Чалавек і свет
Падручнік для 4 класа. 1997
Выдавец: Народная асвета
Памер: 208с.
Мінск 1997
Вібрыён халеры вельмі жывучы: ад 2 да 5 дзён
ён захоўвае магчымасць да заражэння. Яшчэ больш працяглы час жыве вібрыён у адкрытых вадаёмах, куды збіраецца сцёкавая вада.
Галоўная задача вібрыёна — папасці ў рот чалавека. Чалавек, які клапоціцца аб сваім здароўі, будзе есці толькі чыстымі рукамі, з чыстага посуду, мытую агародніну і садавіну, не будзе піць ваду з адкрытага вадаёма. Ён ніколі не з’есць няякасную ежу.
I ўсё ж такі, дапусцім, што яблык абмылі, а каля самага хвосціка схаваўся вібрыён. Праскочыў ён у рот, трапіў у страўнік. Тут яму вельмі складана застацца жывым. Саляная кіслата страўніка павінна знішчыць няпрошанага госця. Але часам яму ўдаецца прабрацца ў кішэчнік. Тут ён і разварочваецца. Вібрыён пачынае множыцца і выдзяляць яды. У чалавека баліць жывот, не спыняюцца рвота і панос. Яго арганізм губляе шмат вады і «высыхае» на вачах. Рукі становяцца маршчыністымі, іх нават называюць «рукі прачкі». Пакутуюць сэрца, лёгкія, ныркі.
Хворых халерай ізалююць, змяшчаюць у спецыяльныя палаты, дэзінфіцыруюць памяшканне, вопратку.
1. Як інфекцыя можа пранікнуць у арганізм чалавека?
2. Якія прыметы халеры ты ведаеш?
3. Якія меры перасцярогі супраць халеры трэба прымаць?
9
Дыфтэрыя.
Дыфтэрыя — гэта вельмі цяжкае захворванне. Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя захварэць дыфтэрыяй было раўназначна вынясенню смяротнага прысуду.
Маленькі мікроб — палачка ўкараняецца ў слізістую абалонку носа, зева або гартані, і праз 2— 3 дні хвароба пачынаецца з вельмі высокай тэмпературы. З’яўляецца асіпласць у голасе, потым — «гаўклівы» кашаль, потым — звужэнне прасвету гартані — удушша. Можа наступіць смерць.
Небяспечнасць дыфтэрыйнай палачкі ў тым, што яды, якія яна выдзяляе, дзейнічаюць на сэрца і нервовую сістэму.
Прышчэпкі, якія робяць малым і дарослым, абараняюць ад хваробы. Нават калі яны і захварэюць дыфтэрыяй, то хвароба будзе пераносіцца лёгка.
1. Што выклікае захворванне дыфтэрыяй?
2. Якія асноўныя прыметы дыфтэрыі ты ведаеш?
3. Што абараняе чалавека ад дыфтэрыі?
Адзёр.
Адзёр — дзіцячая інфекцыя. Праўда, бываюць выпадкі, калі ёю хварэюць і дарослыя, прычым цяжэй, чым дзеці.
Адзёр выклікаецца вірусам. Пасля кантакту з хворым адзёр праяўляецца праз 10—11 дзён. Для яго характэрны высыпка, ліхаманка, запаленне слізістых абалонак дыхальных шляхоў, вачэй.
Адзёр набірае сілу паступова, доўгі час «прыкідваецца» прастудай. У хворага нават кашаль з’яўляецца. А з унутранага боку шчок як бы манная каша прыклеілася.
Высыпка адру спачатку з’яўляецца на твары і шыі, на другі дзень — на целе, руках, на трэці — на нагах. Кропачкі высыпкі зліваюцца паміж сабой, як корка.
Супраць адру існуе вакцына. Бывае дастаткова аднаго ўвядзення гэтай вакцыны, каб у дзіцяці выпрацавалася неўспрымальнасць да адру.
?
1. Што ты даведаўся пра адзёр?
2. Ці была ў цябе гэта хвароба?
Свінка.
У гэтай хваробы тры назвы. Па-першае, самая звыклая,— свінка. Па-другое, старая «бабуліна»,— заўшніца. I нарэшце, самая «разумная», медыцынская,— эпідэмічны паратыт.
Паратыт — запаленне калявушных і іншых слінных залоз. Вірус распаўсюджваецца са слінай хворага пры кашлі, чыханні, пацалунку. Пасля заражэння свінка з’яўляецца толькі праз 2—3 тыдні. Падымаецца тэмпература, і хваравіта раздуваецца частка твару і шыі ніжэй вушэй. Твар становіцца круглым, як у парсючка, праўда, бывае з аднаго
боку. Балюча адкрываць рот, жаваць, глытаць. Павелічэнне залоз працягваецца 5—10 дзён. Трэба строга выконваць рэкамендацыі ўрача. Інакш могуць узнікнуць цяжкія ўскладненні.
