Чалавек і свет
Падручнік для 4 класа. 1997
Выдавец: Народная асвета
Памер: 208с.
Мінск 1997
Народ лічыў здаровай такую сям’ю, дзе любяць і шануюць працу, дзе:
...у клеці ўсё насыпана,
А на млыне намалочана,
А ў дзяжы ўсё падыходзіць,
А ў печы ўсё падрастае...
Здаровая сям’я клапоціцца пра сваё будучае — пра дзяцей. Старэйшыя робяць усё для таго, каб яны раслі не толькі здаровымі і вясёлымі, добрымі і ветлівымі, а каб яшчэ былі разумнымі, адукаванымі, умелымі. А таму дзеці павінны вучыцца:
Той усё здабудзе, у каго розум будзе.
Лепш навучаны, чым залочаны.
А яшчэ ў здаровай сям’і як даўней, так і ў наш час цэніцца ўсмешка. Згадзіся, менавіта здароваму чалавеку ўласціва ўсміхацца, радавацца, жартаваць.
Цяпер, калі ты пазнаёміўся з тым, ад чаго залежыць здароўе сям’і, падумай: а што ты можаш зрабіць, каб кожнаму ў тваёй сям’і было добра? Ты шмат што можаш. Трэба толькі падумаць, захацець і пастарацца.
Мой дом.
Для чаго патрэбны рэчы ў доме?
Ці задумваўся ты над гэтым? Якія і для чаго патрэбны рэчы ў доме? Вядома, ты можаш усміхнуцца: ну што тут незразумела? Крэсла патрэбна, каб на ім сядзець, стол на кухні, каб есці за ім. I гэтак далей: ложак служыць для таго, каб спаць і адпачываць, шафа — захоўваць бялізну і адзенне, пісьмовы стол — пісаць... Зрэшты, і без таго ясна: кожная рэч мае практычнае значэнне, яна задавальняе якія-небудзь патрэбнасці чалавека (працаваць, вучыцца, есці, спаць і г. д.).
Але вось аднойчы падчас вялікай перадсвяточнай уборкі ў доме ты заўважыў: у кладоўцы стаяць некалькі кардонак з абуткам, які ўжо ніхто не носіць. Там жа ты адшукаў стары паламаны замок па суседству з сапсаваным электразванком і рэшткамі настольнай лямпы і яшчэ шмат што іншае. А гэтыя рэчы для чаго? Напэўна, на ўсякі выпадак: а раптам спатрэбяцца.
Або вісіць у зале на сцяне карціна. Няўжо яна патрэбная для работы, для сну? Напэўна, ты ўжо маеш адказ: карціна патрэбна чалавеку для прыгажосці. Без прыгажосці людзям цяжка жыць. Прыгажосць плюс карысць — вось галоўнае, на што звяртае ўвагу чалавек, набываючы рэчы для дома.
Ёсць яшчэ адна асаблівасць дамашніх рэчаў — іх зручнасць. У бабулі дома стаіць старое грувасткае крэсла, якое пад сілу перасунуць толькі двум чалавекам. А крэслы ў бацькоўскай кватэры лёгка перасоўваюцца на кольцах. Зручна? Вядома!
Некаторыя рэчы ў доме не прыносяць практычнай карысці, не радуюць прыгажосцю, не ствара-
юць дадатковых зручнасцей. Але яны блізкія і дарагія для каго-небудзь з членаў сям’і. Напрыклад, стаіць на палічцы стары трэснуты кубак. 3 яго некалі, даўным-даўно (цябе яшчэ на свеце не было!) піў чай дзядуля, мамін бацька. Вось і захоўвае мама кубак як памяць пра яго.
КАРЫСЦЬ, ПРЫГАЖОСЦЬ, ЗРУЧНАСЦЬ, ПАМЯЦЬ — бачыш, як многа адказаў на пытанне пра тое, для чаго ў доме рэчы.
Сяброўства рэчаў.
Табе не здаецца дзіўным гэты загаловак? Рэчы ж не людзі і не жывёлы. Як жа яны могуць сябраваць або не сябраваць? Але не спяшайся з адказам. Ты ніколі не заўважаў, што кожная рэч з’яўляецца як бы працягам чалавека? Давай пагуляем. Уяві сабе, што ты стаіш у пакоі з завязанымі вачамі. А твой брат або сястра даюць табе ў рукі па чарзе адну за другой якія-небудзь дамашнія рэчы (не вельмі вялікія і цяжкія). Ты іх абмацваеш і гаво-
рыш, што гэта і каму належыць. Мы ўпэўнены, што пры гэтым ты ніколі не пераблытаеш татавы і маміны туфлі, сумачку сястры, ранец брата, цёплую хустку бабулі — усё назавеш беспамылкова. Значыць, гэта праўда: рэчы — працяг чалавека.
