Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
ШКОЛЬНАЯ	БІБЛІЯТЭКА
СЕРВАНТЭС дон кіхот
МІГЕЛЬ ДЭ СЕРВАНТЭС СААВЕДРА
ХІТРЫ ГІДАЛЬГА ДОН КІХОТ ЛАМАНЧСКІ
РАМАН
Мінск “Юнацтва” 1999
УДК 860-93
ББК 84(4 Нсп)
С 32
Пераклаў на беларускую мову М. П. ПАЗНЯКОЎ
Скарочанае выданне
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Мастак К. С. РАКІЦКІ
© Пазнякоў М. П. Пераклад на бела-
ISBN 985-05-0372-6
рускую мову, 1999
© Ракіцкі К. С. Афармленне, 1999
Р а з д з е л I, які апавядае аб нораве і спосабе жыцця слаўнага гідальга Дон Кіхота Ламанчскага
У нейкім сяле ламанчскім*1, назву якога я нават не хачу нагадваць, не так даўно жыў-быў адзін з тых гідальга*, чыя маёмасць складалася з фамільнага кап’я, старадаўняга шчыта, худой клячы і харта. Олья*, часцей з ялавічынай, чым з баранінай, вінегрэт, які амаль заўсёды замяняў яму вячэру, яечня з салам па суботах, сачавіца па пятніцах, голуб, як дадатковая страва, па нядзелях — усё гэта паглынала тры чвэрці яго даходаў. Астатняе трацілася на паўкафтан з тонкага сукна, аксамітавыя штаны і такія ж чаравікі, што было яго святочным уборам, а ў будныя дні ён франціў у камзоле таннага, але вельмі добрага сукна. Пры ім знаходзіліся ключніца, якой пераваліла за сорак, пляменніца, якой не споўнілася і дваццаці, і слуга для хатніх спраў і палявых работ, які ўмеў і каня сядлаць і з садовымі нажніцамі абыходзіцца. Узрост нашага гідальга набліжаўся да пяцідзесяці гадоў; быў ён моцнага складу, целам сухарлявы, тварам хударлявы, аматар уставаць на досвітку і заўзяты паляўнічы. Некаторыя сцвярджалі, што прозвішча яго было Кіхада*, іншыя Кесада*,у гэтым выпадку
Заўвагі да слоў, якія пазначаны зорачкай, пададзены ў канцы кнігі.
аўтары, якія пісалі аб ім, разыходзяцца; аднак жа ў нас ёсць усе падставы лічыць, што яго прозвішча было Кіхана. Зрэшты, для нашага аповеду гэта не мае істотнага значэння: важна, каб апавядаючы аб ім, мы ні на крок не адступілі ад праўды.
Трэба ведаць, што вышэйзгаданы гідальга ў вольны час — а вольны час цягнуўся ў яго амаль ці не ўвесь год — чытаў рыцарскія раманы з такім запалам і захапленнем, што амаль зусім закінуў не толькі паляванне, але нават сваю гаспадарку; і так далёка зайшлі яго цікаўнасць і вар’яцтва на гэтых кнігах, што, каб набыць іх, ён прадаў некалькі дзесяцін ворнай зямлі і такім чынам сабраў у сябе ўсе раманы, якія толькі яму ўдалося дастаць. Аднак больш за ўсё любіў ён творы знакамітага Феліцыяна дэ Сільвы*, таму што бліскучы стыль і мудрагелістасць выразаў гэтага творцы здаваліся яму ўзорам дасканаласці, асабліва ў любоўных пасланнях і ў выкліках на паядынак, дзе нярэдка можна было прачытацы “Разважлівасць вашай неразважлівасці да маіх разумных довадаў да таго азмрочвае мой розум, што я лічу цалкам разумным выказаць скаргу на вашу пышнасць”. Або, напрыклад, такое: “...усёмагутныя нябёсы, якія з дапамогай зорак чароўна ўзвышаюць вашу чароўнасць, робяць вас вартаю тых вартаецей, якіх удастоена ваша веліч”.
