• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    Гэта сёння ў пілотаў у лётнай кніжцы запісаў нягуста, а ў Шэрара — нармальны гросбух — 800 гадзін у паветры, першы клас, пра такіх гавораць — ас. Яшчэ з трэніровачных палётаў у Варашылаваградскім вышэй-
    шым ваенным авіявучылішчы ён усвядоміў: лётныя законы — галоўнае, тады будзе доўгае жыццё ў небе.
    Ці будзе яно пасля Чарнобыля, аб якім у свеце яшчэ ніхто не ведае?
    Ён гнаў гэту здрадніцкую думку і, пакуль ляцеў да месца прызначэння, зрабіў рэвізію свайго яшчэ кароткага жыцця. 29 год, рызыковая прафесія; у яго родзе, з нямецкімі каранямі (продкі прыехалі ў Расію па запрашэнні Кацярыны распрацоўваць рудныя паклады), усе мелі зямную службу. Толькі для яго неба як наркотык. Чамусьці ўспомніліся словы любімага пісьменніка, таксама лётчыка, Экзюперы: каб стаць героем, трэба імгненне, каб стаць годным чалавекам, патрэбна цэлае жыццё. Разумеў, што людзі асмеліліся ўскласці на сябе задачу, якая пераўзыходзіць іх сілы, значыць, сілы гэтыя павінны ўзрасці да нечуваных памераў. Хацелася адгарнуць падручнік па грамадзянскай абароне і ўзгадаць усё, што тычылася ядзернага выбуху, але такой кнігі не было і не магло быць: рэактар «іграў» не па правілах, і яго прадказальнасць наўрад ці вядома нават спецыялістам.
    Ёсць два тыпы лётчыкаў. Адны нястрымана смелыя, ахвотна рызыкуюць, неба для іх — арэна паядынку са стыхіяй. Але заданні яны выконваюць на тройку: азарт заўсёды цягне за сабой неахайнасць. Другія, наадварот, асцярожныя. Неба для іх — месца працы, адказнай і небяспечнай. У ім яны гранічна ўважлівыя, згодныя толькі на рызыку, якая неабходна грамадству, усялякая іншая для іх бессэнсоўная і амаральныя. Ніводнага лішняга манеўру, ніводнай халастой хвіліны ў паветры, строгі, адточаны палёт. Сяргею Уладзіміравічу такія больш па душы. Ліхачоў і зухаў ён называе монці-лётчыкамі — быў такі герой замежнага фільма Монці Бэнкс, які спрабаваў лятаць на самалёце па самавучыцелю. У паветра ўзяў першую частку кнігі — як узляцець, а другую — як садзіцца — забыў дома.
    У выпрабавальнікаў ёсць звычай ставіць монці-лётчыкаў «на вусы» — хапаюць у выпадку правіннасці за ногі, пераварочваюць і некалькі секунд трымаюць у такім становішчы. Калі за чалавекам водзіцца больш цяжкі грэх (напрыклад, маніць аб «подзвігах» у небе), то зямлю замяняюць лужынай. I калі нядбайнаму пра-
    цаўніку аэрадрома гавораць: «А ці не паставіць цябе на вусы?» — усе разумеюць, другога папярэджання ўжо не будзе. У Чарнобылі нікога не хацелася ставіць «на вусы». Цывільнага начальства — хоць гаць гаці, але поўная разгубленасць. На ўкраінскія і беларускія экіпажы лягла сур'ёзная адказнасць. Лётчыкі ўсё самі арганізавалі. Ціха, спакойна называлі свае пазыўныя і гаварылі: узлятаю! 3 зямлі ім давалі «дабро», і яны давяршалі распачатае пажарнікамі. Менавіта па іх дакладах аб абстаноўцы з паветра і прынялі рашэнне аб экстраннай эвакуацыі людзей.
    Што бачыў зверху Сяргей Шэрар?
    Зялёны лес вакол Чарнобыля і Прыпяці, кароў, што пасвіліся на лузе, людзей, якія завіхаліся ў агародах. Спякота, усе спяшаліся хутчэй укінуць бульбу ў зямлю, а аматары вясенняга моцнага загару пеставаліся пад сонцам у траве. Ад гэтага відовішча сэрца сціскалася. Нават яму, ваеннаму штурману, тэарэтычна знаёмаму з ядзерным ударам, не хапала ведаў. Разумеў, што выбуху як такога не адбылося, значыць, і ланцуговай рэакцыі, што пераўтварае элементы, —таксама. Свет яшчэ не меў справы з такім велізарным выкідам радыеактыўных рэчываў. Як яны сябе павядуць? Колькі год спатрэбіцца для канца гэтай д’ябальскай рэакцыі? Шкода, прычыненая бачным злом, паверхневая, а скрытая — глыбокая. Нават гамеапатычныя дозы радыеактыўных рэчываў выклікаюць тонкія энергетычныя расстройствы арганізма. А тут прыбор зашкальвае, апошняя лічба на ім — 500 рэнтген, далей адзнакі няма, але там, за бортам, у паветры, якім дыхаюць людзі, яна ёсць, што будзе з імі? Сяргей Уладзіміравіч спыняў сябе ў развагах: мы людзі ваенныя, што непатрэбна ведаць, ведаць не варта.
