Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
— Першым у Маскву паляцеў тата, Іван Тарасавіч. Дваццаць восьмага красавіка прыйшла тэлеграма мне і чатырнаццацігадовай сястрычцы Наташы — тэрмінова быць у Маскве ў якасці донараў касцявога мозгу. Прыляцелі, а дзе ў тлумнай Маскве шукаць тую шостую клініку? Дзякуй таксісту — палову горада з намі праехаў, сам усе клінікі абышоў, але нас здаў з рук у рукі прафесару Баранаву. Тут жа сустрэліся з Колем, які тады служыў у Ленінградзе і якога таксама тэрмінова выклікалі. Найбольш прыдатным для Васі донарам урачы назвалі Наташу. Вася, калі пра гэта даведаўся, катэгарычна адмовіўся — і на аперацыю пайшла я.
Сустрэчу з Васем нам арганізавалі яшчэ да аперацыі. Толькі напрамілы бог прасілі не абдымацца і не цалавацца, бо ён, казалі, як рэактар, выпраменьвае 25 рэнтген у гадзіну, а яго арганізм паглынуў 1600 бэраў... Твар у Васі быў, як не свой, — руды, з такім нейкім незразумелым бляскам (тое, аб чым гаворыць Людміла Іванаўна, называецца «ядзерны загар». — М. К.), а русявыя ад нара-
джэння валасы сталі серабрыстымі, на руках і вуснах — апёкі. Першае пытанне — чаго, маўляў, прыехалі, у мяне ўсё добра. Пра аварыю, пра тое, што там было, — ні паўслова. Пра тое, чаму ён на тым рэактарным даху апынуўся першым, хаця служыў у гарадской пажарнай часці, а не ў той, што на самой станцыі, — таксама.
Была і яшчэ адна, апошняя, сустрэча ўжо пасля аперацыі. Васю стала намнога горш, ён страшна пакутаваў. Паднялі яго ўрачы — ён, гаротнік, захістаўся і ўпаў. Ён шаптаў: «Люда, калі пратрымаюся 21 дзень, значыць выжыву». Хтосьці яму сказаў, што крызіс наступае якраз у гэты тэрмін.
Людміла, знясіленая цяжкай трохгадзіннай аперацыяй па алагеннай перасадцы касцявога мозгу, паехала дамоў і не бачыла, як развіваліся далейшыя падзеі. A добрага ў іх нічога не было.
Першым памёр лейтэнант Віктар Кібянок. Люся Ігнаценка, што днявала і начавала ў клініцы, правяла яго ў апошні шлях, а калі прыкладна ў гадзіну апоўдні вярнулася і пазваніла ў клініку, ёй сказалі, што Вася пайшоў у 11.15... У Спярыжжа паляцела тэлеграма страшнага зместу: «Вася памёр 13-га, пахаванне 15-га ў Маскве. Іван».
Што адчуваў, аб чым думаў бацька, калі пісаў гэтыя радкі, ужо не даведаешся — Іван Тарасавіч, дужы, моцны мужчына, памёр у шасцідзесяцігадовым узросце.
He сказаць, што перажытыя хваляванні прыбавілі здароўя самой Людміле Іванаўне. Далася ў знакі тая аперацыя. Яна, калі на сённяшні розум і калі ведаць, што дыягназ, пастаўлены Васілю Ігнаценку, як, зрэшты, і яго таварышам па бядзе, не даваў нікому ніводнага шанцу на выратаванне — паўтузіна хвароб, і кожная несумяшчальная з жыццём, і непатрэбнай была, але скажы гэта Людміле. Скажы Колю, Наташцы, родным Васевых таварышаў. Паспрабуй скажы гэта людзям, якія ратавалі самых сваіх блізкіх людзей і дзеля іх выратавання маглі і сваё сэрца аддаць.
He ўратавалі. Шасцёра пажарных сёння на Міцінскіх могілках. Дзе ўсё ў мармуры і граніце. Дзе стаіць абеліск — вялікі атамны грыб пагрозліва насоўваецца на чалавека. Такога, здаецца, маленькага і такога моцнага...
— Я ў Васі не была ўжо сем год, цяжка, здароўя HecTae, а так кожны год ездзіла. Тут збіраюцца родныя на-
шых хлопцаў. Масквічы прыходзяць. Віцэ-прэзідэнт «Расатамэнерга» Яўген Ігнаценка ўвогуле нашага Васю называў братам і кожны год прыносіў на магілку 25 руж. Яўген Іванавіч загінуў у аварыі, але кветкі Васю прыносіць нейкая жанчына — мне, кажа, Яўген Іванавіч даручыў класці іх тут, пакуль сама жывая. А гэтым разам да Васі паедуць мама, Коля і яго сын, яны і мой паклон браціку перададуць...