Над такімі моўнымі зваротамі бедны кавальера* ламаў сваю галаву і не спаў начамі, намагаючыся зразумець іх і дабрацца да іх сэнсу; хоць сам Арыстоцель*, калі б ён знарок дзеля гэтага ўваскрэс, не разблытаў бы іх і не зразумеў. He лепшай была справа і з тымі ўдарамі, якія наносіў і атрымліваў дон Бельяніс*, бо яму здавалася, што, якім бы майстэрствам ні ралодалі ўрачы, што лячылі рыцара, твар яго і ўсё цела павінны былі быць у рубцах і метках. Усё ж ён хваліў аўтара за тое, што той закончыў сваю кнігу абяцаннем прадоўжыць гэту вельмі доўгую гісторыю, і ў яго самога неаднойчы ўзнік;ла жаданне ўзяцца за пяро і дапісаць за аўтара канец; менавіта так ён, без
усялякага сумнення, і зрабіў бы і выдатна справіўся б з гэтым, калі б яго не адцягвалі іншыя, больш важныя і заўсёдныя намеры. Неаднойчы даводзілася яму спрачацца з мясцовым свяшчэннікам, чалавекам адукаваным, які атрымаў вучоную ступень у Сігуэнсе*, аб тым, які рыцар лепшы: Пальмерын Англійскі* ці Амадыс Гальскі*. Аднак маэсе* Нікалас, цырульнік з таго ж сяла, сцвярджаў, што ім абодвум далёка да Рыцара Феба* і што калі хто і можа з ім параўнацца, дык гэта дон Галаар, брат Амадыса Гальскага, бо ён усім узяў: ён не крыўляка і не такі плакса, як яго брат, у маладзецтве ж ніколькі яму не ўступіць.
Адным словам, гідальга наш цалкам аддаўся чытанню, і сядзеў ён над кнігамі з раніцы да ночы і з ночы да раніцы; і вось таму, што ён мала спаў і шмат чытаў, мозг у яго пачаў высыхаць, так што ўрэшце ён і зусім страціў розум. Уяўленне яго было захоплена ўсім тым, аб чым ён чытаў у кнігах: чараўніцтвам, сваркамі, бітвамі, выклікамі на паядынак, раненнямі, прызнаннямі ў каханні, сардэчнымі пакутамі і розным неверагодным глупствам; і так засела ў яго галаве думка, быццам усё гэта нагрувашчванне бязглуздых выдумак чыстая праўда, што для яго ва ўсім свеце не было ўжо нічога больш верагоднага. Ен казаў, што Сід Руй Дзіяс* — вельмі добры рыцар, але што яго ніяк нельга параўнаць з Рыцарам Палымянага Мяча*, які адным ударам рассек напалам двух лютых і пачварных веліканаў. Ён аддаваў перавагу Бернарду дэль Карп’ё*, таму што той, ужыўшы хітрасць Геркулеса*, які задушыў у сваіх абдымках сына Зямлі — Антэя*, умярцвіў у Рансевальскай цясніне зачараванага Раланда*. Вельмі хваліў ён Марганта*, які хоць і паходзіў з ганарыстага і дзёрзкага роду веліканаў, аднак жа, адзіны з усіх, вызначаўся ветлівасцю і выдатнай пачцівасцю.
І вось, калі ён ужо канчаткова з’ехаў з глузду, у галаву яму прыйшла такая дзіўная думка, якая яшчэ не прыходзіла ніводнаму вар’яту на свеце, а менавіта:
ён палічыў разумным і нават неабходным як для сваёй славы, так і на карысць бацькаўшчыне стаць вандроўным рыцарам, сесці на каня і са зброяй у руках накіравацца на пошукі прыгод, пачаць займацца тым жа, чым, як гэта яму было вядома з кніг, усе вандроўныя рыцары, блукаючы па свеце, звычайна займаліся, гэта значыць выкараняць усякага роду няпраўду і ў змаганні з усемагчымымі выпадковасцямі і небяспекамі здабыць сабе неўміручае імя і пашану. Небарака ўжо ўяўляў сябе ўвенчаным за свае подзвігі не менш як каронай Трапезундскага царства, і, увесь запалонены такімі радаснымі марамі, якія прыносілі яму незвычайную асалоду, паспяшаўся ён ажыццявіць тое, да чаго імкнуўся. Перш-наперш пачаў ён чысціць даспехі, што належалі яго продкам і некалі былі звалены абы-як у кут, пакрытыя іржой і цвіллю. Калі ж ён вельмі старанна вычысціў іх і адрамантаваў, то заўважыў, што нестае адной надта важнай рэчы, а менавіта: замест шлема з забралам ён знайшоў звычайны шышак; але тут яму дапамагла яго вынаходлівасць: змайстраваўшы з кардону паўшлем, ён прымацаваў яго да шышака, і атрымалася штосьці накшталт закрытага шлема. He схаваем, аднак жа, што калі ён, маючы намер выпрабаваць яго трываласць і ўстойлівасць, выхапіў меч і нанёс два ўдары, то першым жа ўдарам за адно імгненне знішчыў працу цэлага тыдня. Лёгкасць, з якой забрала разляцелася на кавалкі, асаблівага задавальнення яму не прынесла; каб прадухіліць такую небяспеку, ён зрабіў яго нанава, падклаўшы ўнутр жалезныя пласцінкі, так што ўрэшце застаўся задаволены яго трываласцю, і, болып не выпрабоўваючы, прызнаў яго цалкам прыгодным для выкарыстання і вырашыў, што гэта сапраўдны шлем з забралам на дзіва тонкай работы.
