• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае дрэва  Чарльз Дыкенс, Фрэнсіс Браўн, Эндру Лэнг, Элеанора Фарджн, Дональд Бісет, Кэтлін Фойл, Памела Трэверс

    Чарадзейнае дрэва

    Чарльз Дыкенс, Фрэнсіс Браўн, Эндру Лэнг, Элеанора Фарджн, Дональд Бісет, Кэтлін Фойл, Памела Трэверс

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 127с.
    Мінск 1980
    30.11 МБ
    — Божа мой! — у захапленні ўсклікнула Мэры Поппінс і зрабіла крок назад, каб лепш разгледзець малюнак.— Берт, што гэта такое?..
    Апошнія словы яна ледзь вымавіла ад хвалявання. Прадавец Запалак таксама быў вельмі ўзрушаны і схапіў яе за руку.
    — Мэры! — сказаў ён.— У мяне ёсць цудоўная думка. А чаму б нам не пайсці туды менавіта сёння, зараз жа? Удваіх туды, у карціну, га, Мэры?
    I, усё яшчэ трымаючы Мэры Поппінс за руку, ён пацягнуў яе з вуліцы далей ад жалезных рэек і ліхтароў, проста ў сярэдзіну малюнка. Р-раз! I вось яны там, унутры яго!
    Як многа там было зеляніны, і як ціха, і якая мяккая, сакавітая трава была ў іх пад нагамі! Яны не маглі паверыць, што ўсё гэта праўда, але зялёныя галіны ціха шамацелі над іх галовамі, маленькія рознакаляровыя кветкі абвівалі ім ногі. Мэры і Берт са здзіўленнем пазіралі адно на аднаго, і кожны прыкмячаў, што другі неяк змяніўся. Мэры Поппінс здалося, што Прадавец
    1 Прыморскі гарадок на паўднёвым усходзе Англіі.
    Запалак купіў сабе новы касцюм, бо цяпер на ім быў яркі пінжак з зялёнымі і чырвонымі палоскамі, белыя фланельныя штаны і — што самае дзіўнае! — новы саламяны капялюш. I ўвесь ён быў такі чысцюткі, быццам яго толькі што адпаліравалі.
    — Берт, які ў цябе цудоўны выгляд! — з захапленнем усклікнула Мэры.
    Берт з хвіліну не мог нічога адказаць. Ён утаропіўся на Мэры Поппінс шырока расплюшчанымі вачамі і ажно разявіў рот ад здзіўлення. Потым пракаўтнуў сліну і прагаварыў:
    — Ну і ну!
    I ўсё. Але ён сказаў гэта такім голасам і глядзеў на яе так замілавана, што яна выняла з сумачкі маленькае люстэрка і паглядзелася ў яго, і тут яна ўбачыла, што таксама змянілася. На плячах у яе быў плашч са штучнага шоўку, вышыты рознымі ўзорамі. Яна ўбачыла ў люстэрку і доўгае выгнутае пяро, якое звісала з яе капялюшыка і казытала шыю. Яе святочныя туфлі зніклі, а на іх месцы з’явіліся другія, куды прыгажэйшыя, з вялікімі зіхатлівымі алмазнымі спражкамі. На руках былі ўсё тыя ж белыя пальчаткі, і яна па-ранейшаму трымала парасон.
    — Божа мой! — сказала Мэры Поппінс.— У мяне сапраўдны выхадны дзень!
    Так, усё яшчэ радуючыся і цешачыся адно з аднаго, яны ішлі праз невялікі лес, пакуль не выйшлі на залітую сонцам паляну. I там, на зялёным століку, стаяў чай для полудня!
    Пасярод стала ўзвышалася — яна была бадай што па пояс Мэры Поппінс! — груда пірожных з малінавым варэннем, а побач кіпеў вялікі медны чайнік.
    — Каб я так жыла! — усклікнула Мэры Поппінс. Яна заўсёды гэтак гаварыла, калі была чым-небудзь вельмі задаволена.
    — Ну і ну! — сказаў Прадавец Запалак. Гэта былі яго любімыя слоўцы. .
    Ці не будзеце ласкавы прысесці, мадам? — спытаў чыйсьці голас.
    Яны азірнуліся і ўбачылі высокага чалавека ў чорным пінжаку з сурвэткай на руцэ, які выходзіў з лесу.
    МэрыПоппінс, да рэшты здзіўленая, плюхнулася ў адно з маленькіх зялёных крэслаў, што стаялі вакол стала. Прадавец Запалак вылупіў вочы і апусціўся ў другое.
    — Я — афіцыянт,— сказаў чалавек у чорным пінжаку.
    — Але я не бачыла вас на малюнку,— сказала Мэры Поппінс.
    — А я стаяў за дрэвам,— растлумачыў Афіцыянт.
    — Можа, прысядзеце? — ветліва спытала Мэры Поппінс,
    — Афіцыянты ніколі не садзяцца, мадам,— сказаў Афіцыянт.
