• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    На гэтай агульнай хвалі пераезднай ліхаманкі пакінулі Хойнікі і мы, змянілі месца жыхарства на Астра-
    вец Гродзенскай вобласці. Неўзабаве сюды ж пераехалі, паматаўшыся па свеце, і бацькі.
    Тут мы ўжо болыіі за дзесяць гадоў. Выраслі і паехалі вучыцца ў Мінск дзеці — для іх Астравец ужо стаў радзімай. З’явіліся і ў нас новыя сябры і суседзі, многія, дарэчы, таксама хайнічане — нас прыехала сюды больш за сто сямей. Цяпер, праўда, засталося менш — некаторыя не абвыкліся: вярнуліся назад ці падаліся шукаць шчасця ў іншае месца. Ёсць любімая работа, якая прыносіць маральнае задавальненне і павагу людзей. Ёсць дах над галавой. I галоўнае — тое, чаго мы былі пазбаўлены ў паслячарнобыльскіх Хойніках — еднасць з прыродай, магчымасць пайсці ў лес, набраць грыбоў, пахадзіць басанож па траве без страху. Якое гэта вялікае шчасце, можна зразумець толькі, страціўшы ўсё гэта.
    I ўсё ж шчыміць балючай стрэмкай у сэрцы ўспамін аб Бацькаўшчыне, аб роднай зямлі. I нельга пазбавіцца думкі: за што, за чые і якія грахі нясуць пакаранне тысячы ні ў чым не вінаватых людзей, выгнаннікаў са сваёй радзімы?
    Аляксей КРЫВАШЭІН
    ЧОРНАЯ БЫЛЬ
    Запіскі ваеннага контрразведчыка
    Брастаўчанін Аляксей Захаравіч Крывашэін працяглы час служыў у чарнобыльскай зоне непасрэдна пасля аварыі на АЭС, узначальваючы там у званні палкоўніка органы контрразведкі. Зараз ён падрыхтаваў да друку кнігу ўспамінаў і роздуму «Чорная быль», у якой ярка, уражліва і дакладна апісвае падзеі тае пары. Прапануем увазе чытачоў шэраг фрагментаў з гэтага рукапісу.
    Горад без жыхароў
    У час правядзення дэзактывацыі будынкаў у горадзе Прыпяці ўзнікла неабходнасць праверыць, як практычна рэалізуюцца пастаўленыя камандаваннем задачы. Разам з начальнікам аператыўнай групы генераллейтэнантам Ю. I. Дукам і начальнікам палітаддзела генерал-маёрам В. А. Гаршковым я выехаў у гэты горад.
    Высокі плот з калючага дроту з вышкамі і сігналізацыяй аперазаў Прыпяць, узяў горад у замкнутае па знешнім перыметры кола. Уезд строга кантраляваўся.
    Здалёку мы бачылі акуратныя шматпавярховыя будынкі, шырокія вуліцы і прасторныя скверы. Гэта быў сучасны горад з узорнай планіроўкай. Аднак калі ўехалі ў яго, нас сустрэлі пустыя вачніцы вокнаў, закрытыя фанернымі шчытамі вітрыны магазінаў.
    Заходзілі мы і ў кватэры, дзверы якіх былі расчынены насцеж. Мэбля, калі яна заставалася, была паламана, рэчы раскіданы, разбіты кухонны посуд валяўся на падлозе. Халадзільнікаў, тэлевізараў, іншай бытавой тэхнікі ў кватэрах мы не знайшлі.
    Калі наведалі завод радыёапаратуры «Юпітэр», то ўбачылі яго разрабаваным. У цэласці і захаванасці засталіся толькі пустыя карпусы. Аказваецца, у час эвакуацыі яго забылі здаць пад ахову, і фактычна завод з каштоўнейшым абсталяваннем апынуўся без гаспадара. A нячыстыя на руку дзялкі тут жа ўзяліся разрабоўваць найбольш дасканалую апаратуру і дэталі, якія ўтрымлівалі каштоўныя металы. Цягнулі ўсе каму не лянота — былыя працаўнікі завода, выпадковыя людзі, эксплуатацыйнікі, ваенныя нават супрацоўнікі міліцыі, якім было даручана ахоўваць мёртвы горад.
    Аднойчы мы затрымалі двух такіх «вартавых парадку». У іх службовай машыне знайшлі тры мяшкі з радыёдэталямі, вырабленымі з высакародных металаў. Міліцыянеры і не адмаўлялі факт крадзяжу, заявіўшы, што іх, маўляў, усё роўна расцягнуць. На пытанне, навошта ўкралі радыёдэталі, прама адказалі: «Збіраліся піхнуць на кіеўскам радыёрынку».
    ...Горад без жыхароў, як вядома, памірае хутка. У Прыпяці панавала якаясьці гнятлівая цішыня, і калі мы ішлі па яго вуліцах, пастаянна здавалася, нібыта хтосьці крадзецца ўслед за намі. Міжволі азіраліся, але ззаду нікога не было. Потым мы зразумелі, што гэта рэха разносілася ад нашых крокаў амаль ці не на ўвесь квартал, а нам здавалася, што нехта высочвае нас.
    «Рыжы лес»
    Да чарнобыльскай трагедыі тут, на плошчы 60 гектараў, прымыкаючы да атамнай станцыі, узвышаліся стройныя, вечназялёныя сосны. У красавіку 86-га яны прынялі на сябе магутны ўдар ядзернай стыхіі і пад уздзеяннем моцнай радыяцыі набылі бураватае адценне, а потым і зусім загінулі. Ліквідатары ахрысцілі гэты масіў «рыжым лесам».
    Пасля збудавання саркафага і ачысткі 3-га энергаблока гэты памерлы шматок прыроды стаў асноўнай крыніцай радыеактыўнага забруджання навакольнага
    асяроддзя і ўяўляў сур’ёзную небяспеку ў пажарных адносінах. Сумарная актыўнасць радыенуклідаў у «рыжым лесе» даходзіла да 45 тысяч кюры. Самы высокі ўзровень забруджанасці назіраўся на плошчы ў 20 гектараў.
    Лес вырашана было пахаваць. Ваеннаабавязаныя, прызваныя з запасу, з дапамогай лесапавальных піл «ЛП-49» і няхітрых інструментаў, жартаўліва названых «Дружба-2» (два салдаты і двухручная піла), ва ўмовах павышанай радыяцыі з раніцы да ночы валілі смяротна небяспечны для здароўя лес. Следам інжынерна-сапёрная тэхніка і земснарады праводзілі абвалоўку і захаванне спілаваных дрэў. Ніхто з тых, хто выконваў гэтую работу, не скардзіўся на цяжкасці і складанасці, усе імкнуліся як мага хутчэй завяршыць нялёгкую справу. Аб’ём выкананай працы быў велізарны. Прыйшлося пакласці лес ад спелых дрэў да хмызняку на плошчы ў 90 гектараў, адсыпаць дамбы даўжынёю больш за 7,5 кіламетра, намыць грунт аб’ёмам амаль у 2 млн. кубічных метраў, а паваленае захаваць на бяспечную глыбіню.
    Лес знік. Дарога на Прыпяць цяпер ужо не такая небяспечная, як раней. Але на гэтым шляху, недалёка ад саркафага, засталося адно дрэва — незвычайнага выгляду сасна, ствол якой па дзіўнай прыхамаці прыроды яшчэ да Чарнобыля ўтварыў штосьці накшталт трызубца ці крыжа.
    Гэтая, пакінутая і цяпер ужо мёртвая сасна — зараз амаль ці не адзіная сведка таго, што тут адбывалася. Зараз яна акружана металічнай агароджай, вельмі падобнай на тыя, якія ўзводзяцца каля магіл спачыўшых.
    Хлеб Чарнобыля
    Неяк, выходзячы з будынка былога Чарнобыльскага райвыканкама, дзе тады размяшчаўся штаб, у вестыбюлі я ўбачыў бабульку гадоў васьмідзесяці, якая маліла дзяжурнага прапусціць яе да начальніка, а той тлумачыў, што не можа гэтага зрабіць, паколькі ў яе няма пропуску. Умяшаўшыся ў гэтую дыскусію, я прапанаваў жанчыне прысесці. Яна, стомленая, знямоглая, ціхім голасам, як бы адчуваючы за сабою якуюсьці віну, паведаміла мне наступнае.
    Калі здарылася бяда на АЭС, усіх жыхароў з іх маленькай вёсачкі вывезлі, і толькі яна адна засталася, не
    паехала з усімі, схавалася на двары. Іх сяліба знаходзіцца недалёка ад Чарнобыля, а сюды яе прыгнаў голад. Першы час, расказвала жанчына, яна здавольвалася тым, што было ў хаце. Але калі запасы пачалі заканчвацца, прыйшлося браць з суседніх дамоў тое, што засталося ў іх пасля эвакуацыі. Па яе словах, сорамна было гэта рабіць, яна лічыла, што квапіцца на чужое, нібыта крадзе, але голад браў сваё. Ёй зноў даводзілася зазіраць у пакінутыя хаты...
    Потым яна заплакала. Слёзы бездапаможнасці цяклі па яе бледным твары.
    Убачыўшы вялікія зоркі на маіх пагонах, яна прыняла мяне за самага галоўнага начальніка і пачала прасіць: «Дапамажыце, усе забылі мяне, нікому зараз я не патрэбна. Многа не трэба, дайце толькі хоць трошкі хлеба, я ўжо забыла, як ён пахне».
    Я пазваніў загадчыку афіцэрскай сталовай і паслаў туды свайго вадзіцеля Івана. Хвілін праз дваццаць, пакуль мы размаўлялі, ён прыехаў і прывёз не толькі хлеб, але і муку, масла, крупы, розныя кансервы, соль і запалкі. Добра, што ў нас праблем з гэтым не было. Усіх ліквідатараў харчавалі даволі-такі прыстойна.
    Калі мы падышлі да машыны і тая жанчына ўбачыла ўсё прывезенае, ёй на момант стала дрэнна. Цяпер, як мы зразумелі, яе турбавала пытанне: як занесці ўсё гэта? Звяртаючыся да нас, яна ціха прамовіла: «Я вазьму толькі хлеб — тут многа, усяго не данясу». Калі ж даведалася, што яе завязуць дахаты на машыне, зноў заплакала.
    Мы развіталіся. А ў мяне застаўся горкі цяжар нейкай віны перад гэтай жанчынай, хоць сам быў тут ні пры чым.
    Трэці энергаблок
    У выніку выбухаў і наступных выкідаў радыеактыўных рэчываў пры катастрофе на Чарнобыльскай АЭС найбольш высокія ўзроўні забруджання (радыяцыі) утварыліся на чатырох пляцоўках даху трэцяга энергаблока, што прымыкаў непасрэдна да разбуранага чацвёртага. Іх агульная плошча складала 3168 кв. метраў. Да асноўнай ачысткі даху ад радыеактыўных асколкаў асабовы склад войск прыступіў у верасні і закончыў у снежні 1986 года. Усе работы вяліся практычна ўручную.
    Разліковая працягласць адной змены на даху па Ma­ce была крайне абмежавана. Яна залежала ад таго, на якім участку даводзілася працаваць ліквідатарам, і вагалася ад дзвюх да васьмі хвілін. Але так выглядала толькі на паперы, а на практыцы ачыстка даху была зусім іншай, жахлівай і смяротна небяспечнай.
    Каманда: «Наперад!» — і асабовы састаў узбіраўся на высачэзную махіну блока, таропка аглядаўся, бег да смяротнага асколка, падхопліваў яго лапатай, калі ён лёгка паддаваўся, і зноў бег, зараз ужо да латка, каб скінуць ношу ўніз. I так — прабежка за прабежкай.
    Дах на трэцім, як і на іншых блоках, быў бітумны. Многія асколкі, у тым ліку і распаленыя, з вар’яцкай ад магутнага выбуху хуткасцю ўрэзаліся ў вязкую масу. Іх проста так не падчэпіш, трэба было гэтыя «метэарыты» адкалупваць, адбіваць, каб аддзяліць ад паверхневага слою. А час ішоў, апраменьванне доўжылася...
    Нарэшце — доўгачаканая каманда: «Скончыць працу, хутчэй уніз!» Знямоглыя, у поце, з чырвонымі тварамі ліквідатары бягом імчаліся прэч з даху. Калі былі ўжо ўнізе, кідалі інструменты, паспешліва займалі свае месцы ў кузаве машыны і рухаліся па заражонай тэрыторыі назад у лагер.
    Ніхто не адсочваў, колькі хвілін ішло ў іх на ўсё гэта. А вызначыць, якую дозу апраменьвання атрымаў кожны з працуючых, ніхто не мог, калі б нават захацеў гэта зрабіць. Ніякіх індывідуальных дазіметраў, з дапамогай якіх можна было б вымяраць дозу знешняга апраменьвання, не толькі тады, але і пазней ваеннаслужачым не выдавалі. Які асколак падняў той ці іншы салдат, з якім узроўнем радыяцыі, на якім участку даху быў — з 5-ю, 20-ю, 200-мі, а можа і з тысячай рэнтген? Ніхто не ведаў. Затое ў журнале ўліку доз апраменьвання ўсё выглядала пераканаўча і дакладна, а галоўнае стваралася ілюзія ўяўнага поспеху. Нібыта нічога асаблівага і не адбылося, можна зноў, не сёння дык заўтра ці крыху пазней, накіроўваць іх на працу, цяпер не на дах, а ў іншае месца, таксама забруджанае, але не настолькі моцна, як папярэдняе, і ўсё ж небяспечнае.