Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Вось з той самай распіскі прамінула 15 гадоў. Жыву тут. Да восені мінулага года працаваў старшынёй гас-
падарчай часткі. На пажары не пушчаюць, берагуць, усе разумеюць, што пры іх радыяцыйны фон адразу павышаецца, з ветрам гэты пыл далёка разносіць, а глытаць яго зусім нельга. Ледзь толькі фон павысіцца, я пластом ляжу. У кастрычніку спісалі мяне са службы ў сувязі з хваробай.
...Загаварыліся і ледзьве не праехалі паказальнік на дарозе — Белая Сарока. Хата Шаўрэя стаіць без шкла, блакітная фарба знадворку абсыпаецца. Печ быццам пабялілі, пад нагамі старыя часопісы, фотаздымкі захаваліся, але ўзяць іх нельга, «фаняць».
У разрабаваным, яшчэ моцным доме пахла воскам, але вербалоз ужо заглушыў сцежку да яго.
Чацвёрты блок добра бачны адсюль. У «саркафаг» яго апранулі багата гадоў таму назад, але гэтае часовае сховішча зноў пагражае свету. Сховішча абслугоўваюць 800 чалавек, але Іван ведае, што трэба неадкладна пачынаць даставаць радыеактыўную лаву і будаваць новае: калі абваліцца гэта, ратаваць ужо нікога не давядзецца. Ды 700 мільёнаў долараў на замену старога дзіравага «хлява» на знайсці ні Украіне, ні Беларусі. Ад трагедыі нас выратоўвае толькі Божая ласка.
— Ну, вось і ўсё. Болей тут заставацца нельга, — кажа Шаўрэй. — Паеду хутка да братоў у Кіеў. Скажу, што бачыў «саркафаг» і хату. Стаяць пакуль.
Іван Міхайлавіч сціпла змоўчаў наконт таго, што ў Кіеве ёсць вуліца трох братоў Шаўрэяў. Старэйшы Леанід Міхайлавіч, падпалкоўнік, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і Сярэбраным Крыжам — вышэйшай узнагародай Украіны. Пеця — ордэнам Чырвонай Зоркі. Пенсію ім плацяць тысячу долараў у месяц кожнаму, і яны могуць дазволіць сабе экалагічна чыстыя прадукты, адпачынак у гарах або на Балтыйскім моры.
У Івана Міхайлавіча ордэн Чырвонай Зоркі, які звычайна даюць пасмяротна, і пенсія ў беларускіх рублях. Максімальная. На тыдзень сям'і хапае. Жыве сціпла. Пуцёвак і льгот сабе не просіць. Пасведчаннем «чарнобыльца» чыноўніцкія дзверы не адчыняе. Хаця трэба было б. Вітаміны ў аптэцы, лекі і пуцёўкі ў санаторый дарагія. Дзеля таго, каб ўсё гэта здабыць, патрэбна звычайная папера ад ягр — заява. Іван Шаўрэй яе ніза-
вошта не напіша, папрасіць сабе што-небудзь браты Шаўрэі наогул не ўмеюць — так яны выхаваны з дзяцінства. I нават калі даганяе «прамянёўка» і пачынае выкручваць кожную клетачку цела, ён ляжыць узмакрэлы, сціснуўшы зубы, пакуль гэтая бура ў ягоным арганізме сама па сабе не супакоіцца. Ад яе лекаў няма.
Жыве Іван Міхайлавіч паводле запавету доктаркі, якая яго лечыць, — Аляксандры Фёдараўны Шамардзіной: «Кожны дзень для цябе можа быць апошнім. Нічога на заўтра не адкладвай. Нікога не крыўдзі і ні на кога не крыўдуй. Лёгка і светла ў цябе на душы будзе».
Ацалелы ў тым пекле Іван Шаўрэй сваю душу ўжо не зацемніць. I сыну Аляксандру, які закончыў Гомельскае пажарна-тэхнічнае вучылішча і прыйшоў у родную часць бацькі, не дазволіць. Цяпер ёсць каму перадаць сакрэты ўлюбёнай справы. I памяць пра той жудасны дзень, які вучоныя ўсяго свету, не згаворваючыся, назвалі падзеяй надпланетнага маштабу.
Анатоль БАРОЎСКІ
ДЗВЕ СПОВЕДЗІ
ЭНЕРГАНАГЛЯДЧЫКІ
Уладзімір БАНДАРЭНКА — начальнік Хойніцкага ўчастка энерганагляду Рэчыцкага аддзялення
Едзем у Бабчын! — сказаў я Валянціну Фёдаравічу Ляўкоўскаму — 3 намі паедзе Эдуард Станіслававіч Слесарэнка.