    Верталётныя пляцоўкі былі выбраны старшым інспектарам лётчыкам Фёдарам Міхайлавічам Лапа за дзесяць — пятнаццаць кіламетраў ад рэактара, які дыхаў, як цяжка паранены дракон. МІ-26, адзіная ў свеце вінтакрылая машына грузападымальнасцю 20 тон, шчыравала нібыта пчолка. ГІасля першых вылетаў стала ясна, што прыстасаванні ддя мацавання і перавозкі буй-
    нагабарытных грузаў на знешняй падвесцы трэба ўдасканаліць. Неабходна мацаванне ддя парашута, у які б насыпаліся пясок, свінец, а потым ён лёгка скідваўся ў жарало разбуранага рэактара. За адну ноч умельцы кіеўскага завода вытачылі такія дэталі.
    У сінім небе — ні воблачка. Распаленае сонца падсмажвае і без таго нагрэтую выхлапнымі газамі кабіну. Вентыляцыю не ўключыць: над рэактарам не паветра, a атрута. Ад радыяцыі павінны абараніць спецыяльныя свінцовыя лісты, але верталёт не батыскаф, якому чым цяжэй, тым лепш — дно бліжэй. Яму трэба лятаць і манеўраваць, таму ўсю кабіну свінцом не абшыеш. Адна надзея на тое, што яна герметычная. Груз у парашуце разгойдваецца, і верталёт разам з ім, трэба дакладна вытрымаць зададзеныя вышыню, хуткасць і напрамак палёту — завісаць жа нельга, нарэшце ў патрэбны момант з Богам адпусціць парашут. На жаль, груз падымаў радыеактыўны пыл і, канечне ж, расхістваў падмурак рэактара, але іншага выйсця не было. 15-20 вылетаў на дзень, пякельная праца ўвесь светлавы час.
    Ён бачыў свой чырвоны ад спякоты і перанапружання твар у люстэрку і ў думках казаў сабе: «Нічога, чалавек, як цэгла, абпальваючыся, становіцца цвёрдым». 3 прыёмніка далятаў голас Алы Пугачовай: «Тры шчаслівыя дні былі ў мяне...» Ён не ведаў, што, паклаўшы спаць чатырохгадовую дачку, жонка з надзеяй пачуць хоць бы скупую навіну пра лётчыкаў у чарнобыльскім небе паўночы слухае радыё. I зараз, праз гады, заўсёды выключае гэтую песню.
    Былі ў Сяргея Уладзіміравіча не тры, а чатыры дні — 27, 28, 29, 30 красавіка. А вечарам 1 Мая, калі краіна адрапартавала аб прашумелых па гарадах і весях дэманстрацыях, яго разам з іншымі беларускімі лётчыкамі самалётам адправілі ў Маскву, у Цэнтральны навуковадаследчы авіяцыйны шпіталь. Кожны дзень — кроў з пальца, праз дзень — з вены. Урачы перашэптваліся ў іх за спінай, але пацыенты аб сабе так нічога і не даведаліся. Медыцынскіх дакументаў на рукі не выдалі. I калі пазней лётчык Алег Чычкоў зламаў нагу, а яна не пажадала зрастацца, яму прыйшлося пахадзіць па кабінетах чыноўнікаў і судах, з вялікай цяжкасцю даказваць, што інваліднасць напрамую звязана з Чарнобылем.
