Чарадзейнае дрэва
Чарльз Дыкенс, Фрэнсіс Браўн, Эндру Лэнг, Элеанора Фарджн, Дональд Бісет, Кэтлін Фойл, Памела Трэверс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 127с.
Мінск 1980
Памела Трэверс
МЭРЫ попшнс
Раздзел першы
УСХОДНІ ВЕЦЕР
алі вы захочаце знайсці Вішнёвы завулак, адзінае, што вам трэба зрабіць — гэта спытацца ў палісмена на скрыжаванні. Ён крышку ссуне набакір свой шлем, у задуменні пачухае патыліцу, а потым пакажа вялізным пальцам у белай пальчатцы і скажа:
— Спачатку направа, пасля налева, потым зноў направа — і вы прыйшлі. Усяго добрага.
I, вядома, калі вы будзеце ісці дакладна так, як ён сказаў, дык абавязкова апынецеся якраз у цэнтры Вішнёвага завулка, куды збягаюць з
аднаго боку дамы, з другога — парк, а пасярэдзіне бягуць уніз, быццам прытанцоўваюць, вішні.
Калі вы шукаеце дом нумар семнаццаць, а хутчэй за ўсё так яно і ёсць, бо ўвесь гэты расказ менавіта пра гэты самы дом, дык вы яго вельмі хутка знойдзеце. Скажам адразу, што гэта самы маленькі дом у завулку. I апрача таго, адзіны даволі-такі старэнькі дом, які даўно трэба было б добра адрамантаваць і нанава пафарбаваць. Ды містэр Бэнкс, гаспадар гэтага дома, сказаў місіс Бэнкс, сваёй жонцы, што няхай яна выбірае: мець або прыгожы, чысты, утульны дом, або чацвярых дзяцей. Але ні тое і другое адразу, бо гэта яму не па кішэні.
I пасля таго як місіс Бэнкс падумала наконт гэтага, яна вырашыла, што няхай лепш у яе будуць Джэйн, самая старэйшая, Майкл, крышку малодшы, і Джон і Барбара, якія былі блізняты і з’явіліся на свет пазней за ўсіх. Такім чынам, выбар быў зроблены, і вось так сям’я Бэнксаў пачала жыць у доме нумар семнаццаць разам з міс Брыл, якая гатавала ім снеданне, абед і вячэру, Элен, якая падавала на стол, і Робертсанам Эйем, які падстрыгаў траву на газонах, чысціў нажы і туфлі і, як заўсёды гаварыў містэр Бэнкс, «дарэмна траціў свой час і мае грошы».
I, вядома, была там яшчэ нянька Кэці, якая ўвогуле нічым і не заслужыла, каб трапіць у гэтую кніжку, паколькі к таму часу, пра які я расказваю, яна якраз пакінула дом нумар семнаццаць.
— Без майго дазволу і ні слова не сказаўшы. I што ж мне цяпер рабіць? — бедавала місіс Бэнкс.
— Дай аб’яву, дарагая,— параіў містэр Бэнкс, абуваючы туфлі.— А мне б хацелася, каб і Робертсан Эй пайшоў ад нас ні слова не сказаўшы, таму што ён зноў пачысціў толькі адзін туфель, а да другога нават не дакрануўся. Людзі падумаюць, што я аднабаковы чалавек.
— Гэта, канечне, важна,— сказала місіс Бэнкс,— але ты так і не параіў, што ж мне рабіць з нянькай Кэці...
— He разумею, што ты можаш з ёю рабіць, калі яна знікла,— адказаў містэр Бэнкс.— Але на тваім месцы я, мусіць, паслаў бы каго-небудзь даць аб’яву ў «Ранішнюю газету», што Джэйн, Майклу і Джону з Барбарай (і, само сабой зразумела, іх маме) патрабуецца самая лепшая нянька, як мага хутчэй і чым за меншую плату. Пасля гэтага я чакаў бы і глядзеў, як нянькі стаяць у чарзе перад варотамі, і злаваўся б на іх, бо яны затрымліваюць вулічны рух і давядзецца даць на чай палісмену за тое, што мы на-
рабілі яму так многа клопатаў. Ну, а цяпер мне трэба ісці. Ого, холадна, як на Паўночным полюсе. Адкуль гэта дзьме вецер?
3 гэтымі словамі містэр Бэнкс высунуў галаву ў акно і паглядзеў на дом адмірала Бума, што ўзвышаўся на рагу. Гэта быў самы багаты дом у завулку, і завулак ганарыўся ім, бо дом нагадваў сапраўдны карабель. У садзе быў флагшток, а на даху — пазалочаны флюгер у выглядзе падзорнай трубы.
