• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    странна адключылі. Але вада з трэшчын хутка знайшла сабе шлях у сістэму спецачысткі ЧАЭС. Яе, насычаную трансуранавымі элементамі, накапліваюць у герметычных бочках. Ад ланцуговай рэакцыі, разагрэву і немінучага выбуху станцыю ўсё яшчэ беражэ боскае наканаванне. Праўда, калі сусветная грамадскасць дазналася аб гэтым, то перажыла нешта накшталт шрку. Дваццаць шэсць краін і Еўрапейскі саюз абавязаліся выдзеліць каля 700 мільёнаў долараў, каб знішчыць усю радыеактыўную лаву, а збудову стагоддзя пераўтварыць у зялёны луг. Але самыя багатыя, Злучаныя Штаты, зацыкліліся на войнах, ім ужо не да дапамогі бедным. I калі інвестары не знойдуцца, то войнаў больш не будзе — радыяцыі хопіць на тое, каб забіць жыццё на нашай прыгожай блакітнай планеце.
    Ведаючы аб некалькіх праектах аб’ектаў «Укрыццё-2», ваенны штурман палкоўнік Сяргей Уладзіміравіч Шэрар разумее, што без верталётаў зноў не абысціся. Іншыя будуць завісаць у небе над ЧАЭС, скідваць грузы і думаць, як ён калісьці: да чаго ж прыгожая тутэйшая зямля! Нават пад шчытамі з чорна-жоўтымі чарнобыльскімі «незабудкамі» яна квітнее і пахне вясною.
    Ганна БАГДАНАВА
    ІВАН, ЯКІ ПАТУШЫЎ ЧАРНОБЫЛЬ
    Выпраўляючыся з Нароўлі ў Прыпяць на службу, ён заўсёды заязджаў у родную вёску Белая Сарока, якая знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад рэактара. Глушыў матор, заходзіў у хату. Маці працягвала кубак сырадою. Іван сядаў пад вішняй, гаспадарскім вокам акідваў добрую хату, у якой рос ён, а яшчэ Лёня, Марыя, Таня, Пеця, Алена. 3 Леанідам Іван служыў у адным каравуле на Чарнобыльскай АЭС. Пеця працаваў там жа інспектарам Дзяржпажнагляду. Са старэйшым братам яны і заступілі на дзяжурства ўвечары 25 красавіка. Напярэдадні Іван быў дома, спаў у роднай хаце. I сасніўся яму сон, які ён ніколі не забудзе. На ўсе нябёсы, ярка-сінія, убачыў ён Багародзіцу з немаўлём на руках. Твар красы неапісальнай, а ў вачах слёзы. Яна сплывала ў аблоках, але з залатога яе плашча ліліся на зямлю і на Івана жоўтыя прамяні. Ён прачнуўся ўражаны. Маці ішла даіць карову, расказаў ёй сон.
    — Убачыць Багародзіцу не кожнаму дадзена. Пад яе аховай кожны ратуецца. Можа, гэта табе папярэджанне, каб не ганяў на матацыкле?
    Тым вечарам Іван ехаў на дзяжурства надзіва марудна.
    Вось і мы едзем з Іванам Міхайлавічам Шаўрэем у Белую Сароку, якая цяпер за калючым дротам, не спя-
    шаючыся. У пустых вёсках стаяць на скрыжаваннях дарог пахіленыя, перавязаныя ручнікамі крыжы.
    — Хутка і гэтыя вёскі закапаюць. У зоне тут магільнікаў каля тысячы будзе. Звычайныя яміны, у якіх ляжаць руды лес, метал, дробныя трубы, адзенне, бетонныя канструкцыі. Можа, і да лепшага, калі ўсё зарыюць. За дротам застануцца толькі зямля і магілы. He будуць красці тыя, для каго бэры, кюры, мілірэнтгены — кітайская грамата.
    — Без прыбораў можаце вызначыць, дзе моцная радыяцыя?
    — Да яе не прыстасаваны ні чалавечае вуха, ні вока. Але калі няма дажджавых чарвякоў, сініц, хрушчоў — значыць, безнадзейнае месца.
    Мне так хочацца пачуць пра тое ракавое дзяжурства, але баюся пытацца. Казалі, што Іван Міхайлавіч страшэнна хвалюецца, і ўспаміны могуць давесці яго да шпіталя. Дзякуй доўгаму шляху ў Белую Сароку, які адчыняе ўсе замкі.
