Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Падобнае мне даводзілася асабіста назіраць у цэлым радзе рэгіёнаў, дзе аказаліся мае адселеныя землякі. Цяжка давялося тым, хто пераехаў на чужыну толькі сваёй сям'ёй, без суседзяў і сяброў. Яны нібы ад адной стыхіі ўцяклі, а ў другую патрапілі.
Прызнацца, ніколі не думалася, што так можа быць сярод нас, беларусаў, людзей, столькі перажыўшых усялякага гора і ліха і з такім непаразуменнем успрыняўшых браткоў сваіх, пагнаных злым лёсам ад небяспекі.
Звычайна бяда і гора ядналі людзей, бо разам іх лягчэй пераадольваць. А тут неяк не атрымалася, штось ці не спрацавала, не дазволіла чалавеку па-чалавечы аднесціся да пацярпелага. Што ж, няхай гэта застанецца на сумленні тых, хто такое сабе дазволіў. Я не стаўлю мэтай тут кагосьці выхоўваць ці перавыхоўваць, навязваць свае погляды і думкі. Mae разважанні хутчэй тычацца чыста маральных аспектаў нашых паводзін у канкрэтнай сітуацыі.
Каб зразумець чалавека, трэба ўявіць сябе на яго месцы. Я перакананы, што ніхто з палешукоў, не будзь аварыі на ЧАЭС, ніколі нікуды не ад'ехаў бы па ўласнай ахвоце. У большасці з іх такі дамаседскі гарт. Яны вельмі гаспадарлівыя, улюбёныя ў свой край. 3 густам абсталёўвалі сваё жытло, дбайна працавалі на палетках і фермах. Іх прафесіяналізму і здольнасці толькі пазайздросціць. 3 пакалення ў пакаленне перадаваліся гэтыя якасці, і нашчадкі ўзбагачалі бацькоўскія здабыткі адметнасцю часу, яго подыхам. У кожнай вялікай і малой вёсцы былі сямейныя дынастыі прафесіяналаў, умельцаў і штукароў. I не магу без жалю пра гэта гаварыць,
бо ўсё яно рассыпалася і згубілася па свеце, страціўшы тую спрыяльную глебу, на якой з'явілася і расло.
Мне неяк патрапіўся на вочы нумар хойніцкай раённай газеты «Ленінскі сцяг», у якім змешчаны даныя статыстыкі на 1 студзеня 2003 года аб колькасці і ўзросце людзей у вёсках гэтага раёна. Я не далічыўся ў ім 43 вялікіх і малых населеных пунктаў. Гэта тыя, адкуль пасля аварыі на ЧАЭС былі эвакуіраваны людзі.
Вёскі, як і гарады, без людзей хутка паміраюць. I цяпер тут жахліва ад глыбокай цішыні, быльнягу ў рост чалавека. Мне даводзілася бываць у некаторых з іх і не раз. Гледзячы на ўсё, думаецца: як хутка расце пустазелле там, адкуль з'ехаў гаспадар. Прабіраючыся праз дзікарослы масіў — а ён цяпер тут паўсюдна — адчуваеш, нібы хтосьці за табой крадзецца, бо ты парушыў гэтую цішыню адчужанай зоны. На душы адразу нараджаецца шчымлівы боль, крута прыпраўлены палыновай гаркотай. Хочацца ісці, а штосьці трымае ногі, дробніць крок, просячы: спыніся, агледзься, ці туды ты патрапіў, ці твая гэта зямля, ці той гэта край, дзе ты гадаваўся і адкуль пайшоў у жыццё?..
...Пры ўездзе ў раён чытаю знаёмыя дарожныя ўказальнікі з назвамі вёсак. Вось і тое ж Глінішча, адкуль выйшаў у вялікі свет Іван Мележ і дзе музей аўтара «Палескай хронікі». Грымеў славаю ўсе гады да аварыі мясцовы калгас «Ленінскі шлях», поўнымі збажыною заўсёды былі яго засекі, цяклі малочныя рэкі з ферм, а гадаваных бычкоў дзесяткамі тон здымалі з комплексаў. A колькі ўсяго давала сялянскае падвор'е. У тым 86-м чарнобыльскім усё тут пайшло на спад — адразу зніклі арганізаванасць, зладжанасць і добры стваральны настрой, у людзей апусціліся рукі, яны сталі нібы адрынутымі ад усяго.
