Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
будынку з палаючым 4-м блокам. Але да 8 гадзін вечара не было канкрэтнага плана далейшых дзеянняў. Прыйшлося складаць яго ўрадавай камісіі. Ды гэта і была прэрагатыва саюзнага кіраўніцтва.
Перш за ўсё спынілі і ахаладзілі 3-ці блок. Шчарбіна тут жа выклікаў хімічныя войскі і верталётныя часці, якія без прамаруджвання прыбылі і прыступілі да работы на рэактары і над ім. Спробы загасіць вогненны графіт (яго ў рэактары было 2,5 тысячы тон і ён з прычыны сваіх уласцівасцей гарэў з хуткасцю 1 тона ў гадзіну, г. зн. гарэнне было абумоўлена на 240 гадзін, ці 10 сутак). Затушыць пажар з дапамогай розных сумесяў 26 красавіка не ўдалося. На наступны дзень пачалі паступаць розныя рэкамендацыі, у тым ліку і з-за мяжы, аб спосабах тушэння графіту. Спыніліся на свінцы і даламіце. Але выкарыстанне свінцу аказалася наўрад ці цалкам удалым: ён лёгка плавіцца, а затым выпараецца і разносіцца па паветры на вялікую адлегласць разам з прыхопленымі радыеактыўнымі часціцамі, павялічваючы агульнае забруджанне мясцовасці.
Рашэнне аб эвакуацыі 50-тысячнага горада Прыпяць, размешчанага за пару кіламетраў ад ЧАЭС, было прынята ў 10 ці 11 гадзін вечара 26 красавіка. За некалькі гадзін 27 красавіка (з 14 гадзін) Прыпяць была эвакуіравана. У адзін з першых дзён катастрофы ваенныя лётчыкі з Гомеля спынілі радыеактыўнае воблака, якое сунулася ад ЧАЭС на паўночны ўсход, у бок Масквы. Штучна выкліканыя дажджы з радыеактыўнымі ізатопамі аселі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях Беларусі і, напэўна, у шэрагу абласцей Расіі. Звесткі аб гэтай «хмары пад грыфам «Сакрэтна», як яе назваў Алесь Адамовіч, сталі вядомы праз некалькі год, а насельніцтва Магілёўшчыны даведалася аб тым, што яно пражывае на недапушчальна забруджанай тэрыторыі, толькі ў канцы 80-х гадоў і эвакуіравалася ў пачатку 90-х гадоў. Дэталі радыеактыўнага забруджання Магілёўшчыны і шэрага іншых рэгіёнаў невядомы дасюль. Гэта было адно з асабліва «эфектыўных» мерапрыемстваў першага перыяду «рэабілітацыі аварыі».
Першы этап «рэабілітацыі» пачаўся адразу пасля выбуху на ЧАЭС у 1 гадзіну 23 хвіліны 40 секунд 26 красавіка. Цяжэй вызначыць час заканчэння гэтага перыяду.
У 3 гадзіны 25 хвілін аб выбуху стала вядома ў штабе грамадзянскай абароны СССР, а ў штабе ГА Беларусі — толькі ў 18 гадзін 30 хвілін таго ж дня. Раніцай 26 красавіка аб катастрофе (але не аб яе маштабах) было дакладзена Старшыні Саўміна СССР Мікалаю Рыжкову, a 29 красавіка пад яго кіраўніцтвам створана аператыўная група Палітбюро ЦК КПСС. 3 гэтага часу пачынаецца пераход кіравання барацьбой з катастрофай і яе вынікамі ад урадавай камісіі і розных штабаў да аператыўнай групы Рыжкова. Праўда, сам Рыжкоў, ці то з-за святкавання 1 мая, ці то па іншых абставінах, здолеў прыбыць у Чарнобыль толькі 2 мая. Аднак ужо 30 красавіка Савет Міністраў СССР афіцыйна інфармаваў насельніцтва краіны аб «аварыі», як у самых высокіх вярхах сціпла была названа катастрофа. Паведамлялася аб двух загінуўшых, аказанні дапамогі пацярпелым і эвакуацыі трох бліжэйшых да станцыі населеных пунктаў, а ў цэлым, маўляў, абстаноўка «стабілізавалася». «На самай справе,— пісала газета «Во славу Роді/іны» 25 красавіка 1989 года,— яшчэ 27 красавіка з Кіева ў Маскву самалётам былі дастаўлены першыя 129 чалавек з прамянёвымі апёкамі, прыкладна 30 чалавек (як высветлілася пазней — 31) былі апраменены ў дозах, несумяшчальных з жыццём...» Начальнік аддзела дазіметрычнага кантролю Інстытута біяфізікі Міністэрства аховы здароўя СССР паведамляе аб прыбыцці ў Маскву да паўдня 27 красавіка 27 чалавек, а вечарам таго ж дня яшчэ 108 моцна апрамененых. 28 красавіка і ў наступныя дні ў бальніцу пачалі паступаць новыя партыі пацярпелых. Усяго было шпіталізавана 299 чалавек, 28 з якіх памерлі ўжо ў 1986 годзе, («Пісьмы да жывых», 1999). За першыя дні было абследавана некалькі тысяч апрамененых, у тым ліку звыш тысячы дзяцей. Многія з іх мелі патрэбу ў хуткай дапамозе, якая па меры магчымасці аказвалася ім на месцы.
