Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Вышэйшае начальства дало яму загад сфарміраваць групу «партызан» і скінуць з даху графіт. Што гэта такое, нікому тлумачыць не трэба. Самая рызыкоўная аперацыя. Каманду далі, а засцерагальных касцюмаў і прыстасаванняў не выдзелілі.
Дык жа камандзір недзе расстараўся свінцовых пласцінаў. Прывёз іх, паклікаў хлопцаў, што павінны былі ехаць на рэактар працаваць, загадаў «шыць» сабе «касцюмы». Хлопцы напачатку недаверліва аднесліся да гэтай задумкі, нават пасмейваліся з дзівацтваў камандзіра.
— Рабіце, што я сказаў... Калі хочаце, каб вас жонкі кахалі і не пакінулі. Калі нашчадкаў пасля сябе хочаце мець.
Дайшло да хлопцаў, што не жарцікі. Зразумелі — ідуць на амбразуру.
— He болей адной хвіліны працуе кожны. He болей. Чуеце? Па трое будзеце забягаць туды. Як у тым чорным анекдоце — двое з насілкамі і адзін з рыдлёўкай. За хвіліну адзін павінен накідаць той графіт на насілкі, двое трымаюць насілкі ў руках, хуценька скідваюць груз з даху — і стрымгалоў адтуль. На змену адным забягаюць на дах наступныя трое. I мне каб без дурыкаў, самі ж потым шкадаваць будзеце...
— Слухаемся, таварыш падпалкоўнік!
Кожны сам сабе рыхтаваў засцярогу. Прывязвалі тыя пласціны спераду, ззаду, між ног, нават свінцовыя шапкі сабе зрабілі. Камандзір потым прыдзірліва аглядаў кожнага. Калі ж застаўся задаволены экіпіроўкай, сказаў:
— Ну, во, цяпер — хоць чорту ў зубы... Абяцаю, што нічога з вамі не здарыцца.
Мы пад'ехалі не пад самую станцыю, а сталі трошкі воддалеч, адкуль хлопцы маглі хутка дабегчы і рабіць сваю справу. Фарміраваліся брыгады, як і казаў Малінін, з трох. Дзевяць чалавек забягала туды. Трое адрывалі графітавыя прыгарэлыя стрыжні ад бітуму, хуценька кідалі на насілкі, і калі завывала сірэна роўна праз хвіліну, — насільшчыкі хутка выкідвалі ў спецыяльнае месца з даху кавалкі графіту, які выпраменьваў шалёную радыяцыю...
За імі беглі наступныя. Наладжваўся канвеер.
Хлопцы прыбягалі ўзмакрэлыя, падалі на лаўкі і доўга не маглі аддыхацца. Потым, праз нейкі час, яны зноў імчалі туды, насустрач смяротным промням, бо верылі свайму камандзіру... Добра, што камандзір паклапаціўся і пра ваду — набраў яе для хлопцаў... I яны, прыбегшы да машыны, адкаркоўвалі тут жа — і пілі прама з горла, не адрываючыся, і добрым словам успаміналі Сашку Малініна. Бралі і чарку. He надта, але па некалькі глыткоў прымалі. He ўсе. He для таго, каб патушыць трывогу. Так раілі негалосна медыкі...
Некалькі гадзін мы знаходзіліся непадалёк ад рэактара. I пяць, і дзесяць разоў падымаліся хлопцы на дах. Калі ж знясілелі, калі ўжо не было ніякай моцы падняцца наверх, іх змянілі іншыя групы.
Мы ж вярнуліся ў свой лагер...
«Дарагія татачка і мамачка! — пісаў я ў чарговым лісце дадому. — Дарагі брат Сяргей! Служба ў мяне працякае нармальна. Ездзім па вёсках, робім дэзактывацыю. Памагалі з эвакуацыяй мясцоваму насельніцтву. А ўчора вазіў хлопцаў на станцыю. Яны з даху скідвалі графіт. Вы, мусіць, тое бачылі па тэлевізары. Іх здымалі тэлеаператары, каб паказаць, што ў хуткім часе можна будзе лакалізаваць рэактар чацвёртага блока...»
3 Назарава неўзабаве прыйшло пісьмо ад бацькоў.
«Дарагі сынок Славік! Мы тут усе перажываем за цябе — як ты там? Ведаем, што ўсяе праўды ты не раскажаш, бо вунь як доўга хавалі праўду пра Чарнобыль. Цяпер жа пачалі раскрываць тайну.
А мы, ведаеш, што надумаліся? У твой бок падацца. У Гомель хочам пераехаць. Ад нас паехаў будаваць Гомельскую ЦЭЦ Васіль Бяроза. Нас туды кліча. Напачатку паедзе бацька, разведае там, што да чаго, а пасля і ўсе рушым. Верым, што там добра ў нас складзецца...»
Так яно і атрымалася. Першым паехаў у Гомель бацька. Ён і ў Нароўлю прыязджаў, дзе я яго забраў на грузавіку і прывёз да сябе. Ён і з камандзірам пазнаёміўся, доўга гаварыў з ім. Пераначаваў разам з намі ў палатцы, хаця на вуліцы быў ужо верасень. Мы ўжо ў той час перабазіраваліся на Украіну. Раскінуліся лагерам пад населеным пунктам Палескі.
— Пераехаў я ў Гомель, — расказваў мне бацька, — жыву пакуль у інтэрнаце. Неўзабаве маці прыедзе — як дадуць нам жыллё. Паабяцалі хутка выдзеліць. А потым і Сярожку паклічам... Пасля службы прыедзеш да нас?
— А куды ж я падзенуся? — радуюся я ад таго, што ў бацькоў усё добра складвалася. — I я потым на цеплацэнтраль прыйду — стану, як і вы, энергетыкам.
— Добра. Будзем чакаць цябе.
Потым пачаліся халады і маразы, і скончыўся наш тэрмін прабывання ў якасці ліквідатараў катастрофы. Нам, салдатам тэрміновай службы, і «партызанам» выдалі даведкі аб накапленні радыяцыі... Па дадзеных ваенных спяцоў у даведцы значылася лічба 12. To столькі рэнтгенаў я «схапіў» падчас службы ля рэактара... Я ведаю, што тая лічба ліпавая і далёкая яна ад сапраўднай. Бо мы ведалі дакладны малюнак узроўню радыяцыі. Бо мы падыходзілі да гэтага як прафесіяналы. Як і ведаем, што засцерагаліся ад яе, каб потым не шкадаваць аб сваёй бяздумнасці...
Вярнуліся ў родную часць, што пад Валгаградам.
Даслужваць мне заставалася ўсяго паўгода...
Дэмабілізаваўся — і паехаў да бацькоў, у Беларусь, туды, дзе яны знайшлі новую радзіму. Дзе іх чакалі, дзе далі ўсе ўмовы для працы.
Я — дзяжурны электрык на станцыі. Уліўся ў калектыў і не адчуваю сябе чужым. 3 самага першага дня працы. Работа ладзілася, пасябраваў з новымі людзьмі.
Любіў заглядваць у хімічны цэх — роднасць спецыяльнасці прыцягвала. А там амаль дзявочы калектыў. Перакінешся словам-другім, пажартуеш з дзяўчатамі, — і з добрым настроем працавалася далей...
А аднойчы я ўбачыў зусім новых дзяўчат, якіх да гэтага не было ў цэху. Падышоў, павітаўся, пацікавіўся ў той, што прыглянулася, што пацяплела на душы ад аднаго толькі позірку:
— I адкуль вы такія прыгожанькія?
— Практыканткі мы. 3 Прыбарскага вучылішча.
— Мяне Славікам завуць. А вас?
— Мяне — Лена Сувалава. А гэта мая сяброўка — Галя Куліна...
3 таго часу я не мог спакойна прайсці міма хімічнага цэха. Начальнік цэха Аляксандра Карніцкая жартоўна ўшчувала:
— I што гэта ты, хлопча, зачасціў да нас? Прыборы, здаецца, у нас усе спраўныя. Падумаюць яшчэ, што ламаюцца, наганяй мне будзе. Ці прыглянулася табе каторая, га?
Ведала ж, што найчасцей спыняюся каля Алёнкі. Але доўга размаўляць не выпадала — апаратчыкам трэба было сачыць пільна за помпамі і фільтрамі. А мяне таксама чакалі мае клопаты.
Сёння ў нас гадуецца Алег...
Часта збіраемся ў нас з маімі бацькамі. Бабуля — Тамара Пятроўна — вельмі любіць унука. Жыве побач з намі. У Гомелі жыве і Сяргей са сваёй сям'ёю...
Я задаволены сваім лёсам. Задаволены тым, што ў Беларусі знайшоў сяброў, сустрэў каханую, што беларуская зямля дала прытулак, працу...
Мы ўсе разам склаліся і купілі «Жыгулі». I тады ўсе разам выязджаем на дачу. Там працуем, бавім час.
А ў думках не-не ды і выплыве Чарнобыль... Сціскаецца тады ад успамінаў сэрца. Бачу тады пустыя вёскі, здзічэлых сабак і катоў...
А пра камандзіра ўспамінаю цёпла і з падзякай. Напэўна ж, не толькі я адзін хораша ўспамінаю яго, а і ўсе, хто служыў пад яго камандзірствам. Харошы камандзір! Выдатны!
...Ці перастануць калі мне сніцца сны пра Чарнобыль?!
Ніна РЫБІК
ЧАРНОБЫЛЬСКІ СШЫТАК
I / яма сёння не толькі ў краіне, але і ў свеце чала-
П века, які б не ведаў ці хоць бы не чуў слова «Чарнобыль». Але ў розных людзей яно выклікае і розныя асацыяцыі. У адных — непрыхаванае раўнадушша: якая мне справа да ўсяго гэтага, калі і сваіх праблем хапае. У другіх — спачуванне да людзей, якіх захапіла сваім крылом бяда, / разам з тым патаемна-радаснае: дзякуй Богу, што нас абмінула. У трэціх жучком-тачыльшчыкам жыве ў сэрцы трывога за родных і блізкіх людзей, якія хоць нейкі час былі ТАМ.
Ёсць і чацвёртыя — тысячы, дзесяткі тысяч людзей, для каго Чарнобыль супраць волі і жадання стаў часцінкай лёсу, да якіх, бы нябачнае кляймо, на ўсё жыццё прыпячаталася азначэнне «чарнобылец». Я — адна з такіх дзесяткаў тысяч. Мой асабісты лёс нічым асаблівым не вызначаецца. Але ў гэтай звыкласці, неадметнасці, падобнасці лёсаў, можа, і хаваецца галоўная трагедыя Чарнобыля?
Шчыра кажучы, я доўга вагалася: ці патрэбна абнародаваць гэты вельмі асабісты «чарнобыльскі сшытак»? Прайшло нямала часу, пра Чарнобыль сталі паціху забываць пад нашэсцем многіх іншых трагедый і катастроф. Пра тую аварыю ў свой час было столькі сказана і напісана такіх разумных і правільных слоў, і так мала ад усяго гэтага карысці... Але, зрэшты, я не збіраюся ўздымаць праблемы, шукаць герояў і вінаватых, патрабаваць, абвінавачваць і заклікаць. Я проста хачу раска-
заць пра тое, як гэта было са мной і маёй сям'ёю, які след Чарнобыль пакінуў у лёсе звычайнага «маленькага чалавека». У некага, магчыма, гэты след больш глыбокі, у некага — не такі прыкметны. А ў нас было так...
1. Першыя дні
Жылі мы тады ў Хойніках — невялікім гарадку на паўднёвым усходзе Беларусі, у Гомельскай вобласці. Той палескі куток славіўся сваімі цудоўнымі мясцінамі: грыбнікі-заўзятары, акрамя баравікоў, іншых грыбоў не бралі, лічылі гэта ніжэй уласнай годнасці; аматары ягад чарніцы з лесу цягалі кашалямі; рыбакоў і проста адпачываючых вабіла да сябе сваёй велічнай прыгажосцю каралева-Прыпяць. Цяпер усё гэта нельга ўспамінаць без сардэчнага болю: цудоўная палеская прырода рукой чалавека за адно імгненне з найлепшага сябра была пераўтворана ў злейшага ворага. I апусцела Прыпяць, пазарасталі травой ды хмызняком патаемныя сцежкі грыбнікоў...
Але гэта сталася пазней, калі нябачная і амаль нячутая датуль радыяцыя пасяліла ў душах людзей адвечны страх. А ў красавіку 1986-га прадказаўшага такую будучыню маглі б назваць вар'ятам.
...Вясна ў тым годзе была незвычайна цёплая. У невялікім садзе, што пасадзілі мы каля сваёй толькі-толькі пабудаванай хаты, ахінуўся белым вэлюмам абрыкос, вось-вось гатовы былі выпырснуць на волю першыя кветачкі на маладзенькай яблыньцы. Выпусціў разныя смарагдавыя лісты вінаград, які густа аплятаў веранду. Сакавіта, як гэта бывае толькі напачатку вясны, зелянела трава. Да таго часу паспелі пасадзіць бульбу, цыбулю, моркву. Засталося толькі закінуць грады на агуркі ды памідоры.
26 — 27 красавіка былі выхаднымі. Муж паехаў у вёску дапамагчы бацькам. Мы з дзецьмі — сыну тады ішоў трэці гадок, дачцы тры месяцы пераваліла на другі — засталіся дома. Цяплынь стаяла такая, што ўседзець у хаце было немагчыма. Ды і навошта, калі вось яна, доўгачаканая вясна, сонца, радасць?