— Добра, мы гатовы.
Ужо ва-ўсю ляцела радыяцыя па Палессі, пранізвала наскрозь дрэвы і кустоўі, асядала на дарогі, палі, агароды і сады, як рэнтгенам прасвечвала кожнага, хто знаходзіўся і ў зоне, і далёка за яе межамі...
Запомніліся найбольш трывога і незразумеласць становішча, што апанавалі кожнага, хто дачуўся пра трагедыю, пра катастрофу. Хаця яшчэ і не было ўсвядомлена, што гэта такое і што за пагроза сыходзіць ад таго рэактара, што ўзарваўся, але не чулася смеху, спеваў, жартаў... Кожны быў напяты, бы струна, і кожны чакаў, спадзяваўся, што вось-вось будзе аб’яўлена ўсім пра тое, што бяда мінула, што ўсе страхі засталіся ззаду...
He аб'явілі, не супакоілі, наадварот, страх узрастаў з кожным днём...
У Хойнікі прыбывалі і прыбывалі людзі, прыбывала і тэхніка. Усё больш і больш ваенных людзей адпраўлялася туды, бліжэй да рэактара, ехалі ў тыя вёскі, што высяляліся. А раз высяляліся, то тое ўжо сур’ёзна, эвакуацыя — гэта заўсёды звязана з вялікай бядой...
У Бабчын ссялялі людзей з тых вёсак, дзе была вялікая радыяцыя. Людзей пасялілі ў канторы, у клубе, і жылі яны цыганскім табарам — без умоў, без ложкаў, без неабходных зручнасцей, без сваіх звыклых гаспадарскіх клопатаў...
Калі ж пыталіся ў мясцовых кіраўнікоў, ці доўга будзе працягвацца такі над імі здзек і навошта яны пакідалі свае родныя котлішчы — на кватэру іх ніхто браць не жадаў, то яны нічога пэўнага адказаць не маглі, толькі адмахваліся: «Чакайце. Скажуць. Пакуль нічога не ведаем...»
А потым і Бабчын прызналі «брудным», што і ён павінен адысці ў трыццацікіламетровую зону — і там высокая радыяцыя. I зноўку адсюль трэба высяляць людзей, але куды?
Перад тым як пачыналася эвакуацыя, энерганаглядчыкам абавязкова трэба зафіксаваць усе паказчыкі электралічыльнікаў, праверыць у вайсковых часцях допускі да электраліній... А Бабчын гудзеў, як разварушаны пчаліны вулей, — пагрозліва, недаверліва, адчайна. Чулася галашэнне жанчын, плач, рыкалі каровы, адчуваючы вялікую бяду. Плакалі дзеці на руках у мацярок — і ім перадаваўся страх бацькоў, і матулі, як маглі і ўмелі, стараліся суцешыць іх, знайсці нейкія цёплыя словы...
— Неабходна хутка адключыць падстанцыю, — сказаў Эдуард Слесарэнка.
— Але ж ваенныя не могуць працаваць без электрычнасці...
— I калгасу «Кастрычнік» яшчэ неабходна энергія — пачынаецца эвакуацыя жывёлы...
— Так, тады і нам прыйдзецца прымаць у гэтым удзел.
Вайсковыя фарміраванні слыніліся ў Дроньках. Частка з іх размясцілася ў Пагонным. I там нам неабходна было сачыць за тым, каб дзе не абарвалася лінія і не здарылася бяды з людзьмі. Людзі ваенныя прымалі нашы парады, стараліся выканаць і ўсе нашы патрабаванні...
To ўжо на наступны дзень разам з намі прыехалі ў вёску кантралёры — Ева Зязюліна, Ніна Ладыгіна, Святлана Рудэнок... Была ўтворана цэлая брыгада, якая займалася фіксаваннем расходавання энергіі ў кожнай хаце, на ферме. He зважаючы на тое, што ўсё ішло на
злом галавы, што людзям ужо было не да энерганаглядчыкаў, — ім было ўжо ўсё роўна, колькі яны патрацілі той энергіі, за іншае ўжо балела галава — як адарваць сваё сэрца ад нажытага, ад роднай зямлі, ад хаты, ад магілаў продкаў...
I таму прыходзілася чуць, і не адзін раз, не вельмі ласкавыя словы ад людзей, але мы разумелі іх, маўчалі, — пастаўленая перад намі задача вымагала ісці ўсё роўна далей — у кожную хату і правяраць лічыльнік...