Першага мая на нарадзе ўрадавай камісіі разглядалася пытанне аб эвакуацыі насельніцтва ў радыусе 10 кіламетраў ад ЧАЭС. Але М. Рыжкоў па прыбыцці ў Чарнобыль 2 мая прыняў рашэнне аб эвакуацыі з 30-кіламетровай зоны. У яе ўвайшло і 50 беларускіх вёсак трох паўднёва-ўсходніх раёнаў, адкуль да 5 мая было адселена 11,4 тысячы чалавек. Усяго ж на першым этапе
«рэабілітацыі» ў 1986 годзе з Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў было адселена 24,7 тысячы чалавек. 27 кастрычніка 1986 года над разбураным рэактарам закончана будаўніцтва ахоўнага жалезабетоннага збудавання, названага вучонымі аб’ектам «Укрыццё», у народзе — «саркафагам», а кіраўнікамі МАГАТЭ, прабачце за выраз, якімсьці ідыёцкім «каўпаком». Гэта можна лічыць канцом першага этапу «рэабілітацыі».
За гэты перыяд у Беларусі (з 5 мая па 9 снежня 1986 года) былі прыняты 32 нарматыўныя дакументы, не апублікаваныя ў друку і ў большай частцы засакрэчаныя нават ад непасрэдных выканаўцаў барацьбы з катастрофай і яе наступствамі. Нагадаем, што ўсё гэта праходзіла ў абстаноўцы найстрогай сакрэтнасці, якая зыходзіла і кантралявалася з Масквы. М. Гарбачоў упершыню выступіў перад народам праз 18 дзён пасля выбухаў на ЧАЭС — 14 мая. Вядома аб яго прысутнасці на адным з пасяджэнняў Палітбюро, дзе абмяркоўваліся праблемы Чарнобыля, 7 мая. А месцы катастрофы ў Беларусі і Украіне ён наведаў толькі ў 1990 годзе, прычым не столькі з рабочымі, колькі з «дэманстрацыйнымі» мэтамі, уключаючы яго выступленне ў Акадэміі навук БССР, дзе дабавіў і ў без таго заблытаную сітуацыю чарговую порцыю хлусні. Як быццам яе мала было ў яго «паскарэннях», «галоснасцях», «перабудовах», «рэформах» і іншых прапагандысцкіх тэрміналагічных вывертах.
На жаль, запушчаныя з Масквы тэрміны, што тычацца Чарнобыля, даволі трывала прыжыліся не толькі сярод мясцовага кіраўніцтва, але і сярод шырокіх колаў насельніцтва. А што яму заставалася рабіць у суцэльным словаблуддзі «бэраў», «кюры», «бекерэляў», «рэнтгенаў», «грэяў», «зівертаў», «эквівалентных», «паглынутых», «калектыўных», «дапушчальных», «лятальных» і іншых дозаў. У нястрымным жаданні прыўменшыць бедствы чалавека і прыроды проста не маглі не нарадзіцца такія паняцці, як «аварыя», «ліквідацыя», «мінімізацыя», «абясшкоджванне», «кампенсацыя», «рэанімацыя» і многія іншыя.
Але тым не менш усведамленне маштабаў бедства рознымі шляхамі і з розным «тэрмінам даўнасці» даходзіла як да насельніцтва Беларусі, так і да яго
кіраўніцтва. Праўда, іншы раз з рознымі варыяцыямі і паваротамі ў той ці іншы бок, а часта і назад. Напрыклад, асноўны інфарматыўны дакумент — нацыянальны даклад — у 1996 годзе быў названы так: «Вынікі чарнобыльскай катастрофы ў Рэспубліцы Беларусь». Напэўна, вырашылі, што слова «катастрофа» гучыць занадта палахліва і можа садзейнічаць развіццю «радыяфобіі» ў насельніцтва, хоць надрукаваны тыражом у 300 экземпляраў ён да насельніцтва практычна не дайшоў (гэтага даклада няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы). Таму ў 1998 годзе другі даклад выйшаў пад назвай «Чарнобыльская аварыя: вынікі і іх пераадоленне». I толькі ў 2003 годзе дакладу вярнулі аб’ектыўную назву: «Вынікі Чарнобыля ў Беларусі: праз 17 гадоў».
