгожая жонка — не твая жонка, як кажуць у народзе. А была ж у яго і нявеста, дзяўчына, з якой сустракаўся дагэтуль, якая чакала, пакуль ён адслужыць у арміі, і... — вось атрымалася, што ён таксама здраднік. Так — здраднік нумар адзін. Тут, зусім недарэчы, мужчына раптам прыгадаў, як яшчэ некалькі гадоў таму, па сваёй маладой дурасці, сустрэўшы на вуліцы ці то кінутага, ці то збеглага сабаку — чыстапароднага ратвейлера, — прывёў таго дадому, а свайго дварнягу аддаў знаёмаму праз квартал. I як той, адданы яму дварняжка, у яго адсутнасць — быў на працы — вярнуўся, прыбег здалёк са шворкай на шыі, а ратвейлер загрыз яго проста на падворку.
Нельга сказаць, што той выпадак не закрануў яго, доўгі час яму было ад таго непамысна, і набыты сабака стаў нібы дакорам, пакуль аднойчы не збег ад яго следам за сучкай у ахвоце на гарадскія вуліцы, дзе і быў застрэлены міліцыянтамі.
***
Мужчына па прозвішчы Алег Мазур узняў голаў і ўгледзеўся ў далечыню. Гук матора прыцягнуў яго ўвагу. 3 вялікай ракі ў пратоцы з'явілася нязграбнае плывучае ўтварэнне, якое ён бачыў тут аднойчы колькі дзён раней. Карабель-рэстаран. "Як быццам нельга адпачыць дзе-небудзь у кавярні ці ў нармальнай рэстарацыі — з сучасным туалетам, ціхай скрыпачкай у кутку і падсвечанымі знізу столікамі? Тым больш, калі ў цябе завяліся грошы, — падумаў ён. — Але ж, як цяпер кажуць, прыгожа жыць нікому не забароніш".
Мужчына адчуў раздражненне. Ён жа хацеў палавіць рыбу і на захадзе сонца, адвячоркам. Менавіта тады, перад цемрай, у галаву яму лезуць усялякія змрочныя думкі. А як пачынае сутонець, дык з глыбіні можна падняць буйную плотку, падлешчыка ці нават якога не зусім адэкватнага язя ці галаўня. Адхіліцца з тымі пакутлівымі думкамі, што апанавалі яго. Вялікая рыба з берага, як ён ведаў, бралася тут рэдка, бо вадаём штучна закармілі самі рыбакі. Хоць, што яму тая рыба? У хаце ж пуста, і якую рыбіну няма каму нават пачысціць ад лускі. Жонка. Яна проста не мела права так зрабіць. Сука. Лярва. Гэта — падлянка. 3 іншага боку, можа, і добра, што ён ад яе, такой жонкі, пазбавіўся. Чалавека пазнаеш у бядзе. Як бы яна павяла сябе, каб з ім здарылася якая бяда? Вядома, як. Такія моцныя арэшкі не раскрышыць нічога, акрамя часу. Стукне ёй "палціна", і — гамон, і ліпасакцыя, і падцяжкі скуры не дапамогуць. Дый калі зведае яшчэ большай ад некага іншага подласці. А было ж у іх і каханне, і мары, і спадзяванні...
Мужчына аж скрыгатнуў зубамі і застагнаў. Кот адразу спружыніста ўскочыў на лапы і няўцямна зірнуў на яго.
— Спі, братан, спі, — супакоіў яго інжынер Алег Мазур. — Вы, нашыя меншыя браты, адзіныя, хто не здольныя на падлянку. Пачынаючы ад маленькай руплівай пчалы і скончыўшы вялізным кітом, які, пэўна, плыве дзесьці ў водах Гальфстрыма. Дарэчы, як сведчаць навукоўцы, калі знікнуць толькі пчолы, чалавецтва праіснуе чатыры гады, не больш... Калі-небудзь такое і здарыцца. I няхай сабе. Восьтак...
***
Карабель-рэстаран "Здань" між тым наблізіўся амаль да сярэдзіны вадаёма. Рухавік на ім заглушылі, і адразу па вадзе разнесліся разняволеныя, узбуджаныя галасы, рогат і жаночы віск з непазбежнымі мацюкамі.