    Аднак было відаць: яму прыемна, што яго запрасілі.
    — Вашы вустрыцы, містэр,— сказаў ён і падсунуў талерку да Прадаўца Запалак,— і ваш відэлец! — Ён выцер відэлец сурвэткай і падаў яго Берту.
    Яны пачалі палуднаваць, а Афіцыянт стаяў побач і сачыў, каб у іх было ўсё, што ім трэба.
    — Усё-такі і праўда мы ядзім іх,— прашаптала Мэры Поппінс, беручы з груды верхняе пірожнае з малінавым варэннем.
    — Ну і ну! — згадзіўся Прадавец Запалак, кладучы сабе два самыя вялікія.
    — Чаю? — спытаў Афіцыянт і наліў кожнаму ў кубкі з чайніка.
    Яны выпілі па адным кубку, потым яшчэ па два. 3 асалодай прыкончылі груду пірожных з малінавым варэннем. Пасля гэтага ўсталі і змахнулі крошкі.
    — Плаціць нічога не трэба,— сказаў Афіцыянт, перш чым яны паспелі папрасіць у яго рахунак.— Гэта для вашай прыемнасці. Вунь там вы знойдзеце карусель! — I ён паказаў рукой на прагал паміж дрэвамі, дзе Мэры Поппінс і Прадавец Запалак убачылі некалькі драўляных конікаў, якія круціліся на падстаўцы.
    — Як цікава! — усклікнула Мэры Поппінс.— Я памятаю, што гэтага таксама не бачыла на малюнку.
    — Ага,— сказаў Прадавец Запалак, які і сам гэтага не памятаў,— разумееш, гэта было на заднім плане.
    Як толькі яны падышлі да каруселі, яна запаволіла ход. Яны скокнулі на яе: Мэры Поппінс на варанога каня, Прадавец Запалак на буланага. I калі зноў зайграла музыка, яны рушылі ў дарогу і праехалі вярхом аж да Ярмута і назад, бо абое больш за ўсё хацелі пабачыць гэтую мясцінку.
    Калі яны вярнуліся, ужо амаль сцямнела. Афіцыянт чакаў іх.
    — Мне вельмі шкада, панове,— ветліва сказаў ён,— але ў сем гадзін мы зачыняем. Такія правілы, вы ж разумееце. Дазвольце мне паказаць вам выхад.
    Яны кіўнулі ў знак згоды, ён узмахнуў сурвэткай і пайшоў наперадзе іх праз лес.
    — На гэты раз ты намаляваў цудоўную карціну, Берт,— сказала Мэры Поппінс і ўзяла Прадаўца Запалак пад руку.
    — Я зрабіў усё, што мог,— сціпла адказаў Прадавец Запалак. Але было відаць, што ён і сам вельмі задаволены сабою.
    У гэты час Афіцыянт спыніўся перад імі каля белых дзвярэй, быццам намаляваных крэйдай.
    — Вось,— сказаў ён.— Гэта выхад.
    — Дзякуй вам, да пабачэння! — сказала Мэры Поппінс і паціснула яму руку.
    — Да пабачэння, мадам! — адказаў Афіцыянт і пакланіўся так нізка, штс стукнуўся галавой аб калені.
    Пасля ён кіўнуў Прадаўцу Запалак. Той схіліў галаву набок, падміргнуў Афіцыянту і такім манерам развітаўся з ім. Затым Мэры Поппінс прайшла ў белыя дзверы, і Прадавец Запалак падаўся за ёю.
    I вось дзіва! Толькі яны пераступілі парог, як тут жа пяро ўпала з яе капялюшыка, шаўковы плашч — з плячэй, алмазы — з туфляў. Яркае адзенне Прадаўца Запалак пацямнела, саламяны капялюш ператварыўся ў старую паношаную кепку. Мэры Поппінс азірнулася і адразу зразумела, што адбылося. Стоячы на тратуары, яна з хвіліну пазірала на Берта, потым пашукала вачамі Афіцыянта ў лесе, намаляваным Прадаўцом Запалак. Але Афіцыянта нідзе не было відаць. На карціне нікога не было, нішто там не варушылася. Нават карусель знікла. Засталіся толькі спакойныя дрэвы, трава і нерухомы шматок мора ўдалечыні.
    Мэры Поппінс і Берт усміхнуліся адно аднаму.
    Хто-хто, а яны ведалі, што знаходзіцца за дрэвамі.
    Калі Мэры Поппінс вярталася ў дом Бэнксаў, Джэйн і Майкл выбеглі ёй насустрач.
    — Дзе вы былі? — спыталі дзеці.
    — У Краіне Цудаў,— адказала Мэры Поппінс,
    — Вы бачылі Золушку? — спытала ў яе Джэйн.
    — Ха, Золушка! — хмыкнула Мэры Поппінс.— Гэта не для мяне. Падумаеш, Золушка!