    У бортмеханіка з МІ-26 Уладзіміра Папова пасля першых палётаў на рэактар заўважна пачарнеў твар, яму ж прыходзілася пастаянна назіраць за паводзінамі грузу ў адчынены люк. Сяргей Уладзіміравіч адразу ўспомніў, што ў першы дзень паспрабаваў зазірнуць зверху ў рэактар і адчуў, як нябачным агнём абпаліла вочы. Больш уніз у гэтай кропцы ён не глядзеў. Уся ўвага на арыенціры, нос верталёта накрывае рэактар, зараз хоць крыху недакладны рух — і груз можа ўпасці міма, усё давядзецца пачынаць нанава. Вінтакрылы геркулес МІ-26, якому няма раўных ні ў адной краіне свету, у кожны палёт браў парашут з 8 тонамі грузу і скідваў у ненажэрны кратэр. Ці ведаў вялікі Леанарда да Вінчы, які ўпершыню апісаў апарат з нясучым вінтом, што ў чалавецтва з’явіцца такая трагедыя, як Чарнобыль? Што машыны, выканаўшы свой абавязак, будуць стаяць у трыццацікіламетровай зоне як помнікі і героі? Лётчыка хлебам не кармі, а дай пакратаць гладкую паверхню бясконца роднай крылатай істоты. Да сваіх рабочых «пчолак» яны не дакрануліся ні разу. Але гэта многіх не ўратавала. Першая смерць таварыша была як страла, выпушчаная ў іх. Жыццё здавалася імгненным, пакуль яна даляціць да цябе. Да шасці чалавек з экіпажаў, сфарміраваных на тыя памятныя чатыры дні — Васіля Вадалажскага, Уладзіміра Бульбы, Уладзіміра Слаўнікава, Віталя Жукава, Віктара Папічкі, Сяргея Ляпёхіна — яна даляцела з дакладным прыцэлам. Цяжка хварэюць Яўген Сідараў, Пётр Бабіцкі, Аляксандр Філіпаў, Аляксей Аўсецін. Астатнія жывыя, хто выйшаў на пенсію, а Шэрар з Лапа і яшчэ пяць чалавек пакуль лятаюць. Спрацавала поле чалавечага прыцягнення, яны служаць у адным штабе, сябруюць і бязмежна закаханыя ў неба. За подзвіг над рэактарам Сяргей Шэрар узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме», паза конкурсам яго прынялі ў Ваенна-паветраную акадэмію. Марк Галай, першы выпрабавальнік знішчальнікаў, Герой Савецкага Саюза, гаварыў, што сапраўдны лётчык павінен свабодна лятаць на ўсім, што толькі можа лятаць, і з некаторай цяжкасцю на тым, што лятаць не можа. Гэта іх любімая прымаўка.
    — Падымаешся ў бяздонную сіняву, дзе заўсёды ёсць сонца, і зямная мітусня з яе праблемамі, канцы-
    лярскімі паперамі здаецца дробнай і нявартай увагі, — кажа палкоўнік Фёдар Міхайлавіч Лапа.
    Але ёсць адзін ярка-зялёны квадрат на зямлі, з паветра не такі і значны, пры позірку на які ў грудзях заўсёды з'яўляецца халадок.
    Надзея на другое ўкрыццё
    Зона ўсё яшчэ палохае двухметровым быльнягом, чорнымі вачніцамі ўжо разбураных хат і шчытамі з чорна-жоўтай чарнобыльскай «незабудкай». Беспрэцэдэнтная збудова — саркафаг, авеяная сапраўднай мужнасцю людзей, пакуль стаіць, але за гэтыя гады ператварылася ў дзіравы ўкраінскі хлеў. Ліквідатары вырашылі галоўную праблему бяспекі — ізалявалі ад нас 180 тон слаба ўзбагачанага ўрану-235, 70 тысяч тон радыеактыўнага пылу, у якім больш 2-х мільёнаў кюры. Калі ў лістападзе 1986 года саркафаг здалі, усе газеты пісалі аб яго стопрацэнтнай непранікальнасці. Але спецыялісты ведалі — гэта мера часовая і трэба пачынаць праект больш надзейнай канструкцыі. Адразу не атрымалася: перабудова, развал краіны, «залаты дождж» Саюза закончыўся, а ўкрыццё над узарваным блокам пачало трашчаць па швах. Гэтыя трэшчыны складаюць больш паўтары тысячы квадратных метраў. У іх трапіла тысяча тон вады, якая растварае радыеактыўны пыл. Дзіркі перыядычна латаюць спецыяльнай шклотканінай, але яна трымаецца нядоўга, і вецер матляе яе як нічыйныя белыя сцягі. На ўзроўні даху выпраменьванне паранейшаму сотні рэнтген, і людзі, што абслугоўваюць саркафаг (у штаце іх 800), рызыкуючы здароўем, пастаянна ўмацоўваюць зварачныя канструкцыі. Яны і паднялі шум: металічныя апоры, паедзеныя карозіяй, могуць рухнуць, не дачакаўшыся чарговага рамонту. А які напрамак выбера радыеактыўнае воблака, будзе залежыць ад ветру. Як пісала газета «Правда» ў маі 1986 ro­fla, «на шчасце, вецер дзьмуў не на Кіеў». Ён нёс смяротныя часціцы на Беларусь. Ужо ў цяперашні час, калі моцныя ліўні на Украіне затапілі памяшканні ЧАЭС і разам з імі дызель-генератары бяспекі, вецер дзьмуў таксама ў наш бок. Адзіны працуючы трэці энергаблок эк-