— Хі-хі-хі-ха-ха-ха-ха-ха!
На "Здані" пачалося баляванне. Ляснуў корак з бутэлькі шампанскага, над вадой паплыў пах смажанага мяса. "Сорнеры" паціралі далоні, пажадліва елі вачыма дзевак, роблена ўсміхаліся, перакідвался словам-другім па-свойму.
"Капітан" сядзеў у міні-рубцы за перагародкай, выпіў на дармаўшчыну шклянку віна і з'еў першы, спробны шашлык, які перадаў яму на шампуры кухар. Твар апошняга раз-пораз перакошвала нервовая сутарга.
— Музыку! — закрычала раптам адна з дзевак. — 3 Філіпчыкам! Абажаю Філю.
— Так, так! — падтрымалі яе іншыя.
Праз нейкі час (перакручвалі то адно, то другое) знайшлося і "з Філіпчыкам".
— "Ты не слышмшь меня!" — паплыў над вадой саладкаваты голас расейскага поп-спевака.
— "Я не слышу тебя!" — адказваў яму жаночы, не менш саладкаваты.
Дзяўчына, што замаўляла музыку, ускочыла з пластыкавага, прыкручанага да драўлянай палубы крэсла і пачала танчыць, падпяваючы і карцінна ўздымаючы аголеныя рукі. Ёй няшчыра запляскалі ў далоні.
— Тост! — закрычаў нехта. — За дзяўчат!
Выпілі за дзяўчат, за "капітана". Той-сёй наведаў прыбіральню, цесную, аднамесную будку, якая знаходзілася на карме. Потым зноў пілі, чакалі шашлыкоў. У ваду паляцелі першыя пустыя пляшкі. Іх, а таксама непрыкметна ссунуты ўбок мабільнік аднаго з кліентаў з прыхаванай асалодай выкінуў за борт кухар. Урэшце "сорнеры", нібы змовіўшыся, запатрабавалі "капітана" плыць да берага. "Адпачыць крыху на зямлі, пачаставацца шашлыкамі, ну а потым, потым зноў назад", — казалі яны.
— Ну, ведаю, што вам трэба, — неўпрыкмет з'едліва пасміхнуўся кухару "капітан", але запусціў рухавік.
Сутонела. Ярка-чырвонага колеру сонечны дыск схіліўся над далягладам. Ад кармы "Здані" пабеглі хвалі, і судна з адпачыванцамі марудна рушыла да берага.
***
Мужчына па прозвішчы Алег Мазур, які ўжо даўно ўзняўся на ногі і закінуў большую вуду на
глыбіню, з трывожнай незадаволенасцю сачыў за тым, як шумлівая кампанія на невялікім прагулачным караблі плыве ў яго бок. Была спадзяванка, што гэтыя, як ён лічыў, занадта жыццелюбівыя дурыкі скіруюць куды-небудзь у іншым напрамку, але вясёлы плывун упарта набліжаўся, і ён вырашыў, што на сёння, пэўна, хопіць — прыедзе сюды заўтра альбо пазней — і варта змотваць вуды.
Але з вудай, якую ён закінуў на глыбіню, неспадзявана здарыўся раптоўны зачэп — пэўна, які корч апынуўся ля самага берага, хоць ён і меціў кідаць недалёка, за траву. Шкада было новай жылкі і плаўка, і мужчына, яшчэ больш раздражняючыся з гэтай нагоды, пачаў торгаць вудаўём уверх і ў бакі, каб вызваліць гачок. Але той уеўся ў нябачнага тапельца намертва.
На "Здані" між тым заглушылі матор, узнялі яго ўгору, і судна паволі ўткнулася носам у плёс. Выкінулі сходнікі, і першымі на бераг з рогатам выскачылі дзяўчаты, за імі "сорнеры" і двое мясцовых — "капітан" застаўся на борце. Тое, што непажаданыя "турысты" быццам ва ўпор не заўважалі яго, яшчэ больш узвар'явала мужчыну.
