Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Калі, нарэшце, аб’явілі, што мы прыехалі, уздых аблягчэння быў усеагульным. Цягнік, мінуўшы Віцебск, спыніўся на невялікай станцыі Лётцы. Там нас ужо чакалі аўтобусы, хоць да санаторыя з аднайменнай назвай, дзе нас павінны былі размясціць, было не больш кіламетра. Тут, на пероне станцыі, мы ўпершыню за ўсю дарогу адчулі шчыры, непадробны, не дзеля справаздачы, клопат, сапраўдную ўвагу і спачуванне — і гэта кра-
нала да слёз. Нас сустракаў увесь абслугоўваючы персанал санаторыя — ад урачоў да санітарак, нам дапамагалі несці дзяцей і рэчы. У самім санаторыі зноў жа дапамаглі дабрацца да карпусоў, размясцілі па нумарах — кожнай сям'і асобны, накармілі смачным гарачым абедам, усіх наведаў урач, пацікавіўся самаадчуваннем, хворых — а за час дарогі многія падхапілі розныя кішэчныя інфекцыі — шпіталізавалі. I толькі потым персанал заняўся тым, з чаго звычайна пачынаецца засяленне ў любы санаторый — афармленнем дакументаў, ды і тое рабілася для нашай зручнасці прама ў нумарах. Дарэчы, і потым, на працягу трох месяцаў, калі санаторый «Лётцы» быў, па сутнасці, нашым домам, мы адчувалі такую ж увагу, хоць такія клопатныя пацыенты, як мы, з ватагай дзяцей самага рознага ўзросту, наўрад ці прыносілі многа радасці.
Санаторый «Лётцы» знаходзіцца непадалёк ад Віцебска, у прыгожым сасновым бары, на беразе маляўнічага возера. Мясціны рэдкай прыгажосці, і адпачываць там, мусіць, адна асалода. Нам таксама жылося нядрэнна: утульна размясціліся ў зручных нумарах са ўсімі выгодамі, нас сытна і смачна кармілі, хто меў патрэбу і магчымасць — прымаў лячэнне. Але адпачынку не было — перш за ўсё таму, што не было душэўнага спакою. Сэрца грызла, як іржа жалеза, безупынная трывога. За бацькоў, якіх выселілі ў Рагачоўскі раён, дзе яны, пакуль будавалі для іх дамы, жылі кватарантамі ў чужых людзей. За дзяцей, якія сумавалі па татку, і ў тыя рэдкія хвіліны, калі ён, раз у месяц вырваўшыся на дзянёк, прыязджаў да нас, не злазілі з рук. А больш за ўсё — за нашу будучыню. Было ўжо зразумела, што радыяцыя — гэта надоўга, магчыма, назаўсёды. Што будзе з намі? Ці зможам мы калі-небудзь вярнуцца дамоў? I як будзем жыць, калі дазволяць вярнуцца? А што рабіць у тым выпадку, калі дарогі назад не будзе? Пытанні не давалі спакою, і адказу на іх не было.
Бестурботнае, камфортнае санаторнае жыццё за тры месяцы абрыдла, як турма. Часта касілі газоны, і калі водар падвяленай травы запаўняў усю прастору — і душу, марылася, як пра самае запаветнае: цяпер бы да бацькоў, у вёску, на пакос — каб ламала спіну ад стомы і не чуваць было рук. Рабілася вусцішна ад думкі,
што родная вёска за калючым дротам, пакінутая ўсімі, і ніхто не косіць на паплавах духмянага разнатраўя. Смаката ў сталоўцы ўжо не лезла ў рот, і хацелася звычайнай маладой бульбы з кропам ці румянага драніка — іх, дарэчы, купіўшы ў складчыну электраплітку і з'ездзіўшы ў Віцебск на рынак за ўсім неабходным, мы прылаўчыліся варыць і пячы прама ў нумарах, рызыкуючы нарвацца на гнеў начальства.
Калі ў апошнія дні жніўня паведамілі, што мы вяртаемся дамоў, у Хойнікі, цяжка сказаць, якое адчуванне было мацнейшым: страх перад тым, што нас там чакае, ці радасць, што мы нарэшце зноў будзем жыць у сваёй хаце, усёй сям'ёй. Хутчэй апошняе, бо шчыра верылася: калі дзяцей вяртаюць, значыць небяспекі для іх здароўя няма. I ўсё, ці амаль усё — бо цяпло ў бацькоўскую хату ва Уласах ужо не вярнуць ніколі — будзе як раней, да Чарнобыля...