1. Як распаўсюджваецца вірус свінкі?
2. Назаві прыметы хваробы.
3. Чаму важна выконваць рэкамендацыі ўрача?
Ветраная воспа.
Натуральную жудасную воспу чалавецтва перамагло, але адолець воспу ветраную пакуль што не ўдаецца. Наогул, гэта не вельмі цяжкае захворванне.
Ветраной яе называюць таму, што яна вельмі імкліва распаўсюджваецца, як ветрам яе разносіць. За два дні да таго, як хвароба праяўляецца, чалавек ужо выдзяляе вірус. Нічога не падазраючы, людзі
прадаўжаюць мець зносіны з захварэўшым. Чаму ветраная — як бы ўжо зразумела. А чаму воспа? Таму што гэта захворванне выклікае з’яўленне на скуры і слізістых абалонках высыпкі, якая потым ператвараецца ў пухіркі, як пры сапраўднай воспе. Чым болей пухіркоў, тым цяжэй пераносіць арганізм хваробу. «Шчасліўчыкі» абыходзяцца дзесяткам пухіркоў, а некаторыя дзеці бываюць абсыпаны імі з ног да галавы. Пухіркі вельмі свярбяць. Здзіраць іх нельга! Па-першае, у ранку пападуць мікробы. Па-другое, на месцы здзёртага пухірка ўтвараецца круглы шрамік — на ўсё жыццё. Каб менш свярбела і не пападалі мікробы, пухіркі густа змазваюць зялёнкай.
Асаблівага лячэння ветраная воспа не патрабуе. Практычна ўсе людзі пераносяць у дзяцінстве гэта захворванне.
1. Чаму ветраная воспа атрымала такую назву?
2. Што ты можаш расказаць пра ветраную воспу?
3. Ці хварэў ты ветраной воспай?
1. Якія ты ведаеш інфекцыйныя хваробы? Пералічы.
2. Чаму яны так называюцца?
3. Назаві асноўныя прыметы інфекцыйных хвароб.
4. Запішы ў слоўнік: халера, адзёр, дыфтэрыя, ветра
ная воспа, свінка.
Раскажы пра адну з хвароб па плану: шляхі пранікнення інфекцыі ў арганізм, прыметы хваробы, у чым яе незвычайнасць, яе працягласць, як пазбегнуць гэтай хваробы.
Прышчэпкі ад хвароб.
Прышчэпкі абараняюць дзяцей і дарослых ад многіх цяжкіх і небяспечных хвароб. Калі твае прабабулі і прадзядулі былі маленькімі, яны ў лю-
бы час маглі захварэць адром, коклюшам або свінкай. У той час не было вакцыны ад гэтых інфекцый.
Што ж такое вакцына? Назву сваю яна атрымала ад лацінскага слова «карова». Гэта адбылося таму, што першую прышчэпку — супраць воспы — зрабілі, выкарыстоўваючы матэрыял воспінак каровы. Вакцына прадстаўляе сабой медыцынскі прэпарат з забітых або моцна аслабленых мікробаў. Такія прэпараты ўводзяць малышам, калі робяць прышчэпкі супраць адру, свінкі. Арганізм як бы рэпетыруе заражэнне інфекцыямі. Калі аслабленыя мікробы пападаюць у кроў, у ёй адразу пачынаюць вырабляцца асаблівыя рэчывы — змагары супраць інфекцыі.
Ад прышчэпкі не захварэюць. А калі праз нейкі час адбудзецца сустрэча з моцным мікробам, то арганізм ужо будзе мець імунітэт — неўспрымальнасць да хваробы, таму што ўжо навучыўся супраць яе змагацца.
Калі робяць прышчэпкі ад дыфтэрыі, слупняку, то ўводзяць не самі мікробы, а аслаблены яд, які яны вырабляюць. Мэта тая ж — прымусіць арганізм «пагуляць» у хваробу, мабілізаваць абаронныя сілы пры адсутнасці сапраўднай бяспекі.
Антыбіётыкі.
Мы жывём у эпоху лякарстваў-антыбіётыкаў. Усё пачалося з адкрыцця пеніцыліну. Сёння для кожнага віду бактэрый створаны шэраг
лякарстваў-антыбіётыкаў. Іх агульнай уласцівасцю з’яўляецца прыгнечанне жыццядзейнасці хваробатворных мікробаў. Вырабляюць гэтыя лякарствы з ніжэйшых грыбоў (цвілі) і раслін. Некаторыя вырабляюцца штучна.
