• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брамнік заўжды самотны  Юры Станкевіч

    Брамнік заўжды самотны

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 144с.
    Мінск 2014
    25.07 МБ
    — Ферзь жэ-сем і праз тры хады — мат, — сказаў Алесь.
    — О-о, — пасля працяглага роздуму з павагай выдахнуў Фёдар. — Прабач, маэстра... Мяне тут ніхто ў кут не мог загнаць. Нават ітээраўцы... Дык без дурняў: хто ты такі?
    — Вартаўнік. Ты ж ведаеш.
    Фёдар недаверліва фыркнуў і пахваліўся:
    — Каб не восем стольнікаў штомесяц, я сам на дно залёг бы. У мяне галава варыць, у палітэхнічны завочна паступіў... А тут і кватэру паабяцалі... Згуляем яшчэ?
    Алесь устаў з каменя і моўчкі, крыху кульгаючы, паволі пайшоў да вагончыка.
    — Зноў званіць? — помсліва кінуў яму наўздагон Фёдар. — Прараб толькі ўчора лаяўся. Табе ж забаранілі. У бухгалтэрыі сварыліся, што шмат грошай на міжгароднія размовы ідзе.
    — Апошні раз.
    — Тэлефануй, я ж так, да слова, — нечакана памякчэў Фёдар.
    Алесь зайшоў у вагончык, агледзеў брудныя, шурпатыя сцены, зашмальцаваную падлогу, запэцканы мухамі плакат над сталом і набраў нумар. 3 плаката на яго глядзеў радасны рабочы ў камбінезоне і касцы.
    Далёкі званок. Паўза. Потым трубку там знялі.
    — Гэта я, мама, — сказаў ён.
    — Нарэшце, — прагучала ў трубцы, а то я ўжо хвалявалася.
    — Ну што ты, у мяне ўсё добра. Купаюся ў моры, загараю. Кормяць выдатна. Курорт, адным словам.
    — А я і не ведаю ўжо, каму верыць... — чулася ў адказ. — Заходзілі твае сябры: Віця, Арцём, Саша. Яны казалі, што тэлефанавалі ў Сочы, ды цябе там не знайшлі...
    — Лухта, мама... Тут шмат санаторыяў... Якія навіны?
    — Яшчэ паведамілі, што сустрэлі на вуліцы Жэню, і Арцём сказаў ёй у вочы дрэннае слова. За тое, што не дачакалася цябе.
    — Дарэмна гэтак. Кожнаму — сваё.
    — Саша ў інстытут паступіў... Яшчэ пыталіся хлопцы, ці будзеш вяртацца на другі курс.
    — Мне добра пакуль так, мама. Потым.
    — Табе нага не баліць, сыночак?
    — He баліць... Танцаваў вечарам у рэстаране. Усё — клас... Я ў шахматы гуляю... Тут у нас турнір.
    — Твой трэнер сустрэў мяне аднойчы і сказаў, што, каб не тая праклятая вайна...
    — Годзе, мама. Усё будзе добра.
    — Яшчэ яны пыталіся, ці бачыла я тваю пуцёўку ў санаторый, быццам ты без пуцёўкі паехаў... Калі ты вернешся, Алесь?
    — Мама, я пазваню.
    — Можа, табе трэба што?
    — He, — сказаў ён. — У мяне ўсё ёсць. Бывай.
    У мяне сапраўды ўсё ёсць пакуль, дый многа і не трэба. Мо крыху цішыні ноччу. Нічога, мама, я яшчэ вярнуся ў наш домік. Хаця назусім — ужо ніколі. Прыйдзе зіма, і паеду куды: месца хопіць, потым напішу, што прапанавалі работу, a то проста паведамлю праз тэлефон. Так лепш за ўсё.
    Алесь паклаў трубку і выйшаў з вагончыка. Дзверы рыпнулі за ім. Ён зірнуў у бок ракі, дзе працаваў земснарад, на бульдазерыста, які па-ранейшаму сядзеў на вядры, на трубаўкладчык, што яшчэ больш пахіліўся набок, і пабрыў да будаўнічай пляцоўкі. Пульпа мякка асядала ў яго пад нагамі.
    1990 г.
    ТЭРЫТОРЫЯ ШЧАСЦЯ
    Падкоп быў няглыбака пад зямлёй, але ўсё роўна цесны, брудны і цёмны. Дыхалася цяжка.
    Паўзлі, як чарвякі, моўчкі. Першым, асвятляючы шлях ліхтарыкам, поўз Праваднік, за ім адразу юнак.
    — На клаўстрафобію не пакутуеш? — урэшце парушыў маўчанне Праваднік.
    — Быццам не.
    — Добра, але гэта не самае істотнае.
    — А што — самае?
    — Ворагі. Усе варагуюць з усімі. Як казаў старажытны філосаф: "Цяпер надзей няма нідзе. I прывяло нас да такога вучэнне пра шчасце і дабрачыннасць"... Хаця і сто год таму — якая тут была надзея? Гэта пры першым жа Вялікім Выкідзе?
    Праваднік спыніўся і на слаба асветленым твары бліснулі кроплі поту.