Трошкі змяніўшы знаёмую прымаўку, можна сказаць так: «Пакажы мне твае рэчы, і я скажу, які ты». У ахайнага і акуратнага чалавека, прыхільніка прыгажосці, рэчы прыгожыя, дагледжаныя. Рэчы чалавека, які не паважае чысціню, забруджаныя, падзёртыя, са згубленымі дэталямі. Калі гэта ўсё так, значыць, мы правільна задалі пытанне пра сяброўства рэчаў. Пры якіх жа ўмовах рэчы сябруюць?
Першая ўмова: РЭЧЫ ПАВІННЫ АДПАВЯДАЦЬ адна адной. Напрыклад, не адпавядаюць адзін аднаму высокі стол і нізкія крэслы. Як будуць адчуваць сябе людзі, седзячы на гэтых крэслах за высокім сталом? Вядома, рэчы павінны падыходзіць адна да адной не толькі па памерах, але і па форме, колеру, па іншых уласцівасцях.
Другая ўмова: РЭЧАЎ HE ПАВІННА БЫЦЬ ЗАНАДТА МНОГА.
Ці даводзілася табе ездзіць у перапоўненым пасажырамі аўтобусе? Як там адчуваюць сябе людзі? Часам з-за жудаснай цеснаты самыя нявытрыманыя з пасажыраў пачынаюць сварыцца. Гэтак жа і рэчам дрэнна, калі іх занадта многа. У такіх умовах яны пачынаюць губляць сваё здароўе і прыгажосць. Яны «труцца бакамі», людзі часам чапляюцца за іх, а значыць, удараюць іх. Іншы раз гаспадары пачынаюць іх перасоўваць, каб знайсці тыя рэчы, якія згубіліся. Ці да сяброўства тут?
Трэцяя ўмова: РЭЧЫ HE ЦЕРПЯЦЬ САПЕРНІЦТВА. Уяві сабе такое. Тата купіў карціну. Яе
размясцілі ў пакоі на сцяне. Праз некаторы час старэйшы брат непадалёку ад карціны павесіў каляндар з групавым партрэтам любімых спевакоў. Тады і сястры захацелася па другі бок ад карціны павесіць фатаграфію кінаактрысы, якую яна горача любіць. I што ж атрымалася? Магчыма, кожная з гэтых рэчаў: карціна, каляндар, фатаграфія самі па сабе прыгожыя. Але, калі іх усе размясцілі на адной сценцы, пачалося саперніцтва. Яны ўжо не радуюць погляду гаспадароў і гасцей дома. Кожнаму зразумела, што адной рэчы на сцяне было б дастаткова, што астатнія — лішнія. Вось толькі якія?
Чацвёртая ўмова: ДРУЖЫЦЬ МОГУЦЬ ТОЛЬКІ ДАГЛЕДЖАНЫЯ РЭЧЫ. Ніколі не пасябруюць прыгожая кніжная паліца і пагрызеная падзёртая кніга, сучасны тэлевізар і столік пад ім, у якога «хворая» ножка, шыкоўны карніз і падраная парцьера.
Ты ўжо, вядома, зразумеў: сяброўства і здароўе рэчаў залежаць ад тых, хто жыве ў доме, а значыць, і ад цябе.
Беражы здароўе рэчаў.
За тымі, хто сам не можа пра сябе паклапаціцца, патрэбны дагляд: за маленькім дзіцем, за кацянём або шчанём. I за дамашнімі рэчамі. Бо яны таксама не могуць самі пра сябе клапаціцца. He заблішчыць сама лакіроўкай запыленая мэбля і запэцканы абутак, не вымыецца па шчупаковаму загаду посуд, не склеіцца расхістанае крэсла. Мы ўпэўнены, што ты ўжо шмат што ўмееш рабіць і робіш дзеля здароўя дамашніх рэчаў: чысціш адзенне і абутак, мыеш (а магчыма, і прасуеш) бялізну, дапамагаеш маме і тату ў рамонце рэчаў.
Гэта вельмі добра, таму што дзякуючы гэтаму ты ўсё больш робішся гаспадаром у доме (помніш нашу размову на гэту тэму?).
Вельмі цікава правесці ў класе конкурс «Рэчы і гаспадары». Падзяліцеся на некалькі каманд. Кожная каманда атрымлівае картачку, на якой напісана, пра дагляд за якімі рэчамі яны будуць распытваць сваіх сапернікаў (напрыклад, «Зімовае адзенне і абутак», «Умывальнік і мыццё», «Сталовы посуд»). Спачатку каманды самі абмяркуюць адказы, а потым па чарзе зададуць пытанні адзін аднаму. Ацэняць адказы каманд члены журы і назавуць пераможцаў, гэта значыць самых лепшых гаспадароў.