— А-а! — сказаў містэр Бэнкс, хуценька адхінаючыся ад акна.— Адміральская труба паказвае: «Усходні вецер». Так я і думаў. Аж да касцей прабірае. Хоць ты два паліто апранай.
Ён безуважна пацалаваў жонку ў кончык носа, памахаў рукой дзецям іпадаўся ўСіці.
Ну, а Сіці — гэта было месца, куды містэр Бэнкс хадзіў кожны дзень, апрача нядзелі і, вядома, вялікіх святаў. Там ён сядзеў у вялікім крэсле за вялікім сталом і рабіў грошы. Ён працаваў цэлы дзень і выкройваў пені і шылінгі, паўкроны і трохпенсавікі. А пасля прыносіў іх дадому ў маленькім чорным чамаданчыку. Іншы раз бацька даваў некалькі манет Джэйн і Майклу, каб яны паклалі іх у свае скарбонкі, а калі не мог ім нічога даць, гаварыў: «Банк зачынены» — і тады яны ведалі, што ў гэты дзень ён зрабіў мала грошай.
Дык вось, містэр Бэнкс пайшоў са сваім чорным чамаданчыкам, а місіс Бэнкс цэлы дзень пісала ў гасцінай пісьмы ў газеты з просьбай як найхутчэй прыслаць да яе хоць якую-небудзь няньку, паколькі яна ёй вельмі патрэбна. А наверсе, у дзіцячым пакоі, Джэйн і Майкл пазіралі ў акно і гадалі, хто да іх прыйдзе. Яны радаваліся, што нянька Кэці пакінула іхні дом, бо яна ім ніколі не падабалася. Яна была старая, тоўстая, і ад яе вечна пахла ячменным адварам. «Хто ні прыйдзе, усё роўна будзе хоць крыху лепш»,— думалі яны.
Калі пачало змяркацца, прыйшлі міс Брыл і Элен, каб накарміць іх вячэрай і выкупаць блізнят. А пасля вячэры Джэйн і Майкл зноў сядзелі каля акна, чакалі бацьку і слухалі, як усходні вецер свішча ў голых вішнёвых галінах. Дрэвы разгойдваліся, і ў змроку здавалася, што яны пашалелі і танцуюць, не дакранаючыся карэннем да зямлі.
— Вунь ён! — раптам выгукнуў Майкл і паказаў на постаць чалавека, які гучна бразнуў веснічкамі.
Джэйн угледзелася ў згусцелую цемру.
— Гэта не тата,— сказала яна.— Гэта хтосьці іншы.
Чалавек сагнуўся ад ветру, зачыніў веснічкі на зашчапку, і тут яны ўбачылі, што гэта
жанчына. Адной рукой яна прытрымлівала капялюшык, а ў другой несла сумку. Пазіраючы на жанчыну, Джэйн і Майкл убачылі, як здарылася штосьці незвычайнае. Як толькі незнаёмая зачыніла веснічкі на зашчалку і апынулася на двары, вецер, здавалася, падхапіў яе ў паветра і разам з сумкай кінуў да параднага ўвахода. Дзеці пачулі страшэнны грукат, і ўвесь дом задрыжаў, калі яна прызямлілася.
— Як цікава! Я ніколі раней не бачыў такога,— сказаў Майкл.
— Давай пойдзем паглядзім, хто гэта! — сказала Джэйн, узяла Майкла за руку і пацягнула яго ад акна праз дзіцячы пакой на лесвіцу. Адтуль ім заўсёды было добра відаць усё, што адбывалася ў зале.
На гэты раз яны ўбачылі, як з гасцінай выходзіла мама, а за ёю ішла госця. Джэйн і Майкл прыкмецілі, што ў незнаёмай бліскучыя чорныя валасы.
— Якраз як у драўлянай галандскай лялькі,— прашаптала Джэйн.
Яшчэ яны разгледзелі, што незнаёмая была хударлявая, з вялікімі ступнямі і рукамі і маленькімі, вельмі пранізлівымі блакітнымі вачамі.
— Вы пабачыце, яны вельмі мілыя дзеці,— гаварыла місіс Бэнкс.
Майкл штурхнуў Джэйн локцем у бок.
— I вы зусім не будзеце мець з імі клопатаў,— няўпэўнена дадала місіс Бэнкс, бо яна і сама не верыла ў тое, што гаворыць.
Дзеці пачулі, як госця чмыхнула, быццам і яна таксама не верыла.
— Ну, а цяпер наконт рэкамендацый...— зноў загаварыла місіс Бэнкс.
— Маё правіла — ніколі не браць рэкамендацый,— цвёрда сказала незнаёмая.
Місіс Бэнкс утаропілася на госцю:
— Але я думала, так заўсёды робіцца. Я хачу сказаць, наколькі я разумею, людзі заўсёды так рабілі...
