Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Малыя поркаліся ў пясочку, я займалася агародам.
Калі сонца ўзнялося высока, вырашылі пазагараць: распранула да трусікаў дзяцей, сама надзела купальнік... Хто ж ведаў, што ў той дзень нельга было і носа на вуліцу высоўваць, а калі ўжо выходзіць, то захутаным па самыя вочы?
Падышла да нас суседка: мы з ёй былі зямлячкі-аднавяскоўкі і замуж — так ужо сталася — пайшлі ў адну вёску, а калі яшчэ і ў Хойніках лёс звёў на адной вуліцы, ледзь не па-суседску, то сталі амаль што раднёй. Пагаварылі пра тое-сёе. Ужо адыходзячы, Зіна сказала між іншым:
— Да бацькоў сёння тэлефанавала. Кажуць, што аварыя нейкая ў Чарнобылі адбылася, на станцыі нешта ўзарвалася. I цяпер гарыць, зарыва віднеецца.
Трэба сказаць, што вёска Уласы, у якой жылі нашы бацькі і дзе прайшло дзяцінства, стаяла ледзь не на самай граніцы — кіламетры праз два за ваколіцай пачыналася ўкраінская тэрыторыя, і да Прыпяці — горада энергетыкаў, дзе была размешчана атамная станцыя, адтуль было рукой падаць — напрасткі кіламетраў пяць. У зорныя летнія ночы на поўдні віднеліся зваблівыя агні горада, на якія пацягнуліся ў свой час многія хлопцы і дзяўчаты з нашага сяла.
He стану маніць: пасля гэтага паведамлення сэрца не ёкала — мы з дзецьмі працягвалі гэтак жа радасна ўбіраць у сябе шчодрае красавіцкае сонца, верачы, што гэта — на здароўе. Толькі падумалася, што, магчыма, неяк узаемазвязана аварыя ў Чарнобылі і тое, што цэлы дзень у строгім парадку на паўднёвы ўсход ляцяць верталёты. Дзеці спачатку радаваліся, махалі ручкамі. A затым перасталі звяртаць увагу, заняліся іншым.
...Назаўтра на рабоце мяне сустрэў гул патрывожанага вулля. У кабінетах рэдакцыі, дзе я ў той час пачынала працаваць карэспандэнтам, у цэхах друкарні, якія знаходзіліся з намі ў адным будынку, на калідорах, на лесвіцах гаварылі толькі пра адно — аварыю ў Чарнобылі. Знаўцы — а такіх знайшлося нямала, сёй-той меў звычку слухаць «галасы», у некага былі сябры, набліжаныя да ўлад, — сцвярджалі, што аварыя адбылася куды больш небяспечная. Называлі нават узроўні радыяцыйнага фону, казалі, што ў мясцінах ля нашай вёскі ён складае больш за рэнтген, ды і ў Хойніках значна павышаны. Праўда гэ-
та ці не, многа гэта ці мала, а галоўнае, як ад усяго гэтага засцерагчыся, ніхто не ведаў. Ад аднаго да другога перадаваўся толькі адзін цудадзейны сродак: каб не нахапацца радыяцыі, трэба піць гарэлку. Многія недаверліва паціскалі плячыма, некаторыя смяяліся, як з удалага жарту, іншыя ж паспяшаліся «зрабіць прафілактыку».
Усеагульны вірус трывожнай узбуджанасці заразіў і мяне. Стала вельмі страшна, ад усведамлення невядомасці, незразумеласці надыходзячай бяды і арэолу патаемнасці, які яе ахутваў, страх рабіўся проста панічным. Найбольш спужалася за бацькоў — лічылася, што мы ў Хойніках, за цэлых паўсотні кіламетраў ад станцыі, амаль што ў бяспецы. А вось як яны там?
Патэлефанавала ў вёску суседцы. Голас у цёткі Марусі быў таксама ўстрывожаны. Яна расказала, што над вёскай увесь час лятаюць верталёты, садзяцца ў розных месцах, нейкія людзі ў вайсковай форме і ў белым адзенні бяруць нешта ў пакецікі і шкляначкі, але вяскоўцам нічога не кажуць, толькі супакойваюць. Вясковая фельчарка ўсім перадае словы свайго начальства: трэба кіпяціць ваду з калодзежа і малако, а ў астатнім можна не турбавацца. Маці ж да тэлефона цётка Маруся паклікаць не змагла: яна пайшла на агарод перабіваць свежаўзараную скібу. (Потым гэтыя тры красавіцкія дні, што правяла мама на агародзе з капачкай, вернуцца да яе шматлікімі хваробамі, мноствам аперацый і пакут.)
