Буслянка
Артур Вольскі
6+
Выдавец: Асар
Памер: 304с.
Мінск 2000
Промнямі агністымі Саграе зямлю, Зерні залацістыя Кідае ў раллю. А як напрацуецца, На спачын ідзе, Ніваю красуецца Цэлы весні дзень.
Слоўнік.
Спачын — перапынак.
Весні — веснавы.
? 3 якім пачуццём апісвае паэт веснавую раніцу?
Як вы разумееце выраз: «Веснавая раніца крочыць па зямлі»?
Якія словы гавораць аб працы веснавой раніцы? Зачытайце.
Прачытайце верш уголас, захоўваючы патрэбную інтанацыю.
Вялікдзень.
Артур Вольскі.
Вялікдзень, Вялікдзень — Найвялікшы Дзень! Ззяе сонечны прамень, уцякае цень.
Гэтым днём Ісус Хрыстос з мёртвых уваскрос. Ён цяпер глядзіць на нас з вышыні нябёс.
Хто ў нядолі, хто ў бядзе, Ён да тых ідзе, бо шануе нас усіх,
Ззяе сонечны прамень.
Уцякае цень.
Вялікдзень, Вялікдзень — Найвялікшы Дзень!
? Пра якое свята паэт піша ў вершы? Што вы ведаеце пра гэтае свята?
Як выказвае аўтар верша свае пачуцці і адносіны да гэтага свята? У якіх словах гэта перададзена асабліва выразна? Зачытайце.
Раскажыце, як вы звычайна святкуеце Вялікдзень.
Падрыхтуйцеся да выразнага чытання верша, звярніце ўвагу на інтанацыю.
О Разумны пеўнік.
Уладзімір Ліпскі.
Жылі-былі дзядуля і пеўнік. Дружна жылі, у згодзе. Дзядуля каля хаты завіхаўся ды грэўся на сонейку, а пеўнік збіраў зярняткі ды весела спяваў.
Аднойчы пайшоў пеўнік пагуляць. Ішоў, ішоў і апынуўся ў лесе. Цікава там: трава высокая, дрэвы вялікія, жучкоў і казюлек розных не злічыць.
Загуляўся пеўнік, аж раптам чуе: туп-туп... Прыгледзеўся, а гэта бягуць па сцежцы воўк і ліс. Бягуць і пра нешта паміж сабой размаўляюць.
Пеўнік пад корч схаваўся, лістком накрыўся, слухае.
— Вой, як есці хочацца! — стогне воўк.
— I ў мяне жывот пусты, — скардзіцца ліс. — Нічога з учарашняга дня не еў.
— Чуў я, браце ліс, што недзе на ўзлеску хатка стаіць, а ў ёй певень і дзядуля жывуць.
— Вось бы нам да іх! — аблізнуўся ліс. — Мне б і пеўніка хапіла. Толькі дзе ж тая хатка?
— Вунь воблака плыве. Можа, яно ведае? Давай спытаем, — прапанаваў воўк.
— Давай, — згадзіўся ліс.
Воўк сеў на заднія лапы, закінуў галаву ўверх і завыў:
— Во-облака, во-облака, скажы, дзе жывуць дзядуля і пеўнік?
Але воблака не сказала, дзе шукаць дзядулю і пеўніка, хаця і ведала. Яно нахмурылася і пралілося на злыдняў халодным дажджом. Воўк з лісам — пад выварацень. Сядзяць на мокрых хвастах і скавычуць. Перастаў дождж, сонейка выглянула. Падумаў пеўнік, што воўка з лісам і блізка няма, вылез са сваёй схованкі. Ускочыў на пянёк ды ад радасці яяк закрычыць на ўвесь лес:
— Ку-ка-рэ-ку!
Пачулі воўк з лісам — і да пеўніка. А той наўцёкі!
— Стой, певень! — хрыпатым голасам закрычаў воўк.
— Пеўнік, пачакай, — просіць ліс.
Бяжыць пеўнік па сцежцы хутка-хутка, крыламі лапоча, нагам памагае. А воўк — напрасткі, праз гушчар, каб спеваку дарогу адрэзаць.
Выскачыў пеўнік на ўскраек лесу — хата дзядулева ўжо відна, а ратунку няма: апярэдзіў
яго воўк.
— Стой, певень! — крычыць. — У мяне не ўцячэш! З’ем цябе зараз! I дзядулю праглыну!
Задрыжаў пеўнік, аж прысеў ад страху і вочы заплюшчыў: не жыць яму болей на свеце.
Тут і ліс падбег:
— Адступіся, воўк, гэта мой абед!
— Чаму твой? — раззлаваўся воўк.
— Певень малы, худы, якраз мне аднаму, — сказаў ліс.
— А я галодны застануся! — зароў воўк.