Антыбіётыкі не толькі карысныя, але і шкодныя. Чым жа шкодзяць антыбіётыкі? Прыгнятаючы бактэрыі, яны прыгнятаюць і наш імунітэт. Навошта арганізму змагацца, калі гэта зробіць за яго таблетка. Наш арганізм хітры — лішнюю работу рабіць не стане, і мы адвучваемся самастойна змагацца з хваробамі.
Антыбіётыкі могуць выклікаць алергію. Калі доўгі час прымяняць адзін і той жа антыбіётык, мікробы паспяваюць прыстасавацца да яго і цудоўна сябе адчуваюць.
Трэба памятаць наступнае:
нельга пры першых прыметах недамагання хапацца за антыбіётыкі;
нельга назначаць сабе лячэнне антыбіётыкамі без урача;
неабходна піць тую дозу лякарства, якую назначыў урач;
калі здаецца, што хвароба адступіла, нельга самастойна спыняць прыём лякарстваў, пакуль не закончыцца курс лячэння.
1. Як можна папярэдзіць заражэнне інфекцыйным захворваннем?
2. Прадоўжы. Займайся .... Сачы за чысцінёю ў ... . Старанна мый рукі .... He еш з ... . Закрывай нос і рот хустачкай, калі .... He грызі .... He змочвай пальцы слінай, калі .... Май асобнае .... Рэгулярна мяняй ....
3. Якія меры перасцярогі трэба прымаць пры доглядзе за хворым?
4. Падрыхтуй паведамленне пра антыбіётыкі.
I
Воспапрышчэпліванне ў Расіі.
ШУ пачатку кастрычніка 1768 года двор і свецкія колы ў Санкт-Пецярбургу былі чымсьці ўстурбаваныя. Усіх займала пы-
танне, што царыца Кацярына намервалася прышчапіць сабе і наследніку трона воспу.
Жудасны біч ужо даўно апусташаў Еўропу, не даючы літасці нікому. Нарэшце было прыдумана воспапрышчэпліванне. Няцяжка зразумець, якое ўражанне было зроблена гэтым сродкам на большасць людзей: браць яд ад хворага і ўводзіць яго ў здаровы арганізм. Медыкі лямантавалі супраць бяздумнай навізны. Царкоўнікі таксама. Кацярына вырашыла асабістым прыкладам палажыць канец хістанням рускай публікі. Быў выпісаны з Англіі ўмелы доктар Дзімедаль, у якога з 6000 прышчэпленых памерла толькі адно трохгадовае дзіця.
12 кастрычніка 1768 года царыца прышчапіла сабе воспу. Яе прыклад перанялі і прыдворныя. «Увесь Пецярбург,— пісала Кацярына,— захацеў прышчапіць сабе воспу...» Праз тыдзень воспа была прышчэплена і наследніку. У лістападзе па ўсёй Расіі па спецыяльнаму ўказу царыцы праводзіліся ўрачыстасці ў памяць прышчэплівання сабе воспы царыцай і вялікім князем, у памяць «велікадушнага, знакамітага і бяспрыкладнага подзвігу».
Хто першы ўбачыў «у твар» мікробаў?
Наўрад ці барацьба медыкаў з інфекцыйнымі хваробамі мела б такі поспех, калі б урачы не ўбачылі «ў твар» свайго ворага. Найбольш дасканалымі ў той час былі мікраскопы, якія сканструяваў Антоні ван Левенгук.
Антоні ван Левенгук жыў у невялікім галандскім гарадку. Ён гандляваў мануфактурай. Але ўвесь свой вольны час займаўся любімай справай: шліфаваў аптычныя лінзы. Праз лінзы ён з захап-
леннем разглядаў усё, што пападалася пад рукі: валасінку, джала асы, пясчынку.
Заняткі з лінзамі настолькі захапілі яго, што ён прадаў сваю лаўку і ўладкаваўся швейцарам. Гэта дало яму больш вольнага часу. Хутка ён пачаў збіраць лінзы ў прымітыўныя мікраскопы.
Аднойчы Левенгук змясціў пад мікраскоп кроплю вады і быў здзіўлены жыццём, якое кіпела ў кроплі. Ён быў першым чалавекам, які выявіў нябачны мір мікробаў. Аб сваім адкрыцці ён напісаў у Каралеўскае таварыства ў Лондане і хутка стаў адным са знакаміцейшых яго членаў.