У той дзень работы, лічы, не было. Усе займаліся тым, што збіралі, перадавалі адзін другому і разам абмяркоўвалі чуткі, якія наталялі інфармацыйны голад з-за поўнай адсутнасці нейкіх паведамленняў, парад, рэкамендацый з афіцыйных крыніц. He ведаю, чым былі заняты ў тыя дні мясцовыя ўлады, але па радыё, як і раней, спявалі, праводзілі веснавую пасяўную, рапартавалі аб працоўных перамогах да Першамая...
Вечарам прыяцелька, якая працавала ў аптэцы, паведаміла яшчэ адзін сродак прафілактыкі: аказваецца, трэба піць ёд. Для чаго і навошта, было незразумела, але тое, што жонка першага сакратара райкама партыі набрала ў аптэцы цэлую сумку ёдзістых прэпаратаў, пацвярджала дакладнасць інфармацыі. Прыяцелька і нам прынесла дзве бутэлечкі ёдзістага кальцыю, расказала, як яго ўжываць.
Пра тое, што тыя 50 кіламетраў, што аддзяляюць нас ад Чарнобыля, здольны ўратаваць нас ад бяды, ужо не гаварылася. Бяда была побач: яна вісела ў паветры, пагражала ўпасці нам на галовы з цёплым дажджом, ахутвала, забіралася пад адзежу з кожным подыхам ласкавага ветрыку, лезла ў рот і нос з вулічным пылам, падала з неба прамяністым сонечным цяплом. Мы не столькі разумелі, колькі падсвядома адчувалі гэта. A дзеці не хацелі ні разумець, ні адчуваць: яны прасіліся на вуліцу ў пясочак, капрызілі, што іх не пускаюць, не спалі... Пачуццё безвыходнасці і адчаю сцінала сэрца. A яшчэ — віны: небяспека адчувалася амаль фізічна, а як яе пазбегнуць, як уратаваць дзяцей, што рабіць — мы, звычайныя жыхары горада, не ведалі. А тыя, хто ведаў, нам не гаварылі...
30 красавіка патэлефанавала маці і папярэдзіла, каб не ўздумалі прыязджаць на свята. Расказала, што іх паранейшаму супакойваюць, быццам няма нічога страшнага, але ўжо забаранілі выганяць кароў на пашу і адправілі людзей з работы. А ў гэты дзень прыехалі забіраць дзяцей-школьнікаў — сказалі, што адправяць у лагер, бо ім у вёсцы знаходзіцца небяспечна. А дарослым сказалі не турбавацца, захоўваць спакой і парадак...
Расквечаны сцягамі горад між тым рыхтаваўся да першамайскай святочнай дэманстрацыі (яна, дарэчы, прайшла, як і звычайна, з паказушнай урачыстасцю, з заклікамі ЦК КПСС і крыкамі «Ура!», і многія бацькі вялі за руку, неслі на плячах і нават кацілі ў калясках дзяцей — паглядзець на свята). Але ўжо найбольш дасведчаныя перадавалі адзін другому, што той-сёй з кіраўнікоў раёна вывез сваіх дзяцей з горада — і тым самым было падказана выйсце астатнім. Вечарам на сямейным савеце было вырашана, што трэба і нам некуды ехаць, ратаваць дзяцей. Перабіраючы ў памяці ўсіх родных і блізкіх, вырашылі, што найлепшы варыянт— Жодзіна, дзе жыў мой старэйшы брат. Меркавалася, што гэта ненадоўга, у крайнім выпадку, на некалькі дзён...
Сабраліся за лічаныя гадзіны. Аднак турбавала другое: як пакінуць горад? Аўтастанцыя ў тыя дні нагадвала вакзалы часоў грамадзянскай вайны. I літаральна кожны быў з дзецьмі... Залішне гаварыць, што ні на Мінск, ні на Гомель білетаў не было.
Але тут прапаганда зрабіла нам падарунак: напярэдадні па тэлебачанню быў паказаны рэпартаж, як паспяхова на станцыі ліквідуюцца вынікі аварыі, і людзі, якія прывыклі верыць таму, пра што гавораць па тэлевізары, пайшлі здаваць білеты. Мне пашанцавала: першага мая я з дзецьмі пакінула Хойнікі.
Сёння я думаю: можа, тая інфармацыя аб ёдавай прафілактыцы, якую мы амаль падпольна атрымалі на прыватным узроўні ад суседкі-аптэкаркі, і тое, што своечасова «паддаліся паніцы», і дазволіла пазбегнуць больш сур'ёзных вынікаў, чым маглі б быць? Хоць, зрэшты, хто ведае, чаго мы пазбеглі, а што нас яшчэ чакае...