Згадваючы тыя дні, я прыходжу да неаспрэчнай думкі, што па-іншаму яно проста і на магло быць. Калі разгубленасць і нераспарадчасць паланіла ўладныя структуры, калі яны спалохаліся і не ведалі, як быць і што рабіць, чаго можна чакаць ад простага смяротнага? I ўжо запозненыя іх спробы любымі спосабамі ўраўнаважыць і стабілізаваць сітуацыю, утрымаць на месцах людзей, выратаваць вытворчасць нічога не прынеслі. Аказалася воля ўлады тады ўжо недарэчнай — у людзей
спрацаваў інстынкт самазахавання і падаліся яны хто куды, шукаць паратунку ад радыяцыі...
...Цяжка глядзець, як паміраюць вёскі — некалі вірлівыя паўнакроўным жыццём, калі з вокнаў, расчыненых насустрач вясне, лілася вясёлая музыка, на вуліцах, чыстых і прыгожых, гуляла дзятва, ля брамак на лаўках вялі свае нетаропкія гаворкі бабулі і дзяды. Сёння ў Хойніцкім раёне ледзь не ў палове іх усяго гэтага няма. Ды і ў тых застаўшыхся 52 няма той паўнаты і таго настрою, чым вызначаліся яны да аварыі. Цяпер у іх пераважае састарэлы люд, маладыя не застаюцца — надта многа абмежаванняў у сувязі з радыяцыйнай абстаноўкай для іх насельнікаў. 3 году ў год згортваецца вытворчасць, праблема занятасці абвастраецца не толькі ў вёсках, але і ў райцэнтры. Усё гэта ў спалучэнні не спрыяе фарміраванню належных умоў пражывання для людзей, стварэнню адпаведнага жыццёвага настрою.
I як бы сёння камусьці ні хацелася навязаць думку, што праз столькі прайшоўшых пасля аварыі гадоў у пацярпелых раёнах абстаноўка нармалізавалася да лепшага, гэта далёка не так. Гэта хутчэй мяжуе з вар'яцтвам і здрадай тых, хто стварае падобнага роду канцэпцыі.
Ёсць разуменне таго, што з цяжкімі вынікамі аварыі нам спраўляцца непамерна складана. Многае проста непад'ёмна для нас. I аб гэтым шчыра трэба сказаць людзям, каб яны ў тых няпростых экалагічных умовах самі думалі аб сваім выжыванні, бо разлічваць на нечую ладтрымку няма ніякага сэнсу.
Канечне, дрэнна, што дзяржава не можа забяспечыць чалавеку належных умоў ддя бясшкоднага пражывання на радыяцыйна-забруджаных тэрыторыях. He прадбачыцца гэта на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву.
Парадаксальна і тое, што гэтая катэгорыя нашых людзей пазбаўлена ўсялякага роду кампенсацый, якія, хоць і далёка неадэкватныя ўзроўню шкоднасці, але ўсё ж былі. Адпаведным чынам «пакончылі» ў нас і з удзельнікамі ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС. Hi ў Расіі, ні на Украіне гэтага не зрабілі — там пацярпелым і ліквідатарам захавалі ўсе льготы, устаноўленыя адпаведным законам былога Саюза ССР.
Непрыстойна эканоміць на чалавечым здароўі!
Па афіцыйных даных, урон ад аварыі ў разліку на 30гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў ацэньваецца ў межах 235 мільярдаў долараў (гэта значыць каля 30 рэспубліканскіх бюджэтаў). Сёння бясспрэчным з'яўляецца тое, што многія працэсы з радыяцыйнымі выкідамі пайшлі далёка не так, як меркавалася навукоўцамі і складальнікамі першасных праграм пераадолення вынікаў катастрофы. Асаблівую небяспеку ўяўляе цяпер павелічэнне рухомасці стронцыю. Пераходзячы з гадамі ў адвольны стан, ён становіцца больш даступным раслінам, а значыць, і жывёле. Адпаведна ўзрастае рызыка ўнутранай радыяцыйнай паражонасці чалавека праз раслінныя і жывёльныя прадукты. Прычым, па даных навукоўцаў, такія працэсы адбываюцца не толькі ў памежжы 30-кіламетровай зоны. Забруджанне сельскагаспадарчай прадукцыі стронцыем і цэзіем цяпер фіксуецца ледзь не паўсюдна ў больш аддаленых ад гэтага небяспечнага ачага раёнах. Там, дзе цяпер жывуць людзі і дзе звычайным парадкам вядзецца вытворчасць. Так, за апошнія гады ў Хойніцкім раёне ў малацэ ўтрыманне стронцыю павялічылася на 11 працэнтаў, у Брагінскім — наогул на ўсе 30 працэнтаў. У цэлым жа па рэспубліцы перавышэнне ўзроўню радыяцыйнага забруджання малака адзначана ў 567 населеных пунктах. 3 іх ледзь не палова прыпадае на Гомельскую вобласць. У Брэсцкай такіх налічваецца 94, у Магілёўскай — 88. Ёсць небяспечныя ачагі ў Мінскай, Гродзенскай і нават Віцебскай абласцях.
