• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чалавек і свет Падручнік для 4 класа. 1997

    Чалавек і свет

    Падручнік для 4 класа. 1997

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 208с.
    Мінск 1997
    51.13 МБ
    Вучоныя лічаць, што ўся інфармацыя, якая паступае ў мозг дзякуючы вачам, вушам, носу, языку і скуры, пакідае ў яго нервовых клетках асаблівыя сляды. Мозг прасейвае ўсё, што да яго трапляе, і пакідае толькі самае важнае. Непатрэбнае (на-
    прыклад, колькі варон сядзела ў мінулы чацвер на плоце) мозг сцірае са сваёй памяці. He толькі ўдзень, але і ўначы мозг займаецца сартаваннем, апрацоўкай і раскладваннем па палічках усяго, аб чым ён на працягу дня даведаўся. Нездарма гавораць, што пераначуем — болей пачуем.
    Якой бывае памяць.
    Вучоныя вызначылі, што памяць бывае рознай. Ідзе ўрок. Настаўнік тлумачыць правіла. I некаторыя вучні адразу запомнілі гэта правіла. У такіх дзяцей добрая слыхавая памяць.
    Потым настаўнік запісаў правіла на дошцы. Другія вучні прачыталі яго і таксама запомнілі. У іх лепш развіта памяць зрокавая.
    Трэція перапісалі правіла ў свой сшытак. Ім так лягчэй запомніць яго. Гэты від называюць маторнай памяццю.
    У часткі дзяцей бывае змешаны від памяці. Тады лепш запамінаецца, калі спачатку пачуеш, потым прачытаеш і, нарэшце, запішаш.
    Некаторыя звесткі пра зрокавую памяць.
    Паглядзі на сваю руку. Паспрабуй зажмурыць вочы. Як ні дзіўна, але ты працягваеш бачыць сваю руку, не вельмі выразна і не
    працяглы час, але ўсё-такі бачыш. Паступова абрысы рукі расплываюцца, і хутка яна зусім знікае ў цемры.
    Ёсць яшчэ адна форма памяці, праўда, сустракаецца яна далёка не ў кожнага чалавека. Некаторыя людзі працягваюць як бы бачыць прадмет працяглы час, нават і тады, калі яго ўжо няма перад вачы-
    ма. Так, напрыклад, мастак малюе па памяці партрэт, пейзаж.
    Паспрабуй ты намаляваць дома што-небудзь па памяці.
    Разглядвай малюнак на працягу 10 секунд. Загарні кнігу. Адкажы на пытанні настаўніка.
    Ты, напэўна, пераканаўся, што запомніць за 10 секунд столькі дробных дэталей малюнка немагчыма.
    Каб змагчы адказаць на ўсе пытанні, трэба мысленна ўявіць сабе, што ты бачыў на малюнку.
    1.	Што такое памяць?
    2.	Якія віды памяці ты ведаеш?
    3.	Запішы ў слоўнік: памяць, зрокавая памяць, слыхавая памяць, маторная памяць.
    Вузельчык на памяць.
    Ніхто з людзей не скардзіцца на свой розум, але ўсе незадаволены сваёй памяццю.
    Што дапамагае нам запамінаць?
    Лепш запамінаецца тое, што цесна звязана з дзейнасцю чалавека, патрабуе ад яго пэўных намаганняў. Чым болып складаная для яго задача, тым лепш яна запамінаецца.
    Важна разумець неабходнасць запамінання. Калі чалавеку растлумачыць, для чаго неабходна помніць, ён хутчэй спраўляецца з заданнем.
    Дапамагае запамінанню паўтарэнне. Нездарма гавораць, што паўтарэнне — маці навучання. Для расшырэння магчымасцей памяці ствараюцца знешнія апоры. Напрыклад, першабытны чалавек баяўся, што раніцай можа забыцца навастрыць каменную сякеру, таму яшчэ з вечара рабіў на дрэве перад выхадам з пячоры зарубку. А раніцай, ледзь глянуўшы на зарубку, успамінаў пра свой намер. У цяперашні час зарубак на дрэвах не робяць, а вось вузельчыкі на памяць завязваюць. Цяпер ты, напэўна, зразумеў, чаму на ўроках настаўнік просіць скласці план пераказу. Асноўная думка або загаловак кожнай часткі — гэта тыя ж самыя знешнія апоры, вузельчыкі на памяць.
    У казцы Андэрсена «Салавей» гаворыцца, што адзін падарожнік напісаў у сваёй кнізе: «У Кітаі шмат цудоўнага, але лепшая за ўсё маленькая птушачка па імені Салавей, якая жыве ў лесе каля імператарскага сада. Дзеля таго, каб паслухаць яе, раю кожнаму з’ездзіць у Кітай». Маленькая птушачка болей усяго ўбачанага запомнілася падарожніку таму, іпто сваімі цудоўнымі спевамі прыемна ўразіла яго.
