Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Якая ганьба, ці не праўда, сеньёр архіепіскап Турпін*, што так званыя Дванаццаць Пэраў ні з таго ні з сяго ўступілі пальму першынства, тады як мы,
вандроўныя рыцары, тры дні запар пажыналі плады перамогі!
Годзе, ваша міласць, годзе, дарагі сябар,загаварыў свяшчэннік.— Бог дасць, усё абыдзецца што прапушчана сягоння, тое заўсёды можна нагнаць заўтра, а цяпер, ваша міласць, падумайце аб сваім здароўі; здаецца мне, вы вельмі стаміліся, а магчыма, нават і паранены.
— Якраз я не паранены,— запярэчыў Дон Кіхот,— a што мяне пабілі і аддубасілі, у гэтым няма сумнення: на мяне кінуўся з дубінай Раланд — і ўсё ад зайздрасці, бо адзіны, хто не ўступіць яму ў храбрасці, гэта я. Але не буду я Рынальдам Мантальванскім*, калі, падняўшыся з гэтай пасцелі, я яму не адпомшчу, нягледзячы на ўсе яго чары!.. А пакуль што прынясіце мне паесці — зараз мне нішто не патрэбна так, як ежа, а ўжо пастаяць за сябе я і сам змагу.
Жаданне Дон Кіхота было выканана: яму прынеслі паесці, а затым ён зноў заснуў. Усе яшчэ раз падзівіліся з яго вар’яцтва.
Той жа ноччу ключніца спаліла датла ўсе кнігі: і тыя, што валяліся на двары, і тыя, што яшчэ заставаліся ў пакоі; па ўсёй верагоднасці, разам з імі згарэлі і такія, якія патрэбна было здаць на вечнае захаванне ў архіў, але гэтаму перашкодзілі лёс і нядбайнасць таго, хто рабіў агляд,— нездарма сцвярджае прыказка, што з-за грэшнікаў вельмі часта пакутуюць і праведнікі.
Свяшчэннік з цырульнікам вырашылі, што першы сродак ад хваробы, якая авалодала іх сябрам,— гэта закласці і замураваць уваход у кнігасховішча, каб, устаўшы з ложка, ён не знайшоў яго (калі, маўляў, ліквідаваць прычыну, то вынікі, магчыма, знікнуць самі сабой), а затым аб’явіць яму, што нейкі чараўнік разам з усімі кнігамі ўкраў і пакой. І ўсё гэта было ажыццёўлена вельмі хутка. Праз два дні Дон Кіхот устаў з ложка і перш за ўсё пайшоў зірнуць на свае кнігі, але, не знайшоўшы памяшкання, у якім
яны знаходзіліся, пачаў хадзіць і шнарыць па ўсіх пакоях. Некалькі разоў падыходзіў да таго месца, дзе раней былі дзверы, абмацваў сцяну, моўчкі абводзіў вачыма пакой. Нарэшце, пасля доўгіх пошукаў, ён запытаўся ў ключніцы, дзе знаходзіцца яго кнігасховішча. Ключніцу ж навучылі, як трэба адказваць.
Аб якім такім кнігасховішчы вы кажаце, ваша міласць? — у сваю чаргу запыталася яна.— Няма ў нас цяпер ні кніг, ні сховішча, усё забраў д’ябал.
Зусім не д’ябал, а чараўнік,запярэчыла пляменніца.— Пасля таго, як вы ад нас паехалі, ваша міласць, наступнай жа ноччу ён прыляцеў сюды на воблаку, саскочыў з дракона, на якім сядзеў вярхом, і прабраўся ў кнігасховішча. He ведаю, што ён там рабіў, толькі неўзабаве, гляджу, вылятае праз дах, а ў пакоях поўна дыму. Пайшлі мы паглядзець, што ён там нарабіў, а ўжо ні кніг, ні пакоя няма нідзе. Адно толькі, што мы абедзве вельмі добра памятаем: адлятаючы, гэты злосны стары гучна крыкнуў, што па злосці, якую ён тайна мае да ўладальніка кніг і памяшкання, ён нанёс яго дому ўрон і што ўрон гэты пасля будзе заўважаны. Яшчэ ён сказаў, што завуць яго мудры Муньятан.
— He Муньятан, а Фрэстан*,— паправіў яе Дон Кіхот.
— He то Фрэстан, не то Фрытан,— умяшалася ключніца,— помню толькі, што імя яго заканчваецца на тан.
— Так, так,— падхапіў Дон Кіхот,— гэта адзін мудры чараўнік, самы злосны мой вораг: ён мяне ненавідзіць, бо вядзьмарскія чары і тайнапіс адкрылі яму, што з цягам часу мне давядзецца змагацца з рыцарам, якога ён абараняе, і што, нягледзячы на ўсе яго падкопы, я атрымаю над гэтым рыцарам перамогу; вось таму ён з усіх сіл і стараецца зрабіць мне прыкрасць. Але няхай ведае, што ні парушыць, ні абысці наканаванага небам яму не падуладна.
Якія ж тут могуць быць сумненні! — усклікнула
пляменніца.— Але толькі вось што, дзядзечка: хто загадае вашай міласці лезці ў бойку? Ці не лепш спакойна сядзець дома, чым блукаць па свеце і лавіць у небе жураўля, забываючы аб тым, што калі ідзеш па шэрсць, глядзі, каб самога не абстрыглі?
— Ах, пляменніца! — усклікнуў Дон Кіхот.— Як мала ты ва ўсім гэтым разбіраешся! Перш чым мяне абстрыгуць, я сам выскубу і вырву бараду кожнаму, хто адважыцца дакрануцца да кончыка майго воласа.
Абедзве жанчыны, бачачы, што ён злуецца, вырашылі больш яму не пярэчыць. Як бы там ні было, цэлых два тыдні сядзеў ён спакойна дома, нічым не выяўляючы жадання зноў распачаць блуканні, і на працягу гэтых двух тыдняў у яго неаднойчы былі ў вышэйшай ступені забаўныя размовы з двума яго сябрамі, свяшчэннікам і цырульнікам. Ён пераконваў іх, што ў наш час свету ніхто так не патрэбны, як вандроўныя рыцары, і што вандроўнаму рыцарству наканавана ўваскрэснуць у яго асобе. Свяшчэннік, мяркуючы, што яго можна абразуміць не інакш, як праз хітрасць, у адных выпадках спрачаўся з ім, у іншых — пагаджаўся.
Адначасова Дон Кіхот распачаў перамовы з адным сваім аднавяскоўцам. Гэта быў чалавек прыстойны (калі толькі такое вызначэнне падыходзіць да людзей, якія не могуць пахваліцца вялікай колькасцю ўсялякага дабра), аднак жа галава ў яго была з дурыкамі. Дон Кіхот такога яму нагаварыў, такога наабяцаў і так змог яго пераканаць, што ўрэшце бедны хлебароб даў слова адправіцца разам з ім у якасці яго збраяносца. Між іншым, Дон Кіхот раіў яму асабліва не марудзіць, бо зусім, маўляў, можа здарыцца, што ён, Дон Кіхот, у адзін момант заваюе які-небудзь востраў і зробіць яго губернатарам гэтага вострава. Такія абяцанні спакусілі Санча Пансу,— так звалі нашага хлебароба,— і ён згадзіўся пакінуць жонку і дзяцей і стаць збраяносцам свайго аднавяскоўца.
Затым Дон Кіхот узяўся раздабываць грошы: сёе-
тое прадаў, сёе-тое залажыў з вялікай для сябе стратай і ўрэшце сабраў значную суму. Апрача таго, ён узяў часова ў аднаго са сваіх сяброў круглы шчыт і, адрамантаваўшы як мог разбіты свой шлем, папярэдзіў збраяносца Санча аб дні і гадзіне выезду, каб той паспеў запасціся ўсім неабходным, а галоўнае, не забыўся ўзяць з сабой дарожную торбу. Санча даў слова, піто не забудзе, але, спаслаўшыся на тое, што ён не мастак хадзіць пехатой, аб’явіў, што ў яго ёсць вельмі добры асёл і што ён паедзе на ім. Гэта акалічнасць злёгку азадачыла Дон Кіхота: ён перабіраў у памяці, ці не быў у каго з вандроўных рыцараў такі збраяносец, які перамяшчаўся на асле, але так і не прыпомніў; аднак жа ў надзеі, што яму неўзабаве надарыцца выпадак адбіць каня ў першага ж непачцівага рыцара, які сустрэнецца па дарозе, і перадаць гэтае куды больш паважанае чатырохногае свайму збраяносцу ва ўладанне, ён дазволіў Санча Пансу ўзяць асла. Як параіў гаспадар заезнага дома, Дон Кіхот запасся кашулямі і ўсім, чым толькі мог. Калі ж усё было гатова і прыведзена ў належны выгляд, Дон Кіхот, не развітаўшыся ні з пляменніцай, ні з ключніцай, у суправаджэнні Санча Пансы, які таксама не развітаўся ні з жонкай, ні з дзецьмі, аднойчы ноччу ўпотай выехаў з вёскі; і за ноч ім удалося ад’ехаць на вельмі значную адлегласць, так што на світанні яны адчулі сябе ў поўнай бяспецы: калі б і паслалі каго ў пагоню за імі, то ўсё роўна ўжо не дагналі б іх.