Вядома, у душы ён разумеў, што гэтыя нахабнаватыя прыхадні, якія быццам знарок з'явіліся на яго вочы, аніяк не павінныя ў тым, што здарылася з ім у апошні час. Ён нічога не мае да людзей іншых нацыянальнасцяў, толькі няхай паводзяць сябе прыстойна. Дый і што такога незвычайнага ў тым, што яго цяпер ужо былая жонка нагледзелася нейкіх саладжавых кіношных гісторый ды тэлесповедзяў шматлікіх поп-зорак і захацела прыгожага жыцця. He яна першая і не яна апошняя. Галоўны вінаваты зусім не яна
і не той зух з Эміратаў, што "запаў" на яе, а ён сам. Так. Дзе былі яго вочы, яго галава, калі ён, былы дэсантнік, біўся за яе з нейкімі прыблатнёнымі дзялкамі, а потым браўся шлюбам? А дойдзе ўсё да суседзяў? Да супрацоўнікаў з іх бюро? I дойдзе ж, дойдзе абавязкова. Цьфу! Вось і цяпер: нейкім дурнаватым і распусным малалеткам захацелася, як кажуць, "адтапырыцца", няхай бы і так, але — нахабная беспакаранасць... Ім тут што — прахадны двор?
— Вам у гэтым месцы — мёдам намазана? — урэшце ў кароткай паўзе паміж надакучлівым хіхіканнем дзяўчат і разняволеным гергетаннем чужынцаў гучна спытаў ён. — Дык я вас сюды не выклікаў!
Яго не толькі ва ўпор не бачылі. Яго не чулі. Затое быццам убачылі ката. Нехта з гіканнем шпульнуў у таго знятым з нагі пантофляй. Жывёла адбегла метры на два і спынілася, насцярожана ўзняўшы вострыя, з кутасікамі, вушы.
— Ды вы што, тупалобцы, зусім з разьбы з'ехалі? — закрычаў інжынер Алег Мазур, які ўжо губляў над сабой кантроль. — Вы што творыце? Так, так, я да вас звяртаюся. I да вас таксама, "вэнджаныя"! Вы што, хамуйлы, набрыдзь — прыехалі тут свае законы ўсталёўваць? Падціраць смэркі аб нашы абрусы? Гадзіць у нашыя рэчкі?
Яго нарэшце пачулі. Усе сціхлі, нават дзяўчаты.
— Гэта што за "перац"?
Адрэагаваў першым чамусьці не хто-небудзь з так званых "сорнераў", а кухар. Твар яго перасмыкнула.
— Ты нам, гэта, адпачываць не перашкаджай, — чамусьці з радаснай усмешкай дадаў ён. —
Бачыш, як іх усіх разбірае! — I кіўнуў у бок кліентаў і іх дзевак.
— Эйш, заспяваў, — падробліваючыся пад блатнога, здзекліва засіпеў адзін з "мясцовых" набліжаючыся да мужчыны ды няўмела наганяючы страху. — Ты хто такі? Што за панты? Глохні, сука! A то адкажаш за базар: жалязяку на шыю і — на глыбіню.
— Стоп! Стоп! — умяшаўся з борта "капітан". — Навошта гнабіць мужыка? Ён, бачу, з непалахлівых. Пляшку яму, і няхай дадому кіруе! Будзем шчодрымі, ха-ха...
— Сунь сабе тую пляшку ведаеш куды?
— Ну, дык пакуль тое, спакуйце яго, няхай сціхне і падумае, калі ён думаць не ўмее, — спахмурнеў і выказаў прапанову "капітан".
Ён мог і не працягваць, бо на інжынера Мазура ўжо мусілі накінуцца двое "мясцовых" але той ужо і сам напаў на іх, збіў адразу аднаго з ног трапным "лаў-кікам", другому пацэліў у сківіцу — той узвыў, і тут на яго самога напалі ўсе, акрамя "капітана" і, вядома, дзевак, якія безперапынна вішчэлі, — павалілі на зямлю, пакачалі і нават прыклаліся нагамі. "Стоп!" — зноў закрычаў "капітан", пасля чаго ўсе ўрэшце спыніліся.