Раскіданае гняздо
Я зноў званю ў дзверы, і мне іх адчыняюць. Зноў, як колькі дзён таму, праходжу ў пакой, уладкоўваюся на канапе, збіраюся з думкамі. Толькі мы ўжо не ў Брагіне, а ў Беразіно, што пад Мінскам, а насупраць мяне не Людміла, а Таццяна Пятроўна Ігнаценка — маці Васіля. I размова наша з ёй гэтакая ж горкая, як настой палыну (чарнобылю). Бо пра рэчы такія гаворым, што не дай Бог нікому. Бо гора, што прыйшло ў сям'ю са смерцю Васі, на гэтым не скончылася, а ўсё, што з Ігнаценкамі потым адбывалася, можна назваць словамі класіка — блуканне па пакутах.
Яно пачалося з тых майскіх дзён, калі на ціхіх вуліцах Спярыжжа зараўлі бронетранспарцёры, а салдаты-«партызаны» ў рэспіратарах мералі радыяцыю і запісвалі яе ўзроўні непасрэдна на вясковых платах. Потым прыйшоў загад тэрмінова здаць кароў, свіней і грузіцца ў аўтобусы. Так яны і разышліся — «мыкаючыя» і «рыкаючыя» жывёліны пайшлі ў свой апошні шлях, а людзі, па дзесяць сем'яў у аўтобусе, ступілі на шлях да Галгофы.
Іван Тарасавіч і Таццяна Пятроўна зачынілі на клямку новую, толькі пяць год таму з немалымі высілкамі пабудаваную хату і апынуліся ў другой, больш «чыстай» вёсцы, а Наташка, якую разам з іншымі дзецьмі вывезлі раней, знайшлася толькі праз два месяцы пад Маладзечнам. Вывезці вывезлі, але, бач ты, якая дурата рабілася: калгаснікаў, Таццяну Пятроўну таксама, да позняй восені ганялі, інакш не скажаш, убіраць калгасны лён, буракі, бульбу, быццам каму-небудзь яны былі патрэбныя. Відаць, былі, бо з-за таго, што старэйшыя Ігнаценкі, на якіх звалілася такое гора, недабралі літаральна па некалькі працадзён да вызначанага мінімуму,
мелі вялікія непрыемнасці. Памог іх пазбавіцца, так атрымліваецца, нябожчык-сын: сорамна камусьці стала так прыніжаць бацькоў героя-пажарнага.
Толькі і гэта быў, як той казаў, толькі пачатак. Бо жыццё ў Буда-Кашалёўскім раёне, куды сям'ю ўрэшце адсялілі, не пайшло: дом, скляпаны будаўнікамі за нейкі месяц, меў такія шчыліны, што вароны ў іх заляталі. Яно б і гэта нічога, але ж Іван Тарасавіч, чалавек руплівы, гаспадарлівы, не мог мірыцца з тым бязладдзем, што панавала ў мясцовым калгасе. Вярнуліся ў Брагін, які нібыта ўжо і не адсялялі, атрымалі кватэру. Потым Брагін, які стаіць і зараз, зноў сталі адсяляць, і Ігнаценкі апынуліся ў Беразіно. Тут жыццё ўрэшце прыйшло да нормы, Іван Тарасавіч, зацяты рыбалоў і паляўнічы, крыху адышоў сэрцам, ды яно само не вытрымала — у 1995 годзе ён пайшоў з жыцця.
— Тыдні за два да гэтага ён мяне пытае: дзе, маўляў, калі што якое, цябе пахаваць. У Спярыжжы, кажу. Толькі ж мне самой яго туды везці прыйшлося, — кажа Таццяна Пятроўна.
Зараз ад вялікай і дружнай сям'і засталася яна сама, сын Коля, што з жонкай і сынам жыве паверхам вышэй. Малодшая, прыгажуня Наташа, што ў Рэчыцы, гадуе хлопчыкаў-блізнятак. Старэйшая Люда, якая ніяк не можа крануцца з Брагіна (прыязджала яна ў Беразіно, але вытрымала толькі месяц), вярнулася.
Больш у Ігнаценкаў нікога няма. I той хаты ў Спярыжжы таксама.
— Я неяк у Брагін прыехала, Люда мяне на аўтастанцыі стрэла і кажа: «Паедзем, мама, паглядзім, як наша хата гарыць». Прыехалі, а яна сапраўды гарыць: каму трэба ратаваць выселеную вёску? Там зараз, як у Хатыні, адны коміны засталіся. Ды шулы ад нашага хлява, што бацька з Васем адлівалі. На іх у бетоне выціснутыя надпісы «Н. I. I.», «В. I. I.» — Наталля Іванаўна Ігнаценка, значыць, і Васіль Іванавіч Ігнаценка. Такая вось памяць засталася...