Брыгады былі адпраўлены ў Пагоннае, Баршчоўку, Аравічы, Краснаселле... Правяралі лічыльнікі, правяралі аплату за электраэнергію, фіксавалі, дзе і што неабходна было адключаць пасля эвакуацыі. Трынаццаць чалавек — кантралёраў і вадзіцеляў — штодзённа адпраўляліся ў зону, каб займацца той працай...
Калі ж мералі ўзровень радыяцыі, дзе нам прыходзілася быць, то лічыльнікі-дазіметры паказвалі 280, 600, 790 і вышэй мілірэнтгенаў у гадзіну. Але тады тое для нас нічога не азначала, бо ніхто не гаварыў, якая ўсё ж дапушчальная норма і колькі можна там знаходзіцца... Тое нас тады яшчэ не хвалявала.
Штодзённа адпраўляўся ў рэйс на ГАЗ-51 — будка-фургон — вадзіцель Міхаіл Жаўняк. Разам з усімі выконваў тую ж працу, разам з усімі хадзіў і ездзіў па радыяцыі...
Нам прывозілі і давалі нейкія таблеткі. Медыкі вазілі. Цэлыя жмені іх давалі. Але што гэта былі за лекі, для чаго яны выдаваліся, ніхто не ведаў. Нават самі медыкі, што прывозілі. Думаю, што калі мы з'ядалі б усе таблеткі, то наш арганізм не здолеў бы іх пераварыць, і мы памерлі б раней часу — не ад радыяцыі... Натуральна, мы іх выкідвалі — іх тады процьма валялася пад нагамі на вуліцы, як па снежных крупах хадзілі...
А нам трэба было тады прымаць ёдзістыя лекі — уперамежку з малаком ці вадой, але нам іх не выдзялялі. He было? Ці не было неабходнасці? Мне пра тое сказала жонка Тамара — яна медсястрой у бальніцы працавала. Дазіметрыстам на той час. Сустракалася з ваеннымі спецыялістамі, і яны шмат чаго цікавага і адначасова жудаснага адкрылі ёй — пад вялікім-вялікім сакрэтам...
Ездзілі тады ад бальніцы медыкі і замяралі ўзроўні радыяцыі. Быў і ў яе дазіметр — ДП-5. Здаралася, што і там, у зоне, сустракаліся, але і перакінуцца словамдругім не было калі — у кожнага з нас была свая задача. Але вочы яе помню — стомленыя, журботныя. Ведала Тамара Рыгораўна, добра ведала, што за бяда абрынулася на нашую шматпакутную зямлю Беларусі...
Таму калі ў раёне праходзіла дэманстрацыя, вельмі строга забараніла нам з дзецьмі ісці на плошчу і суседзям яшчэ наказала, каб не рабілі глупства, каб не ішлі пад промні радыяцыі, што яна ў паветры лётае, у лёгкія пранікае...
На той час дачцэ Вікторыі было тры годзікі, a Віталіку — два гады. А потым жонка адвезла іх да сястры ў Бабруйск — далей хоць трошкі ад рэактара.
А дзесятага траўня паехала з імі ў санаторый «Беларусь» — да Чорнага мора. I прабыла з імі там да верасня...
Вярнулася — і зноў пачала працаваць у бальніцы.
Што нам даў Чарнобыль?
I што забраў?
Забраў здароўе. У сына — язва страўніка. Скардзіцца штодня, што баліць сэрца.
У дачкі ногі баляць — доўга хадзіць не можа.
У мяне ж — арытмія сэрца, стэнакардыя. У Тамары — непакояць ныркі. Першыя «званочкі» пачаліся праз пяць год пасля катастрофы — як і папярэджвалі замежныя спецыялісты, якія прыязджалі да нас і расказвалі, што нас тут чакае...
Тое, што ва ўсім вінавата радыяцыя, сумніву няма. Бо да гэтага ніхто ніколі і ніякімі хваробамі не пакутаваў — ні я, ні жонка. Хіба прастуджваліся калі, а так — не...
Тамара, як і я, ліквідатар. Бо шмат сутак правяла там, у забруджанай зоне, мераючы ўзроўні гамаі бэта-фонаў...
Па месяцы і больш правялі ў зоне павышанай рызыкі і кантралёры нашага падраздзялення энерганагляду.
Столькі ж часу правёў і я разам з усімі там, выязджаючы на штодзённае заданне.
Мы ж займаліся не толькі энерганаглядам. Мы ўдзельнічалі ў эвакуацыі жывёлы, пазней дапамагалі эвакуіраваць людзей — грузілі, пераносілі грузы і размяшчалі дзяцей на машынах і ў аўтобусах. Памятаю,