    — Спачатку я адчуў штуршок, потым выбух, за ім другі. Чорнае воблака вырвалася вонкі, за ім — блакітнае святло. А потым шар, які колерам нагадваў распаленую спіраль. Секунды гэтыя быццам нехта расцягваў у запаволеных здымках, я ўбачыў, як шар накрывае месяц. Барвовае, малінавае зарыва павісла над станцыяй, быццам бы гэта была не АЭС з яе чысцюткімі акуратнымі трубамі, а металургічны завод. Кавалкі, што свяціліся, сыпаліся на дах машыннай залы, з разарваных труб лілася гарачая вада. Пліта, якая ўпала, перабіла маслаправод, масла цякло ручаямі, а ў ім, як у люстэрку, адбіваліся кароткія замыканні электракабеляў. Масла ў спецыяльных ёмістасцях — да 100 тон, а запасы вадароду ў машыннай зале такія, што, ахапі гэта цяпер полымем, на зямлі людзям не будзе чаго рабіць. Самае жудаснае, што ўсе рэактары пад адным дахам, які пакрыты руберойдам і заліты смалою — «доменная печ».
    Нас заўсёды вучылі: калі надарыцца якое ЧП на атамнай, дастаткова толькі націснуць кнопку аварыйнай аховы, і аўтаматыка тут жа спрацуе. Але гэтая аўтаматыка ляжала, пабітая на кавалкі. Мы з Лёнем хапаем ствалы і з усіх сіл караскаемся на дах па знешняй лесвіцы. Вышыня — 71 метр. Дзякуй Богу, ветру няма.
    У вушах стукаюць малаточкі, страшэнна ванітуе, але вада ў пажарным ствале ёсць, і гэта галоўнае. Гарыць 30 ачагоў, не меней. Рухацца сярод разбураных будынкаў цяжка. Боты гараць у гарачым бітуме, ён пырскае на адзежу, апякае скуру. Ногі слізгаюць. Няўжо графіт? Тады радыяцыя смяртэльная, паспець бы загасіць хаця б некалькі вогнішчаў на даху. Бачу начальніка каравула Віцю Кібянка, ён махае мне рукою: «Усё, давай уніз!» Вася Ігнаценка спускаецца наперадзе мяне. Яго ванітуе. Галава кружыцца — дапаўзці б да зямлі. I калі ногі да яе дакрануліся, мне здалося, што сплываю некуды маленькаю кропкай...
    Апрытомнеў у маскоўскім шпіталі. Цэлафанавай плёнкай абвешаны. Рукамі цела сваё, як бервяно, абмацаў. I такая прага даведацца, ці пагасілі? Кажуць: «Патушылі!»
    Радасна так зрабілася. Падумаў: гэта таму, што нас было 28... Як панфілаўцаў. Вырашыў: устану — абавязкова хлопцаў наведаю. Яшчэ не ведаў, што да кожнага ў калідоры каравул прыстаўлены, каб разам мы не аб'ядналіся ні на хвіліну, бо тады былі б сотні мілірэнтген у гадзіну, а можа, і болей. Намагаўся ўзгадаць з урокаў грамадзянскай абароны, якая доза смяртэльная. Быццам бы 50 рэнтген.
    Уваходзіць доктар. Пажылая, сухенькая. Нагадвае графіню з мінулага стагоддзя.
    — Доктар, скажыце шчыра, колькі я атрымаў?
    — Гэта мае значэнне?
    — Ды не. Але дома дачка і сын. Яшчэ маленькія. Хацеў бы іх хоць разок пабачыць.
    — Даражэнькі, — сказала яна, — дзеля таго, каб вас выратаваць, патрэбна цела. А ў вашым целе 500 рэнтген. Левы бок трапіў пад прамянёвы струмень, і ён — радыяцыйны аб'ект з высокай шчыльнасцю забруджання. Але арганізм ваш ад прыроды моцны. Вы малады і дужы. Маліцеся. Только Бог ратуе вас рукамі нашымі.
    Я, нарэшце, дазнаўся праўду. Засынаў, думаючы, што вось ён, сон у руку наконт прамянёў Багародзіцы. Толькі б мне не памянялі такога сумленнага доктара.
    I пачаліся мае правалы ў бездань. «Прамянёўка» гэтая праклятая падзяляецца на тры стадыі. Кожная па
    два тыдні. 14 дзён ванітаў, столькі ж дрыжыкаў, вогненнай ліхаманкі, калі чырванее і надзімаецца скура. Ваніты скончыліся, а я вады праглынуць не магу, глытацельнага рэфлексу няма. Кропельніца. Кроў з пальца штодня, з вены праз дзень. Дактары шэпчуцца, нам нічога не кажуць. Апёкі вылазяць на паверхню. Слізістая адыходзіць пластамі. Як змяя, мяняю скуру. Але спачатку валасы. Устаў, а яны на падушцы. Думаю, памру і не паспею ўбачыць Валодзю Правіка, свайго лейтэнанта. Папрасіў салдат, якія мяне ахоўвалі, на хвіліну выпусціць.
