• Часопісы
  • Буслянка  Артур Вольскі

    Буслянка

    Артур Вольскі

    6+
    Выдавец: Асар
    Памер: 304с.
    Мінск 2000
    63.38 МБ
    Таня з Алёнкай сядзелі на бярвёнах і слухалі, як пад паветкай шчабяталі маладыя ластаўкі. Раптам на задворак прыбегла Нюра.
    — Вы тут седзіце і нічога не ведаеце, — закрычала яна, — а на канюшні жарабё нарадзілася!
    Усе пабеглі на канюшню.
    Канюшня стаяла на самым краі вёскі, каля сажалкі. Яна была вялікая, з шклянымі акенцамі. Гэтую канюшню пабудавалі пасля вайны.
    Коней у канюшні не было — усе працавалі. Толькі ў адным стойле стаяла рыжая Зорка. Дзед падсцілаў ёй чыстую салому. Ён убачыў дзяцей і забурчэў:
    — Ну, чаго прыйшлі? He бачылі вас.
    Але дзяўчаткі ўсё ж падышлі бліжэй да стойла і ўбачылі, што каля Зоркі стаіць маленькае жарабё.
    — Ух ты, міленькае! — усклікнула Таня. — Ух ты, прыгожанькае! А на лбе зорачка! Дзядулька, дай я яго пагладжу.
    — He ўжо, не гладзь, — сказаў дзед. —
    Бачыш, яно і так баіцца.
    Жарабё стрыгла вушамі, касілася на Таню, прыціскалася да маці. А дзед ласкава ўгаворваў яго:
    — Ну-ну, Саколік, не палохайся! Мы цябе не пакрыўдзім.
    Ішоў міма канюшні рахункавод Іван Сяргеевіч. Ён вярнуўся з вайны ранены, з тых часоў з палкаю ходзіць.
    — Гэй, Міронавіч! — крыкнуў ён дзеду. — Кажуць, у цябе прыбытак сёння?
    — A то як жа! — з гонарам адказаў дзед.
    — Ідзі палюбуйся!
    Рахункаводу жарабё спадабалася:
    — Бач ты, даўганогае якое! У нас у кавалерыі такія былі!
    Ішла на сажалку цётка Мар’я. Паставіла вёдры сярод дарогі і таксама зайшла ў канюшню.
    — Вось і добра — гаспадарка наша прыбывае! Хутка яшчэ багацей станем!
    Потым прыйшоў стары вартаўнік. Яму таксама хацелася жарабё паглядзець.
    Але дзед убачыў, што многа народу сабралася, замахаў рукой:
    — He ўжо, ідзіце вы, калі ласка! Няма чаго каня непакоіць.
    Усе пайшлі са двара.
    — Будзь здароў, Міронавіч, — сказалі дзеду, — гадуй каня.
    — Ды ўжо выгадуем, — адказаў дзед, — не турбуйцеся!
    Але дзяўчаткам не хацелася ісці адсюль. Яны яшчэ пастаялі ля варот, паглядзелі, як жарабё ходзіць каля маці і махае хвастом. А хвост у яго пушысты, кучаравы і яшчэ зусім маленькі.
    Слоўнік.
    Рахункавод — служачы бухгалтэрыі.
    Прыбытак — даход, тут: з’яўленне патомства ў гаспадарцы.
    ? Якую вестку прынесла дзяўчынка Нюра? Зачытайце.
    Што ўбачылі дзеці на канюшні? Якое яшчэ ёсць слова, адпаведнае слову канюшня?
    Аб якім прыбытку спытаў у дзеда рахункавод? Што сказала пра гэта цётка Мар’я? 3 якой мэтай зайшоў на канюшню стары вартаўнік?
    Чаму дзед папрасіў усіх выйсці з канюшні?
    Чаму дзецям не хацелася адыходзіць ад жарабяці?
    Прачытайце словы, якімі апісваецца Саколік. Як ён выглядаў, як паводзіў сябе?
    Паглядзіце на малюнак і, ужываючы словы тэксту і свае ўласныя, апішыце яго.
    Падрыхтуйцеся да вуснага пераказу тэксту.
    Журавель і Чапля.
    (Казка.)
    Цётка.
    Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля.
    Пасля стала ім надта маркотна жыць, і вось уздумаў Журавель да Чаплі ў сваты ісці. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Чапляў двор.
    — Як маешся, Чапля?
    — Здароў, Журавель.
    — Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?
    — А твае ногі доўгія, пер’е кароткае; дужа ты брыдкі... Ідзі сабе, дзе быў!
    Журавель перабраўся ізноў цераз балота дый прыйшоў у свой двор.
    Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, — кажа, — пайду да яго і перапрашу».
    Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Жураўлёў двор.
    — Здароў, Журавель!
    — Як маешся, Чапля?