    Значна лепш запамінаецца тое незвычайнае, што выклікае ў чалавека прыемныя перажыванні.
    ?
    1.	Калі ты завязваеш вузельчык на памяць?
    2.	Што табе дапамагае лепш запомніць тэксты, правілы?
    Аднаму хлопчыку паказалі малюнак і папрасілі расказаць другому хлопчыку, што на ім адлюстравана. Той, у сваю чаргу, расказаў пра яго дзяўчынцы, яна — свайму сябру і г. д. Кожны абавязкова аб нечым забываўся. Паглядзі, што атрымалася б, калі б мы праілюстравалі гэтыя расказы.
    1.	Што ты даведаўся аб увазе?
    2.	Што такое памяць?
    3.	Якія бываюць віды памяці?
    4.	Як палепшыць сваю памяць?
    Перачытай тэксты аб увазе і памяці і складзі вусныя паведамленні: «Што такое ўвага», «Што я даведаўся аб памяці».
    Здольнасці.
    ?
    1.	Нярэдка кажуць: «Ён здольны вучань». Як ты гэта разумееш?
    2.	Чым табе падабаецца займацца ў вольны час? Што ў цябе добра атрымліваецца?
    3.	Як ты лічыш, да чаго ў цябе ёсць здольнасці?
    Што такое здольнасці? Ад чаго яны залежаць?
    Можна сказаць, што здольнасці — гэта тыя асаблівасці чалавека, ад якіх залежыць паспяховае, творчае выкананне якой-небудзь дзейнасці. У многіх ёсць здольнасці да музыкі, спеваў, рысавання, паэзіі.
    Мы ведаем таленавітых матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. У такіх выпадках гаворыцца аб іх інтэлектуальных, або разумовых, здольнасцях.
    I нарэшце, бывае адаронасць фізічная. На самай справе, хіба спартсмен, які пераадолеў вышыню вышэй асабістага росту, не таленавіты? Хіба не дэманструе выдатныя здольнасці бягун, які перакрывае сусветны рэкорд?
    А ці магчыма спалучэнне розных здольнасцей у адным чалавеку? ЦІ сустракаюцца рознабакова адароныя людзі? 3 гісторыі мы ведаем такія прыклады. Дастаткова ўспомніць М. В. Ламаносава і Леанарда да Вінчы, якія з роўным бляскам выступалі ў самых розных абласцях навукі і мастацтва; старажытнагрэчаскага матэматыка і філосафа Піфагора, які атрымаў перамогу на Алімпійскіх гульнях.
    Ад прыродных здольнасцей залежыць многае. Аднак здольнасці ніколі не могуць развівацца самі па сабе. Нават для таго, каб навучыцца гаварыць і хадзіць, чалавеку неабходна паўсядзённая сувязь з іншымі людзьмі. Без настойлівай працы нельга развіць ніякія здольнасці.
    ?1. Што ты даведаўся пра здольнасці чалавека?
    2.	Запішы ў слоўнік: здольнасці.
    1.	Падрыхтуй вуснае паведамленне «Здольнасці».
    2.	Прачытай дадатковы матэрыял.
    Тэмперамент.
    Рысы флегматыка — марудлівасць, спакойнасць, абыякавасць — уласцівыя Саве.
    Надзвычай жвавы і рухавы Карлсан — вось прыклад сангвініка.
    Запальчывы, схільны да захапленняў д’Артаньян — тыповы халерык.
    Схільны пастаянна праліваць горкія слёзы П’еро — прыклад меланхоліка.
    Людзі не падобныя адзін да аднаго. Яны адрозніваюцца не толькі колерам скуры, формай галавы або колерам вачэй, але яшчэ і
    тым, як яны паводзяць сябе ў калектыве, адносяцца да работы або вучобы, рэагуюць на розныя падзеі. Тэмперамент — гэта такія якасці, якія вызначаюць паводзіны чалавека, яго манеру працаваць, адносіцца да людзей, адклікацца на падзеі, перажываць радасці і непрыемнасці.
    Адрозніваюць чатыры тыпы людзей па тэмпераменту: флегматык, сангвінік, халерык, меланхолік.
    Флегматык — марудны, спакойны чалавек, яму не падабаецца частая змена настрою. Усе свае планы абдумвае не спяшаючыся. Працуе марудна, цярпліва.
    Сангвінікам называюць чалавека рухавага, гаваркога, уражлівага, жвавага, з выразнай мімікай, з частай зменай настрою і захапленняў. Сангвінік настойлівы і энергічны. Працуе ўпэўнена.
    Халерык — запальчывы, неўраўнаважаны чалавек. Ён бурна і глыбока перажывае радасці і непрыемнасці. Схільны да неабдуманых учынкаў, моцна ўзбуджаецца, увесь у руху.