Пеўнік тым часам ачомаўся ад страху.
— He злуйся, воўк, — сказаў ён ціхім голасам, — паблізу мой дзядуля жыве. Вунь ягоная хатка пад чорным дахам. Адпусці мяне, дык я папрашу, каб ён вам добрую вячэру падрыхтаваў.
Падумалі-падумалі воўк з лісам і адпусцілі пеўніка. А вечарам прыйшлі да дзядулевай хаткі, грукаюць у акно.
— Дзед, вынось вячэру!
— Але, але, — пачуўся з хаты дзядулеў
голас, — расхінайце мех, я ўкіну туды барана.
Воўк і ліс расхінулі пад акном вялікі мех. Акно расчынілася, і нешта жывое бух туды! Воўк закінуў мех на плечы і бягом у лес. Ліс за ім ледзь паспяваў.
Спыніліся, развязалі матузок. А з меха — я-як выскачыць сабака! Ды вялізны-вялізны! Злосны-злосны! Сабака як загыркаў, як забрахаў на ўвесь лес! Воўк з лісам ад нечаканасці ледзь не пападалі. Ім падалося, што на іх нападае страшэнны звярына.
— Вой! Вой! Ратуйце! — закрычалі яны ў два галасы і далі дзёру.
А дзядуля з тае пары стаў яшчэ больш любіць і шанаваць свайго пеўніка, бо ён жа не толькі галасісты, але і разумны.
Слоўнік.
Выварацень — вывернутае з коранем дрэва.
Ачомаўся — апамятаўся.
Матузок — шнурок для завязкі.
? Што вам падалося смешным у творы? Зачытайце.
Як вы разумееце выразы: ачомаўся ад страху, далі дзёруі Знайдзіце іх у тэксце і зачытайце.
Чаму апавяданне называецца «Разумны пеўнік»? У чым выявіўся розум пеўніка? Пацвердзіце словамі тэксту.
Паглядзіце на малюнак. Якімі словамі з тэксту можна яго падпісаць?
Прачытайце казку яшчэ раз самастойна і падрыхтуйцеся да падрабязнага пераказу.
Птушыны інтэрнат.
Яраслаў Пархута.
Аднойчы ў таполі навальніца зламала вершаліну. Людзі заўважылі непарадак, усцягнулі на дрэва старую барану і сказалі:
— Няхай хоць птушкам паслужыць.
I праўда. Вясною прыляцелі аднекуль буслы і пачалі завіхацца — майстраваць гняздо. Носяць сухія галінкі, шматкі моху, леташнюю салому і радуюцца. Хутка зажывуць у новым доме!
А вераб’і ўвесь гэты час гойдаліся на галінках і толькі пасміхаліся:
— Ці ў ім жыцьмуць?! Ці ў ім жыцьмуць?!
Іх падтрымалі шпакі:
— Дарма ўюць! Дарма ўюць!
А калі буслы нарэшце закончылі будаўніцтва і з вясёлым клёкатам паведамілі, якое ў іх цудоўнае жытло атрымалася, вераб’і першыя схапіліся і пачалі прасіцца ў падсуседзі.
Буслы падумалі-падумалі і дазволілі вераб’ям пасяліцца разам.
Шпакі ад зайздрасці ажно свіснулі, маўляў, не шкодзіла б і ім прысуседзіцца!
— Такі клопат! Такі клопат! — сказалі буслы і шпакам таксама далі дазвол.
Але як ні стараліся шпакі прыстроіцца да буслінага гнязда — не змаглі. I тады з ельніку прыляцеў дзяцел і пачаў рабіць ім дупло. Ніжэй буслінага жытла, ніжэй вераб’інага... А калі ўбачыў, што кватэра шпакам цудоўная выйшла, дык рашыў заадно і сабе дупло змайстраваць.
На старой таполі нібы інтэрнат атрымаўся.
Але аднойчы рыжы кот Фядот вырашыў праверыць буслянку. I тут дзяцел першы ўзняў трывогу. Стукнуў тройчы ў сук:
— Кот-кот-кот!
Усхапіліся шпакі ды завагаліся:
— Біць ці не? Біць ці не?
— Біць-біць-біць! — закрычалі вераб’і, кінуліся ў атаку і пачалі калашмаціць Фядота — ажно рыжая поўсць паляцела. Тут і шпакі пасмялелі, памагаць пачалі. А калі на той гоман з бліжняга балотца прыляцелі бусел з бусліхаю, на таполі быў поўны парадак: бусляняты спрасонку пазяхалі на мяккай пасцельцы, шпакі з вераб’ямі абмяркоўвалі нядаўнюю падзею, а кот Фядот ляжаў у крапіве і лічыў сінякі.
3 таго часу жыхары птушынага інтэрната жывуць спакойна. А кот Фядот за вярсту абходзіць старую таполю.
? Як па-іншаму можна назваць гэты твор?
* Дзеля чаго людзі ўсцягнулі на таполю барану? Чаму лічыцца шчаслівай прыкмета, калі ў двары ці
ў вёсцы гняздуюць буслы? Адкуль гэта пайшло?
Хто папрасіўся да буслоў у падсуседзі? Прачытайце.
Што вырашыў зрабіць кот Фядот? Хто першы прыйшоў на дапамогу буслам?
Чаму цяпер кот Фядот за вярсту абходзіць старую таполю?
Прачытайце тэкст самі сабе і падрыхтуйцеся да кароткага пераказу па плану:
1. Барана на таполі.
2. Буслы майструюць гняздо.
3. Падсуседзі.
4. Бойка.
5. Кот Фядот лічыць сінякі.
Вечны агонь.
Еўдакія Пяршай.
Пасярод плошчы стаіць высокі помнік. Перад ім гарыць Вечны агонь. Да помніка падыходзяць людзі: і старыя, і маладыя, і дзеці. Стаяць, маўчаць. Многія сюды прыносяць кветкі.
Верачка прыйшла да помніка разам з мамай. Дзяўчынка была ў святочнай сукенцы. У руках яна трымала чырвоную ружу. Ад ветрыку шапацела лісце ліп, варушыліся стужкі на вянках, што прынеслі да помніка людзі.
— Мама, — пытае Верачка, гледзячы на трапяткое жоўтае полымя ля помніка, — чаму гэты агонь называецца Вечны?
— Таму, што ён будзе гарэць заўсёды і напамінаць пра тых, хто загінуў за нас з табою.
— Ён ніколі не згасне?
— Ніколі. Бо гэты Вечны агонь памяці гарыць не толькі тут, ля помніка, а ў людскіх сэрцах.
Маці стаяла моўчкі. Маўчала і Верачка. Потым яна нахілілася і паклала ля помніка сваю кветку.
? Якія пачуцці ўзніклі ў вас пры чытанні гэтага тьора?
3 кім пайшла Верачка да помніка? Што яна там убачыла?
Чаму агонь называецца Вечным? ГІадмацуйце свае выказванні словамі тэксту.
Ці ведаеце вы герояў, якія загінулі у час Вялікай Айчыннай вайны? Як ушаноўваецца іх памяць у нашай краіне?
Пры чытанні тэксту пастарайцеся перадаць настрой аўтара і вашы ўласныя адносіны да прачытанага.
Падрыхтуйцеся да вуснага пераказу апавядання.
Гасцінец.
Уладзімір Ліпскі.
Позна ноччу тата прыехаў з камандзіроўкі. Раніцай Марынка перабегла са свайго ложка да таты пад коўдру. Лашчыцца. Расказвае навіны. Раптам пытаецца:
— Што мне прывёз?
— 0, прывёз табе незвычайны гасцінец.
— А які ён? Пакажы мне.
Тата падняўся з ложка. Дастаў з партфеля чырвоны яблык і падаў Марынцы. Яна схапіла рукамі гасцінец, але радасць у яе вачах патухла: вялікае дзіва — яблык!
— Гэта гасцінец ад цёткі Зіны, — пачаў тлумачыць тата.
— Якой цёткі? — зацікавілася Марынка і бліжэй падсела да таты.
— Яна жыве ў горадзе, адкуль я толькі што прыехаў, — пачаў расказваць тата. — Цётка Зіна на вайне была цяжка паранена... У яе няма рук...
Марынка аберуч абняла яблык і прытуліла да грудзей. Прыціхла, глядзіць на тату, чакае працягу.
— Цётка Зіна вельмі доўга была ў бальніцы. Аднойчы ўзімку, калі яшчэ ішла вайна, ёй у палату прынеслі гасцінец — вялізны чырвоны яблык. Цётка Зіна вельмі ўзрадавалася. Нават, здаецца, раны перасталі балець.
— Гэта той самы? — спытала Марынка і ўжо з большай цікавасцю паглядзела на сакавіты яблык.
— He, вядома, не той, — усміхнуўся тата і расказваў далей: — Цётка Зіна паправілася. Яна папрасіла, каб пасадзілі каля дома яблыньку. Вось з тае пары кожную восень у яе ёсць чырвоныя яблыкі. Яна любіць частаваць імі ўсіх сваіх гасцей. I мяне пачаставала. A вось гэты яблык папрасіла перадаць табе, — закончыў свой расказ тата.
Марынка сядзела моўчкі. Твар яе зрабіўся сур’ёзны. Губы падцяла, вочы патухлі. Дзе і падзеліся тыя гуллівыя агеньчыкі!
— Як падрасту, — урэшце сказала Марынка, паеду да цёткі Зіны і завязу ёй сваю Жану.