    — А мо Рабінзона Круза? — пацікавіўся Майкл.
    — Рабінзон Круза — пф-ф! — чмыхнула Мэры Поппінс.
    — Дык як жа вы гаворыце, што там пабылі? Тады гэта не наша Краіна Цудаў!
    Мэры Поппінс паблажліва чмыхнула.
    — Хіба вы не ведаеце,— сказала яна спачувальна,— што ў кожнага ёсць свая Краіна Цудаў?
    Яна яшчэ раз чмыхнула і пайшла наверх, каб зняць свае белыя пальчаткі і пакласці на месца парасон.
    Раздзел трэці
    СМЯХОТНЫ ГАЗ
    — Вы ўпэўнены, што ён будзе дома? — спытала Джэйн, калі яны выйшлі з аўтобуса — яна, Майкл і Мэры Поппінс.
    — Калі б мой дзядзюхна збіраўся кудынебудзь пайсці, ён не запрашаў бы нас на чай,— адказала Мэры Поппінс, відавочна вельмі пакрыўджаная гэтым пытаннем. На ёй быў сіні жакет з сярэбранымі гузікамі і ў тон яму сіні капялюшык. А ў тыя дні, калі яна гэтак адзявалася, пакрыўдзіць яе было лягчэй за ўсё.
    Усе трое сабраліся адведаць дзядзьку Мэры Поппінс, містэра Вігга. Майкл і Джэйн так даўно марылі пра гэтае падарожжа і знаёмства і цяпер больш за ўсё баяліся, што раптам не застануць містэра Вігга дома.
    — А чаму яго завуць містэр Вігг, ён што— носіць парык? 1— спытаў Майкл, спяшаючыся не адстаць ад Мэры Поппінс.
    — Яго завуць Вігг, таму што гэта яго прозвішча. I ён не носіць парыка. Ён лысы,— сказала Мэры Поппінс.— I калі я пачую яшчэ хоць адно пытанне, мы адразу ж вернемся дадому.— I яна чмыхнула, як заўжды, калі была чым-небудзь незадаволена.
    Джэйн і Майкл зірнулі адно на аднаго і насупіліся. Гэта азначала: «Давай не будзем ні аб чым у яе пытацца, a то мы ніколі не пабываем у дзядзюхны Вігга».
    Мэры Поппінс прыпынілася, каб папра-
    1 Вігг і слова «парык» гучаць па-англійску амаль аднолькава.
    віць свой капялюшык, перад тытунёвай крамкай на рагу. Там была адна з тых пацешных вітрын, у якой вы бачыце не адно, а тры свае адлюстраванні. Так што, калі глядзецца ў яе даволі доўга, дык пачынае здавацца, што вы — гэта ўжо не вы, а цэлы натоўп зусім іншых людзей. I ўсё ж Мэры Поппінс задаволена ўздыхнула, калі ўбачыла тры свае адлюстраванні — кожнае ў сінім жакеце з сярэбранымі гузікамі і ў тон яму сінім капялюшыку. Ёй здалося, што гэта так прыгожа! I яна нават пашкадавала, што там усдго тры, а не дванаццаць або нават трыццаць Мэры Поппінс.
    — Хадзем,— сказала яна рашуча, быццам гэта Майкл і Джэйн затрымлівалі яе.
    Яны звярнулі на рагу вуліцы і пазванілі ў дом нумар 3 на Робертсан-Роуд. Джэйн і Майкл пачулі, як дзесьці далёка адгукнуўся званок. Яны радаваліся, што праз хвіліну, сама больш праз дзве, упершыню ў жыцці будуць піць чай з дзядзькам Мэры Поппінс містэрам Віггам.
    — Калі ён дома, вядома,— шапнула Джэйн Майклу.
    У гэты момант дзверы шырока расчыніліся і з’явілася сухарлявая бледная лэдзі.
    — Ён дома? — хуценька спытаў Майкл.
    — Я папрасіла б і была б вельмі ўдзячна, каб весці размову ты дазволіў мнё,— сказа-
    ла Мэры Поппінс і паглядзела на хлопчыка так, што проста жах.
    — Добры дзень, місіс Вігг,— ветліва сказала Джэйн.
    — Місіс Вігг! — усклікнула худая лэдзі голасам яшчэ больш тонкім, чым яна сама.— Як вы смееце называць мяне місіс Birr? He, даруйце! Збаў божа! Я проста міс Персіммон і ганаруся гэтым. Падумаць толькі, місіс Вігг!
    Відаць было, што яна дужа раззлавалася, і дзеці падумалі, што містэр Вігг, мусіць, вельмі дзіўны чалавек, калі міс Персіммон так радуецца, што яна не місіс Вігг.
    — Прама наверх і першыя дзверы на лесвічнай пляцоўцы,— сказала міс Персіммон і заспяшалася прэч, паўтараючы тонкім абураным голасам: — Місіс Вігг, падумаць толькі!