    — А я дык пад зямлёй не вельмі, — дадаў ён. — Хочацца крыкнуць і ўскочыць на ногі, a — нельга. У тым вось і справа. Хаця — ужо хутка выхад.
    Абодва асцярожна вылезлі з падкопу. Ярка асветленая паласа з некалькімі шэрагамі калючага дроту і кібаргамі-ахоўнікамі на вышках апынуліся ззаду. Яшчэ далей неба зрэдку асвятлялася далёкімі агнямі Мегаполіса. Там ноччу на вуліцах
    палілі вогнішчы. Урэшце яны адтуль і прыйшлі: Праваднік і яго падапечны.
    — Вось мы і на Тэрыторыі Шчасця, — сказаў Праваднік. — Праз гадзіну развіднее, а пакуль адпачнём. Потым ты мне заплаціш і — расход. Можаш любавацца сваёй радзімай хоць да скону.
    У Правадніка быў безвалосы, гладкі, як у старажытнага акцёра Юла Брынера, чэрап. Тонкая кашуля не хавала яго мускулістае тулава, а вопытнае вока заўважыла б, што касцяшкі рук былі ў наростах ад пастаянных практыкаванняў. На поясе вісеў доўгі нож у скураных похвах, а за плячыма арбалет. Праваднік выпраменьваў прыхаваную пагрозу і сілу.
    — Вазьмі зараз, — сказаў яго суразмоўца і выцягнуў пулярэс. — Дарэчы, час расплаціцца. Дзякуй.
    Гэта быў даволі малады чалавек, амаль хлапчук. У адрозненне ад Правадніка, густыя, коратка стрыжаныя валасы колеру зямлі тапырыліся на яго круглай галаве. Шэрыя вочы сведчылі пра розум і спрыт. Як і Праваднік, ён быў аперазаны нажом у похвах.
    — У цябе багата крэдытак, — асцярожна адзначыў Праваднік.
    — Ну, не так і багата. Застаецца, хіба што, на ежу і білет на карабель, каб даплыць дадому.
    — Калі ты на яго трапіш, — пасля роздуму заўважыў Праваднік.
    — He суроч, — юнак перажагнаўся.
    — Пабачыць Радзіму? — Праваднік не хаваў здзіўлення. — Ты не пабаяўся з'явіцца з-за акіяна? Сюды, на Тэрыторыю Шчасця?
    — Так.
    — Хіба там больш не Радзіма?
    — He. Mae продкі адсюль.
    — А-а, — зморшчыўся Праваднік. — Я ўжо чуў. Ты з гэтых... як іх... бульбашоў?
    — 3 тых самых, — сказаў юнак. — Толькі жыву за Акіянам.
    — I там бульбашы перавяліся? Чаму паўсюль так? Навокал жывуць кітайцы, цюркі, татары, арабы, афрыканасы, гукі ці в'етнамцы, мурыны і ўсякія іншыя. А бульбашы — хіба што тут, на Тэрыторыі Шчасця. Дый іх засталася жменька.
    Юнак сціснуў сківіцы.
    — Прадзед казаў дзеду, дзед — бацьку, бацька — мне: не было нам на нашай зямлі паратунку. Спераду адзін "брат" стаяў з наганам, збоку — другі з наркатой, а за спінай — трэці з нажом. Як мы падымаліся, дык і біў ззаду. Вось наша гісторыя.
    — Бач ты, усе вінаватыя. А трэ было біць у адказ. Ствараць атрады смяротнікаў. Быў хоць адзін смяротнік? Дзіўна. Яшчэ сто гадоў таму бульбашоў налічвалася дзесяць мільёнаў. Дык няўжо аднаго не знайшлося?
    — Прадзед казаў дзеду, дзед — бацьку, бацька — мне: смяротныя атрады былі ў час бітвы пад Крутагор'ем.
    — Нешта я не чуў пра такую бітву.
    — Яна адбылася дзевяцьсот год таму.
    — Ну, рассмяшыў.
    Кудлы туману плылі ў іх над галовамі. Крыкнула нейкая птушка, але змоўкла.
    — Урэшце, усіх нас чакае адно, — сказаў Праваднік. — Жор ідзе. А вось цікава: жывое можа існаваць толькі паядаючы такое ж жывое. Чарвяк паядае лісце, рыба — чарвяка, чалавек — рыбу,
    кібарг — чалавека, усіх — вірусы, ланцуг бясконцы... Ты павінен ратаваць сваё цела, каб не разабралі на органы.
    — Так небяспечна?
    — Тут гэта распаўсюджана. Выкралі чалавека і — разабралі. Канібалізм. Так што сачы за сваім целам.
    — Ну, а ты, — спытаў юнак, — ты хіба шмат забіваў?
    — Вядома. Каго толькі я не мачыў: мурынаў, цюркаў, арабаў... Быў тут такі час пасля Трэцяй Сусветнай — Вялікая Мачылаўка і Вялікі Галадамор.
    — Дык што — тут няма законаў? — спытаў юнак. — Якія тут законы, на Тэрыторыі Шчасця?