Затым ён агледзеў свайго каня і, хоць гэта была кляча, што называецца — скура ды косці, палічыў, што ні Буцэфал* Аляксандра Македонскага, ні Баб’ека* Сіда не маглі б з ім цягацца. Некалькі дзён думаў
ён, як яго назваць, бо, казаў ён сабе, каню такога доблеснага рыцара, ды яшчэ такому добраму каню, нельга не даць якога-небудзь дастойнага імя. Наш гідальга цвёрда быў перакананы ў тым, што калі адбылася перамена ў становішчы гаспадара, то і конь павінен змяніць імя і атрымаць новае, слаўнае і гучнае, у адпаведнасці з новым санам і новым полем дзейнасці гаспадара,вось ён і стараўся знайсці такое, якое само паказвала б, што ўяўляў сабой гэты конь да таго, як стаў канём вандроўнага рыцара, і што ён уяўляе сабой цяпер. Такім чынам, ён доўга прыдумваў розныя імёны, капаючыся ў памяці і напружваючы фантазію,адхіляў, адмятаў, перарабляў, зноўку пачынаў складаць,— і нарэшце спыніўся на Расінанце*, імені, на яго думку, высакародным і гучным, якое тлумачыла, што раней конь гэты быў звычайнай клячай, цяпер жа, апярэдзіўшы ўсіх астатніх, стаў першай клячай у свеце.
Так удала, як яму здавалася, назваўшы свайго каня, надумаўся ён падшукаць імя і для сябе самога і, патраціўшы на гэта яшчэ тыдзень, назваўся нарэшце Дон Кіхотам,— адсюль, паўтараем, і зрабілі вывад аўтары праўдзівай гэтай гісторыі, што сапраўднае яго прозвішча, бясспрэчна, было Кіхана, а зусім не Кесада, як запэўнівалі іншыя. Аднак жа, згадаўшы, што доблесны Амадыс не пажадаў называцца проста Амадысам, але далучыў да гэтага імя назву свайго каралеўства і бацькаўшчыны, каб тым праславіць яе, і назваўся Амадысам Гальскім, вырашыў ён, што і яму, як сапраўднаму рыцару, трэба дадаць да свайго імя назву сваёй радзімы і стаць Дон Кіхотам Ламанчскім, чым, на яго думку, ён адразу дасць зразумець, з якога ён роду і з якога краю, і пры гэтым акажа гонар сваёй айчыне.
Вычысціўшы даспехі, зрабіўшы з шышака сапраўдны шлем, выбраўшы імя для свайго канякі і ахрысціўшы самога сябе, ён прыйшоў да вываду, што яму застаецца толькі знайсці даму, у якую ён мог бы закахацца, бо вандроўны рыцар без кахання — гэта ўсё
роўна што дрэва без пладоў і лісця або цела без душы.
— Калі пакараннем за мае грахі або на маё шчасце,казаў ён сабе,сустрэнецца мне дзе-небудзь адзін з тых веліканаў, з якімі вандроўныя рыцары сустракаюцца нярэдка, і я знішчу яго ў першай жа сутычцы, ці рассяку напалам, ці, нарэшце, перамогшы, прымушу прасіць літасці, то хіба дрэнна мець на гэты выпадак даму, якой я мог бы паслаць яго як дарунак, з тым, каб ён, увайшоўшы, упаў перад маёй лагоднай пані на калені і пакорліва прамовіў: “Сеньёра*, я — велікан Каракульямбр, валадар вострава Маліндраніі, пераможаны на паядынку рыцарам Дон Кіхотам Ламанчскім, яшчэ не ацэненым у належнай меры. Ён і загадаў мне з’явіцца да вашай міласці, каб ваша веліч распараджалася мной, як пажадае”.
О, як радаваўся наш добры рыцар, вымаўляючы гэтыя словы, асабліва ж калі ён знайшоў, каго назваць сваёй дамай! Патрэбна заўважыць, што, наколькі нам вядома, у бліжэйшым сяле жыла вельмі мілавідная вясковая дзяўчына, у якую ён нейкі час быў закаханы, хоць яна, само сабой разумеецца, аб гэтым не падазравала і не звяртала на яго ніякай увагі. Звалі яе Альдонсаю Ларэнса, і вось яна якраз і падалася яму вартай тытула валадаркі яго думак; і, выбіраючы для яе імя, якое не надта рэзка адрознівалася б ад яе ўласнага і ў той час нагадвала і набліжалася б да імя якой-небудзь прынцэсы ці знатнай сеньёры, вырашыў ён назваць яе Дульцынеяй* Табоскаю,бо родам яна была з Табоса*,— імем, на яго думку, прыемным для слыху, далікатным і глыбакадумным, як і ўсе раней прыдуманыя ім імёны.