У былым СССР і Беларусі быў прыняты шэраг праграм па барацьбе з наступствамі катастрофы. Беларускія праграмы выгадна адрозніваліся ад саюзных нават па назвах. Так, Дзяржаўная саюзна-рэспубліканская праграма, якую быў вымушаны адобрыць Вярхоўны Савет СССР у сакавіку 1990 года, называлася праграмай «ліквідацыі вынікаў аварыі». А яшчэ ж 22 красавіка 1989 года ў Беларусі была прынята праграма «пераадольвання вынікаў аварыі» на 1990—1995 гады і да 2000 года. У наступных беларускіх праграмах — на 1993—1995 гады і на перыяд да 2000 года (узамен страчанай з ліквідацыяй СССР саюзна-рэспубліканскай праграмы), на 1996—2000 і на 2001—2005 і на перыяд да 2010 —года гаворка ішла ўжо аб мінімізацыі і пераадоленні катастрофы. Пагадзіцеся, што «ліквідацыя», якая абазначае поўнае знішчэнне чаго б там ні было, і «мінімізацыя і пераадоленне», якія разумеюць больш ці менш паспяховую барацьбу, далёка не раўназначныя паняцці. Гэтак жа, як і «аварыя» з «катастрофай». Іншымі словамі, трэба прызнаць, што, пры ўсіх выдатках, барацьба з наступствамі катастрофы ў Беларусі праводзілася на зыходна больш дакладнай навуковай і практычнай аснове, чым у былым СССР. На жаль, з 1991 года, пасля распаду СССР з яго адзінай энергасістэмай, гэтая барацьба вялася намі ў адзіночку. Праўда, у першы год пасля распаду СССР галоўны пераемнік яго — Расія выдзеліла Беларусі 6,5 мільярда рублёў, якія склалі 2,1 працэнта бюджэту Беларусі, пры патрэбнасці затрат на Чарно-
быль не менш 25 працэнтаў усяго даходу рэспублікі. У наступным 1993 годзе дапамога Расіі склала 0,1 працэнта бюджэту Беларусі, а затым прыняла ўвогуле сімвалічны характар. Давялося Беларусі з 1992 года ўвесці спецыяльны чарнобыльскі падатак у памеры 18 працэнтаў ад фонду аплаты ўсіх прадпрыемстваў (акрамя сельскагаспадарчых), ён пакрываў 65-70 працэнтаў чарнобыльскіх расходаў. У 1994 годзе падатак быў зніжаны да 12 працэнтаў, у 1977 — да 8 працэнтаў, у 1998—1999 гадах — да 4 працэнтаў.
У 1987—1989 гадах праходзіў другі этап чарнобыльскай эпапеі. Эвакуацыя практычна спынілася, асноўныя намаганні былі накіраваны на дэзактывацыю мясцовасці і населеных пунктаў, будаўніцтва жылля для 25 тысяч перасяленцаў, дарог, каналізацыі, водаправодаў, газіфікацыю, пошукі шляхоў і практычныя мерапрыемствы па атрыманні «чыстай» прадукцыі, аздараўленне насельніцтва, у першую чаргу дзяцей. У 1999 годзе дэзактывацыя практычна спынілася.
У 1990 годзе пачаўся трэці этап. У першыя ж два гады з 17 раёнаў, уключаючы раёны Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, былі адселены 54 тысячы чалавек, а агульная колькасць перасяленцаў дасягнула 131,2 тысячы чалавек. Для іх пабудавана 58,1 тысячы тыпавых жылых дамоў і кватэр, г. зн. амаль па дому на кожных двух перасяленцаў. Часта дом даставаўся аднаму пенсіянеру ці займаўся мясцовымі жыхарамі, a то і ўвогуле закідваўся і расцягваўся.
На трэцім этапе (1996—2000 гады) арганізаваная эвакуацыя спынілася і пачаўся адваротны адток перасяленцаў на радзіму. Праўда, для раней эвакуіраваных будаўніцтва жылля працягвалася і ў выніку склала 64 836 дамоў і кватэр плошчай 451 964 тысячы квадратных метраў — па 33 квадратныя метры на кожнага са 135140 тысяч арганізавана эвакуіраваных. Па нацыянальным дакладзе 1998 года, сярод 135 тысяч эвакуіраваных было 19,7 тысячы дзяцей. Для іх пабудавалі школ на 33,7 тысячы месцаў і дашкольных устаноў на 11,5 тысячы месцаў — па 2,3 месца на кожнага, хаця ў апошнія гады напаўняльнасць школ скарачаецца не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў гарадах. Паводле паведамлення Алы Хвяжэнкі (Цэнтр еўрапейскіх гуманітарных даследаванняў), Прэзідэнт Беларусі неаднаразова заяўляў пра тое,