    На абмяклых нагах дайшоў да ягонай палаты. Ён ляжыць барвова-сіні. Побач — маці трымае перад ім на сподачку горку нацёртага яблыка.
    — Іванка, з'еш за мяне гэты яблык. Я ўжо не змагу, — сказаў ён і павярнуўся тварам да сцяны.
    Увечары даведаўся, што Віця Кібянок, Вася Ігнаценка і Валодзя Правік памерлі. Целы сваякам не аддалі. Пахавалі ў Маскве, у цынкавых трунах пад бетоннымі перакрыццямі. Мне пад зямлю не хацелася. Думкі мае разумееце самі. Браты Лёня і Пеця тушылі разам са мною. Іх накіравалі ў Кіеў, мяне — у Маскву. Няўжо памром усе трое? Маці не перажыве.
    Другі крызіс — падаюць лейкацыты, эрытрацыты, лімфацыты. Доктар Гейл бярэ мяне на аперацыю. Першая перасадка касцявога мозгу, поўная змена крыві.
    Жыў нейкім цудам яшчэ два тыдні. Трэцяя стадыя «прамянёўкі» — тэмпература 41. Збіваецца на градусдва толькі на паўгадзіны. 10 дзён ліхаманкі і трызнення. Відаць, у той момант я ўсё пра сябе расказаў. Таму што доктар Аляксандра Фёдараўна ні пра што не пытала, a такія падрабязнасці з майго жыцця ведала... У пяці манастырах заказала малебны па мне. Расплюшчваў вочы, яе бачыў, заплюшчваў — яна была побач.
    Неяк раніцой яна прыўзняла цэлафан і зайшла ў мой «бункер».
    — 3 днём нараджэння, сынок!
    — У мяне ў студзені дзень нараджэння, — не адразу скеміў я.
    — Ды не. Якраз сёння ты ўваскрэс. Праўда, рэактар усё «газоўкай» называў, хаця яго і мацней можна было б...
    Цяпер наша задача да студзеня дацягнуць і Новы год адзначыць. А яшчэ — браты твае жывыя. Лёня атрымаў 600 рэнтген, Пеця — 350. На траіх — 1450. Паўгода вам разам нельга збірацца. Так што трывай.
    Калі б мог, я яе за такую навіну да столі падкінуў бы.
    — А што ў Нароўлі? — запытаў, узрадаваўшыся, і замоўк: адкуль ёй у Маскве ведаць, што робіцца на маёй радзіме? Але яна ведала і гэта.
    — 26 красавіка фон у тваім горадзе быў 28 тысяч мікрарэнтген у гадзіну.
    Уяўленне малявала змрочныя карціны...
    Яшчэ адна перасадка касцявога мозгу, зноў караскаюся наверх. Ненавісныя жоўтыя праменні! Нарэшце, мяне выправілі на рэабілізацыю ў Палангу. Санаторныя ўмовы. Сяджу на беразе. Сонца амаль няма. Мора хвалюецца. I я таксама. Лаўлю сябе на думках пра службу. Ніякай дакладнай інфармацыі аб сітуацыі на ЧАЭС у газетах няма. А я ж ведаў, што ў 4-м блоку было закладзена болей як 2 тысячы тон графіту. Тэмпература яго гарэння — паўтары тысячы градусаў. Які ж выкід радыеактыўнасці адбыўся? Ці правільна мы дзейнічалі? A то прыйду прасіць: вазьміце на працу. А мне скажуць: што ж ты, брат, спрацаваў недакладна?
    I раптам нейкая тэлеперадача. На экране вядомы хімік, акадэмік Валерый Лягасаў, які гаворыць, што людзі дзейнічалі дакладна і правільна, калі б не пажарнікі, вадарод у генератарах і разлітае масла маглі б узарваць і трэці блок ЧАЭС. Страшней не прыдумаеш.
    Гэта была не проста думка аўтарытэтнага і паважанага чалавека, а кваліфікаваны разбор «палётаў».
    Рэкамендуюць у забруджанай зоне не жыць, есці толькі чыстыя прадукты. Паехаў я ў чыстую зону. Як скажуць пра мяне «чарнобылец з таго свету», усе ў мой бок паварочваюцца, быццам пракажоны. Нервы пасля хваробы, нібы я чалавек без скуры. Нідзе не будзе мне гэтак цёпла, як дома, гэта я зразумеў. I вырашыў: хай будзе, што будзе. Напішу ліст Гарбачову і папрашуся ў пажарную часць Нароўлі. Камісія мяне два разы «дапытвала». А потым кажуць: «Пішы распіску, што свядома выбіраеш гэты горад».