• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    што наша краіна траціць на «ліквідацыю вынікаў аварыі 25 працэнтаў свайго бюджэту». У сапраўнасці ж толькі ў 1991 годзе, «піку эвакуацыі і будаўніцтва», было затрачана 16,8 працэнта бюджэту. Затым адбывалася ваганне расходаў на больш нізкім узроўні і да 2000 года скарацілася да 6,6 працэнта.
    2001 год можна лічыць не толькі пачаткам чарговай праграмы «пераадольвання» вынікаў Чарнобыля, але якасна новым этапам «рэабілітацыі», цэнтр якой перамясціўся з медыцынскіх, экалагічных, сацыяльна-эканамічных аспектаў катастрофы на сельскагаспадарчыя і дэмаграфічныя. Насуперак Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай ахове грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», прынятаму ў 1991 годзе, рэзка скарочаны расходы на аздараўленне як ліквідатараў, так і дзяцей з забруджаных раёнаў. Болыл чым напалову зменшылася колькасць пуцёвак у аздараўленчыя ўстановы. Усямерна заахвочваецца зваротная міграцыя раней эвакуіраванага насельніцтва. Ліквідаваны артыкулы 30, 33, 37 і некаторыя іншыя згаданага закона. Спынілі выплату дапамог жыхарам забруджаных населеных пунктаў, пераведзеных у катэгорыю «чыстых», напрыклад горада Калінкавічы, размешчанага сярод «брудных» лясоў, палёў і дарог. Парушана і гуманная этычная праблема, бо палова калектыўнай дозы апраменьвання насельніцтва была атрымана ў першы год, за 5 год — 80 працэнтаў калектыўнай дозы атрымалі дарослыя і да 5 працэнтаў — дзеці, паглынанне якімі радыяцыі ў некалькі разоў вышэй, чым у дарослых. Дык вось: людзі мелі кампенсацыі менавіта за гэтыя 80 працэнтаў, ужо атрыманыя імі і якія зрабілі ў іх арганізмах незваротную разбуральную работу, а не за тыя некалькі працэнтаў дозы, якую яны могуць атрымаць у аб'яўленым «чыстым» населеным пункце. Вядома, рак, гіпертанія, астма, катаракта, ініцыяваныя атрыманай 80-працэнтнай дозай, ні ў якім разе не знікнуць пасля абвяшчэння горада ці вёскі «чыстымі».
    Людзям, як і раней, патрэбны будуць грошы на лекі, «чыстае» харчаванне, аздараўленне дзяцей. Але зараз гэтыя грошы растрачваюцца на ўзмоцненае ўгнойванне палёў і іншыя спосабы «ачышчэння» сельскагаспадарчай прадукцыі, якую да нармальнай «чысціні», да can-
    раўды «гранічна дапушчальных узроўняў» (ГДУ) забруджання давесці ўсе-такі не атрымліваецца. Праўда, ахоўныя меры дазволілі знізіць паступленне цэзію-137 у сельгаспрадукты ў 10-12 разоў, малака ў грамадскім сектары з перавышэннем ГДУу 5,5 раза, а ў асабістых гаспадарках — у 1,7 раза. Чакаецца, што да 2016 года плошча забруджання цэзіем-137 са шчыльнасцю 37 і больш кілабекерэляў на квадратны метр зменшыцца ў 1,5 раза (Нацыянальны даклад, 2003). За апошнія 10 год вернута 16 тысяч гектараў зямель, раней выведзеных з севазвароту. Але многія вучоныя, напрыклад дырэктар Інстытута глебазнаўства і хімізацыі НАН Беларусі Іосіф Багдзевіч, лічаць, што «рэабілітацыя» на глебах увогуле непажаданая. У ёй няма эканамічнага сэнсу. Сродкі, якія ўкладваюцца ў забруджаныя раёны, лепш было б выкарыстаць у «чыстых» раёнах, дзе іх катастрафічна не хапае.
    Мяжа стагоддзяў з'явілася знакавай і ў тых адносінах, што да гэтага часу скончыўся паўраспад плутонію241 (14,4 года). 3 яго ўтварыўся амерыцый-241, які намнога больш небяспечны па ўздзеянні на жывыя арганізмы, чым усе ізатопы плутонію. Чакаецца, што да 2058 года актыўнасць амерыцыю перавысіць сумарную актыўнасць ізатопаў плутонію ў 1,8 раза. А ім жа будзе забруджана 2 працэнты тэрыторыі Беларусі ў шасці раёнах Гомельскай і адным раёне Магілёўскай вобласці. Трывожыць і тое, што за апошнія тры гады зніжэння долі забруджаных проб лясной прадукцыі не назіраецца. У выніку ўзроўні апраменьвання працаўнікоў лясной гаспадаркі ў 1,5-2 разы вышэй, чым іншага насельніцтва (Прэс-рэліз «Чарнобыльская навука: поспехі, праблемы, перспектывы», 2003).
    У цэлым, як казаў былы міністр па надзвычайных сітуацыях Іван Кенік: «Нягледзячы на тое, што з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшлі гады, праблемы, якія спадарожнічаюць катастрофе, не зніклі. Больш таго, па шэрагу напрамкаў яны істотна абвастрыліся».
    
    Арсен САКУН
    3 ТЫХ ДЗЁН ТРЫВОЖНЫХ
    Неяк, пераглядаючы свой архіў, я зноў звярнуў увагу на запіскі акадэміка Валерыя Аляксеевіча Лягасава, апублікаваныя ў газеце «Правда» 20 мая 1988 года пад назвай «Мой доўг расказаць аб гэтым...». У іх ён дзеліцца думкамі пра Чарнобыль літаральна напярэдадні сваёй трагічнай смерці.
    Гэты чалавек быў адным з першых сярод тых, хто патушыў ядзернае полымя ЧАЭС. Як сведка тых падзей і непасрэдны ўдзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі, я ўваскрашаю ў сваёй памяці многае з таго, што там тады адбывалася. Імя Лягасава не сыходзіла з вуснаў усіх, хто быў задзейнічаны на гэтым палаючым небяспекай фронце. I вось зараз праз гады мае згадкі зноўку вяртаюцца ў той час, бо занадта многа так і засталося неспазнаным, недагавораным і, горш таго, скажона, знарок ці выпадкова, даносіцца да свядомасці людзей.
    Менавіта ўжо тады акадэмік Лягасаў характарызаваў тое, што адбылося ў Чарнобылі, як буйнамаштабную аварыю з працяглымі вынікамі. У сваіх запісках ён адзначыў, што 26 красавіка 1986 года ў Чарнобылі адбылося такое і такога маштабу і такога ўдзелу людзей, чаго не ведалі мы раней. Нельга было патлумачыць і зразумець многае — з кожным днём сітуацыя на станцыі змянялася не да лепшага, назіралася разгубленасць нават у дробязях, ад чаго складалася нездаровая і нервовая абстаноўка, пераважвалі і ўсялякага роду трывожныя размовы вакол гэтых падзей. Гэта адзнача-
    лася на самой станцыі і ва ўсіх прылягаючых да яе раёнах, якія былі падвергнуты шчыльнай і небяспечнай радыяцыйнай забруджанасці. Усталяванае ў свядомасці людзей падманнае ўяўленне аб тым, што ў нас усё цудоўна і прыгожа, не дазваляла тады многім зразумець сапраўднае становішча рэчаў. Пераважвала і ва ўмовах страшэннай маштабнай небяспекі ўяўленне аб нашай над ёй пераможнасці.
    Адмабілізаваныя на барацьбу сілы множыліся непамерна, тэхніка і людзі ішлі на Чарнобыль эшалонамі і калонамі з усіх рэгіёнаў неабсяжнай краіны. Разгорнутая дзяржаўная работа ўсяляла надзею на тое, што і з гэтай бядой хутка ўдасца справіцца, утаймаваць выйшаўшы з-пад кантролю атамны рэактар і знішчыць выкінуты з яго атрутны малінавы сполах неба.
    Аблёты, агляды, замеры, дазіметрычныя пасты і пункты абліўкі падкрэслівалі незвычайнасць абстаноўкі, насцярожвалі людзей, даючы зразумець, што звычайнае жыццё тут ужо немагчыма і небяспечна. На вуснах у людзей такія нязвыклыя і трывожныя словы, як «радыяцыя», «прамянёвая паражонасць», «ёдавы ўдар», «небяспечная зона», «адсяленне», «эвакуацыя». I, горш за ўсё, — адчуванне згубы чагосьці блізкага і дарагога, чым з’яўляюцца родны калгас ці саўгас, вёска, дзе нарадзіўся і ўзрос; свае людзі, з кім жыў і быў побач дзесяцігоддзі; утульная бацькоўская хата; знаёмыя сцяжынкі басаногага дзяцінства...
    Працуючы тады рэдактарам раённай газеты ў Хойніках, я ўзначальваў групу па адсяленні вёскі Чамкоў, што ў лічаных кіламетрах ад Чарнобыльскай АЭС. Размешчаная на пясчанай выспе, яна першай прыняла на сябе атрутны радыяцыйны ўдар, бо з боку станцыі якраз у тыя красавіцкія дні дзьмуў моцны сухавей. Нябачныя радыенукліды асядалі на ўсё, што траплялася на іх шляху. Іх гаркота адчувалася хіба што ў горле — перамешаныя з пяском, яны ўдыхаліся з паветрам на поўныя грудзі. Ніхто з людзей тады ні сном ні духам не ведаў пра нейкія там меры перасцярогі. Звычайным парадкам цякло жыццё, поўнае вясновых хлебаробскіх клопатаў. Ніхто з людзей ніяк не быў папярэджаны аб небяспецы, ніхто нікуды не збіраўся адсяляцца — няхай то часова, не гаворачы ўжо пра эвакуацыю з чарнобыльскай зоны
    назаўсёды. I калі сталі гаварыць з людзьмі аб тым, што далейшае пражыванне тут небяспечнае, трэба тэрмінова ад'язджаць, ніхто і слухаць не хацеў. Тых аргументаў, якія атрымалі мы на інструктыўнай нарадзе ў райвыканкаме перад ад'ездам у Чамкоў, было недастаткова для таго, каб пераканаць патрапіўшых у бяду людзей пакінуць небяспечную зону. I не разумець іх было нельга. Людзі ўсе сталага ўзросту, тут прайшло іх усё жыццё. Тут яны сябе адчуваюць як рыба ў вадзе. Тут яны нарадзіліся, узраслі, прызвычаіліся да ўмоў пражывання, і зараз вось так раптоўна адарвацца ад усяго гэтага — чалавек з моцнымі нервамі не вытрымае.
    Яны стаялі на сваім, мы, як маглі, пераконвалі іх, што прынятае ўладамі рашэнне аб адсяленні на іх жа карысць як пацярпелых ад аварыі.
    Толькі позна вечарам удалося ўгаварыць вяскоўцаў заняць месцы ў аўтобусах. Ужо з уключанымі фарамі пакідалі мы Чамкоў. Апусцелая вёска палескай глыбінкі была здадзена ў палон радыяцыі пад ахову патрульнага нарада міліцыі.
    Трэба было бачыць і адчуваць стан душы чамкоўцаў у тыя хвіліны. Плач, горкія слёзы, жалобныя, поўныя адчаю і роспачы прычытанні. Хтосьці называў усё гэта вайной без стрэлаў, няміласцю злога лёсу.
    Нехта маліў Бога, каб ён як мага хутчэй утаймаваў стыхію і вярнуў іх сюды, на сваю малую радзіму. У людзей нібы было прадчуванне таго, што пакідаюць яны свой родны край назаўсёды. Пагнаныя адсюль бядою людзі не ўяўлялі яшчэ тады ўсяго таго, што чакае іх наперадзе, як вызначыцца лёс кожнага адсяленца. Гэта пазней ужо, месяцы праз два прыйшло да іх першае разуменне, наколькі ў заблытанай сітуацыі аказаліся яны. Уладная распарадчасць па арганізаванаму адсяленню пацярпелых перайшла па звычцы ў бюракратычную неразбярыху. Доўгія месяцы гэтыя людзі бы божыя непатрэбнікі туліліся па школах, інтэрнатах, піянерскіх лагерах і прыватных кватэрах, не ведаючы, за што зачапіць рукі і дзе знайсці сабе прымяненне. Атрымаўшы немалыя грошы за пакінутае ў 30-кіламетровай зоне жыллё і маёмасць, здадзеную жывёлу, некаторыя сталі співацца, уцягваць у гэта мясцовых жыхароў. Запланаванае для іх будаўніцтва жылля вялося марудна, толькі
    недзе восенню ў асноўным удалося разабрацца з гэтым пытаннем. На жаль, не атрымалася, як было задумана, перасяліць пацярпелых вёскамі, калгасамі, ад чаго распаліся зладжана працуючыя некалі калектывы, гадамі сфарміраваныя людзьмі добрыя адносіны. Далёка не ўсе на новым месцы жыхарства знайшлі сабе душэўны спакой, іх прыжыванне ішло балюча. Часта не было паразумення паміж імі і мясцовымі жыхарамі. Апошнія дакаралі перасяленцаў у тым, што яны ніякія не пацярпелыя, атрымалі ад дзяржавы дармавыя грошы і цяпер шыкуюць па жыцці.