    Меланхолік — вялы, замкнёны, нерашучы і вельмі чуллівы. Ён хваравіта ўспрымае няўдачы і засмучэнні, часта мяняе свой погляд пад уплывам іншых людзей. He ўпэўнены ў сабе.
    Прыгледзься да людзей вакол цябе. Мала знойдзецца людзей, якія б былі «чыстымі» флегматыкамі ці халерыкамі. Часцей сустракаюцца людзі, у
    якіх ёсць рысы двух ці трох тэмпераментаў, прычым адны прыметы выражаны ярчэй, другія — слабей.
    Паглядзіце, як бурна рэагуе балельшчык на перамогу сваёй хакейнай каманды. «Напэўна, ён халерык»,— думаем мы.
    Калі той жа хлопчык спакойна, не спяшаючыся рыхтуе ўрокі, нам здаецца, што ён флегматык.
    А вось ён дэманструе сваю гаварлівасць. «Гэта сапраўдны сангвінік»,— хочацца сказаць нам.
    А калі ў класе, не ведаючы, як адказаць на пытанне настаўніка, хлопчык панура ідзе да сваёй парты, яго лёгка прыняць за меланхоліка.
    1.	Як ты разумееш, што такое тэмперамент?
    2.	Якія ты ведаеш чатыры тыпы тэмпераменту?
    3.	Разгледзь малюнкі на старонцы 138. Вызнач тэмперамент літаратурных герояў.
    4.	Запішы ў слоўнік: тэмперамент, сангвінік, халерык, флегматык, меланхолік.
    Пачуцці.
    1.	Якія ты ведаеш пачуцці? Назаві іх.
    2.	Што ты адчуваеш, калі глядзіш любімую кінакаме8 дыю або фільм жахаў, калі губляеш вельмі дарагую для цябе рэч? А калі ты знаходзіш тое, што, здавалася б, згубіў назаўсёды?
    3.	Паспрабуй па малюнках на старонцы 140 вызначыць, якія пачуцці зведвае хлопчык.
    Паспрабуй сам з дапамогай мімікі выказаць гэтыя пачуцці.
    1.	Разгледзь малюнкі на старонцы 125. Якія эмоцыі Ч ■ р валодаюць героямі казак?
    2.	Паназірай за сабой. Ці часта ў цябе бывае дрэнны настрой? Чым гэта вызываецца? Як адбіваецца твой настрой на людзях, якія знаходзяцца побач з табой?
    3.	Ці ўмееш ты пераадольваць свой дрэнны настрой? Як? Падумай і раскажы.
    4.	Што б ты сказаў сябру, каб у яго палепшыўся настрой?
    Чалавек не можа заставацца раўнадушным да навакольнага свету. Падзеі, якія адбываюцца, выклікаюць у чалавека розныя пачуцці, або інакш эмоцыі. Аб пачуццях чалавека можна меркаваць па яго паводзінах, выгляду, выказваннях. Кажуць: «Радасць акрыляе», «Слёзы ссушылі», «Гора сагнула»... Розныя эмоцыі вызываюць напружанне мышцаў, яны зменьваюць міміку, рухі, паставу. Пачуцці можна падзяліць на станоўчыя і адмоўныя. Пры хваляванні рытм пульсу пачашчаецца. Ад перапуду можа павысіцца крывяны ціск. Гнеў узрушвае ўвесь арганізм. Чалавек, які перажывае няшчасце, страчвае апетыт. Радасныя эмоцыі робяць пульс больш роўным. У вясёлага чалавека больш глыбокае дыханне, зграбная пастава, хутчэй праходзіць стомленасць. Усмешка і смех добра ўплываюць на здароўе.
    Працяглыя адмоўныя эмоцыі падрываюць здароўе, падаўляюць і прыгнятаюць чалавека. Калі чалавек зведаў смутак, журбу, расчараванне, то ён губляе радасць жыцця. У яго ўзнікае адчуванне цяжару ва ўсім целе, глыбокае стамленне. Такія людзі часта і доўга хварэюць.
    Смутак і страх падрываюць здароўе.
    ШМудрасць старажытнай лячэбнай парады сцвярджае: «Не бяры да галавы».
    Гавораць, што кожны хворы пакутуе сваёй хваробай плюс страхам. Вельмі выразна аб уздзеянні настрою хворага на яго выздараўленне гаворыць адзін са старажытных урачоў Сірыі Абуль Фарадта. Ён прыводзіць прыклад размовы з хворым: «Бачыш, нас трое — я, ты і хвароба. Вось чаму, калі ты будзеш на маім баку, нам дваім будзе лягчэй справіцца з ёю адной, але калі ты пяройдзеш на яе бок, то я адзін не змагу адолець вас дваіх».