Таццяна Пятроўна трымаецца мужна, расказвае пра няшчасці, што на сям'ю абрынуліся, больш-менш спакойна. Толькі калі гаворка заходзіць пра сына, голас жанчыны зрываецца ад болю.
— Я ж пасля аварыі Васю і не бачыла — бацьку з Колем у клініцы да яго не пусцілі, а на могілках труну не
адкрывалі. Сніўся ён мне часта-часта. Увесь у белым і плача: «Мама, мае ногі баляць, у мяне ўсё баліць». I сам у вадзе. Мне жанчыны потым сказалі: не плач, маці, a то сын будзе ў вадзе ляжаць. А як тут не заплачаш, — Таццяна Пятроўна камечыць у руках насоўку.
Век у Таццяны Пятроўны ўжо сталы, здароўя небагата — баляць ногі, цісне ў грудзях, але кожны год яна збіраецца з сіламі і едзе да Васі на могілкі. Размаўляе з сынам. 3 тымі, хто прыязджае да сваіх сыноў. Таццяна Пятроўна ведае ўсіх, яны рэгулярна перазвоньваюцца, ды толькі і іх становіцца менш.
— Амаль адразу памёр бацька Кібянка, праз год не стала маці Вашчука, зараз прыязджае бацька, стары ўжо, за восемдзесят. Цішура быў з дзіцячага дома, гады са два не было нікога ў Правіка, — перабірае дарагія сэрцу фотаздымкі Таццяна Пятроўна. — Люся наша заўсёды прыязджае.
Люся, удава Васі. Свая бяда і самае горкае гора. Яна, калі ўсё здарылася, была цяжарная. У Маскве, у клініцы, дзе памёр Вася, нарадзіла дзяўчынку. Яна пражыла толькі тры гадзіны — высокая доза радыяцыі. Дачушку, якую бацьку не наканавана было ўбачыць, падхавалі да яго ў магілу — так што, калі яно ёсць тое другое жыццё, то там яны ўжо і сустрэліся...
★ ★ *
У блакнотах, на магнітафонных стужках засталося багата цікавага матэрыялу, які ніяк не ўціснуць у гэтыя нататкі. Пакідаю яго на потым, але адну думку да чытачоў, грамадскасці нашай павінен давесці.
Савецкі ўрад прысвоіў Віктару Кібянку і Уладзіміру Правіку званне Героя Савецкага Саюза, іх таварышы атрымалі ордэны Чырвонага Сцяга. Прэзідэнт Украіны Леанід Кучма пасмяротна ўзнагародзіў усіх шасцярых Крыжам за мужнасць. Герояў Беларусі ў нас не вельмі шмат. Лічу, а гэта маё асабістае чалавечае меркаванне, што ў іх шэрагах павінен быць і Васіль Ігнаценка. Няхай пасмяротна, няхай праз столькі год, але быць павінен. Хаця б таму, што каб тады, 26 красавіка 1986 года, ён не пайшоў на раз'юшанага ядзернага звера, то, што вельмі верагодна, сёння не было б ні ўсіх нас, ні нашай з вамі краіны.
Мінск — Брагін — Беразіно — Мінск
Лілія ЛАМСАДЗЕ
ПАЛЁТ НАД ЗЯМЛЁЙ ПАД ЧОРНЫМІ «НЕЗАБУДКАМІ»
Іншы раз яму сніцца сон, што ён завісае на верталёце над кратэрам вогненнага вулкана. Воблака аранжавых іскраў і чорнага попелу імгненна засцілае гарызонт, лопасці машыны раптам пачынаюць выгінацца, выходзяць са сваёй арбіты і складваюцца. Верталёт каменем падае ўніз.
Гэта сон, але адна дэталь у ім да болю знаёмая: кратэр чарнобыльскага рэактара, ад якога на паўночны захад цягнецца чорны след.
27 красавіка 1986 года штурмана верталётнага палка Беларускай ваеннай акругі Сяргея Шэрара паднялі па трывозе ў чатыры раніцы. Заданне было няпростым: у Чарнобылі, побач з беларускім горадам Камарынам, выбухнуў рэактар. Першы ўдар прынялі на сябе пажарнікі. Цаной многіх жыццяў яны пагасілі агонь. Але рэактар — не вогнішча, у ім і пад попелам затойваецца неверагодная моц. Трэба зверху паспрабаваць звязаць яго атрутныя і смяротна небяспечныя рэчывы. Самае важнае — высокая дысцыпліна і няўхільнае захаванне інструкцый.