Санча Панса не забыўся прытарочыць торбу і бурдзюк, і цяпер ён, згараючы жаданнем зрабіцца губернатарам абяцанага яму вострава, нібы які патрыярх, сядзеў на асле. Між тым Дон Кіхот абраў той жа самы шлях і рушыў па той жа дарозе, па якой ехаў ён у мінулы раз, гэта значыць па Манцьельскай раўніне, толькі цяпер ён адчуваў сябе непараўнальна больш бадзёра, бо час быў яшчэ ранні і касыя сонечныя промні не вельмі яго турбавалі. Якраз тут і звярнуўся Санча Панса да свайго пана:
Глядзіце ж, ваша міласць, сеньёр вандроўны рыцар, не забудзьцеся, што вы мне абяцалі наконт вострава, а я ўжо з якім хочаце востравам упраўлюся.
Дон Кіхот яму на гэта сказаў:
— Патрэбна табе ведаць, сябар мой Санча Панса, што ў былыя часы вандроўныя рыцары мелі звычку прызначаць уладарамі заваяваных імі астравоў сваіх жа ўласных збраяносцаў, а ўжо за мной затрымкі не будзе, бо я вырашыў аднавіць пахвальны гэты звычай. Больш таго, я маю намер пайсці яшчэ далей: раней рыцары іншы раз, а бадай, нават і кожны раз чакалі, пакуль іх збраяносцы пастарэюць, і толькі праз шмат трывожных дзён і яшчэ менш спакойных начэй, калі тым ужо не па сілах станавілася служыць, прысвойвалі ім тытул графа ці ў лепшым выпадку маркіза і давалі ім у валоданне зямлю, ці якую-небудзь заняпалую правінцыю. Калі ж мы з табой будзем жывыя і здаровыя, то лёгка можа здарыцца, што не пройдзе і тыдня, як я ўжо заваюю каралеўства, якому падуладныя яшчэ некалькі каралеўстваў, і якое з іх табе спадабаецца, тым я цябе, каранаваўшы, і ўзнагароджу. І няхай гэта цябе не здзіўляе: з рыцарамі робяцца справы незвычайныя і адбываюцца выпадкі непрадбачаныя, так што мне нічога не будзе каштаваць узнагародзіць цябе яшчэ чым-небудзь звыш таго, што я абяцаў.
Выходзіць, значыць, так,— зрабіў вывад Санча Панса.— Бо калі б нават гасподзь зрабіў так, каб каралеўскія кароны сыпаліся на зямлю, як дождж, і тады, я думаю, ніводная з іх не падышла б памерам маёй жонцы. Запэўніваю вас, сеньёр, што каралевы з яе ніяк не выйдзе. Графіня — гэта яшчэ так-сяк, ды і то бабка надвае варажыла.
— Спадзявайся, Санча, не на якуюсьці невядомую бабку, а на бога,— сказаў Дон Кіхот,— і ён узнагародзіць тваю жонку тым, што ёй больш за ўсё падыходзіць. Ты ж не губляй сваёй годнасці і рыхтуйся заняць
пасаду генерал-губернатара, а на меншае ні ў якім выпадку не згаджайся.
— Нізашто не згаджуся, васпан мой,— сказаў Санча.— Такі важны пан, як вы, ваша міласць, заўсёды зможа выбраць для мяне што-небудзь такое, што будзе мне па плячы і даспадобы.
Р а з д з е л VII.
Аб слаўнай перамозе, апгрыманай доблесным Дон Кіхотам у жахлівай і да гэтага часу нечуванай бітве з ветранымі млынамі, як і аб іншых падзеях, аб якіх мы не без прыемнасці ўпамянём
Неўзабаве яны ўбачылі наперадзе не то трыццаць, не то сорак ветраных млыноў, што стаялі сярод поля, і як толькі паўсталі яны перад вачыма Дон Кіхота, то ён звярнуўся да свайго збраяносца з такімі словамі:
— Лёс кіруе намі як нельга лепш. Паглядзі, дружа Санча Панса: вунь там віднеюцца трыццаць, калі не болып пачварных веліканаў,— я маю намер уступіць з імі ў бой і перабіць іх усіх да аднаго, трафеі ж, якія нам дастануцца, будуць асновай нашага дабрабыту. Гэта вайна справядлівая: сцерці паганае насенне з зямлі — значыць верай і праўдай паслужыць богу.