4. Першы год і гады пасля
Родны горад за гэты час прыкметна пацішэў. Зніклі з яго вуліц бэтээры, хоць вайскоўцаў і людзей у міліцэйскай форме па-ранейшаму заставалася шмат. Але галоўнае — паспакайнелі самі жыхары. Напэўна, уступілі ў дзеянне ахоўныя сілы чалавечага арганізма — немагчыма ж увесь час знаходзіцца ў пастаяннай трывозе. Ды і супакойвалі нас увесь гэты час вельмі ўмела, пачынаючы з мясцовых чыноўнікаў і заканчваючы медыцынскімі свяціламі з сусветнымі імёнамі. Немалаважным было і тое, што дзяцей пасля трох месяцаў санаторна-лагернага жыцця вярнулі дамоў. Дзеці на вуліцах — гарант таго, што ў горадзе можна жыць, што ў яго ёсць будучыня.
Як жылі мы тады? Нельга сказаць, што пасля вяртання з эвакуацыі наш лад жыцця карэнным чынам змяніўся. Так, былі ў ім нейкія новыя моманты — напрыклад, забаранялася ўжываць у ежу малако і малочныя прадукты ад уласных кароў без папярэдняй праверкі, а таксама грыбы, ягады, гародніну, садавіну. Праверка тая праводзілася ў мясцовай санстанцыі і ў ветэрынарнай лабараторыі. Але яна мела хутчэй псіха-
лагічнае значэнне, чым сапраўды магла даць адказ на пытанне, наколькі чыстыя прадукты мы ўжываем. Папершае, таму, што больш года на забруджаных тэрыторыях дзейнічалі так званыя «часова дапушчальныя ўзроўні забруджання», якія шматразова перавышалі існаваўшыя да аварыі нарматывы. Па-другое, кожны ўдой малака і кожную бульбіну занесці на праверку было проста немагчыма, а колькі і чаго насыпана і пад якім кустом, ніхто не ведаў. Па-трэцяе, існуючыя недасканалыя прыборы правяралі толькі наяўнасць радыеактыўнага цэзію, усе астатнія элементы быццам і не ляжалі ў нашай зямлі. Таму, адмовіўшыся ад ужывання прадуктаў, якія мелі ўласцівасць найбольш забруджвацца, — малака, рачной рыбы, лясных ягад і грыбоў, усё астатняе мы ўжывалі сваё ўласнае, зрабіўшы дзеля заспакаення адну-дзве праверкі (а сёння мясцовыя жыхары і тых ужо не робяць, і рыбу ловяць, і грыбы збіраюць). Большасць жыхароў раёна, як і раней, садзілі свае агародзікі, трымалі парсюкоў, курэй. Хоць страх заўсёды прысутнічаў недзе ў падсвядомасці. Не-не, ды і падумаеш: а што, цікава, я падчапіў на відэлец з гэтым апетытным кавалачкам мяса?
Але нават большым за страх было жаданне паспытаць тое, што ўжываць забаранялася — мне здавалася, што нічога смачней смажаных сыраежак у свеце не існуе. Памятаю, неяк муж, заўзяты грыбнік, прывёз, крыху разгублены, дахаты кош баравікоў: рабі, кажа, з імі, што хочаш, але я ўтрымацца не змог... Я таксама не змагла: перабрала грыбы, адварыла і падсмажыла. A затым мы ўпотайкі ад дзяцей, каб яны таксама не сталі прасіць, як злодзеі, з неапісальнай асалодай елі тыя грыбы, махнуўшы рукой на магчымую небяспеку...
3 цягам часу і дзяцей перасталі ўвесь час трымаць «пад замком». Ну сапраўды, колькі можна не выпускаць іх на вуліцу? Дзень, тыдзень, месяц? Але ж не гады... Мы супакойвалі сябе тым, што невядома, што можа прынесці ім большую шкоду. I таму дзеткі ў пясочку, дзеткі на травічцы — гэты малюнак ужо нікога не шакіраваў, акрамя, можа, камандзіраваных у горад урачоў і іншых спецыялістаў — тады іх прыязджала да нас шмат, сённяшніх уладальнікаў пасведчанняў «ліквідатараў аварыі» — кожны са сваімі прадуктамі і нават вадой
у тэрмасах, якія глядзелі на нас, хайнічан, як на закладнікаў лёсу.