— Па-мойму, гэта вельмі старамодна,— сурова прамовіла незнаёмая.— Вельмі старамодна. Зусім не па-сучаснаму.
А трэба сказаць, што калі і было на ўсім свеце што-небудзь, чаго б не хацелася місіс Бэнкс, дык гэта, каб пра яе падумалі, быццам яна старамодная. Яна проста не перажыла б гэтага. Таму яна хуценька сказала:
— Вось і цудоўна. He будзем пра гэта і гаварыць. Я запытала толькі на той выпадак, калі б в а м... э-э... яны спатрэбіліся. Дзіцячы пакой наверсе...
Місіс Бэнкс пайшла ўперад, не перастаючы гаварыць. I таму яна не магла бачыць, што рабілася ў яе за спінай. Але Джэйн і Майкл, назіраючы зверху, вельмі добра бачылі, што вырабляе госця.
Само сабой зразумела, яна рушыла за місіс Бэнкс наверх, але незвычайным спосабам. Са сваёй вялікай сумкай у руцэ яна села на парэнчу, грацыёзна слізганула ў г о р у і апынулася на пляцоўцы адначасова з місіс Бэнкс. Такога, наколькі ведалі Джэйн і Майкл, ім дагэтуль не даводзілася бачыць. Уніз — зусім іншая рэч. Уніз яны і самі не раз так саслізгвалі. Але ўгору — ніколі! Яны з цікаўнасцю пазіралі на дзіўную госцю.
— Ну, усё ў парадку,— з палёгкай уздыхнула мама.
— Ага. Да таго часу, пакуль м н е будзе падабацца,— сказала незнаёмая і выцерла нос вялікай клятчастай чырвона-белай насоўкай.
— Дзеці,— сказала місіс Бэнкс, раптам убачыўшы іх,— што вы тут робіце? Гэта Barna новая нянька, Мэры Поппінс. Джэйн, Майкл, павітайцеся! А гэта,— яна паказала рукой на малых у ложках,— гэта блізняты.
Мэры Поппінс пільна разглядвала іх, пераводзячы позірк з аднаго на другога, быццам вырашаючы, падабаюцца яны ёй ці не.
— Ну як, мы вам падабаемся? — спытаў Майкл.
— Майкл, гэта непрыгожа,— сказала яму маці.
Мэры Поппінс усё яшчэ дапытліва разглядала дзяцей. Потым гучна і працягла ўздыхнула, што, мабыць, сведчыла аб прынятым рашэнні, і сказала:
— Я згодна на гэтае месца.
«Сказала так,— гаварыла потым місіс Бэнкс мужу,— нібыта яна зрабіла нам вялікі гонар».
«Магчыма, так яно і ёсць»,— адказаў містэр Бэнкс, на хвілінку высунуў нос з-за газеты і тут жа схаваў яго назад.
Тым часам, калі мама пайшла з пакоя, Джэйн і Майкл непрыкметна падкраліся да Мэры Поппінс, якая стаяла нерухома як слуп, склаўшы рукі на грудзях.
— Як вы прыйшлі? — спытала Джэйн.— Здавалася, быццам вецер прынёс вас сюды.
— Так яно і было,— коратка сказала Мэры Поппінс і пачала раскручваць з шыі шалік, зняла капялюшык і павесіла яго на адзін з ложкаў.
Усё сведчыла аб тым, што Мэры Поппінс не збіраецца гаварыць што-небудзь яшчэ, хоць яна і шматзначна чмыхала. Джэйн таксама маўчала. Але калі Мэры Поппінс нахілілася, каб распакаваць сумку, Майкл не стрымаўся.
— Якая цікавая сумка! — тыцнуў ён пальцам.
— Дыван,— сказала Мэры Поппінс.
— Вы хочаце сказаць, што гэтая сумка для таго, каб насіць у ёй дываны?
— He. Яна сама з дывана.
— А-а...— сказаў Майкл.— Зразумела.— Хоць ён так нічога і не зразумеў.
Нарэшце сумка была адкрыта, іДжэйн з Майклам вельмі здзівіліся, убачыўшы, што яна зусім пустая.
— Як,— сказала Джэйн,— у ёй нічога няма?!
— Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытала Мэры Поппінс і прыўзнялася. Яна глядзела так, быццам яе зняважылі.— Ты сказала, нічога няма?
3 гэтымі словамі яна выцягнула з парожняй сумкі белы накрухмалены фартух і завязала яго. Затым яна дастала вялікі кавалак туалетнага мыла, зубную шчотку, каробку з заколкамі для валасоў, флакон духоў, маленькае складное крэсла і бляшанку мятных цукерак.