Як вядома, асаблівую небяспеку для чалавека ўяўляе ўнутранае апрамяненне, гэта значыць ужыванне забруджаных радыяцыяй прадуктаў харчавання. Праведзеныя медыкамі даследаванні паказалі, што за апошнія гады сітуацыя тут, на жаль, не змянілася да лепшага, паступленне радыяцэзію ў арганізм чалавека не памяншаецца. Асабліва трывожыць сітуацыя ў рэгіёнах, прылеглых да зоны ў радыусе 30 кіламетраў. Тут, дарэчы, назіраецца і павелічэнне забруджання паветра плутоніем.
Усё гэта пацвярджае неаспрэчны вывад акадэміка Лягасава аб тым, што аддаленыя вынікі катастрофы на ЧАЭС не менш простыя, а яшчэ больш складаныя для нас. А таму гаварыць сёння аб якой бы там ні было
мінімізацыі іх шкоднасці для чалавека наогул неэтычна. Асабліва, прыняўшы да ўвагі медыка-біялагічныя даныя, якія сведчаць аб павелічэнні ў пражываючых на забруджаных тэрыторыях небяспечных захворванняў шчытападобнай залозы, органаў выдзяляльнай сістэмы, катаракты вачэй, раку лёгкіх і малочнай залозы. 3 прычыны зніжэння супрацьпухліннага імунітэту ў гэтых рэгіёнах адзначаецца рост разнастайных паталогій.
Такая сітуацыя не можа не трывожыць на сумным фоне мізэрнай сацыяльнай абароненасці людзей і іх неадладжанага як след медыцынскага абслугоўвання. Першаступеннай у сувязі з гэтым павінна быць паўсюдная мэтанакіраваная работа па прадухіленні магчымасці пранікнення радыеактыўных элементаў у арганізм чалавека. А гэта ў многім закліканы забяспечыць жорсткі радыяцыйны кантроль прадуктаў харчавання і вады. Што атрымліваецца на справе?
Калі адразу пасля аварыі ў рэспубліцы было створана і дзейнічала 370 радыеметрычных лабараторый, то цяпер засталося нямногім больш 100. Як правіла, яны размешчаны ў райцэнтрах, куды з аддаленых населеных пунктаў дабрацца не так проста ў наш час, адпаведна і праверыць на якасць атрыманы з падвор'я прадукт. Там звычайным стала для многіх — што здабыў, тое і спажыў. Чаго грэх таіць, у большасці вяскоўцаў магчымасці жыць па-іншаму проста няма.
Надзвычай абвострана праблема дыспансерызацыі паражоных радыяцыяй людзей і іх аздараўлення. У адпаведнасці з законам аб сацыяльнай абароне чарнобыльцаў яе штогод павінна праходзіць каля 2 мільёнаў чалавек — ледзь не пятая частка ўсяго нашага насельніцтва. Разлікі зроблены зыходзячы з таго, што ад аварыі на ЧАЭС пацярпеў кожны пяты грамадзянін рэспублікі. Гэта значыць, жыццё такой колькасці нашых людзей падвергнута рызыцы. Асабліва трывожна за 530 тысяч дзяцей, пражываючых у небяспечных раёнах. Па сродках, прадугледжаных на іх аздараўленне, яго можа прайсці толькі палова ад гэтай колькасці. У той жа час па даных Інстытута радыяцыйнай медыцыны за апошнія 12 гадоў у рэспубліцы зарэгістравана каля 600 выпадкаў раку шчытападобнай залозы ў дзяцей (да аварыі было толькі 8).
Больш чым у тры з паловай разы павялічылася гэта захворванне ў постчарнобыльскія гады і сярод дарослага насельніцтва. Па заключэннях таго ж інстытута, рак шчытападобнай залозы ў дзяцей — гэта спараджэнне менавіта Чарнобыля, гэта вынік радыяцыйнай нашай недасведчанасці. 3 насельніцтвам у гэтым напрамку ніхто як след не працуе. Яго сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя дасюль існуе толькі як паняцце само па сабе. Чарнобыльскі заложнік і сёння аб стане свайго здароўя фактычна мала ведае. Нават калі і абследуецца час ад часу, яму па выніках нічога не скажуць. Ён — нібы проста аб'ект навукі.