Раён між тым жыў сваім звыклым жыццём. За выключэннем тых шасці гаспадарак, якія былі ліквідаваны ў першы ж год у сувязі з эвакуацыяй жыхароў. У астатніх усё гэтак жа сеялі, убіралі, даглядалі жывёлу. Пры зручным выпадку прыхоплівалі нешта і з тых, пакінутых калгасаў і саўгасаў. Я ўжо не кажу пра тэхніку, матэрыяльныя каштоўнасці — усе яны былі вывезены амаль адразу. Але было і тое, што за калючы дрот ездзілі нарыхтоўваць кармы. Было ў раёне ўрочышча Майдан, якое апынулася ў зоне адсялення. Шматгектарную плошчу яго займалі сеяныя травы. У 1987 годзе вымахалі яны ў пояс. Майдан падзялілі на ўчасткі паміж калгасамі і нарыхтоўвалі там сена. Пра мэтазгоднасць такога мерапрыемства ніхто не гаварыў, ва ўсялякім выпадку, услых. Наадварот, прадстаўлялі касавіцу геройствам. Затым туды ж, на Майдан, вазілі ўдзельнікаў таго «зялёнага жніва» — ушаноўваць перадавікоў. Я была добра знаёма з адным з тых герояў — гэта мой былы аднавясковец Пятро Лагвіненка. На жаль, ужо нябожчык — яму толькі паспела пераваліць за 60, як за лічаныя дні чалавека «з'еў» рак лёгкіх. Ды і ўвогуле маіх аднавяскоўцаў ужо болын на тым, чым на гэтым свеце... Прычым адыходзяць, як правіла, тыя, каму б яшчэ жыць ды жыць. I ні ў кога заўчасная смерць не звязвалася з наступствамі аварыі...
Многа ў тыя гады будавалі — і ў саміх Хойніках, і па раёну. Жыллё ўзводзілі будаўнікі з усёй рэспублікі. Па маіх недакладных падліках, больш як 300 дамоў вырасла ў тыя паслячарнобыльскія гады ў вёсках раёна. Практычна на кожнай цэнтральнай сядзібе гаспадаркі з'явіліся новыя пасёлкі з адна-, двухкватэрных домікаў, часта ў тых самых вёсках, якія затым давялося адсяляць...
Час ад часу прыязджалі да нас брыгады мінскіх ці гомельскіх урачоў, якія праводзілі абследаванне пераважна дзяцей. Але складвалася ўражанне, што медыкаў больш турбуе збор інфармацыі, чым стан здароўя, бо ніякіх рэкамендацый мы ад іх не чулі. Дзеці ж хварэлі — быццам і не вельмі сур'ёзна, але доўга і цяжка. Здаралася, што звычайную прастуду немагчыма было вылечыць месяцамі, нішто яе не брала — ні медыкаменты, ні
сродкі народнай медыцыны. Дый лячыць не было каму: урачы як найбольш дасведчаныя людзі паспяшаліся з'ехаць адсюль яшчэ ў першыя дні пасля аварыі, а да нас прыязджалі камандзіраваныя лекары, якіх турбавала толькі адно: хутчэй бы адсюль вырвацца. Здаралася, што пабываўшы за тыдзень тры разы на прыёме, кожны раз трапляў да новага ўрача. Якое ўжо тут лячэнне!
Нечакана чарнобыльская аварыя спарадзіла яшчэ адну праблему, быццам бы не першачарговую, але на самай справе вельмі важную: выхавання. Памятаю роспачнае пісьмо ў рэдакцыю раённай газеты аднаго з бацькоў, які прасіў параіць, як яму ў гэтых умовах выхоўваць дзяцей. «Раней, — пісаў ён, — я ведаў, што аснова любога выхавання — гэта праца, і дзеці былі разам са мной і ў полі, і ў лесе, і ў лузе. Цяпер на ўсім гэтым ляжыць забарона. I я не ведаю, як іх выхоўваць, як растлумачыць, што кветка, дрэва, вада ў ручаіне, уся прырода для нас цяпер — вораг». Сапраўды, на нашых дзяцей, вымушаных большую частку дня знаходзіцца ў памяшканні, хваравіта-бледных, балюча было глядзець. Яны нагадвалі бутоны кветак, якія сталі вянуць, не паспеўшы раскрыцца.
У пачатку 1989 года, амаль праз тры гады пасля аварыі, хваля галоснасці дакацілася зваротна і да красавіцкіх падзей 1986-га. I тая лухта, пад якой, нібы пад ледзяным панцырам, хаваліся звесткі пра маштабы аварыі і ўплыў яе наступстваў на людзей, затрашчала, як счарнелы веснавы лёд на быстрай рацэ. Многае тады адкрылася ўпершыню. Упершыню абнародавалі карты забруджанасці тэрыторый, і аказалася, што яны куды большыя, чым меркавалася і гаварылася. Упершыню надрукавалі статыстыку захворванняў, і высветлілася, што яна ў некалькі разоў большая, чым дааварыйная, гэтак жа, як і прыроджаная паталогія. Упершыню нашых дзяцей павезлі на абследаванне ў Рэспубліканскі навукова-даследчы інстытут радыяцыйнай медыцыны, і адтуль амаль ніхто, за рэдкім выключэннем, не вяртаўся з радаснай усмешкай: «Здаровы!» Думка аб пераездзе ў чыстую зону, як вірус, захапіла ўсіх: толькі і размоў было, хто куды выехаў ці збіраецца.