    — Вазьмі мяне замуж за сябе.
    — Твая шыя доўгая, і сіняя, і крывая, і сама ты гарбатая; такой мне не патрэбна.
    Хаця было і сорамна, аднак Чапля паплялася цераз бор назад у свой двор.
    Шкада стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную, ізноў пайшоў ён тою самаю дарогаю. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху...
    Так цэлы век хадзілі яны адзін да аднаго ў сваты, і так на абодвух канцах балота асталіся іх хаты.
    Чаму Журавель і Чапля не змаглі ажаніцца? Дакажыце, карыстаючыся словамі тэксту.
    Якія словы ў казцы паўтараюцца? Зачытайце іх.
    Прачытайце тэкст, выдзяляючы голасам самыя галоўныя словы.
    Прачытайце казку па асобах.
    Жывы барометр.
    Алесь Пальчэўскі.
    На лета Міша паехаў гасцяваць у вёску да цёткі, якая працавала настаўніцай. Хутка хлопчык прывык, пасябраваў з такімі ж, як сам, вучнямі і цэлымі днямі прападаў з імі то на рэчцы, то ў лесе.
    — Цётка Паліна, мы сёння зноў пойдзем у лес, — сказаў Міша за снеданнем.
    — Тады вазьмі з сабою плашч.
    — Навошта?
    — Можа быць дождж.
    Міша засмяяўся:
    — Адкуль вы ведаеце?
    — А вунь зірні, што паказваюць наготкі.
    Перад акном на градцы расло шмат кветак.
    — На небе ні хмурынкі, а яны ўжо чакаюць дажджу, — сказала цётка. — Бачыш, хоць і цёпла, а наготкі не раскрылі пялёсткаў. Тыя раніцы аж зіхацелі, а сёння спяць.
    — Я ні разу не бачыў, калі яны распускаюцца.
    — Трэба, Мішачка, прыглядацца да таго, што вакол цябе. Прырода — найцікавейшая кніга. Запомні: перад дажджом белая лілея таксама аберагае свае суквецці ад дажджавых кропляў, хоць і расце сама ў вадзе. А ці бачыў ты калі, як «плача» клён?
    — He.
    — Прыгледзься, гэта цікава. У тым месцы, дзе чаранкі лістоў прыраслі да дрэва, на дождж выступаюць слёзы. Чаму? Перад дажджом у паветры з’явілася шмат вільгаці, a клён свае слёзы не можа выпарыць праз лісце, от і капае лішняя вада. Ты, мусіць, не ведаеш, што і акацыя перад дажджом выдзяляе шмат нектару? Гэта лёгка заўважыць. Калі над кветкамі акацыі многа ўсялякіх мошак, тады чакай дажджу.
    Міша чуў гэта ўпершыню і не знаў, верыць ці не, а цётка казала далей:
    — I дым, бачыш, з комінаў не слупам ідзе ўгору, а рассейваецца — таксама прыкмета на дождж. А ластаўкі высока ці нізка лятаюць? — спытала цётка.
    — Над самай зямлёю, — паказаў хлопчык.
    — А ўчора дзе ляталі?
    — Высока ў небе.
    — Значыць, мошкі ціснуцца да зямлі перад дажджом, і ластаўкі зніжаюцца, каб лавіць іх.
    Міша аж пляснуў рукамі:
    — Ой, як цікава! Без барометра можна ведаць, якое надвор’е будзе. Адкуль вы, цётачка, даведаліся пра гэта?
    — Што з кніжак, а болей са сваіх уласных назіранняў... Яшчэ заўваж, кветкі могуць не толькі прадказваць надвор’е, але і паказваць гадзіны сутак, бо не кожная з іх распускаецца ў адзін і той жа час. Толькі трэба ўмець прыгледзецца. Паназірай сам, упэўнішся ў гэтым.
    Чаму тэкст мае назву «Жывы барометр»? Пра які барометр ідзе размова?
    Зачытайце ў тэксце, як паводзяць сябе расліны, калі прадказваюць дождж. Знайдзіце на старонцы 38 іншыя прыкметы, якімі можна дапоўніць тэкст. Зачытайце іх.
    Прачытайце апавяданне самастойна і падрыхтуйцеся адказаць на пытанні:
    1.	Куды паехаў летам Міша?
    2.	Чаму цётка Паліна вучыла Мішу?
    *3. Якія прыкметы трэба ведаць, каб навучыцца прадказваць надвор’е?
    4. Што вы можаце расказаць з уласнага вопыту пра назіранні за з’явамі прыроды?
    Падрыхтуйцеся да вуснага пераказу тэксту.
    Вясёлка.
    Пятро Глебка.
    Хваліліся вербы
    Уборам зялёным, А возера — сінім, А ружы — чырвоным.
    Адна толькі ціха Вясёлка маўчала, Пакуль ад дажджынак Уся не заззяла.
