Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
што працавалі скрозь праз сілу, бо агортвала слабасць і санлівасць, дзяркотка ў горле перашкаджала дыхаць на поўныя грудзі, ногі былі ватныя і рухі няўпэўненыя і замаруджаныя...
He забудзецца. На ўсё жыццё адаб’ецца і застанецца ў памяці той трагічны час, калі мы падстаўлялі сябе пад радыяцыйны смяротны дождж Чарнобыльскай атамнай станцыі...
Колькі ён яшчэ будзе напамінаць пра сябе?
Якія яшчэ хваробы ён нам падсуне — мы таго не ведаем, але цвёрда перакананы, што без гэтага не абыдземся, — бо мы заложнікі атама, і ніколі нам не выбавіцца з чорнага павуціння чорнай радыяцыі...
Хто мяне пераканае ў адваротным?..
СЛУЖЫЎ ПАД ЧАРНОБЫЛЕМ
Вячаслаў МАСЯЙЧУК — начальнік змены электрацэха Гомельскай ЦЭЦ-2
Нарадзіўся я ў сям'і энергетыкаў. He ў Беларусі, а ў Краснаярскім краі — у Назараве. Ёсць такая там станцыя — Назараўская ДРЭС.
На ёй і працавалі мае бацькі — Віктар Міхайлавіч і Тамара Пятроўна.
У восемдзесят пятым годзе я атрымаў позву з ваенкамата і пайшоў служыць у армію. Чамусьці лёсам мне было наканавана патрапіць у падраздзяленне хімічнай абароны. Мы падрабязна вывучалі пытанні радыяцыі, вучыліся тэарэтычна і практычна засцерагацца ад яе — зімой, у лютыя маразы, нацягвалі на твары калючыя ад холаду процівагазы, апраналіся ў спецкасцюмы і былі падобны на іншапланецянаў, няйначай...
Мы ўсе ўмелі карыстацца дазіметрамі, маглі вызначыць любы ўзровень радыяцыі... Хто ж ведаў, што роўна праз год тыя веды трэба будзе прымяняць на практыцы ў жыцці...
Служба давалася і не лёгка, але ж і не цяжка. Займаўся спортам, таму вытрымліваў любыя нагрузкі, што выпадалі на маю долю. I крос у некалькі дзесяткаў кіла-
метраў бегаў, трымаючы за спіной груз, і ў тым жа процівагазе, а «праціўнік» нанёс нам перад гэтым атамны ўдар, і мы імкнуліся ў заражанай зоне выйсці на новыя рубяжы...
Нам паказвалі жудасныя фільмы пра выбух атамнай бомбы. He замежныя. Свае. Савецкая армія праводзіла вучэнні — выпрабоўвала тую смяротную зброю, што не пакідае нічога жывога на зямлі. Дрыжыкі праціналі, калі мы бачылі, як у паветра ўзляталі не толькі каты і сабакі, дрэвы і дахі дамоў, а нават машыны і танкі... To якую ж сілу павінен мець атамны выбух, калі шпурляў шматтонную тэхніку як пярынку?! Жудасна рабілася ад тых кадраў. Жудасна ад таго, што чалавек сам для сябе прыдумаў такую смерць. Нехта з афіцэраў казаў, што такія вучэнні праходзілі пад камандаваннем маршала Жукава... Але чамусьці не верылася — няўжо легендарны камандзір і военачальнік, які ўвайшоў у гісторыю як мудры і таленавіты палкаводзец, выпрабоўваў на сваіх жа салдатах смяротную зброю? Якая ж то была пагроза іх здароўюнават калі чалавек знаходзіўся і на далёкай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху, мы ведалі. Дакладна ведалі. А калі салдаты, апранутыя ў адзенне хімічнай засцярогі, але ўсё роўна бягуць праз тэрыторыю з высокім узроўнем радыяцыі, — то іх жа нічога не ўратуе. Ніякая хімічная засцярога! Радыяцыя праніжа іх як рэнтгенам — наскрозь.
Калі запалілася ў зале святло, ва ўсіх салдат былі змрочныя твары — кожны ведаў, што гэта такое. Мы маўчалі, уражаныя ўбачаным. I хацелася хутчэй забыцца пра тое, але яно настойліва прыходзіла ў нашую памяць, прыходзіла ў сны, і мне здавалася, што то я сам бягу па радыяцыйным полі, але забыўся апрануць адзенне і нацягнуць на галаву процівагаз — і таму крычу ад страху, ведаючы, якую памылку зрабіў...
Калі ўзарваўся чацвёрты рэактар на Чарнобыльскай атамнай станцыі, мы пра тое даведаліся праз суткі. I хаця далёка Валгаградская вобласць, дзе мы служылі, ад Чарнобыля, трывога і страх закраліся ў душу кожнага салдата — што ж з намі ўсімі будзе? Дакладнай інфармацыі не было. Чуткі абрасталі ўсё новымі і новымі падрабязнасцямі, у якія мы верылі і не верылі...
А яшчэ праз дзень у нашую часць пачалі прыбываць «партызаны» — запаснікі, якіх у тэрміновым парадку паклікалі на зборы. Мы не разумелі, чаму яны нахмураныя і злыя...
Пад вечар нас усіх і таксама «зборнікаў» выстраілі на прасторным пляцы. Наперад да нас з афіцэрскай групы выйшаў падпалкоўнік Аляксандр Малінін — камандзір батальёна.
— Таварышы салдаты! — гучна абвясціў камандзір і зрабіў пасля гэтага кароткую паўзу. — Мы пастроілі вас для таго, каб сфарміраваць новае падраздзяленне. У яго будуць уваходзіць у асноўным удзельнікі збораў і будзе далучана частка салдат тэрміновай службы.
Камандзір пералічыў прозвішчы і фарміраванні першага эшалона, потым другога і — трэцяга.
— Заўтра раніцай мы павінны з вамі пагрузіцца на чыгуначныя платформы і выехаць на станцыю Оўруч. A потым — пад Чарнобыль...
— Чым мы там будзем займацца? — выгукнуў нехта са строю «партызанаў».
— На месцы і будзе вам пастаўлена задача.
— Канкрэтней, таварыш камандзір! — праяўляў настойлівасць запаснік.
— Смірна! — замест адказу камандзір падаў каманду. — Направа-а-а!
I мы ўсе павярнуліся па камандзе, каб разысціся па сваіх казармах і рыхтавацца да ранішняга ад'езду. «Партызаны» жылі ў палатках — ім і збірацца не трэба было, усё мелі пры сабе.
У першых чыслах траўня наш састаў першым рушыў у бок Чарнобыля.
У нашым жыцці наступіў невядомы этап, якога мы баяліся, але які не маглі абысці, пазбавіцца ад яго...
Мы ведалі толькі тое, куды едзем. Мы разумелі, што нас там можа чакаць. Побач са мною, на верхняй паліцы купэ, ляжаў Віктар Малумаў, з Калмыкіі.
— Гэта ж трэба, — скардзіўся невядома каму Малумаў. — Тры месяцы назад прыйшоў з арміі. Тыдзень назад жаніўся. А тут ноччу прыехаў «чорны воран», усырычылі позву ў зубы — і ляці няведама куды...
— He пашанцавала табе, не паспеў нацешыцца маладой жонкай... — паспачуваў яму сусед знізу.
Віктар уздыхнуў, нічога не адказаў, прымружыў вочы. Мы ведалі, пра што ён думаў у гэты момант. To ён пазней пакажа мне фатаграфію сваёй Волечкі — прыгажуні з доўгай касой. Ён і пісьмамі яе закідваў адтуль, дзе мы былі... I на кожнае атрымліваў адказ.
У Оўруч мы прыбылі праз двое сутак — пад раніцу. Нічога трывожнага не назіралася — дрэвы апрануліся ў маладую лістоту, падавалі голас раннія птушкі. Па дарозе туд-сюд снавалі легкавушкі...
Толькі калі пачалі разгружацца, кожны адчуў, як злёгку кружыцца галава. I ў кожнага запяршыла ў горле, адчуўся дзяркаты боль. Як што сціснула яго моцна і неадчэпна. Уражанне было такое, што быццам нас на вучэннях загналі ў памяшканне, скрозь насычанае ўдушлівым газам, і нам не выдалі процівагазы...
Той сон, што прыходзіў мне не раз, набываў рэальныя рысы. Кожнага міжволі працінаў незразумелы кашаль, які не спыняўся, а наадварот — узмацняўся ўсё больш і больш...
Наш чарнобыльскі батальён складаўся са 120 чалавек. Палавіна — тэрміновай службы. Была знята з недатыкальнага запасу ваенная тэхніка — спецыяльныя машыны хімічных войскаў, баявыя машыны разведкі, у якіх і знаходзілася сучаснае абсталяванне для вызначэння ўзроўняў радыяцыі...
Сваім ходам мы прыбылі ў Нараўлянскі раён — у населены пункт Вуглы. Калі ж прачыталі перад самай вёскай архітэктурную візітку «Саўгас «Партызанскі», нехта горка пажартаваў:
— Ну, во, прыбылі па прызначэнні: «партызан» — і ў «Партызанскі» саўгас!
Мы раскінуліся лагерам непадалёк ад вёскі. Бліжэй да Дзёрнавічаў.
Памятаю, як мы сустрэліся з Міколам Сіманенкам — дырэктарам саўгаса «Дзёрнавічы» — загарэлы, у белай тэнісцы, ён сам і за рулём быў. Здаецца, дырэктар саўгаса і наш камандзір пасябравалі з першага знаёмства.
Праз колькі дзён, калі мы амаль поўнасцю разгарнуліся, новую нечаканую каманду падаў камандзір:
— Тэрмінова перабазіравацца на новае месца!
Мы былі незадаволены такім паваротам падзей, асабліва «партызаны». Бо натаміліся страшэнна, і была
ў кожнага адна мара — паспаць і адпачыць. Здавалася, што новае перасяленне было ўжо не пад сілу. Але ж неяк вытрымалі, усё расставілі, як трэба. I адразу ж да нас прыехалі энергетыкі, падключылі энергію.
Яны былі з Нараўлянскіх электрасетак — маладыя хлопцы, трошкі старэй за нашых «партызанаў». Калі ж камандзір падзякаваў ім за аператыўную работу, наш кухар пакарміў іх, і хлопцы паехалі зноў у Нароўлю...
To пазней нам сказаў камандзір, чаму мы пакінулі тое месца. Там была высокая радыяцыя. I ён пашкадаваў нас, не захацеў, каб мы апраменьваліся ў сваім юначым узросце. Мы былі ўдзячны яму за такія клопаты. Праўда, потым за тое няўзгодненае з высокім начальствам перасяленне былі ў нашага камандзіра вялікія непрыемнасці — генералы не прабачылі яму самавольства...
Найперш нас і мяне асабіста ўразіла не высокая радыяцыя, якую прынёс паляшуцкім вёскам Чарнобыль, — да радыяцыі мы прывыклі і на сваіх вайсковых вучэннях, — сціскалася сэрца ад таго, што вёскі былі спрэс пустыя. Людзі пакінулі свае хаты, нічога не ўзяўшы з сабою. На адным двары мы ўбачылі новенькую дзіцячую каляску з лялькай. На дроце віселі пялюшкі, якія ўжо вымачыў дождж высушыў вецер, яны ўжо выцвілі на сонцы...
У хатах віселі абразы, засцелены былі ложкі, на стале застаўся посуд... Здавалася, што жыхары адначасова некуды збеглі і павінны вось-вось з’явіцца...
Вусцішна рабілася ад такога відовішча.
Мы абсталявалі механічныя майстэрні; энергетыкі зноў жа нам памаглі — падключыць, паставіць трансфарматар... Без іх, энергетыкаў, і без энергіі нам, вайскоўцам, хоць памры.
Я быў і дазіметрыстам — па сумяшчальніцтве, але асноўная задача была — перавозіць ліквідатараў з месца на месца. Я быў вадзіцелем. To на «КамАЗ» сядаў, то на «ЗІЛ», а то і на БМР — у залежнасці, якую задачу нам ставіў камандзір.
Напачатку мы замяралі ўзровень радыяцыі населеных пунктаў і здымалі ўручную грунт. Потым звозілі яго на магільнікі. Мыйнымі машынамі — з брандспойтаў — мылі дамы і дахі, платы і хлявы... А потым нам давалі новы загад, і мы ўжо былі на новым месцы.
Недзе на дарозе, да прыкладу, зламалася машына. Мы пад'язджаем да яе, грузім на «КамАЗ» і прывозім да сябе — у рамонтныя майстэрні.
— Заўтра, радавы Масяйчук, у цябе адказнае заданне, — сказаў вечарам камандзір Аляксандр Малінін. — Паедзеш туды, пад рэактар... Павязеш хлопцаў, якія будуць скідваць графіт з даху... Рыхтуй машыну.
— Ёсць рыхтаваць машыну! — адказаў я.
Камандзір і тут праявіў сябе з чалавечага боку. Другі б на яго месцы паставіў бы баявую задачу перад салдатамі — і лічыў бы свой абавязак выкананым. Перажываў Аляксандр за людзей, ашчаджаў іх.