Падказка: пытанні можна задаваць пра тое, як берагчы тыя ці іншыя рэчы («Чаму непажадана наліваць у эмаліраваную ванну або ракавіну вельмі гарачую ваду?»); пра тое, з дапамогай якіх сродкаў (паст, парашкоў, вадкасцей) можна мыць бялізну, чысціць мэблю, адзенне, абутак; пра меры перасцярогі пры даглядзе за рэчамі (не апарыцца, не дапусціць, каб у вочы або рот папалі ядавітыя рэчывы) і г. д.
Утульнасць у доме.
Прыслухайся да гучання слоў «УТУЛЬНАСЦЬ», «утульны». Якія гэта мяккія, цёплыя, прыемныя словы! А што ж гэта такое «ўтульнасць»?
Утульнасць — гэта калі ў доме прыгожа, калі і сцены, і столь, і падлога, і рэчы радуюць вока. Але ці толькі прыгажосць стварае ўтульнасць? Уяві сабе пакой, у якім усё прыгожа, але вельмі холадна (або, наадварот, занадта горача). Ці прыемна будзе ў такім пакоі чалавеку?
Значыць, утульнасць — гэта калі чалавеку ў 5 Чалавек і свет 65
доме ў меру цёпла: не холадна і не горача, а ў самы раз. Але і гэта не ўсё. Справа ў тым, што паветра ў пакоі можа быць або вельмі сухое, або занадта вільготнае. У абодвух выпадках чалавеку будзе цяжка дыхаць. Якая ж тут утульнасць! Добра, няхай паветра ў нас будзе ў меру вільготным. Усё? He, яшчэ не ўсё. Бо ў пакоі можа быць усё акуратна прыбрана і чыста, а можа быць і наадварот. Без чысціні і парадку ўтульнасці не бывае! Цудоўна: навядзём у пакоі парадак. Ну а цяпер ужо ўсё? А вось і не ўсё. Нездарма ж чалавек жыве не толькі сярод людзей, але і сярод раслін, жывёл. Таму ў доме, дзе няма звярка або птушкі, пакаёвых раслін, дзе адны толькі нежывыя рэчы, зноў такі няўтульна чалавеку.
Цяпер ты ўжо ўпэўнены: усё, болып для ўтульнасці нічога не патрэбна. Нават хто-небудзь з дарослых з гэтым згодзіцца. I ўсё ж мы з табой на гэтым не спынімся. Ці ж не важна тое, што ў пакоі можа быць добра відно і цёмна? I нават не ва ўсім пакоі, а ў той яго частцы, дзе ты зараз чытаеш кнігу або гуляеш, або слухаеш музыку. Бачыш, як многа патрэбна, каб табе і тваім блізкім было ўтульна! Усяго і не пералічыш.
Утульнасць стварае ў чалавека добры настрой. А таму мае значэнне, шумна або ціха ў памяшканні, грукаюць, рыпяць дзверы або адчыняюцца і зачыняюцца бязгучна. Важна і тое, хто або што ў доме галоўней: чалавек ці рэчы. Калі чалавек, то ён лёгка і свабодна карыстаецца рэчамі, яму гэта прыемна. А калі рэчы галоўней? Калі на кожным кроку трэба думаць: вось гэта — не чапай, сюды — не станавіся, там — не хадзі, да гэтага — не датыкайся! Ці лёгка такое вытрымаць? Мы спадзяёмся, што ў цябе ў доме ўтульна, што ты з радасцю вяртаешся
ў яго пасля школы і пасля прагулкі. А калі не, папрасі дарослых сабраць сямейную нараду і абмеркаваць, як зрабіць ваш дом утульней. Будзе вельмі добра, калі ты сам прапануеш, што для гэтага можна зрабіць.
Беражы здароўе свайго дома.
Давай яшчэ раз падумаем над тым, пра што ты даведаўся з раздзела «Мой дом». А даведаўся ты пра тое, для чаго ў доме патрэбны рэчы, пры якіх умовах рэчы «сябруюць» паміж сабой. Ты ведаеш, як даглядаць за рэчамі, каб захаваць іх здароўе. Нарэшце, ты нямала ведаеш пра тое, як ствараецца ўтульнасць у доме. Цяпер паставім пытанне так: ад чаго залежыць здароўе самога твайго дома (кватэры)?
Напэўна, ты ўжо здагадаўся, з чаго пачаць адказ. Сам пра сябе дом (як і рэчы ў ім, і пакаёвыя расліны, і свойскія жывёлы) паклапаціцца не можа. Гэта павінны рабіць людзі, якія жывуць у доме: ты, твае бацькі, іншыя члены сям’і. Дом будзе здаровы, калі вы не забываеце пра яго, калі чысціце і прыбіраеце яго, робіце, калі трэба, рамонт, сочыце, каб нішто ў доме не псавалася, не ламалася, своечасова праветрываеце яго (дому таксама трэба дыхаць свежым паветрам!). I робіце гэта ўсё з ахвотай, дружна, хоць, зразумела, кожны робіць, што можа, што ўмее.