    Заззяла квяціста Над цэлай краінай — Чырвоным, аранжавым, Жоўтым і сінім.
    Якім настроем прасякнуты верш?
    Чым хваліліся вербы, возера, ружы? Зачытайце.
    Чаму толькі вясёлка маўчала? Якімі колерамі яна потым заззяла?
    Колькі колераў у вясёлкі? Назавіце іх.
    Прачытайце верш самі сабе і падрыхтуйцеся да выразнага чытання ўголас.
    Усім добра, калі згода.
    (Казка.)
    Аляксандр Зянько.
    Крочыў па лесе Лесавічок, праз пянёчкі скок ды скок. Натрапілася яму палянка-загляданка. Прыпыніўся ён, любуецца. Камары гудуць, слупам вісяць — цёпла будзе. Ля бярозы і асіны зямля варушыцца — грыбы лезуць. Пчолкі з чмялямі на кветках шчыруюць. Парадак вакол і лад.
    Толькі хацеў Лесавічок ступіць крок далей, як пачуў тоненькі жаласлівы галасок:
    — I калі вы марнаваць мяне перастанеце? Я ж цэлымі днямі для вас шчырую, а вы мне кропельку соку шкадуеце. I чаму вы зразумець мяне не хочаце? Калі я засохну, то і вам не жыць.
    — А тут і разумець няма чаго, — злосна загаварыў басавіты голас, — мы цябе ўспаілі, а ты сваёй прыгажосцю перад усімі выхваляешся. Да тваіх паслуг вунь і сонейка, і ветрык, а мы ляжым у цемры, толькі і ведаем, што
    працаваць. Хутчэй бы капыты якія-небудзь цябе затапталі.
    Здзівіўся Лесавічок: «Хто там лаецца?» Наблізіўся, чуе — голас з-пад зямлі выбіваецца, а наверсе кветачка змарнелая стаіць. «Ну і цуд! — падумаў Лесавічок. — Колькі год на свеце жыву, а такое ўпершыню сустракаю. Карані соку кветачцы шкадуюць: перапрацаваліся!»
    Пастаяў Лесавічок, паразважаў ды і вырашыў: «Шкада кветачку, загіне — ратаваць патрэбна. А караням навука будзе».
    Сашчыкнуў ён кветачку і панёс у свой домік, паставіў у жывую вадзіцу — ажыла кветачка, выпрамілася, галоўку да сонейка нахіліла. Хораша ў пакойчыку стала.
    А карані ўзрадаваліся — няма больш кветачкі! I загулі:
    — Цяпер нам раздолле будзе. Адпачывай, колькі душа пажадае! Сок ёй патрэбен, а пра нас хто клапаціцца будзе? Хопіць! Нацярпеліся!
    Цэлы дзень і ноч выхваляліся карані, якія
    яны здатныя ды справядлівыя. А на наступны дзень, у спякотны поўдзень, запішчаў малюсенькі карэньчык:
    — Дзядзечкі, пагрэйце мяне, вельмі холадна стала.
    — Змоўкні! — закрычалі на яго тоўстыя карані.
    Мінула колькі часу, і другія маленькія карані запішчалі:
    — Холадна! Холадна!
    — Цыц! — прыкрыкнулі таўсцейшыя. — Расціце хутчэй — цёпла стане.
    — Дзядзечкі! — зноў запішчаў самы малюсенькі. — Паміраю я, — і заціх.
    Зірнулі тут таўсцейшыя карані на танчэйшыя
    — гінуць тыя. Захваляваліся:
    — Як нам быць?! Што рабіць? Гэтак і мы хутка загінем.
    — Так вам і трэба, — сказала крапіважыгучка, якая расла непадалёк.
    — Вой, вой, — заплакалі тоўстыя карані, — дапамажыце нам, калі ласка.
    — He ж-ы-ыць вам без кветачкі. He ж-ы-
    ыць, — варухнуў кудлатай галавою стары дуб.
    — Кветачку вяртайце, кветачку вяртайце, — зазыкала пчолка.
    — Калі не вернеце кветачку, загінеце, — не змаўчаў асот. — Вы яе сокам паілі зямным, а яна вас сонечнымі праменьчыкамі сагравала. Таму і добра ўсім вам жылося. A цяпер Лесавічка гукайце, павініцеся, можа, і верне ён вашу кветачку.
    Што тут сталася! Карані на ўвесь лес расплакаліся, Лесавічка пачалі клікаць ды ўмольваць, каб кветачку вярнуў.
    Шкада стала Лесавічку неразумных каранёў. Прынёс ён назад тую кветачку і прыжывіў.
    I пачалі яны жыць у згодзе: карані кветачцы сок здабываюць, а яна ім сонечнае цяпло пасылае. Усміхнуўся Лесавічок і прамовіў: