• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    У вайну Насця неаднойчы была пад кулямі, разыкавала жыццём. Цудам не трапіла жывой у вогнішча, калі карнікі палілі вёску.
    — Мне і цяпер часта сніцца, як уцякаю ў лес з хворай сястрыцай Марыйкай на руках. Ды і сёння колькі войнаў, бунтарстваў розных на свеце. Глядзіш па тэлевізары і перажываеш: хаця б да нас не дайшло гэта ліха. He дай Гасподзь!
    Ад Анастасіі Трафімаўны я даведалася, што ў I. Мележа быў намер напісаць пра перажытае жыхарамі Алексіч. На жаль, гэта задума пісьменніка, як і шматлікія іншыя, засталася нерэалізаванай.
    Насця скончыла педтэхнікум у Мазыры, паступіла ў інстытут педагагічны, але ж вучыцца не было за кім — вельмі хварэла маці.
    — Іванчык (менавіта так называе сястра свайго брата — Т. К.) неаднаразова раіў працягваць вучобу. Я ж яму адказвала, што буду браць веды з прыроды, з жыцця, ад людзей. I ён гаварыў, што гэта навука добрая, але заўсёды шкадаваў, што я не пайшла далей, вышэй, — успамінае мая субяседніца.
    Фактычна Анастасія Трафімаўна стаяла ля вытокаў пасляваеннай Каранёўскай пачатковай школы. I будавала яе, і настаўнічала, і кіравала. Звыш 30 гадоў педагагічнага стажу на яе рахунку.
    Аб чым толькі ні гаварылі мы з Анастасіяй Трафімаўнай у той вечар! Яна плакала па брату, па дарослым сыне, якога пахавала з мужам праз колькі год пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Расказвала пра ўнукаў, паказвала фота з сямейнага альбома. На адным са здымкаў — Іван Паўлавіч на вясковай
    вуліцы стаіць ля «Волгі» і любуецца сваёй сястрой Насцяй, у якой у руках... гітара.
    — Вы ігралі? — са здзіўленнем спыталася я, гледзячы на парэпаныя ад сялянскай працы цётчыны пальцы. А гаспадыня на хвіліну знікла ў суседнім пакоі і зноў з’явілася ўжо з гітарай. А потым акорд за акордам стала настройваць інструмент. I заспявала. Ай ды цётка Насця!
    — Як любіў Іванчык браць гэтую гітару ў рукі. Колькі мы з ім песень успаміналі ў час нашых сустрэч, — сказала з такой цеплынёй у голасе, быццам гэта было ўчора.
    Мележ вельмі любіў гасцяваць у Вяргейчыкаў, ніколі не мінаў іх хату. Тут заўсёды панавалі шчырасць і дабрыня. Пісьменніка прыцягвалі яшчэ і характар самой сястры, яе асабістыя меркаванні пра падзеі жыцця. Вельмі назіральная, удумлівая, яна была ўвасабленнем «людзей-чалавекаў» яго Палесся.
    Незвычайная гэта жанчына, Анастасія Трафімаўна! Яна ж яшчэ і пчаляром слыла адметным, падсілкоўвала брата мядком. Пра гэта расказваў мне яе гаспадар — былы партызан Уладзімір Антонавіч, з якім у мінулым годзе мая гераіня спраўляла залатое вяселле. Пра брата жонкі ён сказаў: «Гэта наш, хойніцкі, Якуб Колас. Згадваецца, як ён запрасіў нас у госці з нагоды атрымання Ленінскай прэміі. Паказаў, як цяпер памятаю, залаты медаль за нумарам 112, пасведчанне, падпісанае Брэжневым і Касыгіным. Гаварылі пра наша сялянскае жыццё, як падымаецца наш калгас «Ленінскі шлях». А ў час яго ад’ездаў з Глінішча мы абавязкова спыняліся ля яго любімай сасны, што расце непадалёку ад хойніцкіх могілак. Тут, ён расказваў мне, любіў адпачыць, калі ішоў у школу ў райцэнтр».
    Вяргейчыкі з асаблівым хваляваннем атрымлівалі лісты і паштоўкі ад Івана Паўлавіча, якія ён дасылаў ім. Цётка Насця захоўвае іх у Кнізе ўсіх часоў і народаў — Бібліі. Пасланні брата для яе такая ж святыня. Кожны вечар, кладучыся спаць, яна дастае іх і перачытвае, бы малітву за зямлю родную. «Іванчык мне як прысніцца — увесь дзень спрыяе», — падводзячы вынік нашай размовы, Анастасія Трафімаўна падала мне ліст і паштоўкі ад брата:
    «Дарагія Насця і Валодзя! Я вельмі рады кожнай вестачцы ад вас, ад мілай сэрцу майму Каранёўкі. Цяпер,
    пасля таго як усе пакінулі Глінішча, там самыя дарагія мае ўспаміны, у маёй Каранёўцы. Шкадую вельмі, што не ўдалося пабыць у гэтым годзе. Толькі што паглядзеў на яе з птушынага палёту, з вышыні шасці кіламетраў, калі пралятаў з поўдня ў Мінск. Бачыў добра ўсю, і маленькая была яна — уся на далоні памесціцца.
    Толькі што я вярнуўся з Францыі, з Парыжа — многа пабачыў / ўтаміўся, цяпер адпачываю некалькі дзён. Потым трэба будзе ў Кіеў / Маскву. А тады як-небудзь і ў Каранёўку. Абдымаю вас усіх!
    Ваш Іван»
    «Дарагія каранёўцы! Са святам вас, з зімою і марозамі, з Новым годам! Будзыце ў новым годзе ўсе здаровыя, вясёлыя — няхай водзяцца ў вас пчолы, і гарэлка, і ўсё, што трэба на закуску! Паклон ад мяне Грышу і Ганне і ўсім каранёўцам. He забудзьце пакланіцца каранёўскім грэблі і цагельні.
    Іван.
    Р. S. За пасылку дзякуй. Толькі вельмі важкая аказалася. Ледзь дацягнулі дадому».
    «Дарагія Валодзя і Насця! Навагодняе прывітанне вашай хаце, каранёўскай вуліцы, старым ігрушам, і маладым яблыням, і снегу ў полі, вам, дарагія мае чалавекі!..
    Шчасця ўсім вам.
    Ваш Іван».
    «Звініць званочкам у душы маёй...»
    Лілія Мележ, родная пляменніца пісьменніка, са студэнцкіх часін для мяне — увасабленне паляшучкі Ганны, галоўнай гераіні «Палескай хронікі», хаця знешне і не падобна да яе. Але такая ж увішная, працавітая, вострая на слова.
    Яна ніколі не фанабэрылася сваім радством з пісьменнікам. Паступаць у БДУ імя Леніна прыехала ў Мінск, не сказаўшы ні слова дзядзьку. Дзеду і цётцы паведаміла, што да Івана Паўлавіча заедзе пасля таго, як здасць усе ўступныя экзамены.
    Неяк яе, першакурсніцу, выклікаў дэкан факультэта: «Значыць так, студэнтка Мележ. Вучышся ты выдатна, нічога не скажу. Але ж чаму дзядзьку крыўдзіш — у госці не ідзеш? Тэлефанаваў мне Іван Паўлавіч. Так што заданне табе: каб сёння ж пайшла ў госці. Заўтра даложыш!»
    Мы ўспаміналі з Ліляй гэтыя моманты студэнцтва ў яе хойніцкай кватэры.
    — Ведаеш, па прыродзе сваёй Іван Паўлавіч быў чалавекам цярплівым. Ніколі чужой увагі да сябе не прыкоўваў, хаця і вельмі пакутаваў ад хваробы нырак. Але яму не было спакою з-за шматлікіх людскіх зваротаў і званкоў: «Памажы тое, памажы гэта...» — яна як бы тлумачыла, чаму не хацела турбаваць свайго дзядзьку.
    Лілія Мележ працуе мастацкім кіраўніком Хойніцкага гарадскога цэнтра культуры і спорту, спявае ў народным ансамблі «Спадчына». Неаднойчы мне даводзілася бачыць яе на сцэне ў нацыянальным уборы, чуць яе дзівосны голас, захапляцца ўменнем весці канцэрты. Гэтаму яна нідзе не вучылася, гэта закладзена генетыкай мележаўскага роду.
    Маці, Юлія Паўлаўна, у свой час спявала ў народным хоры Г. Цітовіча, была заснавальніцай хору ў Глінішчы. Лёс быў неміласэрны да яе. I Івана Паўлавіча гэта вельмі засмучала.
    — Маму маю, як і ўсіх сваіх сясцёр, ён вельмі любіў і па-чалавечы шкадаваў. Яна расказвала: калі б ні зайшла да яго ў Мінску, адчувала імкненне затрымаць яе тут, даць іншы лёс. He толькі як спявачцы, але і як жанчыне, — са слязамі ў вачах расказвае Ліля. — Перад самай смерцю спатрэбіліся нейкія дарагушчыя лекі. А першым адгукнуліся на наш кліч Іван Паўлавіч і яго сям’я: адправілі пасылку з тымі ўколамі і таблеткамі, дапоўнілі яе і прадуктамі, фруктамі. А пісьмы яго былі простымі, чалавечнымі. Гэта лісты чалавека, які любіў, якога любілі.
    Ліля — апантаны народнай песняй, мастацкай самадзейнасцю чалавек. Mae цэлы стос грамат, падзячных пісьмаў, дыплом першай ступені як лаўрэат I Фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня». А самая высокая адзнака яе асабістага ўкладу ў развіццё беларускай культуры — Ганаровы знак міністэрства.
    — I дзед, і бабуля, і дзядзька Іван, і цёткі ўсе мае любілі і ўмелі спяваць. Відаць, гэта ад прыроды нашай. А ад каго ў Івана Паўлавіча пісьменніцкі талент, адчу-
    ванне слова, веданне жыцця? Думаю, ад бацькі, Паўла Фёдаравіча. Дзед сярод вяскоўцаў заўсёды вызначаўся інтэлектам, інтэлігентнасцю. Расказаць ярчэй, вобразней і правільней, чым ён, пра нейкую падзею, з’яву ў Глінішчы ніхто не мог. Ведаеш, мне вельмі хочацца, каб нашы дзеці дастойна прадоўжылі мележаўскі род, — шчыра падзялілася Ліля самым запаветным.
    Ды ўжо можна не сумнявацца ў гэтым! Сын — прыроджаны тэхнар, а Марына — гуманітарый. Mae журналісцкія задаткі — яшчэ школьніцай друкавалася ў дзіцячых рэспубліканскіх выданнях, атрымала атэстат з залатым медалём. Потым вучылася на філфаку БДУ, дыплом пісала про тое, што баліць: «Чарнобыль у паэзіі Міколы Мятліцкага». Скончыла магістратуру і «выдала» дысертацыю «Лірыка М. Мятліцкага». Завочна вучыцца ў філіяле Маскоўскага міжнароднага інстытута эканомікі і права. Паступіла і ў аспірантуру БДУ, дзе будзе працягваць сваё літаратурнае даследаванне «Чарнобыль у сучаснай беларускай паэзіі». Вось такі «атожылачак» мележаўскага роду.
    — Калісьці Іван Паўлавіч казаў мне: «Вы, маладыя, аспірантуры паканчаеце і ў Мінску асядзеце, забудзеце Палессе», — успамінае Ліля. — Думаю, што ён быў бы вельмі задаволены тым, што я тут засталася, у Хойніках.
    Свайму райцэнтру, перажыўшаму страшнейшую трагедыю адышоўшага тысячагоддзя, яна прысвяціла вершы. Мясцовы кампазітар Міхась Краўчанка напісаў да іх музыку. Гэта своеасаблівы гімн малой радзіме, даніна памяці Івану Паўлавічу Мележу:
    «Тут Хойнікшчына,
    край мой непаўторны, Зямля паэтаў,
    спевакоў, надзей...
    Я тут з’явілася на свет пад небам зорным
    I не жадала б болей жыць нідзе!
    Над лесам устае ружовы ранак, I жаваранак ўецца нада мной, I чысты голас мележаўскай Ганны Звініць званочкам у душы маёй...»
    Міхаіл ЦЯРЭНЦЬЕЎ
    СЛЕД ЧОРНАГА ВЕТРУ
    Святлана Скамарохава — звычайная беларуская дзяўчына. Абаяльнай паненцы з чыстым дзіцячым позіркам 25 гадоў ад роду. Яна лічыць, што ў гэтым жыцці яшчэ вельмі мала паспела зрабіць. Аб тым, што шэсць гадоў назад яе сачыненне пра Чарнобыль было пераведзена на некалькі моў свету і яна атрымала прапанову стаць гераіняй тэлесерыялау Бі-бі-сі «Сто лёсаў планеты», гаворыць мімаходзь. Яно і зразумела: хіба аспірантцы Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук варта надаваць значэнне такім «выпадковасцям», як яна іх называе?
    Героі нашага часу
    3 сачынення Святланы Скамарохавай: «Потым пачулі, што трэба ўжываць ёд. Але які і як, ніхто не ведаў. Зараз гэта немагчыма ўявіць, аднак у аптэцы маім бацькам параілі даваць мне ёд па чайнай лыжцы тры разы ў дзень».
    У Святланы паспяховая біяграфія станоўчай дзяўчынкі. Адмоўнае ў чвэрцьвекавой лініі жыцця толькі адно— 1986 год і першы клас у гомельскай сярэдняй школе № 10, у якім Скамарохава, у адрозненне ад многіх сваіх аднакласнікаў, вучылася да апошняга званка.