    — Звычайныя. Як і паўсюль. Асноўных тры: не прагульвай лішняга (гэта значыць, больш таго, што маеш), не "стучы" і не паводзь сябе як жанчына — у сэнсе педэрастыі. Хіба ў вас там, за акіянам, — іншыя законы?
    — He зусім.
    — А ты не баішся, што я "кіну" цябе ці ўвогуле пазбаўлю жыцця? — раптам спытаў Праваднік. — Чалавек слабы, і тут усякае здараецца — асабліва пасля Другога Вялікага Выкіду. Разборкі па зонах, па масці, па крыві...
    — He зарэжаш жа, як павярнуся спінай? — падумаўшы над яго словамі, сказаў юнак.
    — He зарэжу, — меланхалічна паабяцаў Праваднік.
    Яны замаўчалі, назіраючы, як першыя слабыя промні сонца працінаюць туман, выяўляючы кволае кустоўе, зеляніну неўміручых дзьмухаўцоў і рэдкія травы на асмужаным даляглядзе.
    — Чаму такая назва — Тэрыторыя Шчасця? — спытаў юнак. — Хіба тут можна гаварыць пра якое шчасце, удачу ці поспех? У стокіламетровай "зоне"? Колькі тут кюры?
    — Так празвалі. Пэўна, у сэнсе іроніі. Урэшце, сам пабачыш, — пакрывіўся Праваднік. — Я ўсётакі хачу ў цябе спытаць іншае, — дадаў ён, — ты прыбыў сюды сапраўды дзеля таго, каб пабачыць Радзіму? Мэты ў людзей самыя розныя. А праўду кажуць у апошнюю чаргу.
    — Так, але чаму ты пра гэта пытаеш?
    — Таму, што і я з бульбашоў, — пасля працяглай паўзы нечакана сказаў Праваднік. — Мы адной крыві. Толькі я адзін, і сам за сябе адказваю. Я не хачу паміраць у "зоне", няхай сабе і сярод супляменнікаў. Дый там ужо адны мутанты.
    — Вось яно як абарочваецца, — пасля роздуму выціснуў юнак. — Што ж, дзякуй за інфармацыю. Тым не менш, я хачу пабачыць усё на свае вочы. Гэта — мая мэта. Чалавек без мэты — нішто. Хіба не так?
    — Пара.
    Праваднік ускочыў на ногі.
    — Цяпер слухай, — сказаў ён. — Праз гадзіну хады будзе мяжа. Але яна ўжо не ахоўваецца. Да поўнага ўсходу сонца ты пройдзеш яшчэ кіламетраў дзесяць. Трымайся паўднёвага напрамку і беражы цела.
    — Так, зразумеў.
    — Ну, удачы. Пэўна, больш не ўбачымся. Там яшчэ, у іх паселішчы, на трубе такая штука з кужалю вісіць, сцяг называецца: белая паласа, чырвоная і зноў белая... Знойдзеш...
    КАРМУШКА ДЛЯ СІНІЦ
    1
    У гэтым адносна ціхім гарадскім квартале Тоўсты Крамнік пасяліўся з лета. Крамнік прыехаў сюды аднекуль здалёк, зусім не ведаў мясцовай мовы, але разумеў і размаўляў па-руску. Ён быў лупаты, сапраўды тоўсты, з пукатым жыватом, спешчанымі рукамі, якія, пэўна, ніколі не ведалі фізічнай працы, і з ухілістымі чорнымі вочкамі. Тоўсты Крамнік купіў тут дом, потым — краму no634 і пачаў гандляваць, наняўшы абслугу — некалькі чалавек з мясцовых. Праз месяц-паўтара да яго прыехала Крамнічыха з двума дзецьмі — увішнымі і ўкормленымі падлеткамі, якія ў верасні пайшлі вучыцца ў мясцовую школу. Крамнічыха, мажная, чорнавалосая, пачала выконваць пры краме абавязкі бухгалтара і фінансіста. "Хто не цэніць капейкі, той не варты і рубля", — часта казаўТоўсты Крамнік.
    Потым надышла позняя восень, і ўрэшце — зіма. Выпаў снег, і нечакана, як гэта часта здараецца ў гэтых мясцінах, на кароткі тэрмін ударылі маразы.
    У адзін з такіх дзён, напачатку зімы, Тоўсты Крамнік атрымаў ліст.
    "1J снежня 200... г.
    Тоўсты Крамнік! Мала таго, што Вы выказваеце знявагу да людзей — абважваеце і падманваеце пакупнікоў у цяперашняй Вашай краме, Вы і Ваша сям'я парушаеце яшчэ адну запаведзь: жорстка ставіцеся да жывёл. Так, нядаўна вашыя дзеці скруцілі шыю і выкінулі за агароджу хатняга папугая, а Вы самі выгналі на вуліцу сабаку, якога тры месяцы таму прыдбалі, каб ахоўваў ваш дом, але пасля таго, як Вы ўстанавілі сігналізацыю, сабака стаў Вам непатрэбны. У сувязі з усімі гэтымі наступствамі я прыйшоў да высновы, што Вашыя маральныя якасці вартыя карэкціроўкі, і патрабую ад Вас неадкладнай своеасаблівай елітым'і: