Чарадзейнае дрэва
Чарльз Дыкенс, Фрэнсіс Браўн, Эндру Лэнг, Элеанора Фарджн, Дональд Бісет, Кэтлін Фойл, Памела Трэверс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 127с.
Мінск 1980
— Разумніца! — з гордасцю за пляменніцу сказаў містэр Вігг і ўсміхнуўся ёй.— Я ведаў, што ты нешта прыдумаеш. А цяпер, Мэры,.сядзь, калі ласка, з таго боку стала і налі ўсім нам чаю. Госці будуць сядзець абапал мяне. Вось так! — сказаў ён, калі Майкл пераляцеў па паветры і сеў справа ад містэра Вігга. Джэйн апынулася злева ад яго. Так яны і сядзелі: усе разам высока ў паветры, а паміж імі быў стол. Hi адзін бутэрброд, ні адзін драбок цукру не зваліўся долу. Містэр Вігг задаволена ўсміхаўся.
— Звычайна, я так лічу, пачынаюць з бутэрбродаў,— звярнуўся ён да Джэйн і Майкла,— але, паколькі сёння мой дзень нараджэння, мы пачнём няправільна — хоць я заўсёды думаў, што гэта правільна,— з торта!
I ён адрэзаў кожнаму па вялікім кавалку.
— Яшчэ чаю? — спытаў ён у Джэйн. Але перш чым яна паспела адказаць, пачуўся рэзкі стук у дзверы.
— Заходзьце! — запрасіў містэр Вігг.
Дзверы адчыніліся, і на парозе з'явілася міс Персіммон са збанком гарачай вады на падносе.
— Я думала, містэр Вігг,— пачала яна, абводзячы вачамі пакой,— што вам можа спатрэбіцца яшчэ гарачая... Ах, я ніколі!..
Я проста ніколі!..— усклікнула яна, убачыўшы іх у паветры вакол стала.— Такога я ніколі не бачыла! Колькі жыву на свеце, такога не бачыла... Я заўсёды ведала, што вы, містэр Вігг, крыху дзіўны чалавек. Але я заплюшчвала на гэта вочы, паколькі вы акуратна плацілі за кватэру. Ды такія паводзіны — піць чай са сваімі гасцямі ў паветры!.. Містэр Вігг, вы мяне ўразілі! Гэта так ганебна, асабліва для джэнтльмена вашага ўзросту... Я ніколі...
— Але, магчыма, і з вамі здарыцца тое ж самае, міс Персіммон,— сказаў Майкл.
— Што здарыцца? — фанабэрыста спытала міс Персіммон.
— Што вы заразіцеся Смяхотным Газам гэтак жа, як і мы.
Міс Персіммон пагардліва ўскінула галаву.
— Я спадзяюся, малады чалавек,— холадна адказала яна,— што ў мяне дастаткова павагі да сябе, каб не матляцца ў паветры, як гумавы шарык на нітцы. Я заўсёды буду стаяць на сваіх нагах, клянуся, або я не буду Эмі Персіммон, і... О божа, о божа, о божа! Што такое? Я не магу ісці, я зараз, я... Памажыце! Памажыце!..
I міс Персіммон насуперак свайму жаданню адарвалася ад падлогі і пачала няўпэўнена падымацца ў паветра, пагойдваючыся
з боку ў бок і балансуючы падносам у руках. Яна ледзь не плакала ад гора, калі наблізілася да стала і паставіла збан з гарачай вадою.
— Дзякуй вам,— сказала Мэры Поппінс спакойным, ветлівым голасам.
Міс Персіммон павярнулася і паляцела ўніз. Пры гэтым яна сярдзіта мармытала:
— Як гэта непачціва! I я — жанчына ўраўнаважаная, добрых паводзін — як я магла?! Мне трэба звярнуцца да ўрача.
Як толькі ногі яе дакрануліся да падлогі, яна, не азіраючыся назад, выскачыла з пакоя, не перастаючы наракаць:
— Ах, як нядобра, як непачціва!
— Значыцца, яна цяпер не Эмі Персіммон: яна ж не стаяла на сваіх нагах! — прашаптала Джэйн Майклу.
А містэр Вігг неяк дзіўна пазіраў на Мэры Поппінс — ні то весела, ні то з асуджэннем:
— Мэры! Мэры! Табе не варта было гэта рабіць, Мэры! Небарака міс Персіммон ніколі не ачухаецца пасля такога... Але, божа мой, хіба яна не была такой пацешнай, калі перавальвалася з боку на бок у паветры! Божа літасцівы, ну хіба яна не была смешнай?!
I ён з Джэйн і Майклам зноў закруціліся ў паветры, хапаючыся за бакі і захліпаючы-
ся ад смеху пры адным успаміне пра тое, які смешны выгляд мела міс Персіммон.
— Ой-ой! — усклікнуў Майкл.— He смяшыце мяне болып. Я не вытрываю. Я лопну ад смеху!
— Ох, ох, ох! — пыхкала Джэйн. Яна старалася як мага болып удыхнуць паветра і трымалася рукой за сэрца.
— О мой літасцівы, мой усемагутны божа!— стагнаў містэр Вігг і выціраў вочы крысом пінжака, бо ніяк не мог знайсці сваю насоўку.
— ПАРА ІСЦІ ДАДОМУ!
Голас Мэры Поппінс прагучаў над выбухамі смеху так, быццам труба пратрубіла.
I раптам Джэйн, Майкл і містэр Вігг імгненна апусціліся ўніз. Яны ўсе разам з моцным грукам прызямліліся на падлогу. Думка пра тое, што ім давядзецца ісці дадому, была першай сумнай думкай за ўвесь гэты дзень. I як толькі яна прыйшла ім у галаву, Смяхотны Газ выпарыўся з іх.
Джэйн і Майкл паглядзелі, як павольна апускалася ў паветры Мэры Поппінс, несучы капялюшык і паліто Джэйн, і ўздыхнулі.
Містэр Вігг таксама цяжка ўздыхнуў.
— Ну хіба не шкада? — разважліва сказаў ён.— Вельмі сумна, што вам трэба ісці дамоў. Я ніколі не меў такой асалоды. А вы?
— Ніколі,— сумна адказаў Майкл і адчуў, як тужліва жыць на зямлі, калі ў цябе няма Смяхотнага Газу.
— Ніколі-ніколі,— сказала і Джэйн. Яна прыўзнялася на пальчыках і пацалавала містэра Вігга ў маршчыністую шчаку.— НіКОЛІ-НІКОЛІ, НІКОЛІ'НІКОЛІ...
Па дарозе дамоў у аўтобусе дзеці сядзелі абапал Мэры Поппінс. Яны паводзілі сябе вельмі ціха, думалі пра гэты цудоўны дзень. Нарэшце Майкл сказаў Мэры Поппінс:
— I часта ваш дзядзечка так сябе паводзіць?
— Як гэта «так»? — рэзка спытала Мэры Поппінс, як быццам Майкл знарок хацеў яе пакрыўдзіць.
— Ну, скача, куляецца, смяецца і падымаецца ў паветра.
— У паветра? — голас у Мэры Поппінс зрабіўся прарэзлівы і сярдзіты.— Што ты хочаш гэтым сказаць— «падымаецца ў паветра»?
Джэйн паспрабавала растлумачыць:
— Майкл хоча сказаць, ці часта Смяхотны Газ напаўняе вашага дзядзюхну і ці часта ён валтузіцца і куляецца пад столлю...
— Валтузіцца і куляецца! Ну і ну! Валтузіцца і куляецца пад столлю! Мне сорамна
за вас, што вы маглі такое нават падумаць! — Мэры Поппінс яўна была вельмі пакрыўджана.
— Але ж ён так рабіў,— сказаў Майкл.—■ Мы ж бачылі.
— Што вы бачылі? Як ён валтузіцца і куляецца? Ды як ты смееш! Ведайце, мой дзядзюхна — разважлівы, сумленны, працавіты чалавек, і — зрабі ласку! — гавары пра яго з павагай. Ды не кусай свой аўтобусны білет. Валтузіўся і куляўся — ну і ну!
Майкл і Джэйн непрыкметна для Мэры Поппінс пераглянуліся. Яны нічога не сказалі, бо ведалі: з Мэры Поппінс лепш не спрачацца, якім бы дзіўным ні здавалася ім што-небудзь.
Ды позіркі, якімі яны абмяняліся, гаварылі:«Гэта праўда ці не? Пра містэра Вігга. I хто ж памыляецца: Мэры Поппінс ці мы? »
Але не было нікога, хто мог бы даць ім правільны адказ.
Па-ранейшаму гудзеў, раз-пораз нахіляючыся і падскакваючы на выбоінах, аўтобус.
Мэры Поппінс сядзела паміж імі, маўклівая і пакрыўджаная. I нарэшце, паколькі яны вельмі стаміліся, усё яшчэ нічога не разумеючы, дзеці падсунуліся бліжэй да яе, прыхіліліся з двух бакоў і заснулі...
ЗМЕСТ
Фрэнсіс Браўн. Казка пра Джона Вясёлае Сэрца 5
Пераклад I. Сляповіч
Чарлз Дзікенс. Чарадзейная костачка 27
Пераклад I. Сляповіч
Эндру Лэнг. Як шасцёра сяброў вапдравалі па белым свеце 47
Пераклад I. Сляповіч
Элеанора Фарджн. Залатая рыбка 59
Пераклад I. Сляповіч
Дональд Бісет. Чарадзейнае дрэва 69
Пераклад I. Сляповіч .
Кэтлін Фойл. Філім-валыншчык 73
Пераклад I. Сляповіч
Памела Трэверс. Мэры Поппінс 82
Пераклад Л. Міхальчука
ВОЛШЕБНОЕ ДЕРЕВО
Англнйскнелптературные сказкн
Для детей младшего школьного возраста
Мннск, нздательство «Мастацкая літаратура»
На белорусском языке
Рэдактар 3. П. Петрушэня. Мастацкі рэдактар М. Р. Казлоў. Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо. Карэктар Н. А. Давыдзенка.
IB № 424. Здадзена ў набор 07.05.79. Падп. да друку 15.02.80. Фармат 70x108'.^. Папера друк. № 3. Гарнітура школьная. Высокі друк. Ум. друк. арк. 5,60. Ул.-выд. арк. 4,03. Тыраж 80 000 экз. Зак. 2176. Цана 20 к. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па справах выдавецтваў, паліграфі'і і кніжнага гандлю. 220600, Мінск, Паркавая магістраль, 11. Паліграфічны камбінат імя Я. Коласа Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па справах выдавецтваў, палв графіі і кніжнага гандлю. 220005, Мі'нск, Чырвоная, 23,
20 к.