2. Першы месяц
Такім чынам мы амаль праз тыдзень пасля аварыі апынуліся ў Жодзіна — я з двума малымі дзецьмі і мужава сястра з трыма сваімі: ёй не было дзе падзецца, і мы на тым жа сямейным савеце вырашылі, што ў цеснаце, ды не ў крыўдзе. Незадоўга да таго брат атрымаў трохпакаёвую кватэру, і наш «табар» болыл-менш прыстойна размясціўся. Але ўсё ж не пакідала пачуццё вінаватасці за тыя дадатковыя клопаты, што ўзніклі ў родзічаў з нашым прыездам, за неспакой, які заўсёды побач з дзецьмі. Суцяшалі сябе тым, што гэта ненадоўга — на тыдзень-два. Напачатку мы цвёрда былі ў гэтым перакананы.
Аднак чым менш часу заставалася да прымеркаванага дня ад'езду — 9 мая, тым больш сумненняў узнікала. Блокі ў інфармацыйных праграмах, прысвечаныя аварыі ў Чарнобылі, станавіліся ўсё больш працяглымі, а тон іх — усё больш суцяшальным, і гэтая супярэчнасць палохала. Усё атрымлівалася, як у той жартаўлівай загадцы, якую вастрасловы прыдумалі крыху пазней: чаго на Беларусі не было, няма і што ўвесь час памяншаецца? Адказ — радыяцыя.
Куды больш трывожныя навіны паведамлялі ў тэлефонных размовах калегі па рабоце. Яны расказвалі, што з горада і раёна вывезлі ўсіх дзяцей: да трох гадоў — разам з маці, а старэйшых — з дзіцячымі садкамі
і школамі. Горад поўны ваенных. Чуткі пра ўплыў радыяцыі на здароўе ходзяць самыя розныя, але афіцыйная інфармацыя, як заўсёды, супакойлівая. Людзі ўжо мала верылі гэтаму, напружанне нарастала з кожным днём.
Болыл за ўсё трывожыў лёс бацькоў, ад іх не было ніякіх вестак. Нарэшце, якраз на Вялікдзень, патэлефанавала маці.
— Без вайны вайна, дачушка, — плакала яна ў трубку. — Ці ж мог хто ў самым страшным сне сасніць, што такое раптам зробіцца? Што мы перажылі за гэтыя дні — не расказаць.
Як аказалася, якраз у гэтую прадвелікодную ноч — усяночную — нашу вёску эвакуіравалі. Усю чырвоную суботу людзі замест таго, каб фарбаваць яйкі, пячы пірагі і прыбіраць у хатах, як гэта было заведзена здавён, грузілі на ферме на машыны жывёлу — калгасную, затым сваю — і адпраўлялі яе некуды ў раён. Мама расказвала, што каровы, навязаныя ля агороджы, плакалі — мокрыя сцежкі струменіліся па цёплых пысах, слёзы адвечных сялянскіх карміцелек падалі ў пясок. А людзі, знемагаючы ад стомы, усё гналі іх на машыны...
Толькі позна ўвечары, калі ўся жывёла — не толькі каровы, але і свінні — была адпраўлена, ім дазволілі вярнуцца дамоў, адпачыць. Каб праз дзве гадзіны зноў падняць: за вяскоўцамі прыехалі аўтобусы. 3 сабой людзям загадалі ўзяць толькі самае неабходнае, бо высялялі іх, як сказалі, на тры дні — праз гэты час абяцалі вярнуць назад. Ды людзі, прадчуваючы горшае, стараліся захапіць з сабой самае каштоўнае. Толькі якія каштоўнасці ў калгаснікаў? Бацькі, да прыкладу, забралі старую драўляную ікону — памяць яшчэ маёй прабабкі, вышытыя матуляй ручнікі, што-кольвечы з бялізны...
На золку, калі ва ўсіх цэрквах ішло асвячэнне велікодных яек, спакутаваныя ад перажыванняў і невядомасці людзі пакідалі Уласы. Усе былі перакананы, што калі не праз тры дні, то праз тры тыдні ці праз тры месяцы яны абавязкова вернуцца на родныя селішчы. I ніхто не ведаў, што пакідаюць яны сваю родную вёску, дзе большасць лічыла свае карані дзесяткамі пакаленняў, назаўсёды. Некаторыя, вытрабаваўшы пропуск,